Як зрабіць летнія канікулы школьніка цікавымі і запамінальнымі, кожная сям’я вырашае самастойна. Не сакрэт, што асаблівае месца падчас летняга адпачынку займаюць профільныя лагеры, у тым ліку спартыўныя. Так, другі год у сталіцы працуе гарадскі футбольны лагер дзённага знаходжання, стваральнікам якога з’яўляецца футбольная школа “Арсенал” Мінска. Наведваць яго могуць хлопчыкі ад 6 да 13 гадоў, прычым футбольную падрыхтоўку мець неабавязкова. Для таго каб даведацца, як праходзіць летні адпачынак у юных футбалістаў, мы завіталі ў Палац воднага спорту САК “Алімпійскі” Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дзе і размясціўся спартыўны лагер.
Канікулы без гаджэтаў
“Сёння выдаўся дажджлівы дзень, таму мы ўпершыню засталіся ў зале”, — тлумачыць трэнер Андрэй Яўгенавіч Богуш і праводзіць мяне ў спартыўнае памяшканне. Заўважаю, што тут займаюцца дзеці рознага ўзросту. “Гэта наша першая ў гэтым годзе лагерная змена. Дзеці падзелены на тры ўзроставыя групы, каб адчуваць сябе ў лагеры найбольш камфортна сярод сваіх равеснікаў. У кожнай групе — ад 15 да 18 дзяцей. У мяне самыя старэйшыя, ад 11 да 13 гадоў. З малодшай групай 6—7-годак займаецца трэнер Аляксей Яўгенавіч Крывецкі, а з сярэдняй (8—10 гадоў) — Сяргей Рыгоравіч Шуманаў. Як па мне, са старэйшымі дзецьмі дастаткова проста: адзін раз тлумачыш — і яны ўсё разумеюць. З самымі маленькімі, на мой погляд, таксама нескладана. А вось з хлопчыкамі ў пераходным узросце (ад 9 да 12 гадоў) больш праблематычна, бо яны становяцца дарослымі, пачынаюць фарміравацца і фізічна, і псіхалагічна. Але спраўляемся з усімі!” — усміхаецца трэнер.
Дарэчы, ініцыятарам стварэння спартыўнага лагера ў мінулым годзе выступіў дырэктар футбольнай школы “Арсенал” Яўген Віктаравіч Хіміон.
“Стварэнне профільнага летніка для нас стала новым і цікавым вопытам, які да, таго ж, аказаўся дастаткова паспяховым. Аднак, шчыра кажучы, былі ў нас і невялікія промахі, таму сёлета мы падыходзілі да гэтага пытання ўжо з багажом ведаў і вопыту, — заўважае Яўген Віктаравіч. — Увогуле, дзверы нашага лагера адчынены для любога дзіцяці, якое любіць футбол і хоча правесці канікулы без камп’ютара і іншых гаджэтаў. Сучасныя дзеці вельмі залежныя ад тэлефонаў і гульняў, таму мы імкнёмся максімальна дапамагчы бацькам у справе далучэння дзяцей да актыўнага баўлення часу, любові да спорту ў цэлым і да футбола ў прыватнасці. Да таго ж любы летнік, у тым ліку і наш, добра вырашае праблему нагляду за дзецьмі ў летні перыяд, бо бацькі ведаюць, што іх дзіця будзе дагледжана, смачна накормлена, будзе займацца спортам, актыўна і цікава праводзіць час”, — упэўнены дырэктар футбольнай школы “Арсенал”.
Сёлета летнік наведваюць толькі хлопчыкі, але, як адзначае Яўген Віктаравіч, у будучым плануецца і прывабліванне дзяўчынак, паколькі футбол заваёўвае сэрцы ўсё большай колькасці людзей.
Майстар-клас за два тыдні
Адна змена футбольнага летніка разлічана на два тыдні. Усяго плануецца правесці пяць змен лагера. Здавалася б, ці можна навучыць дзіця футболу за такі кароткі тэрмін, калі яно раней ніколі не штурхала мяч?
“Зразумела, сапраўднай гульні ў футбол адразу не навучыш, але нейкім базавым рэчам — перадачы мяча, удару па варотах, правільнай тэхніцы выканання пэўных элементаў — гэта, безумоўна, магчыма, але, зразумела, не на прафесійным узроўні. Ды і мэты такой няма. Мы проста спрабуем зацікавіць дзяцей футболам, каб прывабіць іх да сур’ёзных заняткаў гэтым спортам”, — тлумачыць трэнер Андрэй Яўгенавіч Богуш.
