Дзіцячыя летнія канікулы могуць стаць неверагоднымі, калі побач мама і тата. А што, калі гэта не твае бацькі, а твайго лепшага сябра-аднакласніка? Тым лепш! Яшчэ больш нечаканасцей і прыгод, афарбаваных у незвычайныя формы. “Адзін дзень адпачынку — аднакласнікам майго дзіцяці” — менавіта так гучыць назва летняй акцыі, якая ўжо другі год праводзіцца ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці. Сёння разам з вамі мы завітаем у калінкавіцкую школу № 3, дзе ў ролі мам і татаў “напракат” паспрабавалі сябе многія бацькі. Як гэта — у адзін дзень адчуць сябе мнагадзетнай сям’ёй, класным кіраўніком і культарганізатарам адначасова? “Цудоўна!” — адкажуць вам у Калінкавічах. Ну што, пакрочым?
Хто на што здольны
Лета — пара адпачынку не толькі для дзяцей, але і для бацькоў. Як яго правесці — справа кожнага. А памятаеце, як было ў дзяцінстве? Аднаму дома сумна, а вось з сябрамі ўжо куды весялей. І ежа смачнейшая, і адпачынак цікавейшы. А калі давядзецца яшчэ застацца разам начаваць — усё, лічы, што такая падзея запомніцца назаўсёды. Чаму б не ператварыць звычайны дзень у свята для дзяцей?
“Яшчэ ў маі класныя кіраўнікі даюць бацькам незвычайнае заданне: у любы вольны летні дзень, у тым ліку выхадны, арганізаваць для аднакласнікаў свайго сына, дачкі ці суседніх дзяцей заняткі па інтарэсах, галоўнае — максімальна прывабіць дзяцей да карыснай дзейнасці. А ў астатнім — хто на што здольны! Хто праводзіць спартыўныя спаборніцтвы, хто адпраўляецца ў паход, хто знаёміць дзяцей са сваёй прафесіяй і вядзе на экскурсію на прадпрыемства, дзе працуе, а хто ўвогуле прапаноўвае майстар-клас па лепцы пельменяў і варэнікаў, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце калінкавіцкай школы № 3 Ірына Мікалаеўна Парукава.
Па словах Ірыны Мікалаеўны, на працягу ўсяго летняга перыяду кожны клас праводзіць па 3—4 мерапрыемствы. Жаданне паўдзельнічаць у акцыі выказваюць звычайна актыўныя бацькі, і сёлета іх значна больш, чым у мінулым годзе, калі акцыя толькі пачалася. На кожнае мерапрыемства не трэба збіраць увесь клас, ды і ўлетку гэта немагчыма, але 5—10 дзяцей з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсім, што прапаноўваюць ім бацькі.
Дарэчы, прастору для сумеснай дзейнасці ніхто не абмяжоўвае, месцам дзеяння можа быць што заўгодна — сама ўстанова адукацыі, школьны двор, уласны дом ці кватэра, спартыўная пляцоўка мікрараёна або іншыя месцы, дзе было б зручна выканаць запланаванае разам з дзецьмі. Класны кіраўнік складае графік для бацькоў, да таго ж ён можа па жаданні парэкамендаваць разнастайныя формы занятасці. Матэрыялы для вырабаў сваімі рукамі або спартыўны інвентар могуць быць як асабістыя, так і ўстановы адукацыі.
Напрыканцы лета кожны клас павінен здаць фотасправаздачу па акцыі, вынікі якой будуць падведзены на абласной жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў. Самыя актыўныя бацькі, якія прынялі ў ёй удзел, будуць узнагароджаны.
“Гэта вельмі цікавая форма супрацоўніцтва, і прыемна, што да яе падключаецца ўсё больш бацькоў. Дзецям вельмі падабаецца ўдзельнічаць літаральна ва ўсім, што ім прапаноўваюць”, — адзначае намеснік дырэктара.
Паходы і прыгоды
Класны кіраўнік 6 “А” класа настаўніца геаграфіі Наталля Мікалаеўна Траццякова вучыць карыстацца геаграфічнымі ведамі не толькі на ўроках, але і ў паходах, у якія ходзіць разам з дзецьмі ўжо другі год. Калі бацькі пажадалі ў рамках летняй акцыі разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі накіравацца ў паход, яна з задавальненнем да іх далучылася.
