Адукацыйную ініцыятыву абавязкова падтрымаюць

Пастаянныя чытачы “Школы Z” не маглі не заўважыць, што мы з нумара ў нумар згадваем так званыя soft skills — навыкі кіравання праектам, крытычнага мыслення, супрацоўніцтва і камунікацыі. На думку сучасных прафарыентолагаў, менавіта іх неабходна развіваць у кожнага школьніка, каб вырасціць паспяховага (і запатрабаванага сярод работадаўцаў) дарослага. Лепшы спосаб навучыць такому — сваім прыкладам паказаць, як кіраваць праектамі і строіць партнёрскія стасункі, а з часам — далучыць да кіравання саміх школьнікаў, таму мы расказваем, як настаўніку прасоўваць свае адукацыйныя ініцыятывы.

Сёння пагутарым пра тое, як знайсці арганізацыйную, фінансавую ці іншую дапамогу на прыкладзе праекта Make yourself, у якім педагог і ІТ-кампанія аб’ядналіся, каб зрабіць карысны адукацыйны конкурс для навучэнцаў. Мы задалі ўдзельнікам праекта пытанні пра іх супрацоўніцтва і сабралі з адказаў інструкцыю для педагогаў, якія хацелі б запусціць свой праект.

Сацыяльны праект Make yourself — гэта цэлая сістэма ўзаемазвязаных мерапрыем­стваў. У яго ўваходзяць і майстар-класы ад прафесіяналаў, дзе можна атрымаць веды і навыкі з першых рук, і конкурсы, дзе школьнікі правяраюць свой узровень, і хакатоны, падчас якіх можна гэты ўзровень павышаць, ствараючы сапраўдныя прадукты (прататыпы гульняў), а таксама атрымліваць soft skills. Нарэшце, Make yourself — гэта яшчэ і прафарыентацыйныя і адукацыйныя паездкі, падчас якіх школьнікі наведваюць замежныя ІТ-кампаніі і таксама распрацоўваюць уласныя гульні.

— Гэтым летам разам з BelGameDev і пры фінансавай падтрымцы Melsoft Games, — расказала каардынатар сацыяльнага праекта Make yourself Наталля Курсава, — мы запусцілі новы праект для школьнікаў, якія цікавяцца распрацоўкай камп’ютарных гульняў, — BelGameDev Junior.

Праект складаецца з двух этапаў. Падчас першага зацікаўленыя дзеці і падлеткі могуць даслаць на конкурс свае работы — гульні, сцэнарныя напрацоўкі, выпускі гульнявых відэаблогаў, дызайны герояў ці лакацый для камп’ютарнай гульні. Рыхтуючы свае работы на конкурс, яны наведваюць майстар-класы ад прафесійных праграмістаў, гейм-дызайнераў, маркетолагаў па розных напрамках дзейнасці ў межах gamedеv (стварэння камп’ютарных гульняў). Пасля майстар-класа можна палепшыць сваю работу і павысіць шансы на перамогу.

Падчас другога этапу найбольш паспяховыя ўдзельнікі конкурсу сабраліся на хакатоне Make yourself — make a game. Пераможцы ў розных намінацыях склалі каманды і разам працавалі над стварэннем дыдактычных аплетаў па школьных прадметах. Гульня павінна была так зацікавіць будучых карыстальнікаў сюжэтам і дызайнам, каб яны з лёгкасцю асвоілі ці паўтарылі пэўную тэму са школьнай праграмы.

Зразумела, рэалізаваць маштабны праект у такой спецыфічнай сферы, як gamedеv, без дапамогі з боку гейм-індустрыі немагчыма, хаця б таму, што сярод педагогаў наўрад ці знойдуцца настолькі кампетэнтныя ментары і члены журы, каб абмяркоўваць апошнія тэндэнцыі ў дызайне, маркетынгу, праграмаванні і вучыць гэтаму іншых.

Экспертыза — напэўна, галоўны рэсурс, які патрэбны адукацыйным ініцыятывам. Арганізацыйная і фінансавая дапамога таксама часта пажаданая. За гэтым каардынатар праекта Наталля Курсава звярнулася ў gamedеv-кампанію Melsoft Games. Пра тое, як ацэньвалі яе праект патэнцыяльныя партнёры, мы спыталі менеджара адукацыйных праграм гэтай кампаніі дацэнта кафедры прыкладной лінгвістыкі БДУ Вольгу Елісееву. А сама Наталля падзялілася вопытам арганізацыі адукацыйнага праекта.


