Серыял “Клон” — адзін з самых маштабных праектаў 2000-х. Ён выйшаў на экраны ў больш чым 90 краінах і застаўся ў сэрцах мільёнаў. А для некаторых “Клон” нават стаў лёсавызначальным. Якім чынам, даведаліся ў педагога Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Хрысціны Вярбоўскай.
Талерачкі, бочкі, трасенне
— У дзяцінстве ўсе мае пачынанні былі творчымі. Спачатку я займалася гімнастыкай у цырку імя Валерыя Абеля. Паралельна хадзіла на бальныя танцы. Часу на ўсё не хапала, таму гімнастыку прыйшлося кінуць. Калі пачалі паказваць серыял “Клон”, мама спытала, ці не хачу я заняцца ўсходнімі танцамі — тады гэта было нечым новым і прыгожым. Так я трапіла ў студыю “Наджах”, — расказвае Хрысціна Уладзіміраўна.
Калі ў бальных танцах партнёр Хрысціны стаў у пару з іншай дзяўчынай, будучы харэограф зрабіла ўпор на бэліданс (так больш правільна называць усходнія танцы): там ты залежыш толькі ад сябе. Пераход быў бязбольным, але праз некаторыя цяжкасці ўсё ж прыйшлося прайсці. Справа ў тым, што ў бальных танцах працуюць адны групы мышцаў, а ва ўсходніх — іншыя. Каб пераключыцца са стылю на стыль, патрэбен час. Да таго ж Хрысціна Вярбоўская займалася тады і харэаграфіяй, бо ўжо ведала, кім хоча стаць у будучыні. Калі ў народных і бальных танцах патрэбны выразнасць, крыху жорсткасці, шпаркасць і стрыманасць, то ў бэлідансе без расслаблення нічога не атрымаецца. Рухі павінны быць мяккімі, плаўнымі, “змяінымі”.
— Ва ўсходніх танцах ты часта накладваеш адзін рух на іншы. Напрыклад, трасенне спалучаецца з хваляй жыватом. Калі мышцы ног заціснуты, так зрабіць цяжка, і ў гэтым была мая праблема. Асобна трасенне раблю, але калі трэба нешта дабавіць — я заціснута. З часам гэты стан знік.
“Дзяўчаты прыходзяць ва ўсходнія танцы, таму што хочуць раскрыць сваю жаноцкасць, стаць больш пластычнымі і падцягнутымі”.
Рухаў ва ўсходніх танцах шмат. Асноўныя — гэта ўдары бёдрамі, васьмёркі, талерачкі, бочкі, хвалі, трасенне, рухі на пераступанні, прасоўванні. Талерачкі — гэта круг бёдрамі на прамых нагах на адным месцы, бочкі — вялікі круг бёдрамі на месцы, з пераступаннем або прысяданнем. На базавых рухах вучацца і з часам тэхніку ўскладняюць.
Стыляў таксама вялікі выбар. Назавём тыя, якія часцей за ўсё сустракаюцца на спаборніцтвах. Арыенталь — класічны стыль, які можа складацца з розных элементаў усходніх народных танцаў і стыляў. З рэквізіту выкарыстоўваюцца толькі кіі, цымбалы і хусткі. Музыка падыходзіць класічная інструментальная, калі адпавядае вобраз — сучасная поп-версія. Табла — стыль, у якім прысутнічаюць барабаны. Заснаваны на трасеннях, выразных ударах. Фальклорны стыль адлюстроўвае нацыянальныя асаблівасці, традыцыі, звычаі, музыку, касцюмы і гісторыю розных народаў. Тут падыходзяць нацыянальная музыка, касцюмы і характэрныя для пэўнага народа рухі, манеры, тэмы танцаў. Шоу — стыль, у які можна ўключыць любы танцавальны кірунак, але тэхніка бэліданса павінна пераважаць. Можна выкарыстоўваць вэлюм, крылы, шаблі, вазы, нажы і г.д. Уступ, кульмінацыя, фінал — абавязковыя складнікі танца. Стыль імправізацыі кажа сам за сябе.
— Мне больш за ўсё падабаецца шоу, таму што я люблю змешваць розныя напрамкі, падбіраць вобраз, манеру. Таксама люблю класічны стыль, гэта аснова. Важнай задачай было навучыцца імправізаваць. Я хацела ўмець правільна слухаць музыку, лавіць матывы і хутка ўключацца ў працэс.
Фінал? Нечакана
Бэліданс сам па сабе зачароўвае, але асаблівае значэнне мае касцюм. Калі чалавек толькі пачаў танцаваць і першы раз выходзіць на сцэну, касцюм надае яму ўпэўненасці ў сабе. Гэтак жа ўплывае і макіяж.
— У нас ёсць правілы па знешнім выглядзе. Калі выступае дзіця, то яно павінна выглядаць як дзіця. Апранаць трэба топ, а не станік, спадніцу з разрэзамі не вышэй за калена, рабіць лёгкі макіяж. Дарослы павінен выглядаць акуратна і без намёкаў на эротыку. Разрэзы робяцца не проста так, а каб дапоўніць вобраз. Калі яны занадта вялікія, то пад ніз трэба надзець шорты або бэжавы пад’юбнік.
Касцюмы зараз абсалютна розныя. Гэта могуць быць і закрытыя паўсукенкі, і класічныя станік са спадніцай, і станік з кароткай спадніцай. Некаторыя касцюмы нагадваюць бальныя сукенкі, таму што ўпрыгожаны махрой, стразамі. Трэнды ў асяроддзі бэліданс фарміруюцца танцорамі. Хтосьці ўбачыў прыгожы касцюм, зрабіў сабе нешта падобнае, іншаму прыйшлося даспадобы — і панеслася.
