Выхавальнікі прыгажосці

Кожны цэнтр творчасці абяцае знайсці дзіцяці справу па душы. Зразумела, абяцанні трэба выконваць. А прагнуць душы сучасных дзяцей рознага — хутка мяняецца мода і густы, а з імі і запыты. Сучасныя ўстановы дадатковай адукацыі стараюцца заўсёды быць у курсе таго, што цікавіць моладзь, і аператыўна рэагуюць на змены. Таму цэнтры творчасці заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых кірункаў работы. Такі бесперапынны пошук здзяйсняе і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна.


Па выніках 2016 года ЦТДіМ Салігорскага раёна стаў лідарам вобласці ў штогадовым спаборніцтве сярод устаноў адукацыі “За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. У мінулым навучальным годзе ва ўстанове адукацыі займалася каля 4000 дзяцей, а гэта больш за чвэрць ад агульнай колькасці навучэнцаў раёна. Па пяці профілях — мастацкім, інтэлектуальным, культурна-адпачынкавым, сацыяльна-педагагічным, грамадска-гуманітарным — адкрыта 258 груп аб’яднанняў па інтарэсах.

У ЦТДіМ Салігорскага раёна вельмі моцныя традыцыі, некаторыя калектывы працуюць ужо дзясяткі гадоў, 10 з іх маюць званне “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

— Сёння мы можам смела заявіць, што адкрыты для новага вопыту, — расказвае дырэктар ЦТДіМ Салігорскага раёна Аксана Анатольеўна Кукліцкая. — Мы знаходзімся на этапе рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне культуралагічнай мадэлі фарміравання сацыяльна-культурнай кампетэнтнасці навучэнцаў сродкамі мастацтва і мастацка-творчай дзейнасці”. Укараняюцца рэспубліканскія кластарныя мадэлі метадычнага ўзаемадзеяння ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па тэмах “Адраджэнне і захаванне ў сучасных умовах тэхналогій вытворчасці вырабаў народных промыслаў і іх выкарыстанне ў практыцы работы ўстаноў адукацыі і культуры” і “Рэгіянальная мадэль метадычнага кіравання як рэсурс развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў устаноў адукацыі”.

Штогод у адпаведнасці з запытамі дзяцей раёна адкрываюцца новыя студыі і аб’яднанні па інтарэсах. З’яўленне некаторых з іх звязана з прыходам маладых педагогаў, якія прынеслі свежыя ідэі і змаглі заваяваць сэрцы дзяцей.

Майстры спонжыка і пэндзля

Верагодна, кожны, у каго ёсць дачка, аднойчы знаходзіў малую з вуснамі, няўмела намаляванымі памадай, цішком узятай у мамінай касметычцы. Здаецца, што цікавасць да макіяжу зашыфравана недзе ў генетычным кодзе жанчын. У падлеткавым узросце рэдка якая дзяўчынка не спрабуе нафарбаваць вусны ці вочы, ідучы на якое-небудзь мерапрыемства. Але мала хто ў гэтым узросце ўмее з дапамогай касметыкі палепшыць свой знешні выгляд. Для дзяўчат, якія хочуць “пасябраваць” са спонжамі, пухоўкамі і пэндзлямі для макіяжу, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна дзейнічае мейкап-студыя “Імідж”. З’явілася яна восенню мінулага года і прадказальна набыла папулярнасць у дзяўчат.


Заняткі ў студыі вядзе Наталля Алегаўна Стэфанішына. З дзяцінства Наталля добра малявала, была заўзятым наведвальнікам гурткоў мастацкай накіраванасці і атрымала ў Салігорскім дзяржаўным каледжы спецыяльнасць “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. А навыкі візажыста атрымлівала на спецыяльных курсах, бо гэта дзяўчыне заўсёды было цікава. Педагог расказвае, што, прыйшоўшы працаваць у Цэнтр творчасці, адразу крыху разгубілася.

— Я думала, што новага я магу прапанаваць дзецям, калі ў цэнтры творчасці, здаецца, ёсць усё, і чым яшчэ зацікавіць моладзь, калі ўжо існуе такі багаты выбар кірункаў работы, прапануецца безліч аб’яднанняў, а займаюцца з дзецьмі вельмі вопытныя майстры сваёй справы, — узгадвае пачатак працоўнага шляху Наталля Алегаўна. — На дапамогу прыйшла мама — падказала ідэю вучыць дзяўчат макіяжу. Маю прапанову падтрымала адміністрацыя цэнтра. Так і з’явілася мейкап-студыя.