Як расказала Вольга, кампанія даўно цікавіцца адукацыйнымі ініцыятывамі. Напрыклад, разам з іншымі рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій яна падтрымала праект “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, у межах якога праходзяць конкурсы для дзяцей і настаўнікаў, з’явіліся праграмы факультатыўных заняткаў па Scratch.

— Наталлю я ведаю з 2016 года, калі яна ледзь не ўпершыню праводзіла конкурс па Scratch, а мае выхаванцы прымалі ў ім удзел, таму, калі яна толькі пачынала займацца арганізацыяй хакатонаў, ужо тады я дапамагала, — расказала Вольга. — Зразумела, што кампаніі прасцей падтрымаць ініцыятыву вядомага педагога, таму перш за ўсё я параіла б праяўляць сябе ў публічнай прасторы і шукаць карысныя знаёмствы.

1. Будзьце публічнымі

Калі вы хочаце, каб у ваш праект укладвалі сілы і энергію, неабходна дабіцца даверу патэнцыяльных партнёраў. І тут першае, на што можна звярнуць увагу, — ваша публічная дзейнасць. Гэта могуць быць пасты ў сацыяльных сетках, публікацыі на папулярных пляцоўках, уласны сайт ці блог.

Наталля Курсава.

— Кампанію больш зацікавіць прапанова педагога, які вядзе ўласныя рэсурсы, размя­шчае свае распрацоўкі, удзельнічае ў стварэнні праграм факультатыўных заняткаў і актыўна дзеліцца сваімі дасягненнямі, — тлумачыць Вольга. — Рэдка бізнес можа ацаніць адукацыйны праект з пункту гледжання педагогікі, тут прыходзіцца давяраць настаўніку. І калі настаўнік актыўна расказвае пра сваю работу і атрымлівае высокую ацэнку ад калег, даверу да яго будзе значна больш.

— Падтрымліваю гэтае меркаванне: лю­дзі хочуць разумець, што ім прапануюць, — працягвае Наталля. — Варта паказаць публікацыі ў сацыяльных сетках і медыя, а калі праект завершаны, таксама публічна падзякаваць кампаніі за дапамогу. Першыя хакатоны мы арганізоўвалі з дапамогай краўдфандынгавай платформы ulei.by і менавіта дзякуючы публічнасці знайшлі першых спонсараў, з якімі працягваем супрацоўніцтва. Напрыклад, інжынер-праграміст Юрый Картыннік дапамог са стварэннем сайта, удзелам у хакатоне ў Варшаве і правядзеннем хакатонаў у Мінску, а галоўнае — стаў амаль нязменным экспертам праекта. Улічваючы занятасць спецыялістаў яго ўзроўню, для нас гэта каштоўная падтрымка.

2. Шукайце новыя знаёмствы

Нэтворкінг (пошук карысных знаёмстваў) папулярны сярод бізнесменаў і ў прафесійных суполках. З аднаго боку, дзякуючы нэт­воркінгу, можна павялічыць свой аўтарытэт у галіне і зарабіць публічнасць, пра якую ішла гаворка вышэй. А з іншага боку, ён дазваляе зразумець, чым могуць быць карысныя пэўныя кампаніі ці арганізацыі.

Вольга Елісеева.

— Нэтворкінг дазваляе знайсці таго, хто парэкамендуе кампаніі падтрымаць вас, — удакладняе Вольга. — Напрыклад, Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” прымае заяўкі на пэўныя праекты і дапамагае знайсці для іх рэсурсы. Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій таксама падтрымлівае ініцыятывы ў галіне ІТ-адукацыі. Яшчэ адзін спосаб устанавіць новыя кантакты — гэта пляцоўка Social Weekend. Я ведаю многія настаўніцкія ініцыятывы, якія прайшлі праз гэты конкурс. Там акумулявана добрая экспертыза, аўтарам праектаў дапамагаюць кампетэнтныя ментары.

— У нэтворкінгу ёсць карысны пабочны эфект, — дадае Наталля. — Часта знаём­ствы дапамагаюць па-новаму ўбачыць свой праект і сваю дзейнасць наогул. Напрыклад, пасля гутаркі з адным з ментараў праекта Паўлам Совушкіным у нас нарадзілася ідэя праводзіць хакатоны па стварэнні сацыяльнай рэкламы ў дапоўненай рэальнасці (падобны праект сам ментар рэалізаваў для Траццякоўскай галерэі).

Адно знаёмства вядзе за сабой новыя. Галоўнае — навучыцца слухаць і чуць суразмоўцу і шукаць кропкі перасячэння інтарэсаў, разважаць, чым вы можаце быць карысныя адно аднаму.

