Вопыт даследавання STEM–падыходу

Усё часцей у дыскусіях пра рэформы адукацыі згадваецца абрэвіятура STEM (Science, Technologies, Engineering, Mathematics). У кастрычніку — лістападзе 2018 года Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” ініцыіравала даследаванне “STEM-падыход у адукацыі: ідэі, метады, практыка, перспектывы”.

Удзельнікі адукацыйнай паездкі.

Канцэпцыя STEM-адукацыі імкліва распаўсюджваецца як арыенцір у сучаснай адукацыі. Для Беларусі яна тым больш актуальная: краіна звязвае сваё сацыяльна-эканамічнае развіццё з высокімі тэхналогіямі і ІТ-сектарам.

Ідэя правесці такое даследаванне з’явілася, калі ў 2018 годзе Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” запусціла маштабны праект па адкрыцці ў школах і гімназіях STEM-цэнтраў — сучасных абсталяваных класаў, дзе школьнікі могуць займацца праграмаваннем, робататэхнікай, 3D-мадэляваннем і развіваць навыкі, неабходныя для жыцця ў лічбавай эканоміцы.

— Пасля таго як я ўбачыла гэтыя STEM-цэнтры, — расказвае Алёна Мельчанка, каардынатар даследавання ад “Адукацыі для будучыні”, — я задалася пытаннем: ці разумеюць настаўнікі, што гэта такое? А што мы ім можам даць пачытаць на гэтую тэму? Я стала глядзець і не знайшла рускамоўнай крыніцы, якая задавальняла б мяне, якая тлумачыла б, што такое STEM. На англійскай мове інфармацыі значна больш, але не заўсёды гэта даступна настаўніку з-за моўнага бар’ера. А калі чагосьці няма, трэба гэта стварыць. Так і ўзнікла ідэя першага этапу даследавання — мы прысвяцілі яго канцэптуальным асновам STEM.

У каманду даследчыкаў увайшлі кандыдат сацыялагічных навук Таццяна Вадалажская (навуковы кіраўнік даследавання), магістр гуманітарных навук Таццяна Кавалёнак і магістр педагагічных навук Дзіна Кароль. Яны прааналізавалі масіў інфармацыі пра развіццё STEM-адукацыі ў ЗША, Еўропе, Расіі і Беларусі, у тым ліку матэрыялы канферэнцыі “Актуальныя праблемы STEM-адукацыі”, якая прайшла 15 лістапада 2018 года ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Школьнікі ў адным са STEM-цэнтраў у Баранавічах.

Акрамя таго, даследчыкі правялі інтэрв’ю з беларускімі тэарэтыкамі і практыкамі STEM-адукацыі: Анжалікай Мешчараковай (Акадэмія паслядыпломнай адукацыі), Наталляй Салагуб (кіраўнік STEM-цэнтра прыродазнаўства ў БДПУ імя Максіма Танка), Валянцінай Чэкан (прыватная школа STEM), Наталляй Іскарцавай (прыватная школа Stembridge), Ганнай Каралько (школа робататэхнікі).

Крыніцай ведаў аб развіцці STEM-адукацыі за мяжой стала і адукацыйная паезд­ка групы беларускіх педагогаў і кіраўнікоў па праграме прафесійна-культурнага абмену Community Connections Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) у кастрычніку 2018 года. Адна з удзельніц адукацыйнай паездкі настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 20 Барысава Ірына Адамовіч падзялілася ўражаннямі:

— Паназіраўшы за тым, што адбываецца ў ЗША ў кірунку развіцця STEM-падыходу, і наведаўшы 9 школ рознага фармату (прыватныя, альтэрнатыўныя, дзяржаўныя), магу з упэўненасцю сцвярджаць, што і ў ЗША пытанні STEM-адукацыі вельмі актуальныя. Школьныя настаўнікі ў ЗША сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і беларускія педагогі, напрыклад, такой як адсут­насць цікавасці да вывучэння прадметаў прыродазнаўча-навуковага цыкла.

За 2 месяцы напружанай работы даследчыкі не проста сабралі і сістэматызавалі ідэі пра STEM-падыход у адукацыі, але і намецілі арыенціры для развіцця STEM у Беларусі. Ніжэй — некалькі асноўных высноў.


Да гэтай пары не існуе адзінага пункту гледжання ў азначэнні таго, што ж такое STEM у адукацыі. У агульным сэнсе пад абрэвіятурай STEM разумеецца комплекс дысцыплін у прыродазнаўчых, тэхналагічных, інжынерных навуках і матэматыцы, накіраваных на падрыхтоўку спецыялістаў для развіцця інавацыйнай эканомікі. Аднак, незалежна ад таго, як трактаваць STEM і на якія яго кампаненты рабіць акцэнт, сёння STEM-падыход — гэта зона актыўнага пошуку, эксперыментавання і інавацый у адукацыі.

Настаўнікі распрацоўваюць праект STEM-урока на мітапе “STEAM-навучанне: практыкі рэалізацыі“.

