Аўтамадэльная дружная сям’я

Самымі зацікаўленымі, актыўнымі і дзейснымі памочнікамі для педагогаў з’яўляюцца бацькі. Асабліва для педагогаў дадатковай адукацыі. Канечне, ёсць такія, хто запісвае сына або дачку ў гурток, каб, як кажуць, збыць на некалькі гадзін і заняцца ў гэты час асабістымі справамі. Аднак такі нумар не праходзіць у аб’яднаннях “Пачатковае аўтамадэляванне” і “Радыёкіруемыя аўтамадэлі” Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. У кабінеце аўтамадэлявання займаюцца толькі зацікаўленыя асобы: дзеці, падлеткі, юнакі, а яшчэ іх таты і нават мамы, якія разам з сынамі спазнаюць таямніцы аўтамадэльнага спорту.

Дзейсная дапамога

“Тата, мама, я — аўтамадэльная сям’я” — гэта своеасаблівы дэвіз, згодна з якім у айчыннай сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі развіваецца аўтамадэльны спорт. Без дапамогі татаў і мам дзеці наўрад ці эфектыўна засвойвалі б навыкі кіравання аўтамадэлямі, іх будову. Адзін працуе за станком, другі пілуе, трэці завіхаецца з паяльнікам, чацвёрты мяняе колы на аўтамадэлі — паспрабуй усачыць за ўсімі.


Калі на заняткі дзеці прыходзяць з бацькамі — іншая справа. Адзін працуе за станком — за станком працуе і яго тата. Другі пілуе — тата трымае дэталь. Трэці завіхаецца з паяльнікам — тата сочыць, каб сын не апёк пальцы. Чацвёрты мяняе колы на аўтамабілі, а тата ў гэты час рамантуе рухавік. З татамі загадчыку кабінета Дзмітрыю Юр’евічу Мосіну значна прасцей кіраваць работай аб’яднанняў па інтарэсах, тлумачыць дзецям матэрыял, рыхтаваць кандыдатаў і майстроў аўтамадэльнага спорту.

Правільныя інвестыцыі

Супрацоўніцтва з бацькамі шматграннае. Адзін з галоўных яго аспектаў — фінансавы. Яшчэ гадоў 8 назад аўтамадэлі ствараліся ўручную. Аднак тэхналогіі імкліва развіваюцца, і ручныя мадэлі ўжо не здольны канкурыраваць з заводскімі. Таму набыццё мадэлі — першая ўмова паспяховых выступленняў на спаборніцтвах.“Некаторыя бацькі прыводзяць дзяцей і гавораць, маўляў, хачу запісаць сына ў гурток. Я ж бачу, што ты не хочаш, каб сын цікавіўся аўтамадэлямі, ты хочаш яго проста спіхнуць і на тры гадзіны сысці, заняцца сваімі справамі. Таму я адразу гавару татам і мамам, што калі іх дзеці хочуць займацца аўтамадэльным спортам, то на працягу двух месяцаў неабходна набыць тое, тое і тое. Гавораць: “Добра, добра”. З кожнымі заняткамі такое “добра” гучыць усё радзей, бацькі пачынаюць разумець, што аўтамадэляванне — гэта не забаўкі, гэта сур’ёзны від спорту, прычым фінансава затратны”, — гаворыць Дзмітрый Юр’евіч.


В.П.Каралёва:
“Прыемна назіраць, як на занятках па аўтамадэляванні мой сын становіцца самастойным, як у яго фарміруюцца мужчынскія рысы характару. Гэта ў першую чаргу адказнасць. Ён ведае, што працуе з сур’ёзнай тэхнікай. Аўтамадэлі — гэта не цацкі, у працы з імі трэба быць дакладным, уважлівым. Акрамя адказнасці, аўтамадэляванне фарміруе арганізаванасць, уважлівасць, узаемавыручку, дысцыплінаванасць, творчасць, крэатыўнасць, вучыць працаваць у камандзе”.

