“ГрынАрт”: пракладваем нанова шлях да батанікі

Апошнія гады падчас правядзення алімпіяд і конкурсаў па экалогіі эксперты адзначаюць нізкі ўзровень ведаў па батаніцы і ў навучэнцаў, і нават у саміх педагогаў. Але першы крок да выпраўлення гэтай сітуацыі зроблены. З нядаўняга часу навучэнцы ажывіліся і актыўна закіпела работа ў школьных лабараторыях, і гэтаму ёсць тлумачэнне. Ім стала ўпершыню аб’яўленая намінацыя “Незвычайныя расліны” ў межах Рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст”, вынікі якога былі падведзены восенню. І цяпер, калі юныя аграрыі плануюць, чым будуць адметныя іх прышкольныя і хатнія агароды, стала відавочна, што яны знаходзяцца ў пачатку вялікага і цікавага шляху.

Заахвоціць паварушыць літаратуру

Намінацыя “Незвычайныя расліны” мае на ўвазе вырошчванне новых раслін у выніку прышчэплівання адной расліны на другую, сваяцкую. Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства прапанаваў навучэнцам і педагогам на свае вочы ўбачыць тое, што стала сенсацыяй сярод аграрыяў у пачатку мінулага стагоддзя, — павышэнне ўраджайнасці агуркоў, дынь, кавуноў, таматаў, баклажанаў праз прышчэпліванне іх на больш вынослівыя і не схільныя да захворванняў прышчэпы. У гэтай намінацыі было прадстаўлена ўсяго 15 работ, але гэта не стала паказчыкам нізкай зацікаўленасці навучэнцаў і іх педагогаў прапанаванай тэмай.
“Калі мы прадстаўлялі вынікі конкурсу ў лагеры “Зубраня”, аўтары лепшых незвычайных раслін атрымалі магчымасць прэзентаваць свае вынікі. Сказаць, што слухачы зацікавіліся, — нічога не сказаць. Непадроблены інтарэс намінацыя выклікала і ў тых, хто прадстаўляў свае работы ў іншых намінацыях, і ў тых, хто да гэтага ўвогуле не цікавіўся батанікай і экалогіяй, — расказвае Алена Фёдараўна Пільнік, метадыст аддзела біялогіі РЦЭіК. — З восені і дагэтуль нам шмат тэлефануюць педагогі і цікавяцца, ці будзе зноў аб’яўляцца гэтая намінацыя. Многія адзначаюць, што яны не паспелі завяршыць свае работы і пасля першай, няўдалай, спробы ў іх шмат задум. Таму цяпер мы абмяркоўваем, якім будзе наступны конкурс, стараемся падабраць удалы час.Каб вырасціць незвычайную расліну, трэба падцягнуць тэорыю па батаніцы: трэба ж ведаць, якія расліны лепш ужывуцца ў спалучэнні, вырасціць і адабраць прышчэпы, чыста зрабіць прышчэпку — зрабіць новую расліну прасцей, “склаўшы” яе з гатовых частак. Навучэнцам трэба прайсці ўсе гэтыя этапы — аднаго жадання для поспеху недастаткова.
Адрыў ад рэальнага жыцця — гэта праблема сённяшняга пакалення падлеткаў. Іх складана нечым зацікавіць, увесь іх свет — у інтэрнэце. Нашай задачай было заінтрыгаваць дзяцей, заахвоціць іх паварушыць навуковую літаратуру і дапамагчы ім адчуць сябе стваральнікамі нечага новага, незвычайнага і карыснага”.
Трэба сказаць, што гэта арганізатарам удалося. Літаратура не проста паварушылася — усю зіму ў бібліятэках чуўся шоргат старонак, штудзіраваўся інтэрнэт. У тых, хто плануе вось-вось уключыцца ў гэтую работу, ужо складзены пункты для дасягнення поспеху: расліны павінны быць аднагадовымі, каб быў адразу відаць вынік, з кароткім вегетацыйным перыядам, належаць да аднаго сямейства, паўторы павінны быць на некалькіх раслінах, добра, каб і надвор’е не падвяло (мінулы год быў анамальна спякотным, з-за чаго многія расліны не пладаносілі, уся завязь апала). Многія, чыя спроба вырасціць новыя расліны не ўдалася, спадзяюцца сёлета свае эксперыменты паўтарыць, бо для іх так і засталося загадкай, няўдача была наступствам спякоты ці несумяшчальнасці раслін.Аднак многім юным батанікам краіны ўсё ж удалося стварыць новыя формы раслін, якія мы ніколі не ўбачым у прыродзе. Найлепш праявіў сябе красун беларускага агарода — гарбуз. Так, навучэнкі сярэдняй школы № 2 Беразіна Мінскай вобласці летась усім гасцям з гордасцю паказвалі неверагодна багаты ўраджай агуркоў, вырашчаных на гарбузе. У Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі з пачатку лета і да глыбокай восені здымалі ўраджай кабачкоў з гарбузоў, а выхаванцы абласнога Цэнтра творчасці Магілёва, натхнёныя мінулагоднім вопытам вырошчвання духмяных цукровых дынь, якія перанялі ў прышчэпы-гарбуза свае памеры, ужо правяраюць насенне і прыкідваюць, дзе размясціць бахчу сёлета.

