Канферэнцыя для падлеткаў “Guru будучыні” прайшла ў Мінску ў межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва. Самыя маладыя бізнесмены ў сферы высокіх тэхналогій расказалі пра свае шляхі да поспеху і паразважалі пра кар’ерныя перспектывы ў ХХІ стагоддзі.
Канферэнцыя была падзелена на чатыры тэматычныя блокі. Першы быў прысвечаны бізнесу, які маладыя вынаходнікі заснавалі ў галіне STEM. 17-гадовы Вадзім Бабкоў расказаў пра стварэнне робата для лакалізацыі пажараў на тарфяных балотах, а Ілья Грозаў, двойчы фіналіст World Robot Olympiad — пра работу над робатамі, якія павінны спрасціць жыццё грамадства. “Перакладваць з канвеера на канвеер няварта чалавека”, — падзяліўся сваімі ідэаламі юнак.
Нэла Казаран, заснавальніца праектаў nosi (выраб экалагічных ільняных сумак) і edu.Ў (пошук замежных курсаў і стажыровак) расказала пра карту #увайсціўайці для тых, хто марыць асвоіць праграмаванне. Ідэя праекта нарадзілася з жадання самой Нэлы даведацца больш пра ІТ-сферу. Для гэтага яна чытала спецыялізаваныя медыя і блогі, шукала анлайн- і афлайн-курсы, гранты, стажыроўкі. Свае знаходкі аб’яднала ў карту, якая прывядзе ад першага радка кода да працоўнага месца.
Напэўна, найбольшы водгук у аўдыторыі выклікала абмеркаванне блокчэйна. 14-гадовы Мікалай Карнілаў паэтапна, праз простыя параўнанні і метафары, тлумачыў прыроду крыптавалюты. Юнак працуе над стварэннем уласнай платформы, дзе маладыя аўтары змогуць прадаваць сваю музыку за біткойны. Паралельна ён развівае праект “Голас будучыні”. Яго ідэя ў тым, каб падлеткі дапамагалі адзін аднаму ў навучанні, атрымлівалі за гэта токены (віртуальную валюту) і абменьвалі іх на падарункі ад спонсараў праекта.
Пасля аўдыторыя змагла распытаць прафесійных фінансістаў — кіраўніка конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend Аляксандра Скрабоўскага і эксперта асацыяцыі “Тэхналогіі размеркаваных рэестраў” Антона Кулічкіна — пра будучыню традыцыйных і віртуальных грошай. Школьнікі цікавіліся вельмі дарослымі праблемамі: забеспячэннем крыптавалют, сувяззю паміж крыптаграфіяй і злачыннасцю. У аўдыторыі знайшліся нават уладальнікі крыптакашалькоў.
Другі блок канферэнцыі быў прысвечаны кар’ернаму росту. Коўч Паліна Балабанава на ўласным прыкладзе расказала, як выбраць прафесію. Яна навучыла адрозніваць жаданні, навязаныя сябрамі і бацькамі, імкненне пераймаць лад жыцця куміраў ад сваёй мары. Коўч рыхтавала падлеткаў да частай змены прафесій, якую прагназуюць эксперты новаму пакаленню, і патлумачыла, як выкарыстоўваць свой мінулы працоўны вопыт у, здавалася б, далёкіх ад яго сферах.
Працягнула тэму спецыяліст па падборы персаналу ў IT-сферы Аміна Ідыгава. Сваё выступленне спікер цалкам пабудавала на лічбах. Так, статыстыка навыкаў, якія шукаюць работадаўцы, паказвае, як расце значнасць так званых soft skills (даслоўна — “мяккія навыкі”): камунікацыі, крэатыўнасці, этыкі, адкрытасці да новага, кіравання сабой і інш.
Асобна Аміна адзначыла здольнасць прыстасоўвацца да перамен. Калі раней кіраўнікі кампаній цікавіліся IQ, пасля — эмацыянальным інтэлектам, то цяпер яны шукаюць інтэлект адаптыўны. Ужо да 2020 года, па меркаваннях экспертаў, кожны пяты будзе працаваць па-за штатам. Гэта цалкам адпавядае і пераменлівасці будучага сусвету, і імкненню пакалення Z часта мяняць месца працы, каб удзельнічаць у цікавых праектах, але не губляць час на руціну. Таму пастаянства, добра знаёмае яе бацькам, чужое для сучаснай моладзі.