У трэнера па спартыўнай гімнастыцы Вольгі Пятроўны Каралёвай філасофскі погляд на гэтае пытанне: “Канечне, з фінансавага боку ўдзел майго сына ў гуртку з’яўляецца затратным. Але я лічу, гэта правільныя выдаткі. Лепш я сэканомлю на нечым іншым, але набуду патрэбную дэталь для аўтамадэлі. Я 6 гадоў працавала ў ЗША трэнерам на спартыўнай гімнастыцы і пэўныя ўрокі капіталізму для сябе засвоіла: грошы трэба ўкладваць у адукацыю, гэта бяспройгрышна. Гэта тое ўкладанне, якое ніколі не дэвальвуецца, заўсёды сябе акупіць”.

Сямейны клуб

Субота ў гуртку “Радыёкіруемыя аўтамадэлі” традыцыйна з’яўляецца бацькоўскім днём. Хаця пад словам “бацькоўскі” трэба разумець не толькі татаў і мам, але і дзядуляў, бабуль, братоў, сясцёр, і, нарэшце, проста сяброў. Дарэчы, ёсць традыцыя: за кожнага прыведзенага на “Кубак Дзеда Мароза” балельшчыка навучэнцу скідваецца адна секунда. Напрыклад, прывёў 5 чалавек, значыць, вынік праходжання тваёй аўтамадэллю трасы будзе, скажам, не 26, а 21 секунда. Дзмітрый Юр’евіч з усмешкай узгадвае, як адзін школьнік прывёў у якасці балельшчыкаў усіх аднакласнікаў.

У тым, што гурток па аўтамадэляванні з’яўляецца своеасаблівым сямейным клубам, няма нічога дзіўнага. Аўтамадэльнаму спорту ўсе ўзросты падуладны. Калі назіраеш, з якой захопленасцю таты разам з сынамі рамантуюць аўтамадэлі, як сочаць за праходжаннем трасы, як пры гэтым выказваюць свае эмоцыі, міжволі задаешся пытаннем са знакамітага верша: “Так и не смог я в тот вечер понять, кто же кого из них вывел гулять”. У нашым выпадку цяжка зразумець, хто каго прывёў на заняткі: тата сына ці сын тату.


Такая ж сітуацыя адбылася і з Дзмітрыем Юр’евічам. Аўтамадэляваннем ён пачаў займацца яшчэ ў школе. Аднак з гадамі хобі было забыта. Служыў ваенным, потым працаваў на заводзе. Пра дзіцячае хобі, а тым больш пра педагогіку, і не думаў. Выпадкова ці не (напэўна, не выпадкова) сын Дзмітрыя Юр’евіча таксама захапіўся аўтамадэляваннем і аднойчы сказаў: “Тата, прыходзь да мяне на заняткі ў гурток”. Так адбылося вяртанне да аўтамадэлявання, якое стала прафесіяй. Дзмітрый Юр’евіч ужо амаль 20 гадоў з’яўляецца педагогам дадатковай адукацыі і загадчыкам кабінета аўтамадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Мужчынская справа

Дырэктар фірмы па продажы шпалераў Сяргей Віктаравіч Андрасовіч таксама дакладна не скажа, хто каго запісаў у гурток. У прынцыпе, тата прывёў сына. Аднак можна сказаць і па-іншаму: тата запісаў і сына, і сябе, і заняткаў па аўтамадэляванні чакае не менш, чым яго Мікіта. Тлумачыцца ўсё вельмі проста: Сяргей Віктаравіч таксама захапляўся ў дзяцінстве аўтамадэлямі, аднак тыя мадэлі былі не радыёкіруемыя. А як хацелася не проста вазіць аўтамабіль рукамі, а кіраваць ім на адлегласці. І вось, дзякуючы зацікаўленасці сына, дзіцячыя мары збыліся.

