Усе дзеці любяць маляваць. Але маляванне алоўкам, пэндзлем патрабуе высокага ўзроўню валодання тэхнікай, сфарміраваных навыкаў і прыёмаў, асвойваць якія часам, асабліва пасля напружанага школьнага дня, малодшым дзецям даволі складана. Акрамя таго, часта няспеласць гэтых навыкаў хутка адварочвае юнага творцу ад мальберта, бо яго малюнак атрымліваецца няправільным, не такім, якім ён яго ўяўляў. Святлана Шыпілава, педагог дадатковай адукацыі, загадчык студыі выяўленчага мастацтва Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна, у дапамогу бярэ нетрадыцыйныя тэхнікі малявання і дэкаратыўнай творчасці.
Не замяніць, а дапоўніць
Галоўнае, адразу зазначае Святлана Аляксандраўна, нетрадыцыйныя тэхнікі ні ў якім разе не павінны замяніць акадэмічны жывапіс. Мабыць, менавіта яе мастацтва і ўменне навучыць маляваць іншых і прыводзіць да яе на заняткі 75 юных гродзенцаў. Усе яе “старэнькія” навучэнцы ўмеюць напоўніць карціну зіхаценнем святла, стварыць формы тонам і колерам, выбудаваць баланс і кампазіцыю, адлюстраваць колеравыя і тонавыя нюансы: рэфлексы, тоны і паўтоны, цені, фактуры.
“У маёй праграме і для навічкоў, і для больш вопытных навучэнцаў пастаянна з’яўляюцца новыя заняткі, каб зацікавіць дзяцей, бо прывычныя матэрыялы, усё адны і тыя ж пэндзлі, — гэта сумна, — пачынае знаёміць са сваімі творчымі інавацыямі Святлана Аляксандраўна. — Дастаткова нам недзе нешта цікавае ўбачыць — ці то сюжэт па тэлебачанні ці ў інтэрнэце, ці то майстар-клас падчас замежных падарожжаў, артыкул у часопісе ці газеце — адразу ўпісваем гэта ў сваю праграму і асвойваем. Нават традыцыйныя матэрыялы мы стараемся час ад часу выкарыстоўваць нетрадыцыйна, у крайнім выпадку — мяняем іх фармат. Напрыклад, ствараем мініяцюру, дзе мы малюем літаральна валасінкамі, альбо, наадварот, робім маштабныя жывапісныя палотны. Для гэтага я разбурыла ворс звычайнай шчоткі і з яго нарабіла веерападобных пэндзляў. Калі імі маляваць па-сухому, можна дабіцца цікавых эфектаў: стварыць ілюзію ветру, намаляваць сонечную спякоту ці святло месяца.
Часам замест мастыхіна — тонкай стальной лапаткі для жывапісу — мы бяром звычайныя лінейкі. На аркуш накладваем пэндзлем кропкі фарбаў розных колераў і адценняў. Іх каларыстыка залежыць ад ідэі: зімовыя матывы нагадае сіне-блакітная гама, летнія папросяць ад выканаўцы зелені і стракатасці кветак. Пажадана, каб пераважным быў белы колер — ён створыць кантраст, падкрэсліць іншыя. І потым, мяняючы кірунак, змазваем фарбы лінейкай, як шпатэлем, ствараючы ўзоры. Дакладнага сюжэту тут не будзе, але атрымаецца цікавая абстрактная кампазіцыя, накіраваная на эмоцыі, на колеравае адчуванне. Хаця ў нас з’яўляліся пустыні, зорнае неба над палянай, у якім нехта бачыць падводны свет, і інш.
Каб асвоіць такую тэхніку, як кава-арт — спалучэнне жывапісу і графікі, мы замянілі фарбы кавай. Тэхналогія нагадвае грызайль — манахромны жывапіс з яго тонавымі варыяцыямі. Яе паспрабаваць варта, хаця б каб адчуць водар! Ён ахутвае ўвесь кабінет — нічога так не сагрэе ў зімовыя дні! Доўга пах трымаецца і на карцінах. Мы эксперыментуем і з рознымі гатункамі кавы, з дабаўкамі — дадаём у палітру да кавы і шакалад, і карыцу. Яны даюць багатую каларыстыку: ад жоўта-залацістага да цёмных чырвона-карычневых насычаных тонаў.
