Сярод жанчын

У школах і гімназіях краіны працуе каля 97,8 тысячы педагогаў, з іх толькі 13,1 тысячы складаюць мужчыны. Калі на якасць выкладання вучэбнага матэрыялу такая гендарная няроўнасць не ўплывае, то на якасць правядзення выхаваўчай работы… У горадзе сітуацыя яшчэ не праблемная, а вось у многіх сельскіх установах адукацыі педагог мужчына на вагу золата, на вагу золата тут і мужчынскае выхаванне навучэнцаў.

Мужчынскі род

Слова “педагог” невыпадкова мужчынскага роду. Успомнім універсітэцкі курс педагогікі. Каменскі, Ушынскі, Сухамлінскі, Макаранка… Ды што гаварыць пра часы мінулыя. Перанясёмся ў свае школьныя гады. Хто ў нас, акрамя фізічнага выхавання і працоўнага навучання, выкладаў фізіку, матэматыку, чарчэнне, астраномію, гісторыю, а нярэдка і філалагічныя дысцыпліны? Хто быў дырэктарам, завучам? Правільна, мужчыны. Памятаеце, якая наставала цішыня, калі яны заходзілі ў клас? Пра дысцыпліну можна лішні раз і не гаварыць: яна была ідэальнай. Нашы педагогі мужчыны ў многім былі падобны на героя знакамітага фільма “Дажывём да панядзелка” настаўніка гісторыі Ілью Сямёнавіча Мельнікава. Армейская выпраўка, неабыякавасць, пастаянны творчы пошук, тактоўнасць, вялікі багаж ведаў — такім паўстаў перад гледачамі герой Вячаслава Ціханава, такімі мы запомнілі нашых настаўнікаў мужчын, прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Карыснае дзеянне

З педагогам Барсукоўскага дзіцячага сада — базавай школы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ігарам Віктаравічам Старадубам мы не толькі цёзкі, аб’ядноўвае нас і любоў да знакамітага фільма. Думкі і развагі Ільі Сямёнавіча, якія даўно разышліся на цытаты, неаднаразова гучалі падчас нашай размовы. Напрыклад, фрагмент яго дыялогу з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Святланай Міхайлаўнай: “— У нас ёсць час, каб даказаць, што мы лепшыя, чым пра нас думаюць. // — Гэта каму я буду даказваць? // — Ім (вучням. — Заўв. аўт.). Кожны дзень, кожны ўрок. А калі не можам… то давайце займацца іншым рамяством, дзе памылка танней каштуе”.Падобныя сумненні ніколі не авалодвалі Ігарам Віктаравічам. Дзякуючы свайму дзядзьку, настаўніку матэматыкі, ён дакладна ведаў, што пасля школы паступіць на фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута і звяжа сваё жыццё са школай. Праўда, з цягам часу сінусы і косінусы, тангенсы і катангенсы было вырашана замяніць на спартыўную залу, стаць настаўнікам фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі. Падчас работы ў школе Ігару Віктаравічу шмат разоў прапаноўвалі заняць больш прэстыжныя, чым вясковы настаўнік, пасады. Усё як у фільме. Памятаеце размову Ільі Сямёнавіча з былым вучнем Барысам Рудніцкім? “— Крыўдна, што такі чалавек, як вы, распыляе сябе ў школе. Вас можна выкарыстоўваць са значна больш высокім ККДз. // — З чым-чым? // — ККДз — каэфіцыентам карыснага дзеяння”. На ўсе больш перспектыўныя прапановы Ігар Віктаравіч Старадуб заўсёды адказваў адмовай.
— Хіба быць вясковым настаўнікам не прэстыжна, тым больш калі тваё прызванне — гэта непасрэдная работа з дзецьмі? Быць сапраўдным мужчынам — гэта цяжкая праца, а быць мужчынам-педагогам яшчэ больш складана. У школах мужчыны працуюць не дзеля фінансавай выгады, мужчына ў школе — гэта педагог па прызванні, чалавек, які аддае сваё сэрца дзецям. Нягледзячы на цяжкасці, у выхавальніка ёсць шмат станоўчых момантаў. Працуючы з дзецьмі, маладзееш душой, настаўніцтва — гэта своеасаблівы эліксір маладосці, — лічыць Ігар Віктаравіч. “А маеш рацыю ты, Барыс, у тым, што мой каэфіцыент карыснага дзеяння мог бы быць значна вышэйшым”. Гэтую думку Ільі Сямёнавіча наш герой цалкам падзяляе, таму пастаяннае прафесійнае самаўдасканальванне — адзін з галоўных прафесійных поспехаў барсукоўскага педагога.