“Сэнс нашых паходаў у тым, каб навучыць дзяцей правільна паводзіць сябе ў лесе, правільна выходзіць з экстрэмальных сітуацый, вучыцца працаваць з компасам. Андрэй Аляксандравіч Кецка, самы актыўны тата, навучыў дзяцей правільна ставіць разнастайныя тыпы палатак. У паходзе таксама ўдзельнічалі бацькі: Сяргей Мар’янавіч Гадуцэвіч, Алена Віктараўна Булаўка і Таццяна Гарэеўна Гінкель. Яны навучылі дзяцей арыентаванню на мясцовасці і многім карысным рэчам, напрыклад, як правільна распальваць касцёр з дапамогай прыстасавання ў выглядзе лука (гэта, дарэчы, асабліва спадабалася дзецям!), як лавіць рыбу. Да таго ж адразу пры ўваходзе ў лес бацькі знаёмілі дзяцей з раслінамі, расказвалі, для чаго яны патрэбны і як іх правільна збіраць. У паходзе не абысціся і без рухавых гульняў, таму мы заўсёды бяром з сабою мячы”, — расказвае Наталля Мікалаеўна.
Разам з бацькамі дзеці ўлетку наведваюць прадпрыемствы, на якіх тыя працуюць. Напрыклад, Андрэй Аляксандравіч Кецка запрасіў усіх на экскурсію на гарадскую чыгуначную станцыю, дзе працуе ў дэпо.
“Экскурсія атрымалася цудоўнай. Дзеці даведаліся аб гісторыі нашага дэпо, аб тым, як з цягам часу ўдасканальваліся цягнікі. Яны пабывалі ў старым і новым цягніку, убачылі, наколькі зараз усё мадэрнізавана. Заадно вывучалі тэхніку бяспекі і правілы паводзін, калі ў вагоне штосьці здараецца. Тут жа была праведзена прафарыентацыя — дзецям расказалі, куды яны могуць пайсці вучыцца, якія прадметы трэба здаваць пры паступленні. Адным словам, усім вельмі спадабалася”, — паведамляе класны кіраўнік.
У жніўні, калі многія школьнікі вернуцца з адпачынку, 6 “А” ўжо плануе велапрабег. Так-так, на чале з самымі актыўнымі бацькамі.
Для 6 “Б” і 7 “Б” класа акцыя “Адзін дзень адпачынку — аднакласнікам майго дзіцяці” таксама стала паходнай. Разам з некаторымі бацькамі і класнымі кіраўнікамі Таццянай Анатольеўнай Буцэнка і Галінай Генадзьеўнай Буданавай дзеці накіраваліся на чыгуначную станцыю Пціч, што недалёка ад Калінкавіч. Незвычайная экранізацыя ваенных часоў, арганізаваная Калінкавіцкім краязнаўчым музеем, чакала ўсіх ужо літаральна па прыездзе, калі хлопчыкаў і дзяўчынак сустракалі салдаты, апранутыя ў форму чырвонаармейцаў з макетамі зброі. Разам з імі яны наведалі могілкі салдат, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, спускаліся ў катакомбы, а таксама слухалі цікавыя аповеды аб гэтай мясцовасці. Паход завяршыўся каля рэчкі Пціч, дзе дзеці з дарослымі ўжо размясціліся на адпачынак.
“Гэта не першы наш паход з краязнаўчым музеем, за што мы вельмі ўдзячны. Сабралася большая частка майго класа, а таксама 7 “Б”, разам з намі паехалі трое бацькоў. Напрыканцы паходу дзеці прымяралі на сябе чырвонаармейскую форму, фатаграфаваліся, а дамоў усе вярнуліся задаволеныя, — расказвае класны кіраўнік 6 “Б” настаўніца гісторыі Таццяна Анатольеўна Буцэнка. — Нашы бацькі заўсёды актыўныя, мне вельмі спадабаўся тата Аляксандр Аляксандравіч Кецка (заўважце: гэта іншы тата з такім прозвішчам. — Заўв.аўт.), які падчас паходу не толькі назіраў за сваім дзіцем, але і добра займаў усіх, задзейнічаў адразу ўвесь клас у сумесных гульнях.