У лагеры могуць апынуцца дзеці абсалютна рознай ступені падрыхтоўкі, пачынаючы ад тых, хто займаецца футболам ужо некалькі гадоў, і заканчваючы тымі, хто выбраў для сябе іншы від спорту або проста пакуль яшчэ не вызначыўся, якім спортам сябе заняць.
“Мы распрацавалі методыку трэніровачнага працэсу для дзяцей, якая дазваляе развівацца і атрымліваць новыя веды ўсім дзецям без выключэння. Штодзённа мы праводзім дзве трэніроўкі. Першая арыентавана на агульную фізічную падрыхтоўку дзяцей, якая, безумоўна, важная і карысная для ўсіх, а другая праводзіцца ў кантэксце работы з мячом. Тут важна, што ў кожнай групе ідзе дзяленне на міні-групы па ўзроўні падрыхтаванасці, што дазваляе дзецям, якія займаюцца футболам даўно, развіваць свае навыкі, а тым, хто толькі пачынае свой футбольны шлях, пазнаць азы футбола і па-сапраўднаму ўлюбіцца ў гэты цудоўны від спорту”, — упэўнены дырэктар футбольнай школы “Арсенал” Яўген Віктаравіч Хіміон.
Пакуль мы размаўляем, заўважаю зацікаўленыя позіркі дзяцей, якія займаюцца ў спартыўнай зале. З задавальненнем запрашаю хлопчыкаў да размовы і прашу падзяліцца сваімі ўражаннямі аб летнім адпачынку.
Ігар Жаркоўскі скончыў восьмы клас сталічнай школы № 84, а ў футбольным летніку апынуўся нечакана.
“Я раней не займаўся футболам, толькі гуляў у двары з сябрамі. Але ў лагеры цікава, тут фізічная нагрузка, мноства рухаў, трэніроўка. Пакуль нічога складанага ў трэніроўках для мяне не было, але былі, на мой погляд, крыху дзіўныя практыкаванні, напрыклад, праходзіць “лесвічку”, — усміхаецца хлопец. Ігар не плануе ў далейшым займацца футболам, аднак разглядае лагер як адну з яскравых летніх прыгод.
Сямігадовы Якаў Ролеў, наадварот, на працягу першага класа займаўся футболам. “Я і зараз займаюся. Вось і сёння паеду на трэніроўку, — упэўнена гаворыць хлопчык. — Увогуле, я скончыў першы клас у 10-й школе, аднак я буду хадзіць у іншую школу, толькі забыў у якую, не ў горадзе, а недзе побач”, — сур’ёзна дадае Якаў, а я ледзь стрымліваю ўсмешку. Потым працягвае: “А футбол мне вельмі падабаецца. Я застануся ў лагеры на ўсе пяць змен!”
Сямігадовы Рома Каменка, які вучыцца ў гімназіі № 7, цэлы год наведваў заняткі плаваннем, а з футболам пазнаёміўся ўпершыню ў летніку. “Для мяне самае складае — разнастайныя трукі, калі мяч паміж нагамі! У мяне ўвесь час ён з ног вылятае!” — падзяліўся праблемай хлопчык.
“Больш за ўсё ў лагеры мне падабаецца гуляць у футбол, дагэтуль я толькі ганяў мяч з сябрамі. Цікава і нічога складанага, мне больш складана добра сябе паводзіць”, — усміхаецца дзесяцігадовы Дзіма Караткевіч, які вучыцца ў школе № 9.
Дзецям неабходна проста пасваволіць
Каб дзень у маленькіх наведвальнікаў летніка аказаўся сапраўды карысным і цікавым, усе мерапрыемствы распісаны па гадзінах. Зразумела, значнае месца тут адводзіцца спорту, аднак і пра звычайныя дзіцячыя забавы трэнеры не забываюць.
“Мы добра разумеем, што гэта дзеці і што на летніх канікулах ім неабходна адпачыць або проста пасваволіць, набрацца сіл і энергіі і атрымаць зарад пазітыву. Таму мы плануем вольны час так, каб атрымаўся якасны сімбіёз адпачынку і заняткаў спортам. Акрамя футбола, у летніку хлопчыкі маюць магчымасць наведваць басейн, гуляць у бадмінтон, настольны тэніс, настольныя гульні, — заўважае Яўген Віктаравіч. — Акрамя таго, 1 ліпеня па нашым запрашэнні ў Мінск прыязджае вядомы бразільскі футбольны трэнер Сірыака Нівалда дос Рэйс, каб правесці серыю трэніровак з дзецьмі з Беларусі. Упэўнены, будзе цікава!”
