Эфект прысутнасці

Каб палюбавацца панарамай Прывакзальнай плошчы сталіцы, архітэктурнымі асаблівасцямі яе будынкаў, неабходна стаць на тралейбусным прыпынку каля галоўнага ўвахода ў чыгуначны вакзал і павярнуцца на 360 градусаў. Гэта ў рэальным жыцці. У віртуальным таксама можна палюбавацца Прывакзальнай плошчай, павярнуўшыся вакол сваёй восі. Аднак для гэтага трэба надзець спецыяльныя VR-акуляры. Менавіта праз такія акуляры віртуальнай рэальнасці журы Рэспубліканскага конкурсу “Відэапанарама 360°” знаёмілася з арыгінальнымі работамі, у тым ліку “Варотамі Мінска” Уладзіслава Несцера з Цэнтра акіянаграфіі “Адкрыты акіян”.

Дасягнуць эфекту прысутнасці ў тым месцы, дзе ты адсутнічаеш, нам дапамагаюць думкі, успаміны, карціны, фотаздымкі, відэаролікі. Яшчэ большы эфект даюць тэхналогіі 3D. Аднак ёсць ужо і 4D, і 5D, і нават 7D, а гэта значыць, што эфект прысутнасці становіцца максімальным. Але і гэта не ўсё. У апошнія гады імклівую папулярнасць набываюць панарамныя здымкі. Спачатку з’явіліся фотапанарамы, а цяпер — інтэрактыўныя і відэапанарамы. Ды не проста відэапанарамы, а відэапанарамы 360 градусаў. Знаёмства з імі нагадвае гульню: надзяваеш спецыяльныя VR-акуляры, уключаеш відэаролік і пачынаеш круціцца вакол сваёй восі.

Працэс праглядвання відэапанарам падобны на гульню, аднак гэтая гульня можа прыносіць вялікую карысць грамадству і прымяняцца ў розных сферах. Па словах педагога дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Канстанціна Яўгенавіча Нетылёва, дзякуючы відэапанараме, напрыклад, хірург можа дыстанцыйна кіраваць аперацыямі. Відэапанарама можа нават дапамагчы людзям пазбавіцца фобій. Калі чалавек баіцца, скажам, павукоў, то яму можна парэкамендаваць праглядзець праз VR-акуляры відэаролік са слоікам з павукамі і нібыта прасунуць туды руку. Падобна на жарт? Аднак у кожным жарце толькі доля жарту. Удзельнікі конкурсу “Відэапанарама 360°” пакуль не прапаноўвалі журы прасунуць руку ў слоік з павукамі, аднак запрашалі прагуляцца па гарадскіх плошчах і вуліцах, пабываць на канцэрце сімфанічнага аркестра, урачыстай перадачы Паста № 1 у Брэсцкай крэпасці-героі, палюбавацца прыгажосцю беларускай прыроды, наведаць школьныя музеі.
“У здымках відэапанарам ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, займацца фотапаляваннем не атрымаецца, паколькі ў панараме птушка або звер будзе займаць вельмі малую частку кадра і разгледзець іх амаль немагчыма, а так сфера прымянення відэапанарам даволі шырокая. Самі здымкі займаюць няшмат часу, калі выкарыстоўваць экшн-камеру. Калі здымаць камерай go-pro, то тут трэба сабраць некалькі кадраў у адзін, а гэта тэхнічна больш складана. Важна прадумаць сцэнарый, зрабіць якасную рэжысуру, пастаноўку. Сюжэты для праекта могуць быць узяты як з рэальнага жыцця, так і насіць пастановачны характар”, — паведаміў Канстанцін Яўгенавіч.

Напрыклад, для стварэння інтэрактыўнай відэапанарамы плошчы Аршанскага льнокамбіната навучэнец гімназіі № 1 Оршы Мікіта Мядзведзеў адзняў пяць фотапанарам. Першая зроблена непасрэдна на плошчы, другая — побач з помнікам загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны работнікам ільнокамбіната, трэцяя — каля будынка, узведзенага тэкстыльшчыкамі напярэдадні вайны, чацвёртая — на скрыжаванні вуліцы Зоі Касмадзям’янскай і праспекта Тэкстыльшчыкаў, пятая знята на плошчы каля ўпраўлення прадпрыемства.


“Панарамы былі апрацаваны ў спецыяльных праграмах PTGui і Tourweaver і лагічна сумешчаны. Пераходы паміж віртуальнымі панарамамі ажыццяўляюцца з дапамогай націску на адпаведныя кнопкі, размешчаныя на інтэрактыўных панарамах. Акрамя таго, у правым верхнім куце змешчана навігацыйная карта, на якой відаць становішча гэтых панарам адносна плошчы льнокамбіната і праспекта Тэкстыльшчыкаў. Унізе злева стрэлка компаса паказвае стораны свету на момант прагляду. Пачаць прагляд інтэрактыўнай панарамы можна, непасрэдна націскаючы на адпаведную кнопку, размешчаную на карце. Для лепшага чытання надпісаў у некаторыя панарамы ўстаўлены фотаздымкі важных фрагментаў, якія дапаўняюць змест назвы маёй конкурснай работы “Плошча Аршанскага льнокамбіната — лёс многіх тэкстыльшчыкаў”. У чацвёртую панараму ўстаўлены невялікі па працягласці відэафайл — фрагменты з кінафільма “Сямёнаўскі гарадок” 1968 года, дзе зняты праспект Тэкстыльшчыкаў з рабочымі, якія ідуць на работу. Прайграванне гэтага відэафайла ажыццяўляецца аўтаматычна, адразу пасля пачатку прагляду панарамы”, — паведаміў Мікіта Мядзведзеў.