Увогуле, па словах Таццяны Анатольеўны, бацькі адгукнуліся на акцыю з задавальненнем, бо заўсёды гатовы садзейнічаць таму, каб дзеці не сядзелі на месцы, а цікава праводзілі час. Ужо ў жніўні яны запланавалі сумесныя спартыўныя спаборніцтвы. “Я лічу, што гэтая акцыя карысная і для дзяцей, і для бацькоў, яна згуртоўвае іх. Не кожны раз даводзіцца быць разам — работа аднімае шмат часу, а дзяцей мы бачым толькі ўвечары”, — заўважае класны кіраўнік 6 “Б”.
Вясёлы настрой і не толькі
Бацькі Элеанора Барысаўна і Андрэй Фёдаравіч Уладыкоўскія, сын якіх вучыцца ў 7 “Б”, адразу вырашылі, што пазнаёмяць дзяцей са сваім хобі — пойдуць разам на рыбалку, тым больш бацька супакоіў, што вуд у яго хопіць на ўвесь клас. Але ў намечаны дзень планы сапсавала надвор’е. “Не бяда!” — вырашыў Андрэй Фёдаравіч і прапанаваў дзецям не менш захапляльны занятак. У руках кожнага хлопчыка з’явіліся тоненькія рэечкі і белая калька, а пад пільным кіраўніцтвам бацькоў усё гэта ператварылася ў цудоўных паветраных змеяў, якіх адразу ж пайшлі запускаць. “А як жа рыбалка?” — спытаеце вы. Рыбалка не адмяняецца! Увогуле, да яе плануюць прывабіць не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчынак.
“Дзеці скончылі 7 клас, а так бегалі з гэтымі змеямі, як маленькія. Яны нават не ўяўлялі, што такі цуд можна зрабіць сваімі рукамі, а не толькі набыць у магазіне, — расказвае класны кіраўнік 7 “Б” класа настаўнік працоўнага навучання Галіна Генадзьеўна Буданава. — Трэба сказаць, мы прывыклі да таго, што актыўнымі з’яўляюцца бацькі выдатнікаў, але гэта зусім не так. Часам бывае наадварот: дзіця вучыцца на здавальняючым узроўні ці ўвогуле слаба, а бацькі ў яго ну проста малайцы — адгукаюцца на любую просьбу і з задавальненнем далучаюцца да сумеснай дзейнасці, у іх мноства ідэй і шмат цікавых талентаў. Я сама мама, мой сын вучыцца ў іншай школе, і мы таксама будзем удзельнічаць у гэтай акцыі. У нашым доме жыве многа сяброў і аднакласнікаў сына, таму плануем арганізаваць для хлопчыкаў футбол, тым больш і поле знаходзіцца побач з домам. Трэба сказаць, што такая акцыя вельмі карысная, дапамагае разварушыць бацькоў, яна патрэбная і цікавая”.
Мама Лёшы, які скончыў 2 “Б” клас, Алена Мікалаеўна Навуменка працуе ў гэтай жа школе настаўніцай інфарматыкі, але зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Далучылася да акцыі адразу ж, літаральна ў той дзень, калі ў школе празвінеў апошні званок. “Вясёлы настрой” — менавіта так яна назвала свята для дзяцей з гульнямі, конкурсамі і салодкім сталом. Гэты дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўды задаў цудоўны настрой на лета.
“Спачатку мы правялі віктарыны па прадметах, а потым кожны выцягнуў сабе ролю (хто — шчаня, хто — дрэва, хто — сонейка) і павінен быў прадэманстраваць яе паводле тэксту, які паралельна чытаўся. Дзецям вельмі спадабалася, усе смяяліся, падняўся настрой”, — паведамляе Алена Мікалаеўна.
У планах 2 “Б” — і спартыўныя эстафеты, і пікнік, і сумесная творчасць, аб якой так мараць дзеці. У школе ідзе рамонт, таму, магчыма, заняткі будуць арганізаваны дома. Алена Мікалаеўна плануе навучыць дзяцей рабіць ружы з ватных дыскаў, а яшчэ адна мама запланавала майстар-клас “Паштоўка сваімі рукамі”.
