Супрацоўніцтва і сумесная творчасць

Без дапамогі сям’і школа не можа забяспечыць высокіх вынікаў навучання і выхавання дзяцей. Дасягнуць паўнавартаснага развіцця асобы кожнага вучня магчыма толькі пры ўмове адзінства дзеянняў педагогаў і бацькоў, іх узаемаразумення і ўзаемадапамогі адно аднаму. Такога меркавання прытрымліваюцца ў яслях-садзе — сярэдняй школе № 44 Магілёва.

— Сям’я — гэта самае важнае, што ёсць у дзіцяці. Без прыцягнення сям’і немагчыма вырашыць нават самую простую выхаваўчую задачу, таму ў арганізацыі дзейнасці нашай установы работа з бацькамі вучняў з’яўляецца прыярытэтнай. Сям’ю і школу мы разглядаем як адзіную адукацыйную прастору і імкнёмся дасягнуць адзінства іх дзеянняў, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Ганіна.

Вучэбна-педагагічны комплекс № 44 быў пабудаваны не так даўно, таму работу па наладжванні ўзаемадзеяння з сем’ямі вучняў тут пачалі з усебаковага сацыяльнага аналізу жыхароў мікразоны. Падчас дэталёвага маніторынгу былі вывучаны ўмовы пражывання сем’яў, сацыяльны статус, адукацыйны ўзровень бацькоў, іх інтарэсы, запыты, патрэбы.

— Мы імкнёмся да таго, каб бацькі адчувалі сябе партнёрамі педагогаў, паўнапраўнымі ўдзельнікамі выхаваўчага працэсу. Каб дасягнуць гэтага, неабходна з кожнай сям’ёй працаваць індывідуальна. У значнай ступені ў гэтым дапамагае інфармацыя пра сем’і навучэнцаў, — расказвае Святлана Васільеўна.Адметна, што кожны год гэтыя патрэбныя звесткі абнаўляюцца. Прычым робіцца гэта не толькі з дапамогай анкетавання або апытанняў, але і ў ходзе педагагічных выхадаў. У вучэбна-педагагічным комплексе ёсць спецыяльная група педагогаў, якія наведваюць з візітамі сем’і вучняў. Па словах Святланы Ганінай, такія візіты дазваляюць вызначыць характар узаемаадносін паміж дзецьмі і бацькамі, аператыўна даведацца аб наяўных праблемах.

Плённае супрацоўніцтва з бацькамі педагагічны калектыў навучальнай установы выбудоўвае з моманту прыходу дзіцяці ў яслі-сад. Пачынаючы з гэтага перыяду, педагогі імкнуцца да арганізацыі партнёрскіх узаемаадносін, канструктыўнага дыялогу з сем’ямі. Гэтая работа працягваецца на ўзроўні школы. Узаемадзеянне з бацькамі падзелена на блокі: інфармацыйна-аналітычны, пазнавальны, правядзенне вольнага часу і наглядна-інфармацыйны. На першым этапе, як ужо гаварылася раней, праводзіцца вывучэнне патэнцыялу сем’яў. Пазнавальны блок уключае ў сябе знаёмства бацькоў з навучальнай установай, правядзенне сходаў у традыцыйных і нетрадыцыйных формах, індывідуальных гутарак, трэнінгаў, семінараў. Для маладых сем’яў пры навучальнай установе функцыянуе тэматычны клуб, у якім бацькі атрымліваюць неабходныя кансультацыі спецыялістаў, карысныя рэкамендацыі па выхаванні дзяцей.
Шырокамаштабна праводзіць работу з сем’ямі, у тым ліку з праблемнымі, дапамагае таксама дзейнасць Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны. Для сустрэч з бацькамі ва ўстанове абсталяваны спецыяльны асобны кабінет — так званы тэрытарыяльны цэнтр. Памяшканне нагадвае ўтульны хатні пакой, што спрыяе размовам па душах.— Перыядычныя сустрэчы і гутаркі з бацькамі дапамагаюць дасягнуць поўнага разумення імі функцый, задач сям’і і школы ў працэсе выхавання. Разам з тым работа не зводзіцца толькі да педагагічнай асветы бацькоў. Мы аказваем сем’ям дапамогу ў стварэнні ўмоў для развіцця дзяцей, займаемся арганізацыяй сямейнага вольнага часу, — падкрэсліла Святлана Васільеўна.

Арганізацыі сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў у вольны час у вучэбна-педагагічным комплексе ўдзяляецца павышаная ўвага. Кожны месяц тут праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, у кастрычніку галоўная тэма — сям’я, у лістападзе — здаровы лад жыцця, у лютым — патрыятызм, у красавіку — экалогія і бяспека. Падчас летніх канікул асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдзелу ў акцыі “Лета на карысць”. Таты і мамы навучэнцаў таксама не застаюцца ў баку ад выхаваўчых мерапрыемстваў, а яшчэ дапамагаюць у правядзенні рамонтных работ у будынку школы. У навучальнай установе стала традыцыяй праводзіць сямейныя вячоркі з нагоды свят. У ролі казачных персанажаў часта выступаюць менавіта бацькі. Таксама ва ўстанове арганізоўваюцца перыядычныя сустрэчы ў сямейнай гасцёўні і паходы з удзелам дзяцей, педагогаў і бацькоў.— Мы здымаем кіно пра нашы сем’і. Праект “Апошнія сведкі”, які расказвае пра дзяцей вайны, быў адзначаны на Міжнародным кангрэсе “Знішчаныя ў Другой сусветнай вайне гарады і вёскі Еўропы”. Фільмы пра бежанцаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, мнагадзетныя сем’і таксама маюць высокія ўзнагароды і прызнанне. А яшчэ мы пастаянна арганізоўваем сумесныя канцэртныя праграмы, спартландыі і спаборніцтвы, творчыя выставы сямейных вырабаў ці фатаграфій. Характэрна, што большасць з прадстаўленых на выставах рэчаў застаецца ў школе. Яны ўпрыгожваюць кабінеты, складаюць аснову тэматычных стэндаў. Традыцыйна ў нас праводзяцца і конкурсы, якія аб’ядноўваюць навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў. Вучэбна-педагагічны комплекс з’яўляецца адзіным сацыякультурным цэнтрам у нашай мікразоне, таму нашы сем’і з вялікім энтузіязмам прымаюць удзел у фестывалі вуліц, конкурсе “Мой утульны дворык” і шэрагу іншых, — адзначае Святлана Ганіна.

Цікава, што бацькоў, якія найбольш актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці школы, тут заахвочваюць спецыяльнай прэміяй “Задыяк”.

— Прэміяй “Задыяк” мы штогод адзначаем лепшых педагогаў і навучэнцаў. Натуральна, не забываемся і пра бацькоў, якія тым ці іншым чынам праявілі сябе падчас навучальнага года. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўсе яны атрымліваюць памятныя падарункі ад кіраўніцтва вучэбна-педагагічнага комплексу, — кажа Святлана Васільеўна.

Паводле яе слоў, формы і метады работы з бацькамі ў іх навучальнай установе штогод абнаўляюцца. Святлана Ганіна ўпэўнена, што інакш і нельга, бо толькі такім чынам можна захапіць і зацікавіць бацькоў, аб’яднаць іх з педагогамі для сумеснай дзейнасці, дасягнуць неабходнага супрацоўніцтва і сумеснай творчасці ў выхаваўчым працэсе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.