Эстафета карысных спраў

Год малой радзімы — выдатная нагода зрабіць некалькі карысных спраў для любага сэрцу куточка, тых мясцін, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, дзе знаёмы кожная сцяжына і кожнае дрэва. Нездарма летнія канікулы — 2018 праходзяць пад знакам рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”.

Акцыя праводзіцца Міністэрствам адукацыі сумесна з іншымі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі і накіравана на прыцягненне дзяцей і падлеткаў да ўдзелу ў пазнанні, захаванні і развіцці малой радзімы; развіццё стваральнай ініцыятывы выхаванцаў падчас рэалізацыі сацыяльна-карысных спраў; стварэнне ўмоў для бяспечнага знаходжання і адпачынку навучэнцаў. Цэнтральнае месца акцыі займае работа, накіраваная на добраўпарадкаванне малой радзімы.


Менавіта такую эстафету прынялі ўдзельнікі турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі (гл. фота) па месцах аперацыі “Баграціён”, якая традыцыйна праводзіцца летам аддзелам адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама, Рагачоўскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, БРСМ. Валанцёры добра-ўпарадкоўвалі пахаванні воінаў-чырвонаармейцаў, тэрыторыю мемарыяла, прысвечанага абаронцам Друцкага плацдарма, збіралі краязнаўчы матэрыял па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Падобнай справай на карысць малой радзімы займаюцца і ўдзельнікі Рэспубліканскага злёту навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці. А вось вывучэннем і захаваннем прыроднай спадчыны малой радзімы займаюцца ўдзельнікі VII злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж”, які прайшоў на днях у Бярэзінскім біясферным запаведніку.


З гэтымі, а таксама іншымі справамі на карысць малой радзімы вы зможаце азнаёміцца на старонках ліпеньскага “Шостага дня”. Эколагі будуць перадаваць эстафету краязнаўцам, краязнаўцы — кадэтам, кадэты — юным ІТ-шнікам, юныя ІТ-шнікі — юным аграномам, юныя аграномы — валанцёрам. Ад каго вы прымеце эстафету карысных спраў? Каму яе перадасце?

Аддзел праблем выхавання.
Фота БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*