“Хочацца, каб дзеці не толькі вучыліся разам, але і сябравалі па-за школай, таму сумесны адпачынак — добрая магчымасць наладзіць зносіны”, — упэўнена Алена Мікалаеўна.
А ў хуткім часе на майстар-класе па лепцы варэнікаў у Наталлі Мікалаеўны Каляды плануюць сабрацца пяцікласнікі. Менавіта яна ў мінулым годзе вучыла дзяцей, як можна дапамагчы бацькам у такой цікавай і карыснай справе. А, як вядома, зробленыя ўласнымі рукамі варэнікі атрымліваюцца смачнейшымі.
Шум і дзеці — гэта цудоўна!
Для Ірыны Міхайлаўны і яе мужа Сяргея Міхайлавіча Дзмітрова падарыць час чужым дзецям — звычайная справа, бо дома ў іх ніколі не змаўкаюць дзіцячыя галасы. Сям’я жыве ў прыватным доме і выхоўвае чацвярых дзяцей, таму можна толькі ўявіць, колькі ў кожнага з іх сяброў! Света, самая малодшая дачка Дзмітровых, скончыла 3 клас, крыху старэйшы за яе Толя перайшоў у 7-ы.
“На нашай вуліцы жывуць не толькі аднакласнікі, але і сябры дзяцей. З сям’ёй Гранёнкіных мы сябруем, іх дачка з маёй Светай ходзіць у адзін клас, а іх сын пойдзе сёлета ў 1-ы. Да нас звычайна збіраюцца ўсе, хто жыве побач, таму акцыя, лічыце, праходзіць штодзень, — усміхаецца Ірына Міхайлаўна. — Для дзяцей мы звычайна робім пікнічок, каб пачаставаць іх і адначасова накарміць, бо тады і гуляецца весялей. Разам з імі мы гатуем юшку і шашлык, прывабліваем да справы ўсіх, каб кожнаму было цікава. Хлопчыкі сочаць за вогнішчам, за шашлыкамі. Дзецям цікава быць маленькімі кухарамі. Калі ўсё прыгатавана, мы ладзім конкурс, разлічаны асабліва на тых, хто звычайна не спяшаецца спусташаць свае талеркі: першы, хто адолее ежу, атрымае самы вялікі прыз, наступнаму дастанецца меншы — і так далей, каб нікога не пакрыўдзіць. Трэба сказаць, апетыт з’яўляецца адразу ва ўсіх”.
Сяргей Міхайлавіч звычайна любіць парыбачыць, таму нярэдка сям’я разам з сябрамі накіроўваецца адпачыць на возера з палаткамі. І тут дзяцей чакаюць новыя прыгоды. Аднойчы бацькі наўмысна разыгралі сітуацыю, што забылі дома запалкі. А дагэтуль яны спецыяльна раскідалі некалькі каменьчыкаў, з дапамогай якіх можна было б здабыць агонь. Ці трэба расказваць, што дзецям настолькі спадабалася здабываць агонь, што інфармацыя аб тым, што запалкі ўсё ж знайшліся, не дапамагла? Адпачынак з гэтымі бацькамі проста не можа быць сумным! І на маторнай лодцы пакатаюць (дарэчы, для кожнага тут знойдуцца выратавальныя жылеты, у тым ліку пашытыя сваімі рукамі), і гульні прыдумаюць. А яшчэ могуць знянацку накіравацца на вялікі суседска-сяброўскі вячэрні велапрабег.
“У мяне такая прафесія — выхавальнік, я працую ў дзіцячым садзе, мне падабаецца забаўляць дзяцей. Галоўнае — арганізаваць, і тут у мяне ўсё па палічках і ўсе пры справе, — усміхаецца Ірына Міхайлаўна. — У мяне дома, як і ў дзіцячым садку, заўсёды весела. А мне падабаецца, бо шум і дзеці — гэта цудоўна”.
Паходы, экскурсіі, пікнікі і спартыўныя мерапрыемствы, майстар-класы і дні летніх імянін — многім бацькам і дзецям калінкавіцкай школы № 3 ёсць што ўспомніць і чым ганарыцца гэтым летам. Яны змаглі падарыць цудоўны летні дзень не толькі свайму дзіцяці, але і яго сябрам. Дзень, які запомніцца назаўсёды.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота з архіва школы.