Дарэчы, на трэцюю і чацвёртую змены футбольнага лагера да трэнераў далучыцца Валерый Віктаравіч Зярненка, трэнер-метадыст, пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Урок футбола”, лаўрэат прэміі Мінгарвыканкама, а таксама настаўнік фізічнай культуры ў сталічнай школе № 105.
“Гэта вопытны і высокапрафесійны педагог, які амаль 20 гадоў свайго жыцця прысвяціў рабоце з дзецьмі. Сёлета Валерый Віктаравіч вырашыў стварыць футбольны клас на базе школы № 105, і ўжо нават аб’яўлены набор на яго фарміраванне. І на гэтым мы спыняцца не збіраемся. Хочацца адзначыць, што дырэктары школ і ўпраўленні адукацыі садзейнічаюць развіццю футбола ў школах і прывабліванню дзяцей у такія класы, — заўважае дырэктар футбольнай школы “Арсенал”. — Справа ў тым, што футбольны клас дае добрую магчымасць займацца гэтым спортам штодзённа без адрыву ад адукацыйнага працэсу”.
Пра бацькоў і другіх татаў
“Да заўтра, Цёма”, — крыху ўзлахмачвае валасы хлопчыку Андрэй Яўгенавіч Богуш, калі той збіраецца дадому. Я ўсміхаюся і заўважаю, што трэнеры тут для дзяцей амаль што таты.
“Сапраўды, трэнер у футбольным лагеры — гэта больш, чым проста трэнер, бо нашы спецыялісты знаходзяцца з дзецьмі амаль увесь дзень. Дзеці ў раннім узросце вельмі хутка прывыкаюць да людзей, таму трэнеры не мяняюцца і працуюць з дзецьмі з першага да апошняга дня лагера. І сапраўды часта ад бацькоў мы чуем, што яны для дзяцей, нібы другія таты, што, згадзіцеся, вельмі прыемна, — усміхаецца Яўген Віктаравіч Хіміон. — Дарэчы, мы занадта сур’ёзна адносімся да пытання бяспекі ў летніку, а таму падчас наведвання басейна, акрамя трэнераў, за дзецьмі дапамагаюць наглядаць інструктары па плаванні”.
Напрыканцы нашай размовы я папрасіла Яўгена Віктаравіча паразважаць аб бацьках, якія прыводзяць дзяцей у летнік, і аб тым, ці існуе заканамернасць “спартыўныя бацькі — спартыўныя дзеці”.
“На гэтае пытанне адназначна адказаць складана. З аднаго боку, спартыўныя бацькі сапраўды спрабуюць прывабіць дзяцей да спорту з ранніх гадоў, што павялічвае верагоднасць таго, што дзіця пойдзе па іх слядах. Аднак мы зараз жывём у стагоддзе гаджэтаў, якія ўжо амаль выцеснілі дваравы футбол. Таму наша задача, як і задача татаў і мам, — вярнуць любоў да актыўнага адпачынку, да спорту. І тут ужо ўсе роўныя: і спартыўныя бацькі, і не вельмі. Дарэчы, у нашай футбольнай школе мы актыўна працуем у кірунку цеснага супрацоўніцтва з бацькамі і стараемся прывабіць у футбольнае жыццё іх дзіцяці. Дзесьці як памочнікаў і партнёраў, а дзесьці ў якасці самых шчырых балельшчыкаў. Менавіта таму зараз наша футбольная школа займаецца новым і цікавым праектам — дзіцячай футбольнай прэм’ер-лігай, якая будзе праводзіцца ў фармаце чэмпіянату па футболе з гульнямі ў кожныя выхадныя, дзе хлопчыкі змогуць атрымаць гульнявую практыку і вопыт, адчуюць сябе сапраўднымі футбалістамі, а бацькі атрымаюць шмат станоўчых эмоцый, хварэючы за сваіх дзяцей і іх каманды. Гэта абсалютна новы праект для Беларусі, і, спадзяёмся, ён абяцае хутка стаць рэспубліканскім”.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.