Таматныя страсці

Дзякуючы агароднай творчасці Галіны Іванаўны Кірдзюк, настаўніцы біялогіі Урэцкай сярэдняй школы № 2 Любанскага раёна Мінскай вобласці, і яе выхаванкі і дачкі Ганны, тэорыя пра вяршкі і карэньчыкі страціла сваю актуальнасць. Яны прышчапілі таматы на бульбу, таму для прыгатавання смажанай бульбы з салатам з памідораў ім хапала ўсяго аднаго такога незвычайнага каліва.
У адрозненне ад многіх педагогаў, якія са сваімі выхаванцамі робяць толькі першыя крокі, ствараючы новыя расліны, Галіна Іванаўна сёлета плануе падвесці першыя вынікі, абагульніць вопыт сваёй работы, бо пачала працаваць у гэтым кірунку яшчэ ў 2012 годзе, уключыўшыся ў праект “Фарміраванне і развіццё даследчай кампетэнцыі ў навучэнцаў на ўроках біялогіі”. На ўроках, факультатыўных занятках, у пазаўрочны і летні час яна і яе выхаванцы праводзілі шмат даследаванняў, доследаў, у тым ліку прышчэпліваючы адны расліны на
іншыя. Эксперыменты юныя натуралісты праводзяць і ў сваіх міні-лабараторыях: кантрольныя ўчасткі ёсць на іх прысядзібных тэрыторыях, дачах, агародах бабуль і дзядуляў, а самі бацькі і бабулі — іх першыя памочнікі ў эксперыментах.
“Мая сям’я жыве ў прыватным сектары, і з году ў год мы акунаемся ў агародны сезон, — расказвае Галіна Іванаўна. — У нас невялікі ўчастак, але вырасціць на ім хочацца шмат культур. І такая думка — прышчэпліваць адны расліны на іншыя — прыйшла даўно. Выказвалі свае прапановы і выхаванцы гуртка, але ў асноўным яны тычыліся пладовых дрэў. Для нас больш прывычна вырошчваць на адным дрэве некалькі сартоў пэўнай культуры, ужо ўдалося вырасціць на адным дрэве яблыкі і грушы. Гэта прасцей, бо, калі прышчэпка прыжылася, мы збіраем ураджай некалькі гадоў. А рабіць прышчэпкі на летніках аднімае больш часу, таму не кожны дачнік на гэта адважыцца. Але гэта таго варта. І няхай прышчэпкі не прыносяць значнага эканамічнага эфекту, яны даюць куды больш важны эфект — бляск у дзіцячых вачах, непадробленую зацікаўленасць і, як вынік, жаданне дасканала, да тонкасцей ведаць батаніку”.
Але ў гэтай сітуацыі вызначальным з’яўляецца бляск у вачах самога педагога. І, мабыць, самы яркі ён у вачах Ірыны Валер’еўны Паўлавай, педагога Барысаўскага экалагічнага цэнтра Мінскай вобласці, якая не на жарт захапілася гэтай тэмай сама. Хоць самымі актыўнымі памочнікамі педагога сталі толькі 5 дзяўчат, менавіта яе выхаванкі Марыя Трапянок і Марыя Сідло сталі пераможцамі ў новай намінацыі Рэспубліканскага конкурсу “Юны натураліст”, прадставіўшы вопыт вырошчвання таматаў на паслёне і фізалісе.
“Мы тры гады ўжо спрабуем прышчэпліваць агародныя расліны, але больш актыўна заняліся гэтым кірункам, калі была аб’яўлена такая намінацыя, — дзеліцца Ірына Валер’еўна. — Самымі ўдалымі аказаліся эксперыменты з карлікавымі таматамі. Галоўнымі прэтэндэнтамі на прышчэпы для іх пасля селекцыйнага адбору сталі фізаліс сунічны і паслён садовы. Абедзве культуры хутка растуць, іх вегетацыйны перыяд ажно да замаразкаў, плады паслёну ядомыя, таму і плады з новых раслін — таксама. У выніку на прышчэпленых раслінах таматы пачалі выспяваць раней і ўраджайнасць іх была значна вышэйшай.
Але цяпер, абдумваючы новыя планы, я ўпэўнена, што пачынаць трэба з вырошчвання прышчэп — увесь поспех будзе залежаць ад іх якасці. За мяжой сотні гадоў вядзецца селекцыя прышчэп, нам пакуль гэта недаступна. Нядаўна я купіла кнігу пра размнажэнне раслін Каралеўскага таварыства аховы прыроды, і там вельмі добра апісана вырошчванне прышчэп. Для іх бярэцца насенне спецыяльных сартоў, устойлівых да розных захворванняў, і вышыня іх дасягае 12 метраў. Каб вырасціць такія сарты ў нас, неабходна ці спецыяльныя цяпліца, ці падрэзка. Цяпер мы думаем, што будзе зрабіць прасцей”. Трэба адзначыць, што для прадстаўлення ў сёлетнім конкурсе педагогі плануюць браць аднагадовыя расліны, што і вызначаецца яго ўмовамі, але тым не менш пладовыя дрэвы не застануцца па-за іх увагай. Хоць гэта патрабуе ад юных натуралістаў і іх педагогаў большай цярплівасці, яны ўпэўнены: штогадовы ўраджай груш, якія выспелі на айве ці яблыні, скрыні аксамітных персікаў і абрыкосаў, знятых з алычовых дрэў, будуць куды лепш натхняць іх на новыя эксперыменты.