Не падыходзяць для будучыні і сучасныя ўяўленні пра кар’ерную лесвіцу, па якой крок за крокам рухаецца спецыяліст. У зменлівым свеце сённяшнім падлеткам прыйдзецца рухацца і ўверх, і ўбок, і нават уніз, каб атрымаць вопыт, неабходны для працы на пазіцыі кіраўніка. Такую структуру ўжо назвалі кар’ернай рашоткай.
Блок завяршыўся панэльнай дыскусіяй “Ёсць пытанне да дарослых: як праз 10 гадоў не застацца без працы?”. Абмеркавалі пошук сябе, будучыню прафесій, вышэйшую адукацыю. І ў выступленнях маладых прадпрымальнікаў, і ў пытаннях з залы падлеткі негатыўна выказваліся пра неабходнасць вывучаць у старшай школе і УВА дысцыпліны, якія не маюць дачынення непасрэдна да іх прафесіі.
Спікеры ставіліся да такога негатыву з паразуменнем: калі кожная хвіліна важная, не хочацца губляць 2 акадэмічныя гадзіны на тое, што здаецца непрактычным. Але з моладдзю не пагадзіліся і патлумачылі, як пабочныя веды вучаць думаць і выходзіць за межы сваёй сферы, знаходзіць новыя нішы і больш удала спраўляцца са сваімі праектамі. Вельмі важна, каб пра гэта гаварылі практыкі, якія маюць аўтарытэт у вачах школьнікаў і студэнтаў.
Непасрэдна прадпрымальніцтву быў прысвечаны трэці блок выступленняў. Пра вытворчасць 3D-прынтараў расказаў 16-гадовы Даніла Елісееў, які сам сабраў такі прынтар і паўдзельнічаў з ім у тэлепраекце “Мой бізнес”. Студэнтка Настасся Валуева расказала пра тое, як сумяшчаць вучобу з мноствам дадатковых праграм, курсаў, секцый.
Цімафей Галянтаў уразіў аўдыторыю сваёй гісторыяй эмансіпацыі — ён з дазволу бацькоў зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Калі аказалася, што гэтага недастаткова, каб самастойна заключаць кантракты і праводзіць банкаўскія аперацыі, малады бізнесмен і яго сям’я распачалі працэдуру прызнання яго цалкам дзеяздольным у 16 гадоў. Сам Цімафей адзначае, што гэты шлях няпросты. Нават калі ён афіцыйна стане самастойным прадпрымальнікам, нямногія кампаніі пакуль гатовы ўспрымаць юнака як сур’ёзнага бізнес-партнёра. Але хлопец упэўнены, што галоўнае — пачаць як мага раней і атрымаць каштоўны вопыт, як бы складана гэта ні было.
Нарэшце, заключны блок быў прызначаны для пачынаючых блогераў. Маладая спявачка Валерыя Яскевіч расказала гісторыю свайго канала на YouTube, які перарос з хобі ў пастаяннае месца працы. Яна пастаралася данесці да аўдыторыі, што блогінг — гэта не толькі лайкі і фанаты, але і штодзённая праца. Яшчэ адна складанасць на гэтым шляху — каментарыі інтэрнэт-троляў, без якіх не абыходзіцца ні адна публікацыя. Таму пачынаць весці ўласны канал варта, толькі калі ты цалкам упэўнены, што гатовы доўгі час займацца гэтай справай і не звяртаць увагі на чужое меркаванне. Чарга ахвотнікаў сфатаграфавацца з Лерай расцягнулася ледзь не да канца залы.
Падчас канферэнцыі кожны ўдзельнік мог атрымаць падказкі, якія дапамогуць рухацца далей: не толькі ў высокія тэхналогіі ці прадпрымальніцтва, але і ў дарослае жыццё наогул. Пасля выступленняў спікеры заставаліся ў зале, запрашаючы падлеткаў да гутаркі сам-насам пра развіццё асабістых якасцей, выбар прафесіі, чаканні ад будучыні. Можна было абмеркаваць і канкрэтныя ідэі і праекты, у рэалізацыі якіх маглі б дапамагчы выступоўцы. Ды галоўная каштоўнасць канферэнцыі для падлеткаў — матывацыя, якую яны атрымліваюць, гледзячы на сваіх паспяховых равеснікаў, і вера ў сябе, што ўсяляюць у іх ментары.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.