А здараецца, што мы эксперыментуем з матэрыяламі і толькі потым выпадкова даведваемся, што нашы эксперыменты да нас нехта іншы праводзіў і што яны нават маюць свае назвы. Так было, калі мы сталі спалучаць тэхналогію пап’е-машэ і жывапісу для стварэння паштовак на фоне аб’ёмных гор, карцін з рэльефнымі зімовымі пейзажамі, гурбамі снегу. Аказалася, гэта называецца пейп-артам. Тэхніка даволі працаёмкая, але ў нас дзеці любяць працаваць у калектыве: сумесна накручваюць папяровыя жгуцікі, якімі потым выкладваюць аб’ём, ствараюць фактуру. Аб’ёмныя папяровыя аб’екты нагадваюць ці то скуру, ці то метал — усё залежыць ад спосабу каларыравання.
Цікавая тэхналогія дэкаратыўнага жывапісу адбіткамі. Малюнак выконваецца гуашшу на цыраце з тэкстыльнай асновай у пэўнай паслядоўнасці, а потым гатовы малюнак пераносіцца на паперу, пры гэтым мяняюцца месцамі слаі фарбы. Можна мастацкімі сродкамі зрабіць прыродныя матэрыялы: кветкі, лісткі, агародніну. Вось гатую дома салат з пекінскай капусты, любуюся малюнкам роўна зрэзанага вілка і тут жа прадумваю заўтрашнія заняткі. А назаўтра мы ствараем ружы капустай”.
Тэматычныя перавагі
Якая б тэхніка ні была прапанавана навучэнцам, яны ўсё роўна прытрымліваюцца сваёй любімай тэматыкі. Так, Дзіяна Салавей стараецца ўсімі магчымымі спосабамі навучыцца маляваць розных жывёл, але майстэрства за ўсе свядомыя гады свайго жыцця яна дасягнула ў конных выявах.
Сярод хлопчыкаў больш аматараў дудлінгу. (Калі Святлана Аляксандраўна вучылася ў Гродзенскім каледжы мастацтваў, гэта лічылася ўсяго толькі разнавіднасцю графічных фактур.) У яго аснове графічныя малюнкі тушшу з прымяненнем колеру, узоры, завіткі, меяндры, кропкі, якія ў цэлым і ствараюць карціну. Гэтую тэхніку асабліва ўпадабалі Максім Казукевіч, Глеб Казакевіч, Глеб Доўгаль і інш.
Яна Танкевіч удасканальваецца ў партрэтным жанры, але спалучае яго з графікай. Так, у яе ёсць цэлая серыя дзяўчат з валасамі, намаляванымі ўзорамі. Гэта вельмі цікавыя вобразы, неардынарны падыход, кардынальная змена ўспрымання.
Яна Сергяйчук таксама смела міксуе тэхнікі. Дзяўчынка ўлюбёная ў горы. На сваім пакуль яшчэ кароценькім 8-гадовым вяку яна ўжо нямала іх пабачыла — бацькі не могуць адмовіць дачцэ выбраць “горныя” маршруты для падарожжаў. Тры разы яна ездзіла ў горы ў Польшчу і два гады запар выбірала прыгожыя ракурсы ля падножжа гор Аўстрыі. А ўжо вяртаючыся ў Гродна, у родную студыю, яна стварае горныя пейзажы ў тэхніцы пейп-арт.
Работы некаторых дзяцей маюць выразны ўрбаністычны ўхіл. Дапамагае юным мастакам фантазіраваць на тэму горада адпаведная музыка, відэаролікі, а ў іх — родныя вуліцы, знятыя дронамі. Так мяняецца ракурс — не знізу ўверх глядзіш на будынкі, а з вышыні птушынага палёту.
Вока ж сямікласніцы Лізаветы Дзегцяровай, якая пяць гадоў займаецца ў студыі, не цешаць каменныя джунглі, асфальт і вышынныя дамы. На Мастоўшчыне жывуць яе бабуля і дзядуля — вось дзе любіць дзяўчынка праводзіць усе канікулы і выхадныя, прападаючы на прыродзе. Гэта менавіта мастоўскія рэкі потым цякуць на яе карцінах, над мастоўскімі палямі ўюцца намаляваныя ёй матылі, якраз мастоўскія баравічкі хаваюцца пад соснамі… Дарэчы, у гэтыя дні як вынік Года малой радзімы ў “Спектры” праходзіць яе персанальная выстава.