Ідэя аказалася цудоўнай. Наталля Алегаўна спалучыла на карысць дзяцей свае мастацкія здольнасці, атрыманыя прафесійныя навыкі і сваю жаночую захопленасць. Давялося папрацаваць, каб прадумаць праграму, сабраць неабходныя матэрыялы для правядзення змястоўных заняткаў. Недахопу выхаванцаў не адчувалася. Жадаючых адразу набралася на дзве групы.

Курс мейкап-студыі разлічаны на адзін навучальны год. Запрашаюцца на яго дзяўчаты ва ўзросце ад 14 гадоў. На занятках не адразу прыступаюць да макіяжу. Спачатку вывучаюць тэорыю колеру і засвойваюць асноўныя характарыстыкі колераў — цёплы і халодны, насычаны і прыглушаны, светлы і цёмны. Потым выхаванкі разбіраюцца з колератыпамі знешнасці і вучацца падбіраць падыходзячую кожнаму колератыпу гаму. Затым надыходзіць час пазнаёміцца з паняццем “стыль”, вывучыць, якія бываюць стылі адзення, як розныя віды адзення правільна спалучаць і як дапоўніць пэўны стыль і вобраз макіяжам. Яшчэ адна найважнейшая тэма — догляд скуры. Дзяўчаты даведваюцца аб будове і тыпах скуры, відах касметыкі для догляду, парадку і спосабах яе нанясення. Кожная дзяўчына вучыцца правільна выбіраць сродкі менавіта для сябе. Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы касметычных сродкаў, дзяўчат вучаць разбірацца ў іх складзе і ўмець адрозніць карысныя і шкодныя рэчывы.

І толькі пасля гэтага справа даходзіць непасрэдна да макіяжу. Дзяўчаты вывучаюць віды дэкаратыўнай касметыкі і асаблівасці яе прымянення, знаёмяцца з рознымі відамі макіяжу. Большасць заняткаў маюць практычную накіраванасць і праходзяць вельмі актыўна. На некаторыя заняткі педагог заклікае дзяўчат прыводзіць сваіх матуль, каб і яны маглі атрымаць карысную інфармацыю. Для падтрымання сувязі з выхаванцамі педагог шырока выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі.

Для завяршэння курса Наталля Алегаўна прыдумала цудоўную традыцыю — праводзіць фотасесію. Кожная выпускніца сама прыдумвае для фотасесіі вобраз — робіць макіяж, падбірае прычоску, адзенне і аксесуары. На памяць дзяўчатам застаюцца не толькі веды і добрыя ўспаміны пра мейкап-студыю, але і цудоўныя фотаздымкі.

Магчыма, нехта можа засумнявацца ў карысці і мэтазгоднасці такога занятку. Але ўсе сумненні здольны развеяць дзяўчаты, якія займаюцца ў студыі. Яны робяць гэта з такой шчырай захопленасцю! Таму што немагчыма не прызнаць, што эксперыменты з касметыкай — гэта неад’емная частка сталення амаль любой дзяўчынкі.

— У падлеткавым узросце ў дзяўчатах абуджаецца жаноцкасць, яны асаблівае значэнне надаюць сваёй знешнасці, імкнуцца добра выглядаць. І эксперыменты з макіяжам непазбежныя. Забараняць ім гэта бессэнсоўна. Усё роўна будуць гэта рабіць — толькі цішком, няўмела, няякаснымі матэрыяламі. І што ў выніку? Недарэчны выгляд, кпіны сяброў і ўдар па самаацэнцы. А яшчэ і ўрон скуры — алергіі, раздражненне. Я лічу, што лепш навучыць іх рабіць усё правільна і прыгожа, — дзеліцца меркаваннем Наталля Алегаўна.

І галоўная мэта, якую ставіць перад сабой педагог, — не навучыць дзяўчат наносіць макіяж, а даць кожнай упэўненасць у сваёй прыгажосці.

— Я стараюся, каб у іх усведамленні ўкаранілася думка, што прыгажосць жанчыны — у яе здароўі, упэўненасці і пазітыўным успрыманні жыцця. Важна навучыцца выглядаць прыгожа, не шкодзячы свайму здароўю, і разумець, што касметыка — гэта толькі сродак падкрэсліць усё лепшае, што дадзена кожнай дзяўчыне прыродай.

Культурныя людзі

Выхаванасць, добрыя манеры, уменне сябе паводзіць высока цаніліся на розных этапах гісторыі чалавецтва. У даўнейшыя часы загубіць рэпутацыю чалавека мог адзін няправільны позірк ці рух. Сёння правілы паводзін культурнага чалавека не такія складаныя, як некалькі стагоддзяў назад. Аднак, як і ва ўсе часы, чалавек, які іх ведае і выконвае, выклікае павагу. Менавіта такімі людзьмі вучаць быць дзяцей у аб’яднанні па інтарэсах “Культурныя людзі”.