Пытанні, што ставіць перад сваімі тэарэтыкамі і практыкамі STEM-падыход да адукацыі, упіраюцца ў базавыя кампетэнцыі чалавека, якія будуць актуальны і запатрабаваны ў грамадстве будучыні. Экспертамі ўсё часцей акцэнтуецца ўвага на так званых гібрыдных навыках (тэхнічныя навыкі дапаўняюць гуманітарныя). Сярод іх вылучаюць у якасці вядучых 4 “К”: камунікацыя, калабарацыя, крэатыўнасць і крытычнае мысленне. Іх дапаўняюць гібкасць і лічбавыя навыкі. Развіццё ў школьнікаў гэтых навыкаў магчыма тады, калі яны ёсць у саміх настаўнікаў. Гаворачы пра сучасных педагогаў, дырэктар школы Stembridge Наталля Іскарцава канстатуе:

— Зачыніў дзверы, усадзіў усіх за парты, разгарнуў падручнік — гэта ўжо неактуальны алгарытм. Настаўнікам трэба працаваць у парах, у камандах, ствараючы ўрокі на стыку прадметаў, на сваім прыкладзе паказваючы камандную работу і камунікацыю ў дзеянні. Трэба звязваць тэорыю з практыкай і светам, які акружае дзяцей кожны дзень у іх жыцці. Трэба бачыць вучняў і адаптаваць падыход пад іх.

Пры тым, што ў канцэпцыі STEM-адукацыі прапануецца наяўнасць арганічнай сувязі паміж школай, універсітэтам і вытворчасцю, усё ж найбольш актыўным суб’ектам (і аб’ектам) рэалізацыі STEM-падыходу выступае школа. У даследаванні было прадстаўлена 6 прымет, якія характарызуюць STEM-школу: навучанне ў ёй пабудавана на вырашэнні праблем; мясцовыя праблемы, звязаныя з рэальным жыццём; школа развівае пачуццё прыналежнасці да сваёй суполкі; навучанне накіравана на развіццё кар’ерных, тэхналагічных і жыццёвых навыкаў; навучанне персаналізавана, настроена на здольнасці і траекторыю вучня; школа падтрымлівае сувязі са знешнімі суполкамі.

— STEM-школа — гэта тая школа, у якой педсклад працуе ў інтэграваным і практыка-арыентаваным падыходзе, — расказвае сузаснавальнік прыватнай школы STEM Валянціна Чэкан. — Гэта можа быць лясная школа ці школа пры ўніверсітэце — няважна. Ці ёсць канцэпцыя ў школы? Ці ёсць методыка? Ці ёсць ва ўсяго педагагічнага калектыву адзінае бачанне і магчымасці інтэгравацца?

Базавым узроўнем укаранення STEM-падыходу з’яўляецца ўзровень асобнага ўрока, і для беларускай сітуацыі гэты ўзровень пакуль застаецца ключавым і найбольш даступным. Асноўныя рысы STEM-урока — міжпрадметнасць, даследчы і праблемны характар, апора на праектную дзейнасць.

— STEM-урок — гэта даследчая дзейнасць, — адзначае Анжаліка Мешчаракова. — Дзіця само вызначае, што яму цікава, выказвае гіпотэзу. Педагог — фасілітатар, назірае і дапамагае вучню ў гэтым.

Даведацца больш пра вынікі даследавання можна на сайце Асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” па спасылцы: edu4future.by/article/rezultaty-issledovaniya-stem-podhod-v-obrazovanii. Асацыяцыя запрашае настаўнікаў, прадстаўнікоў адміністрацыі школ і гімназій і ўсіх, хто зацікавіўся, дасылаць свае ідэі, прапановы і заўвагі на электронны адрас info@edu4future.by з паметкай “Даследаванне STEM”.

Як распрацаваць STEM-урок

* прапаноўваць адкрытыя задачы, якія дазваляюць шукаць рашэнне ў розных напрамках, звяртацца да розных галін ведаў і выкарыстоўваць усе магчымыя шляхі атрымання неабходных ведаў (інтэрнэт, кнігі, уласны вопыт, эксперыменты, даследаванні і г.д.);

* прапаноўваць задачы і праблемы, у якіх існуе мноства рашэнняў і правільных адказаў;

* вывучаць навуковыя заканамернасці праз свой шлях адкрыццяў;

* рухацца ад рашэння практычных і канкрэтных задач да агульных рашэнняў, паняццяў і больш высокага ўзроўню абстракцыі, ідэй і тэорый;

* уключаць у пошук рашэння розныя навукі і матэматыку, акцэнтаваць увагу на аргументацыі, доказе і логіцы;

* уключаць у абмеркаванне і рашэнне праблемы пытанні эканомікі, культуры, гісторыі, экалогіі, этыкі і г.д.;

* уключаць гульнявыя і спаборніцкія элементы;

* даваць магчымасць рабіць доследы і штосьці ствараць сваімі рукамі, кранаць, апрабоўваць і ствараць устройствы, прыборы, а таксама рашэнні, якія можна выкарыстоўваць у жыцці;

* канструяваць з падручных матэрыялаў, рабіць праекты з вельмі абмежаваным бюджэтам, што развівае ўяўленне і актуалізуе веды і здольнасці ў галіне эканомікі, кіравання і г.д.;

* арганізоўваць камандную работу (групы, пары, тройкі), стымуля­ваць неабходнасць камунікаваць, дамаўляцца, шукаць агульныя рашэнні, супрацоўнічаць;

* уключаць у навучанне прэзентацыю атрыманых вынікаў перад групай, атрыманне зваротнай сувязі ад аднакласнікаў ці прафесіяналаў, арганізоўваць узаемнае ацэньванне ў групе.

Маргарыта РОЎБА,
Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”.