— Для нас гэта звычайная справа: пасядзець разам некалькі гадзін і пакалупацца ў мадэлі, перабраць дэталі. Мы сапраўдная каманда. Заўсёды прымаем рашэнні разам. Вобразна кажучы, сын у мяне пілот, а я механік. Аўтамадэляванне — гэта сапраўдны мужчынскі занятак. Хлопчыкі не толькі вывучаюць будову аўтамабіля, але і вучацца працаваць на станку, нешта свідраваць, пілаваць, паяць. Заняткі ў гуртку карысныя не толькі ў плане авалодвання навыкамі, якія заўсёды спатрэбяцца даросламу мужчыне, але і ў плане фарміравання мужчынскага характару. Паглядзіце, вакол нас сапраўдная вялікая мужчынская кампанія, усе вітаюцца і развітваюцца, абавязкова паціскаючы адзін аднаму руку. Так што калі бацькі жадаюць сфарміраваць у свайго сына мужчынскія рысы характару, няхай абавязкова далучаюць яго да аўтамадэльнага спорту, — дзеліцца Сяргей Віктаравіч.

 
С.В.Андрасовіч:
“Як і многія нашы таты, я таксама захапляўся ў дзяцінстве аўтамадэляваннем. Калі цікавасць да гэтай справы ў вас не знікла, калі разам з сынам вы любіце гуляць у машынкі, то смела запісвайце і яго, і сябе ў адпаведны гурток. Тут хлопчык навучыцца і на станку працаваць, і пілаваць, і паяць. Адным словам, асвоіць навыкі, патрэбныя любому даросламу мужчыне. Аўтамадэляванне — гэта сапраўднае хобі сапраўдных мужчын”.

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Вольга Пятроўна Каралёва: “Так склалася, што наш тата жыве ў іншай краіне, таму для мяне важна, каб сын знаходзіўся ў мужчынскай кампаніі, займаўся мужчынскай справай, навучыўся ўсяму таму, чаму яго дома мог бы навучыць тата. Аўтамадэляванне — гэта тыпова мужчынскі від спорту. Калі іншыя хлопчыкі могуць звярнуцца па дапамогу да таты, то я ў тэхніцы не надта разбіраюся. Пеця не чакае ад мяне дапамогі, намагаецца ўсё засвоіць сам, што не з’яўляецца мінусам. Гэта хутчэй плюс. У параўнанні з іншымі дзецьмі, якім на дапамогу прыходзяць таты, мой сын усе памылкі выпраўляе самастойна. Хаця я з захапленнем назіраю за хлопчыкамі, якія прыходзяць на заняткі з татамі і цэлыя выхадныя займаюцца агульнай справай. Яны жывуць аўтамадэляваннем і дома, яны сапраўдная міні-каманда”.

А вось эканаміст Наталля Георгіеўна Катовіч дзякуючы захапленню сына пачала разбірацца ў аўтамабільнай тэхніцы. Калі сын толькі пачынаў займацца аўтамадэляваннем, мама была далёкая ад аўтамабільнай тэмы, цяпер праніклася, лёгка разбіраецца ў класах аўтамадэлей, іх будове, стараецца наведваць усе спаборніцтвы з удзелам сына. “Здаецца, Мінск — сталіца, самы вялікі горад Беларусі, аднак на спаборніцтвы мы часта выязджаем у іншыя гарады, бо ў Мінску недастаткова пляцовак для правядзення спаборніцтваў па аўтамадэльным спорце. Лічу, трэба ўдзяліць большую ўвагу развіццю гэтага віду спорту”, — адзначае Наталля Георгіеўна.

Адчыненыя дзверы

Любому педагогу, а педагогу дадатковай адукацыі асабліва, значна прасцей працаваць з дзецьмі, калі на дапамогу прыходзяць бацькі. Гэтая дапамога можа быць рознай. Фінансавая — вельмі важная, асабліва ў аўтамадэляванні. Аднак куды больш важнай з’яўляецца псіхалагічная дапамога. Калі сын разам з татам некалькі гадзін разам удасканальваюць аўтамадэль, перабіраюць яе дэталі, то эфектыўнасць засваення вучнем матэрыялу, які дае на занятках педагог, будзе асабліва высокай. І гэта тычыцца не толькі аўтамадэлявання. Дзверы на заняткі аб’яднанняў па інтарэсах любога профілю павінны быць заўсёды адчынены для бацькоў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.