Карпатлівая, цікавая праца, як вынік — работа Мікіты заняла першае месца ў намінацыі “Інтэрактыў” ва ўзроставай катэгорыі 12—15 гадоў. У старэйшай узроставай катэгорыі (16—21 год) гэтай намінацыі дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ўзнагароджана навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віталіна Дзянісава з работай “Пост № 1”. Такую тэму дзяўчына выбрала невыпадкова, паколькі быць удзельнікам Паста № 1 — гонар для кожнага брэсцкага навучэнца.


“Перад тым як пачаць конкурсную работу, неабходна было пасядзець не адзін дзясятак гадзін у інтэрнэце і азнаёміцца з тэорыяй стварэння інтэрактыўных панарам. Потым пачалося папярэдняе фатаграфаванне. Усе недахопы былі ўлічаны, іх трэба было як мага хутчэй ліквідаваць. Прафесійнае абсталяванне для такога віду здымкаў каштуе дорага, таму нам з калегамі давялося выкарыстаць усе свае веды, вопыт і стварыць абсталяванне, якое было б фінансава малазатратным і пры гэтым давала магчымасць ператварыць жаданае ў рэальнае. Дзякуючы конкурсу, у нас з’явіліся маленькія вынаходкі. Да таго ж прыйшлося дасканала вывучыць шэраг новых спецыфічных праграм, у якіх стваралася панарама: Pano-2 Droblet і PTGui”, — дзеліцца кіраўнік праекта Сяргей Леанідавіч Журбенка.

Здымкі вяліся не толькі пры дапамозе смартфона, але і фотаапаратам. За тры гадзіны было зроблена каля 500 кадраў. Некалькі дзён пайшло на апрацоўку адзнятага матэрыялу, падбор музычнага суправаджэння і прывядзенне панарамы да канчатковага выніку. Падчас работы над панарамай з’явілася ідэя стварэння сумесна з музеем абароны Брэсцкай крэпасці віртуальных экскурсій па мемарыяле, іншых архітэктурных аб’ектах горада. Аднак для гэтага неабходна набыць адпаведную апаратуру. Сяргей Леанідавіч спадзяецца, што ў гэтым дапаможа адміністрацыя горада, паколькі ў педагога і яго выхаванцаў ёсць шмат задум па асвятленні ўрачыстасцей, прысвечаных 1000-годдзю Брэста, і прыцягненні ў горад турыстаў з блізкага і далёкага замежжа.

“Мы праводзілі конкурс упершыню. Хацелася паглядзець, ці ёсць людзі, якія займаюцца гэтай тэмай, ці будзе поспех, ці ёсць у людзей тэхнічныя магчымасці ўдзельнічаць у конкурсе. Аказалася, што ёсць. Развіваць гэты кірунак варта. Зробім невялікі перапынак, прааналізуем недахопы конкурсных работ, а потым абавязкова правядзём семінар з педагогамі дадатковай адукацыі па тэме здымкаў відэапанарам 360 градусаў”, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Наталля Васільеўна Бурая.

Як адзначыў член журы конкурсу Дзмітрый Аляксандравіч Бялкоўскі, недахопам некаторых работ з’яўляецца адсутнасць дзеяння, недастатковы рух камеры, неразборлівая анімацыя ў сувязі з невысокім расшырэннем відэа, недастаткова эфектыўна рэалізавана задача ўтрымання ўвагі гледачоў, бывае, знайсці і разгледзець персанажаў у фільме няпроста. Адсутнасць гэтых памылак у рабоце “Музыка вакол нас” навучэнца Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Антона Іванчыкава і рабоце “Ой, рана на Івана!” студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Сямёна Клянова дапамагла ім заваяваць першыя месцы ў намінацыі “Відэарэалізм” у малодшай і старэйшай узроставых катэгорыях адпаведна.

Цікава, якім будзе наступны крок тэхналагічнага працэсу ў дасягненні эфекту максімальнай прысутнасці там, дзе мы адсутнічаем? Відэапанарама 8D? Можа, нешта іншае? Тэхналогіі развіваюцца вельмі хутка. Чакаць нядоўга. Некалькі гадоў — і мы абавязкова даведаемся. Круціцца на 360 градусаў, разглядваючы ў VR-акулярах, напрыклад, маляўнічы краявід, канечне, цікава, аднак лепш за ўсё рабіць гэта ў рэальнасці. А віртуальнасць няхай будзе толькі дапаўненнем нашага рэальнага жыцця.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва канкурсантаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*