Кветкавыя фантазіі

Тыя, у каго няма школьнага агарода, праводзяць свае доследы на падаконніках з кветкамі. А калі падаконнікі не здольныя ўмясціць усе вашы любімыя кветкі, выйсце ёсць. Юныя кветкаводы навучыліся пераўтвараць адну расліну ў пышны букет. Напрыклад, выхаванкі гуртка “Кветкаводы” Калінкавіцкага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці вырасцілі з адзінкавых парасткаў пеларгоніі шыкоўныя рознакаляровыя букеты. Выхаванкі аб’яднання па інтарэсах “ГрынАрт” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і творчасці вельмі любяць кактусы. З іх яны і стварылі пустынны мікраландшафт, а аб’яўленая летась новая намінацыя стала нагодай разбавіць ізумрудны колер на гэтай тэрыторыі.
“Нам пашанцавала, бо наш гурток знаходзіцца пры аранжарэі, якую мы даглядаем, таму матэрыялу для эксперыментаў у нас хапае, хоць і выхаванцаў шмат, — гаворыць кіраўнік аб’яднання “ГрынАрт” Марына Эдуардаўна Лапавухава. — Таму ў нас ёсць больш магчымасцей назіраць за раслінамі, размнажаць іх. І хоць мы не біялагічны сектар, а сектар “Прырода і творчасць”, але мы таксама паспрабавалі свае сілы ў прышчэпліванні. Праўда, не ўсе спробы ўдаліся. Напрыклад, асноўныя эксперыменты мы праводзілі з таўсцянкамі і кактусамі, але яны чамусьці не прывялі да поспеху. Паралельна прышчапілі некалькі іншых раслін, напрыклад, шлюмбергеру — на апунцыю, таўсцянку і іншыя прышчэпы. Самым удалым стаў дослед па прышчэпцы ляснога і звычайнага кактуса. Звычайны кактус цвіце вельмі рэдка, а лясны — абавязкова раз у год. І мы дабіліся таго, каб і наш кактус цвіў раз у год. З нецярпеннем чакаем лютага і сакавіка, калі расліны прачынаюцца і можна будзе працягнуць эксперыменты”.

Святлана НІКІФАРАВА.