Амаль ідэал

Мужчына ў жаночым калектыве… Нехта скажа: “Пашчасціла чалавеку! Заўсёды ў цэнтры ўвагі, асабліва на 23 лютага!” Частка праўды ў гэтых словах ёсць, аднак праўда заключаецца яшчэ і ў тым, што мужчына ў жаночым настаўніцкім калектыве павінен быць не проста мужчынам, а сапраўдным, амаль што ідэальным мужчынам: тактоўным, з пачуццём гумару, неабыякавым, апантаным, майстрам на ўсе рукі і, канечне, карыстацца аўтарытэтам сярод вучняў, дзеці павінны за ім, як кажуць, хадзіць гуртам. За Ігарам Віктаравічам яны не проста ходзяць, напрыклад, падчас турыстычных паходаў, але і бегаюць, у тым ліку на лыжах падчас самых любімых у Барсукоўскай школе спартыўных спаборніцтваў — па біятлоне. Дарэчы, пад кіраўніцтвам настаўніка каманда Клімавіцкага раёна неаднойчы станавілася прызёрам абласных спаборніцтваў “Снежны снайпер”, прадстаўляла Магілёўшчыну і на рэспубліканскім узроўні.Асноўным прадметам выкладання нашага героя з’яўляецца фізічная культура, аднак для адзінага ў школе педагога мужчыны гэтай функцыі, відавочна, недастаткова. Таму поўны пералік прафесійных абавязкаў Ігара Віктаравіча гучыць так: настаўнік фізічнай культуры, працоўнага навучання і асноў бяспекі жыццядзейнасці, педагог дадатковай адукацыі (кіраўнік гурткоў пешаходнага турызму, па настольным тэнісе і “Меткі стралок”), арганізатар і актыўны ўдзельнік школьных свят, а ў вольны ад школьнага жыцця час — клапатлівы тата, каханы муж, надзейны сябар, чалавек з разнастайнымі інтарэсамі. А што гавораць калегі?

Высокія вынікі

— У гады маёй вучобы ў школе большасць настаўнікаў была мужчынамі. Часта ўспамінаю тыя часы, з любоўю праглядваю старыя чорна-белыя фотаздымкі, якія захоўваюцца ў маім сямейным архіве. Ранейшая вучнёўская форма, абсталяванне вучэбных кабінетаў, фрагменты школьнага жыцця — усё гэта, безумоўна, цікава. Аднак не меншую цікавасць уяўляюць фотаздымкі настаўніцкага калектыву: на іх амаль адны мужчыны, ды яшчэ якія: прыгожыя, статныя! Канечне, з таго часу многае змянілася, цяпер педагог — гэта ў асноўным жаночая прафесія. Нашай школе пашчасціла, у нас ёсць сапраўдны мужчына. Дзякуючы яму лягчэй праводзіць вучэбны і выхаваўчы працэс, дасягаць многіх паказчыкаў, — гаворыць дырэктар Барсукоўскага дзіцячага сада — базавай школы Ірына Іванаўна Анціпенка.
Пра гэтыя паказчыкі можна гаварыць вельмі доўга. Чаго варты толькі дзясяткі кубкаў, заваяваных школьнай камандай і камандай Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Ігара Віктаравіча на спартыўных і турыстычных спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. “Школа, у якой я працую, знаходзіцца ва ўнікальным месцы. Навакольная прырода — гэта натуральны працяг адукацыйнай прасторы, — дзеліцца настаўнік. — Акрамя ўрокаў фізкультуры, арганізоўваю і праводжу фізкультурна-аздараўленчыя і культурна-масавыя мерапрыемствы, многія з якіх сталі ў нашай школе традыцыйнымі. Амаль усе вучні 5—9 класаў наведваюць гурткі пешаходнага турызму, па настольным тэнісе. 12 гадоў кірую і гуртком “Меткі стралок”. Работа ў гэтым кірунку аказвае дзейсны ўплыў на фізічнае развіццё, захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў. Разам з саветам старшакласнікаў вядзём актыўную агітацыйную работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Таксама намі распрацаваны палажэнні аб лепшым спартсмене года і лепшым спартыўным класе. Пасля заканчэння навучальнага года лепшы спартсмен атрымлівае кубак, а лепшы спартыўны клас — грамату і падарунак”.

