Пад такім дэвізам творчая каманда сярэдняй школы № 12 Гродна прыйшла да свайго конкурснага “серабра”, прадставіўшы праект “УРА Гродна: субота з карысцю для сябе, для краіны, для планеты”.
Свой шлях да Мэт устойлівага развіцця педагогі і тут пракладваюць ужо некалькі гадоў. І ў многім дзякуючы інтэлектуальнаму маладзёжнаму аб’яднанню “Школа руплівых гаспадароў”, у склад якога ўваходзяць вучні 5—11 класаў , іх бацькі і педагогі. У аснову праекта пакладзены іх міні-праекты экалагічнай накіраванасці. Сярод іх і “Марафон карысных для планеты спраў” да Гадзіны Зямлі, эка-чэлендж “Зробім Гродна чыстым!”, шоу-подыум “Сэканд-Арт”, дзе юныя мадэльеры прадстаўляюць калекцыі адзення з другасных матэрыялаў, сямейныя эка-ўік-энды “Здаровая планета — здаровая сям’я”, інклюзіўны вела-экаквест “Падары планеце гадзіну!”, разнастайныя экамайстэрні, майстар-класы, адкрытыя лабараторныя практыкумы, выставы, інфармацыйныя кампаніі, LED-шоу. Напрыклад, хутка тут пройдзе конкурс экалагічных мініяцюр “Разам за выратаванне планеты!”, а вясной плануецца свята мікрараёна “Экасуседзі” з фрымаркетам, майстар-класамі, конкурсамі, чэленджамі і інш.
Базай для правядзення большасці суботніх мерапрыемстваў сталі музей-лабараторыя па рэсурсазберажэнні і створаныя ва ўстанове пяць міні-цэнтраў экалагічнай адукацыі, а таксама школьны двор і прыродныя тэрыторыі Гродна. Так, міні-цэнтр “зялёнае фае” арыентаваны на правядзенне групавых і масавых мерапрыемстваў-трэнінгаў, інфармацыйных кампаній, майстэрняў, флэш-мобаў, спектакляў эка-тэатра, выстаў і інш. У “зялёных майстэрнях” праводзяцца практыкумы і сямейныя майстар-класы па стварэнні новых рэчаў з другаснай сыравіны. Заняткі на свежым паветры праходзяць у міні-цэнтры “зялёны клас”, што дазваляе арганізаваць назіранне за прыродай, экалагічны маніторынг. Цэнтры “вада” і “энергія” абсталяваны ўнікальнымі інтэрактыўнымі стэндамі, якія даюць уяўленне аб выдаткоўванні рэсурсаў і рэжымах іх эканоміі. Найбольш запатрабаванымі тут з’яўляюцца лабараторныя практыкумы, даследчыя праекты, трэнінгі.
Галіна Анатольеўна Богдан, каардынатар праектнай дзейнасці сярэдняй школы № 12 Гродна, суаўтар праекта, расказвае: “Наш праект стаў працягам мясцовай экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна” (Устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна), у якой мы прымалі ўдзел і разам з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы аказаліся сярод пераможцаў. У нас было шмат напрацовак, зарадзіліся новыя традыцыі. Таму нават пасля завяршэння той ініцыятывы мы не хацелі спыняцца. Усе самыя яркія свае мерапрыемствы мы вынеслі менавіта ў шосты школьны дзень, калі вольныя і дзеці, і іх бацькі. Мы ладзім іх у школе і ў школьным двары, толькі дзелім усіх удзельнікаў на групы, прапанаваўшы розныя зоны, разводзім у часе і інш., што па-ранейшаму дазваляе ахапіць вялікую колькасць жадаючых”.
Аўтары зазначаюць, што дэманструюць магчымасці школьнай суботы не толькі сабе, дзецям, але і мясцовай супольнасці. У школы двор навідавоку, і суседзі, мясцовыя жыхары бачаць усе ініцыятывы, прымаюць удзел у інфармацыйных кампаніях, наведваюць перасовачныя выставы і г.д. Таму ў школьнікаў мноства аднадумцаў і паплечнікаў сярод звычайных гараджан.
Святлана НІКІФАРАВА.