Каб пашыць адзін касцюм, трэба ад аднаго да некалькіх месяцаў. Прафесіянал зробіць гэта хутка. Для самастойнага ж пашыву трэба і дадатковы час вызваліць, і не страціць натхненне. Калі пачынаеш думаць над фасонам, выбіраць, куды прышыць пацеркі, стразы, працэс зацягваецца.
Існуе прыгожая і крыху смешная легенда аб зараджэнні бэліданса. Паводле яе, аднойчы пчала заляцела пад вопратку юнай дзяўчыны, чым прымусіла яе інтэнсіўна круціць бёдрамі і жыватом. Спроба пазбавіцца назойлівага насякомага ў выніку ператварылася ў танец.
— Кожны месяц праходзяць фестывалі і спаборніцтвы, дзе прадстаўлены наш кірунак. Самыя важныя — гэта чэмпіянат і Кубак Беларусі. З міжнародных самая вядомая і прэстыжная — Сусветная танцавальная алімпіяда. Калі чалавек хоча дасягнуць нейкага тытула, то ён ездзіць на чэмпіянаты і кубкі свету. Цяпер ёсць шмат конкурсаў, якія запрашаюць зорак з іншых краін у якасці суддзяў, што прыцягвае сур’ёзных танцораў.
Адно з самых важных дасягненняў для Хрысціны Уладзіміраўны — перамога на чэмпіянаце Беларусі ў 2012 годзе. З ёй звязаны і адзін кур’ёзны выпадак.
— У нас было шмат канкурсантаў у намінацыі “Прафесіяналы”, і калі пасля паўфіналу вывесілі спісы тых, хто прайшоў далей, я чамусьці свой нумар не знайшла. Я не моцна знервавалася, таму што толькі пачала выступаць у “Прафесіяналах” і разумела: далей будзе лепш. Пераапранулася, села ў залу, глядзела выступленні іншых удзельнікаў. І тут у мікрафон называюць нумар і просяць здаць фанаграму. Я разумею, што гэта мой нумар, але не разумею, куды мне цяпер бегчы, — смяецца Хрысціна Вярбоўская. — Гляджу вялікімі вачыма на сваю кіраўніцу, яна на мяне. Аказваецца, мы чыталі не тыя спісы. Я хутка, як магла, нафарбавалася, пераапранулася, кіраўніца здала фанаграму. Выступленне прайшло нармальна. Калі называлі пераможцаў, было хвалююча. Аб’яўляюць трэцяе месца, думаю — я. Не. Аб’яўляюць другое месца, зноў думаю — я. Не. Тут пачынаюцца крыкі “Брава!” ад знаёмых, і я разумею, што выйграла. Гэта была важная для мяне перамога, я дасягнула таго, чаго хацела.
Таксама Хрысціна Уладзіміраўна некалькі разоў удзельнічала ў Сусветнай танцавальнай алімпіядзе, дзе прадстаўляла Беларусь. У апошні раз прайшла ў фінал і заняла 5-е месца. Гэта добры вынік, таму што сапернікі там збіраюцца моцныя.
У справу — з азартам
— Калі я вучылася ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, задумвалася, куды пасля заканчэння рухацца далей. Вырашыла адкрыць сваю студыю ўсходняга танца і прапанавала гэта кіраўніцтву абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. На той момант такога напрамку там не было, таму мяне падтрымалі. Натуральна, спачатку было мала людзей, але да канца года народ падцягнуўся, і ў мяне сабралася паўнавартасная група. Яна была зборнай, там займаліся і дзеці, і дарослыя. Падрыхтоўка ў іх не адрознівалася, таму што ўсе вывучалі базу. На другі год я набрала ўжо дзве групы: дзіцячую і дарослую.
Пазней Хрысціна Вярбоўская адкрыла сваю студыю BARIKA за межамі палаца, але з яго не сышла. Калі яна толькі прыйшла працаваць, ёй прапанавалі набраць яшчэ і групу малышоў для заняткаў харэаграфіяй. “Я падумала: раз у мяне ёсць адукацыя, чаму б і не”. Гэта было нараджэннем танцавальнага калектыву AZART. У ім аб’ядноўваюцца класічны, народна-стылізаваны і эстрадны кірункі. Калі стамляешся ад аднаго, пераключаешся на іншы. Зараз у калектыве займаюцца дзеці 5—13 гадоў. А вось у студыі разбежка большая: самыя малодшыя — падлеткі, самыя старэйшыя — жанчыны 50+.
— З дзецьмі працаваць прасцей. Ты ім сказала нешта зрабіць, яны будуць рабіць. А ў дарослых ужо свае погляды на розныя рэчы, яны могуць задаваць пытанні, спрачацца. Да таго ж у дарослых ужо сфарміраваны характар, і да кожнага трэба падстроіцца, растлумачыць усё так, каб было зразумела менавіта яму.
Хрысціна Уладзіміраўна на занятках розная. Можа быць добрай, а можа і строгай. Яна не вельмі любіць, калі ў зале шумна, таму стараецца трымаць дысцыпліну. Ад гэтага і работа ідзе больш плённа. Выхаванкам без розніцы, у якім настроі іх кіраўніца. Разам яны займаюцца любімай справай — вось што сапраўды важна.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Хрысціны Вярбоўскай.