Нядаўна Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Пружанскага райвыканкама Брэсцкай вобласці праводзіла на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу міжнародны маладзёжны валанцёрскі летнік “Спадчына Сапегаў”.
Для юнакоў і дзяўчат, якіх вы бачыце на фотаздымку, гэтае лета было асаблівым: яны адпачывалі ў Версалі. Не, не ў сусветна вядомым французскім. Юных валанцёраў з Беларусі, Украіны, Чэхіі і Швецыі прымалі беларускія Ружаны. З даўніх часоў, а дакладней з XVII стагоддзя, калі тут адбыўся першы баль у толькі што ўзведзеным шыкоўным палацы, Ружаны пачалі называць беларускім Версалем. Цяпер, праўда, так не скажаш: на тым месцы, дзе некалі праносіліся запрэжаныя чацвёркамі коней карэты, — пустазелле; у шыкоўных пакоях, дзе гучалі мазуркі і паланэзы, — запусценне. Аднак праз некалькі гадоў, калі скончыцца рэстаўрацыя, мы зможам зноў ганарыцца нашым Версалем, ці, можа, наадварот, скажам: гэта там, у Францыі, ёсць свае Ружаны. Каб гэта адбылося як мага хутчэй, у Ружанах і арганізоўваюцца маладзёжныя валанцёрскія летнікі.
— Падобныя летнікі ладзяцца на тэрыторыі нашай краіны штогод. Для працоўнага адпачынку моладзі выбіраюцца тыя помнікі рэспубліканскага значэння, на якіх вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Так, некалькі гадоў моладзь з розных краін Еўропы працавала ў Залессі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці на сядзібе Агінскага, потым быў Нясвіж, цяпер вось Ружаны. Тут наша дапамога заключалася ў выкананні работы, якая не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, у асноўным гэта расчыстка ад смецця падвалаў палаца. Акрамя таго, мы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю яшчэ трох аб’ектаў: праваслаўнага храма, будынкаў сінагогі і каталіцкай капліцы, — паведаміла праграмны дырэктар летніка Ганна Анатольеўна Барадзіна.
Фізічная праца ўдзельнікамі летніка выконвалася ў першай палове дня, а вось пасля абеду юнакоў і дзяўчат чакала культурна-масавая праграма, не менш цікавая і захапляльная, чым работа ў закінутых, напоўненых таямніцамі падвалах Ружанскага палаца. У першай палове дня праявіць свае працоўныя здольнасці, а пасля абеду — творчыя. Такім быў расклад на кожны дзень. У пасляабедзенны перыяд уваходзілі, напрыклад, майстар-класы па вырабе паштовак, крэатыўным напісанні тэкстаў, тэатралізаваныя прэзентацыі валанцёрамі сваіх краін. Асабліва моладзь палюбіла гульню “Ногі”, калі ўдзельнікам неабходна было ўзяцца за рукі і, як мага шырэй расставіўшы ногі, стварыць жывое кола. Памятнымі сталі і тэатралізаваныя паказы, якія расказвалі пра жыццё Сапегаў. Кожны ўдзельнік выконваў пэўную ролю: нехта быў Сапегам, нехта казначэем, а вось Ганна Анатольеўна… лідарам. Вось такім арыгінальным атрымалася перапляценне на імправізаванай валанцёрскай сцэне XVII і ХХІ стагоддзяў.
— Рыхтавацца да летніка мы пачынаем яшчэ зімой. Папярэдне размяшчаем на сайтах інфармацыю, пакідаем форму заявы для ўсіх ахвочых, тэлефануем у райвыканкамы, будтрэсты, дамаўляемся з жыллём. Звычайна валанцёры размяшчаюцца ў будынках школ, аднак сёлета для нас выдзелілі месца ў будынку былога манастыра. Адна з асаблівасцей валанцёрскага летніка ў тым, што замежныя госці знаёмяцца з Беларуссю не падчас экскурсіі па Мінску, а жывучы ў невялікіх мястэчках. Нават цяжка сказаць, што для гасцей з’яўляецца больш уражлівым: жыццё ў беларускай глыбінцы ці наведванне сталіцы, — адзначыла Ганна Анатольеўна.
Што ўражвае гасцей Беларусі, дык гэта ветлівасць і добразычлівасць мясцовых жыхароў. Нягледзячы на тое, што многія беларусы не ведаюць чэшскую, шведскую або англійскую мову, непаразуменняў не ўзнікае. Вопыт правядзення міжнародных валанцёрскіх летнікаў паказвае, што для сяброўства не існуе перашкод. На ўрачыстым закрыцці летніка выконваючая абавязкі старшыні Ружанскага пасялковага выканкама Галіна Мікалаеўна Верхавец адзначыла, што ў наступным годзе межы сяброўства пашырацца. Плануецца, што афіцыйны ўдзел у валанцёрскім летніку прымуць і мясцовыя школьнікі, якія сёлета ледзь не штодня дапамагалі сваім новым знаёмым з Украіны, Чэхіі і Швецыі ачышчаць ад смецця падвалы і пакоі былога палаца Сапегаў, што пасля заканчэння рэстаўрацыі зноў стане падобны на французскі Версаль.
Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by