Медытацыя і танцы фарбаў
Традыцыйна некалькі заняткаў адводзіць Святлана Аляксандраўна на вывучэнне культуры Усходу. Гэтая тэма заўсёды заварожвала педагога. У дзяцінстве яна з мамай глядзела індыйскія фільмы, падмячала для сябе асаблівасці адзення герояў, культуру быту, адметнасці архітэктурных збудаванняў. Калі дарослая, прыйшла працаваць у “Спектр”, з задавальненнем хадзіла да калег на заняткі па індыйскіх і арабскіх танцах.
“Еўрапейскія мастацкія тэхнікі даходзяць да нас вельмі хутка, часта можна бачыць іх уплыў на наша мастацтва, а вось усходнія тэхнікі больш лакальныя, пра іх мала хто ведае. І толькі калі акунаешся ў гэтую стракатасць фарбаў, рух хваль, танец ліній — цяжка адарвацца ад медытацыі. Калі прыходзяць на заняткі стомленыя пасля школы дзеці, гэта вельмі дарэчы. Я абавязкова падбіраю ўсходнія мелодыі і мы пачынаем рэлаксаваць”, — гаворыць педагог.
Кірункаў бяруць некалькі. Напрыклад, мехендзі. Гэта індыйская тэхніка роспісу па целе натуральнай хной. Дзеці разам з педагогам вывучаюць індыйскія ўзоры, а таксама прыдумваюць іх самі. На вывучэнне іх значэння, праўда, часу не хапае — засяроджваюцца выключна на эстэтыцы.
А вось галоўны кірунак — эбру, які педагог пяты год асвойвае самастойна і з дапамогай відэаўрокаў ад усходніх майстроў. Хоць гэтая тэхніка вельмі старажытная (першыя карціны эбру датуюцца
XI стагоддзем), у Беларусі яна дагэтуль малавядомая. Эбру прыйшла з Турцыі, а дзе зарадзілася — ці то ў Персіі (сучасны Іран), ці то ў Індыі, Егіпце, Пакістане і інш. — спрэчкі вядуцца да гэтага часу. Гэта маляванне на паверхні вады. Для эбру выкарыстоўваецца спецыяльны раствор — сумесь вады з нектарам турэцкай расліны эндэміка гевены, які загушчае ваду. Для малявання бяруць спецыяльныя нерастваральныя фарбы, якія расцякаюцца па паверхні вады. Ружовымі ці бамбукавымі палачкамі мастак змешвае колеры, расцягвае, закручвае фарбы. Пасля накрывае малюнак аркушам і праз хвілінку, за якую папера ўбірае ў сябе фарбы, знімае і сушыць. Пасля можна прапрацоўваць дэталі, можна гэтымі ж малюнкамі ўпрыгожваць скарбонкі або сувеніры, велікодныя яйкі і інш. Ніякім пэндзлем такія рэчы не створыш.
Навічкам пад сілу толькі абстракцыя, якая можа стаць фонам ці асновай для графічнай работы. С.А.Шыпілава і яе юныя мастакі ўжо навучыліся кантраляваць фарбы і ў гэтай тэхніцы маляваць пейзажы, дрэвы, птушак.
Дарэчы, у 2014 годзе, калі яе выхаванка Валяры Санько захоплена расказвала пра майстар-клас турчанкі падчас адпачынку, педагог не змагла знайсці ніводнага суайчынніка, які б ведаў пра эбру і мог падзяліцца з ёй сваім вопытам. Так і сёння — хутчэй за ўсё ва ўстановах дадатковай адукацыі толькі яна вучыць сваіх навучэнцаў гэтай тэхніцы. Ва ўсякім разе на абласных і рэспубліканскіх майстар-класах для педагогаў-мастакоў, правесці якія яе цяпер сталі запрашаць, яна не сустракала дасведчаных калег.
Нетрадыцыйныя тэхнікі дазваляюць выказаць у малюнку пачуцці і эмоцыі, даюць дзіцяці свабоду і ўсяляюць упэўненасць у сваіх сілах. Валодаючы рознымі тэхнікамі і спосабамі малявання прадметаў або навакольнага свету, дзіця атрымлівае магчымасць выбару. Святлана Шыпілава раіць калегам па мастацкім цэху смела выкарыстоўваць іх на занятках. Толькі памятаць, што яны не павінны станавіцца асновай мастацкага навучання, а быць яго дапаўненнем, як у кулінарыі пікантныя спецыі да асноўнай стравы.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.