Сапраўднае шчасце

Работа ў фізкультурна-аздараўленчым кірунку — гэта толькі адна з часцінак рознакаляровай мазаікі насычанага жыцця настаўніка. “Шчасце — гэта калі цябе разумеюць”, — пісаў у сваім сачыненні адзін з юных герояў фільма “Дажывём да панядзелка”. Калі кіравацца гэтымі словамі, то пра адзінага педагога мужчыну Барсукоўскай школы можна дакладна сказаць, што ён па-сапраўднаму шчаслівы. Яго разумеюць у сям’і і падзяляюць яго інтарэсы (прычым настолькі, што дачка Ірына звязала сваё жыццё з педагогікай і працуе ў Барсукоўскай школе настаўніцай геаграфіі), разумеюць і ў школе, усяляк падтрымліваюць творчыя задумкі і парывы неабыякавай душы. Не менш шчаслівым настаўнік адчувае сябе і ад усведамлення таго, што яго інтарэсы падзяляюць вучні. “Калі рэйсавы аўтобус прывозіць цябе на заняткі ў 7 гадзін раніцы, а да пачатку ўрокаў застаецца яшчэ 2 гадзіны, і калі ў гэты момант на школьным парозе цябе сустракаюць твае вучні і з радасцю адпраўляюцца на трэніроўку ў спартыўную залу, хіба гэта не шчасце? Значыць, ты змог іх зацікавіць, ты карыстаешся сярод іх аўтарытэтам”, — адзначае настаўнік.— Многія нашы сем’і з’яўляюцца няпоўнымі, дзе хлопчыкаў у лепшым выпадку выхоўваюць мамы, а нярэдка толькі бабулі. З каго ж дзецям браць прыклад мужчынскага характару? Жанчыны ж у выхаванні больш мяккія, на многія дрэнныя ўчынкі сваіх дзяцей не звяртаюць увагі, — адзначае дырэктар Ірына Іванаўна Анціпенка.
Калі вучоба і выхаванне, як пісаў класік, ідзе туга, магла б дапамагчы бацькава папруга. Аднак у тым і праблема, што яе няма. Замяніць бацькаву папругу можа строгае слова Ігара Віктаравіча. На яго занятках пануюць не толькі дысцыпліна і парадак, але і творчая атмасфера. Напрыклад, на ўроках працоўнага навучання ў дзяцей не толькі фарміруецца працавітасць, але і адбываецца працэс эстэтычнага выхавання. Усё дзякуючы аднаму з захапленняў настаўніка — разьбе па дрэве. Адзін з нядаўніх маштабных праектаў, які Ігар Віктаравіч ажыццявіў разам з вучнямі, — выраб 60 шпакоўняў для мясцовага лясгаса. Прычым гэта не проста шпакоўні, а сапраўдныя творы мастацтва: кожная была ўпрыгожана адмысловымі ўзорамі.

Кожную хвіліну

Мяняюцца пакаленні педагогаў, прадстаўнікі старэйшага пакалення, зборным вобразам якіх з’яўляецца галоўны герой фільма “Дажывём да панядзелка”, пакідаюць школу. Ці прыйдуць на змену ім такія ж неабыякавыя, тактоўныя, з вялікім багажом ведаў і пастаянным творчым пошукам мужчыны-педагогі? Абавязкова! Дзеля гэтага кожны дзень, кожны ўрок, кожную хвіліну і працуе сярод жанчын Ігар Віктаравіч Старадуб.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.