Мая святыня

У сучасным грамадстве праблема выхавання стаіць як ніколі востра, бо сёння мы перажываем самы страшны з дэфіцытаў — дэфіцыт дабра. Гэта асабліва балюча адлюстроўваецца на маладым пакаленні, таму што дзеці — гэта будучыня нашай краіны. І якой будзе гэтая будучыня, залежыць ад нас. Гэтыя праблемы і падштурхнулі мяне да стварэння праекта па духоўна-маральным выхаванні “Мая святыня”.

Наша асноўная задача — зацікавіць дзяцей гістарычным мінулым свайго народа, заснаваным на праваслаўных традыцыях і культуры. Храмы заўсёды былі апорай духоўнасці народа, яго сілай, таму мы вырашылі пазнаёміць навучэнцаў з гісторыяй парафіі свайго населенага пункта, расказаць пра святых, чые імёны носяць храмы, высветліць, якую ролю гэтыя традыцыі адыгрываюць у сям’і кожнага навучэнца.

У аснову праекта ляглі суботнія экскурсійныя (паломніцкія) паездкі ў храмы суседніх вёсак Жыткавіцкага раёна. У паездкі адпраўляліся навучэнцы 5—9 класаў, педагогі, бацькі. Усяго ўжо было праведзена 8 паломніцкіх наведванняў праваслаўных храмаў з 18, ладзіліся і гутаркі святароў з моладдзю.

Па ўмовах нашага праекта штотыдзень з рук у рукі ўстановам адукацыі перадаецца Харугва (рэлігійны сцяг з выявай Ісуса Хрыста) з лозунгам нашага праекта — “Спяшайцеся рабіць дабро”. Разам з ёй перадаецца і абноўленае выданне Слуцкага Евангелля. Слуцкае Евангелле — унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя. Гэта адна з праваслаўных святынь Беларусі, якая па праве лічыцца такім жа сімвалам духоўнага адраджэння нацыі, як і Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ва ўсіх установах адукацыі Жыткавіцкага раёна праводзяцца тэматычныя класныя гадзіны, а таксама гадзіны, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Рэалізацыя праекта асвятляецца на сайтах устаноў адукацыі. Пасля завяршэння праекта будзе створана электронная кніга “Мая праваслаўная Жыткаўшчына”, а кожная ўстанова адукацыі змайструе макет свайго храма.

Тэма, закранутая намі, вельмі актуальная для сучаснага чалавека і соцыуму. Бо грамадства, якое не захоўвае ў сваёй гістарычнай памяці добрых прыкладаў, не мае падмурку для пабудовы сваёй будучыні.

Вынікам сумеснай дзейнасці школы і царквы павінна стаць станоўчае стаўленне дзяцей і іх бацькоў да праваслаўя, пашырэнне ведаў у галіне гісторыі, культуры, рэлігіі, што, несумненна, нараджае ў сэрцах дзяцей любоў да Айчыны і пачуццё гонару за яе. Спяшайцеся рабіць дабро!

Я рады, што праект мае энергію жыцця. Будучыня любой краіны ў многім вырашаецца за школьнай партай. Трэба мець мужнасць кожнаму з нас спытаць сябе — хто заўтра будзе ствараць Беларусь? Духоўная і інтэлектуальная нацыя або духоўна спустошаны народ, для каго грошы важней за гонар, сумленне, у каго няма паняцця любові да блізкіх, да Радзімы. Менавіта таму мы сёння павінны паставіць пытанне аб тым, як выратаваць нашых дзяцей, зрабіць іх не ўспрымальнымі да зла і здольнымі рабіць дабро. А гэтага можна дасягнуць адным спосабам — даць выхаванне, заснаванае на духоўных каранях жыцця нашай дзяржавы, нашага народа. Для маладога чалавека маральны закон без веры становіцца мараллю, а мараль у такім выпадку ўспрымаецца як адцягненая, абстрактная катэгорыя.

Протаіерэй Генадзь ХАТКЕВІЧ.

Выкарыстанне рэгіянальнага кампанента ў адукацыйным працэсе ўстаноў Жыткавіцкага раёна не першы год з’яўляецца прыярытэтным сродкам павышэння якасці адукацыі. У раёне ўжо назапашаны значны вопыт у гэтым кірунку. Рэалізацыя новых ідэй і праектаў радуе нас і толькі падкрэслівае чарговы раз, што мы выбралі правільны шлях развіцця сістэмы выхаваўчай работы ў раёне. Праект “Мая святыня” сярэдняй школы № 2 імя А.У.Галавача Жыткавіч — гэта яшчэ адзін значны крок у гэтым кірунку. Радуе той факт, што ўстановы раёна аб’ядноўваюцца ў сваёй ідэі вывучэння культуры і гісторыі роднага краю, сваёй малой радзімы. Аддзел адукацыі, спорту і турызму падтрымлівае рэалізацыю праекта і спадзяецца, што запланаваны выніковы прадукт праекта “Мая святыня” зойме годнае месца ў раённым рэсурсным цэнтры і будзе актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе.

Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ,
начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама.

Мне, старшыні абласнога савета старшакласнікаў Гомельскай вобласці, даводзіцца ўдзельнічаць у многіх праектах. Але праект “Мая святыня” асаблівы! Мы апускаемся ў далёкае мінулае, даведваемся, як на тэрыторыі нашага раёна распаўсюджвалася праваслаўе, што яно несла людзям. Мы развіваемся духоўна, а гэта ва ўсе часы вельмі важна. Праект дае нам тыя кірункі, якія навучаць не згубіцца ў хутказменлівым свеце.

Юлія ПАПОК, навучэнка 9 “Б” класа.

Вольга ТАЧЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 імя А.У.Галавача Жыткавіч.
Фота БелТА.