Бяры вясло, сядай у байдарку!

Ездзіш у камандзіроўкі, сустракаешся з педагогамі-турыстамі, слухаеш і запісваеш на дыктафон захапляльныя аповеды пра пешыя, веласіпедныя, лыжныя, водныя паходы, потым сабраныя звесткі перапрацоўваеш у чарговы газетны матэрыял… А што, калі самому адправіцца ў паход, напрыклад, водны?

Дзіцячыя мары

Падобнае пытанне рана ці позна абавязкова павінна было ўзнікнуць. І справа не толькі ў захапляльных аповедах педагогаў-суразмоўцаў. Яшчэ ў дзяцінстве мы з сябрамі часта майстравалі плыты з аўтамабільных пакрышак, пластыкавых бутэлек і на такіх караблях пакаралі водныя прасторы палескіх затокаў і невялікай сажалкі ў канцы бабулінага агарода. Часта марылі і пра больш сур’ёзныя плаванні: па сапраўднай рацэ, ды яшчэ якой — хуткаплыннай Гарыні, якая выцякае з Карпат і імкліва нясе свае воды па столінскай зямлі да матухны Прыпяці.
…Вызначыць дакладнае месца размяшчэння палатачнага летніка ўдзельнікаў гуртка воднага турызму і вяслярнага слалама Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі было даволі проста. На дзясяткі метраў над ракой, насупраць вёскі Магільна Уздзенскага раёна, разляталіся гучныя каманды, якія суправаджаліся плёскатам вёслаў: “Уладзік, ты запомніў дыстанцыю? Паехалі! Вышэй ручкі! Вось! Дзе ты робіш зачэп? Андрэй, ты доўга спадніцу апранаеш! Трэба было намачыць — тады яна апранаецца лёгка! Як ты сядзіш? Ты сядзіш, як на канапе перад тэлевізарам! Твая спіна павінна быць роўненькай! Нахіл наперад! Паехалі, супраць цячэння пайшлі!”

Табан і спадніца

Андрэй, спадніца… Навошта Андрэю апранаць спадніцу? Нешта тут не так. З высвятлення гэтага пытання і пачалося мае знаёмства з асновамі воднага турызму. Аказваецца, спадніца — гэта спецыяльны элемент экіпіроўкі байдарачніка, які закрывае дзірку вакол турыста-спартсмена і байдаркі, каб у сярэдзіну судна не залівалася вада і пры пераварочванні яно ад цяжару вады не патанула. Па словах начальніка летніка загадчыка аддзела спартыўнага турызму МДТЭЦДіМ Сяргея Аляксеевіча Уразава, перад тым як сесці ў човен і апрануць спадніцу, кожны навучэнец атрымлівае на беразе тэарэтычныя навыкі.
— Правільнае веславанне — гэта аснова асноў у водным турызме. Каб яго асвоіць, важна навучыцца трымаць вясло. Пасля таго як дзіця навучылася трымаць вясло і веславаць, асвойваем наступны элемент: табан — адваротны рух. Калі робіш веславанне і табан, то човен развернецца. Наступны больш складаны прыём — зрабіць зачэп, каб падцягнуць човен. Веславанне, табан — гэта аснова, а вось зачэп, падцягванне судна — гэта ўжо ўдасканальванне, шліфоўка тэхнікі. Калі вучань асвоіў гэтыя элементы, то ён зможа лёгка круціць, разварочваць каяк, байдарку, абыходзіць простыя перашкоды ў выглядзе камянёў, завалаў, меляў. Калі трэба рэзка развярнуць човен, то робяць адно веславанне, адзін табан, а калі, напрыклад, трэба акуратна абысці камень, то робяць толькі зачэп, і човен лёгка абыходзіць перашкоду. Калі пастарацца, то за адзін дзень трэніровак можна навучыцца разварочваць човен. Цяпер у нас трэніроўка, і мы адпрацоўваем тэхніку праходжання ўмоўных перашкод. Праходжанне паміж дзвюма падвешанымі на вяроўку стойкамі па цячэнні называецца “прайсці прамыя вароты”, калі супраць цячэння — адваротныя вароты, — паведамляе Сяргей Аляксеевіч.
Госцю палатачнага летніка сталічных турыстаў-воднікаў падоўгу можна глядзець на тры рэчы: як гарыць паходнае вогнішча, як цячэ нёманская вада і як Соф’я Шыбаршына паказвае названыя элементы. Дзяўчынка скончыла 6 класаў, займаецца водным турызмам толькі трэці год, аднак ужо з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту. Наогул, для турыста-водніка найвышэйшым пілатажам лічыцца дакладнае выкананне элементаў выратавальных работ, напрыклад, “эскімоскага перавароту” (пераварот разам з байдаркай, пры якім чалавек павінен, не пакідаючы судна, вярнуць яго ў першапачатковае становішча), “выхад з бочкі” (выхад з участка вады з моцнымі заваротамі). У турыстычныя паходы часта адпраўляюцца на суднах-“двойках”, таму для паспяховага выканання гэтых элементаў матросу і капітану важна дапамагаць адзін аднаму, дзейнічаць у камандзе. Яшчэ адно правіла — гэта дысцыпліна. Для яе прывіцця ў летніку выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы: калі вучань пярэчыць педагогу — 50 адцісканняў, за грубае слова — 100 адцісканняў. Ніякага маральнага прыніжэння навучэнца няма, ды і для здароўя такія практыкаванні карысныя.

