Наша любімае, доўгачаканае лета крочыць па краіне. Праўда, крочыць не так радасна, як мы хацелі. Ужо сярэдзіна чэрвеня, а за акном пераважна дождж, вецер, шэрыя хмары. Спякотных, сонечных дзянькоў, пра якія мы марылі доўгімі зімовымі вечарамі, пакуль не так многа. Аднак гэта не прычына сумаваць. Лета ёсць лета! Гэта час добрага настрою, адпачынку, час адкрыццяў. “Лета — час адкрыццяў” — так называецца сёлетняя рэспубліканская акцыя, якая праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі з 27 мая па 31 жніўня.
Мэтай акцыі з’яўляецца стварэнне ўмоў для аптымальнага задавальнення патрэб дзяцей і іх бацькоў у якасным аздараўленні і адпачынку, раскрыццё індывідуальнага патэнцыялу дзяцей. Падчас рэалізацыі акцыі рэкамендуецца ў рабоце аздараўленчых лагераў рабіць акцэнт на выкарыстанні розных форм вучэбна-даследчай дзейнасці навучэнцаў, ствараць вучэбна-доследныя ўчасткі для арганізацыі экалагічных назіранняў, краязнаўчыя куткі, геаграфічныя і астранамічныя пляцоўкі, пляцоўкі для заняткаў турызмам, тэхнічнай творчасцю. Так, на базе Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці рэалізуецца праект “Разумныя канікулы”. Для ўдзельнікаў праекта (напрыклад, вучняў сярэдняй школы № 66 Мінска, якіх вы бачыце на фотаздымках) педагогі дадатковай адукацыі праводзяць інтэлектуальныя віктарыны, творчыя конкурсы, майстар-класы.
Летнія адкрыцці можна рабіць не толькі падчас навуковых эксперыментаў, але і падчас адпачынку ў вёсцы або горадзе, падчас турыстычных паходаў, спартыўных спаборніцтваў, этнаграфічных і экалагічных даследаванняў.
Аддзел праблем выхавання.
Фота Ігара ГРЭЧКІ
і Алега ІГНАТОВІЧА.