З’яўленне аб’яднання “Культурныя людзі” звязана з прыходам у Цэнтр творчасці маладога педагога — Вольгі Уладзіміраўны Вайцешык. Вольга Уладзіміраўна атрымала спецыяльнасць “Культуролаг-менеджар” у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, і ёй вельмі хацелася падзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі з дзецьмі. І ўжо ў верасні гэтага года падчас правядзення тыдня дадатковай адукацыі яна запрашала дзяцей да сябе на заняткі. Дзеці адгукнуліся актыўна, і сёння педагог працуе з дзвюма ўзроставымі групамі — у малодшай займаюцца дзеці ва ўзросце 10—14 гадоў, у старэйшай — усе, каму больш за 14.

— На жаль, сёння людзі мала ўвагі ўдзяляюць сваёй культуры паводзін. Лічаць, што лепш вучыцца зарабляць грошы, прабівацца ў жыцці. Часта бацькі, навучыўшы дзяцей гаварыць “прывітанне” і “дзякуй”, лічаць, што гэтага дастаткова, — разважае Вольга Уладзіміраўна. — А між тым кожнаму прыемна мець зносіны з чалавекам ветлівым, дасведчаным, інтэлігентным — адным словам, чалавекам культурным. Такія людзі ўмеюць звярнуць на сябе ўвагу, выклікаць прыхільнасць да сябе, а значыць, яны больш канкурэнтаздольныя ў жыцці. І каб чалавек меў такія канкурэнтныя перавагі ў будучыні, варта з дзяцінства выхоўваць гэтыя якасці.

На занятках дзеці знаёмяцца з гісторыяй этыкету і вывучаюць элементарныя правілы зносін: як правільна прывітацца, звяртацца, прасіць прабачэння, як весці гутарку, размаўляць па тэлефоне. Вялікі раздзел для вывучэння на занятках — дзелавы этыкет: работа з дзелавымі паперамі, вядзенне перагавораў і нарад, выступленне з дакладам, этыкет работы за камп’ютарам і паводзіны ў сацыяльных сетках. Дзеці таксама вучацца правільна і прыгожа гаварыць — абмяркоўваюць правілы вуснага маўлення, выкарыстанне прыказак і прымавак, а таксама іншамоўных слоў. Вывучаюць юныя культурныя людзі правілы паводзін у грамадскіх месцах — у школе, на вуліцы, у грамадскім транспарце, тэатры, бібліятэцы. Яшчэ адна важная тэма — гасціннасць: як прымаць гасцей, сервіраваць стол і правільна сябе за ім паводзіць, выбраць падарунак. У цэнтры ўвагі таксама імідж чалавека — як пакінуць добрае ўражанне пра сябе, што такое дрэс-код, якую ролю адыгрываюць жэсты і міміка.

На занятках дзеці, гуляючы, вучацца культурна паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Педагог стараецца выкарыстоўваць гульнявыя, актыўныя формы работы: віктарыны, турніры, тэсты, трэнінгі, інсцэніроўкі, дэбаты і шматлікія гульні. Так, напрыклад, правілы паводзін у грамадскіх месцах атточвалі на практыцы падчас паходу ў музей і наведвання рок-канцэрта, што прайшоў у Цэнтры творчасці. Вывучаючы моўную этыку, узялі ўдзел у мультымедыявіктарыне. Правілы гасціннасці вывучалі разам выхаванцы ўсіх узростаў — старэйшыя запрасілі малодшых у госці. А ў хуткім часе на занятках будуць знаёміцца з танцамі розных эпох і стыляў.

— Культурны чалавек — гэта чалавек выхаваны, адукаваны, начытаны, — лічыць педагог. — У яго ёсць вытрымка і самавалоданне, ён дакладна ведае сваю мэту і ідзе да яе. Менавіта такімі я хачу бачыць у будучыні сваіх выхаванцаў і прыкладаю максімум намаганняў, каб яны такімі сталі.

Наталлю Стэфанішыну і Вольгу Вайцешык можна назваць выхавальнікамі прыгажосці, бо яны дапамагаюць сваім юным падапечным станавіцца прыгажэйшымі — знешне і ўнутрана. А прыгожыя людзі здольны і гэты свет зрабіць крыху прыгажэйшым.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ЦТДіМ Салігорскага раёна.