3. Рэалізоўвайце невялікія праекты

Супрацоўніцтва з такімі праектамі, як Social Weekend, дапамагае пачаць работу над праектам, незалежна ад тых сродкаў і рэсурсаў, якімі вы валодаеце. Падчас хакатонаў можна сабраць каманду, дапрацаваць ідэю, атрымаць дакладны план — і ўсё гэта за 24 гадзіны.

— Звычайна першыя часы ініцыятыве не патрэбны асаблівыя рэсурсы, толькі шчырая цікавасць да праекта і жаданне вучыцца, — падкрэсліла Вольга. — Таму пачынайце працаваць над праектам, расказвайце пра яго — і хутка ахвотнікі падтрымаць праект з’явяцца самі сабой.

4. Падрыхтуйцеся да прэзентацыі

Мы ўжо звярнулі ўвагу на тое, што супрацоўнікі бізнес-кампаній не валодаюць метадалогіяй выкладання школьных прадметаў і не вывучалі дзіцячую псіхалогію. Каб яны маглі ацаніць каштоўнасць праекта, апішыце сваю ідэю так, што любы зможа зразумець яе.

— Важна адаптаваць інфармацыю аб праекце для прадстаўнікоў кампаніі. Я параіла б уключаць у апісанне канкрэтныя крытэрыі: мэту і задачы, аўдыторыю, — расказвае Вольга. — Павінна быць зразумела, як і калі будзе рэалізаваны праект, які бюджэт спатрэбіцца. Добрае ўражанне праект пакіне, калі ў настаўніка ёсць дэталёвы план яго рэалізацыі.

5. Арганізуйце сумесную творчасць

Галоўная каштоўнасць сумесных з бізнесам праектаў — магчымасць пазнаёміць дзяцей з паспяховымі прадстаўнікамі розных прафесій, даць школьнікам прыклад для пераймання, дапамагчы выбраць спецыяльнасць і сфарміраваць уяўленні пра яе. Каб усё гэта здарылася, трэба падрыхтаваць школьнікаў і ментараў да сумеснай работы.

— Для зацікаўленых дзяцей сустрэча з ІТ-спецыялістамі — гэта свята, — сцвярджае Наталля Курсава. — Але агульны аповед пра прафесію можа падацца сумным. Мала проста прывесці спецыяліста і сказаць дзецям: “Задавайце пытанні!” Неабходна арганіза­ваць сумесную дзейнасць.

На конкурсе Makeyourself — make a game навучанне было арганізавана так: дзеці прыходзілі на майстар-клас з гатовымі праектамі, а ментары спярша прадстаўлялі агульную інфармацыю пра сваю сферу, а пасля індывідуальна разбіралі работы ўдзельнікаў, давалі парады і адказвалі на пытанні. Усе імкнуліся атрымаць як мага больш ад сустрэчы, таму няёмкіх паўз на майстар-класах не было.

Падчас другога этапу, дабрачыннага хакатону, дзеці працавалі ў камандах, каб за дзень зрабіць прататып камп’ютарнай гульні. Ментары сустракаліся з удзельнікамі кожную гадзіну, каб ацаніць прагрэс і даць каштоўныя падказкі. У выніку было створана 7 прататыпаў, лепшы з якіх ляжа ў аснову сапраўднай адукацыйнай камп’ютарнай гульні. І работа на хакатоне, і дапрацоўка гульні-пераможцы грунтуюцца па прынцыпе сумеснай творчасці.

6. Прааналізуйце вынікі

Адукацыйны праект для кампаніі — гэта не пытанне бізнесу, таму патрабаваць выканання плана ці справаздачы ніхто не стане. Для кампаній такія праекты — гэта хутчэй уклад у развіццё індустрыі, станаўленне ўласнага аўтарытэту і, канечне, падрыхтоўка будучых кадраў.

— Гэта інвестыцыя ў будучыню, якая не прыносіць выгод кампаніі, — прызнаецца Вольга. — Мы проста лічым гэта патрэбным. А галоўны крытэрый ацэнкі праекта — рэакцыя школьнікаў і іх водгукі.

— А я не пагаджуся! — гаворыць Наталля. — Так бывае не заўсёды. Для многіх кампаній такія праекты — рэалізацыя карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Некаторыя могуць запрасіць пакет дакументаў і справаздачу пра выдаткі праекта ў адпаведнасці з нарматыўнай базай. Загадзя абмяркуйце, ці спатрэбяцца яны.

Каб падсумаваць, адзначым, што знайсці падтрымку і рэалізаваць уласны адукацыйны праект (неабавязкова ў ІТ) магчыма, калі ёсць ідэя і гатоўнасць вучыцца. А калі падрыхтавацца добра і загадзя, сумесная работа будзе паспяховай.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Н.КУРСАВАЙ.