Бляшанка згушчанага малака

Турыстамі-воднікамі могуць быць не толькі дысцыплінаваныя, фізічна моцныя, але і творчыя людзі. Сярод выхаванцаў Сяргея Аляксеевіча была “музычная эскадрылля”. Яе ўдзельнікі ігралі на розных музычных інструментах. Уявіце: сімфанічны аркестр на беразе якой-небудзь рэчкі ў сапраўднай глушы. Гэта былі хлопцы і дзяўчаты, адораныя не толькі ў музычным, але і ў спартыўна-турыстычным кірунку. Сёння двое з іх з’яўляюцца майстрамі спорту, чацвёра — кандыдатамі ў майстры спорту, некалькі чалавек — “першаразраднікі”. У іх камандзе заўсёды панавала дысцыпліна, узаемавыручка. Такія якасці дапамагаюць навучэнцам Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі перамагаць на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Так, на нядаўнім Міжнародным фестывалі воднага турызму “Нёманская вясна-2015” былі заваяваны два залатыя медалі і кубак. І яшчэ наконт творчасці. Акрамя трэніровак, для ўдзельнікаў лагера праводзяцца культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Напрыклад, “Хвіліна славы”, дзе дзеці праяўляюць свае таленты з дапамогай падручных прадметаў. Яны рыхтуюць з папараці і паперы адмысловыя касцюмы, з кветак і траў плятуць вянкі, абавязкова танцуюць, спяваюць. Стараецца кожны. І справа не толькі ў імкненні паказаць свае здольнасці, але і атрымаць за перамогу ў творчым конкурсе самы галоўны для юнага турыста-водніка прыз — бляшанку згушчанага малака. Захапляльна праходзіць і КВЗ. Тэма гульні — “Пра што напеў мне Нёман”. Гульня складаецца з трох конкурсаў — прывітанняў, капітанаў і “Сюрпрызы лесу і ракі”. Абавязкова ладзіцца спартыўны дзень, падчас якога канкурсанты выходзяць на паласу перашкод, гуляюць у настольныя гульні, паказваюць свае здольнасці ў паходнай міні-трэнажорнай зале. І, канечне, як адзначае начальнік летніка, арганізоўваецца турыстычная лазня — без яе турысту-водніку як без вады — ні туды і ні сюды.

Ад пешаходніка да водніка

Некалькі слоў пра турыстычную біяграфію Сяргея Аляксеевіча. Водным турызмам ён займаецца каля 25 гадоў. Пачынаў як пешаходнік, абышоў многія знакамітыя мясціны былога Саюза. Аднак калі першы раз ужо ў сталым узросце сеў у байдарку, то адразу сказаў, што пешыя паходы — гэта не для яго. Самыя любімыя водныя маршруты педагога пралягаюць па рэках Іслачы, Нарачанцы, Суле, Нёмане, Шчары, Пцічы. Па словах Сяргея Аляксеевіча, асабліва прыемна падарожнічаць вясной, напрыклад, па Страчы, з абавязковым наведваннем Блакітных азёр. Адзінае, што трэба памятаць: вясной, калі ідзе нераст рыб, напярэдадні выхаду на водны маршрут неабходна браць спецыяльны дазвол у мясцовых органах улады.

Камандзіроўка з працягам

Знаёмства з некаторымі сакрэтамі валодання каяком, байдаркай, катамаранам, назіранне за трэніроўкай юных турыстаў-воднікаў стала для мяне першым этапам на шляху рэалізацыі дзіцячай мары. Наступны крок — узяць вясло, зрабіць веславанне, а потым адправіцца ў сапраўдны водны паход. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.