Крылаты маршрут

Сярэдняя школа № 9 Слуцка з 2019 года з’яўляецца ўдзельніцай праекта Праграмы развіцця ААН “Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз установу і развіццё “зялёных школ” у Беларусі”. У 2020 годзе рашэннем Каардынацыйнага савета адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” нашай установе адукацыі быў прысвоены статус “Зялёная школа”, а работа  творчай групы педагогаў і дзяцей адзначана дыпломам ІІ ступені. Вялікі ўклад у рэалізацыю адукацыйнага праекта ўнеслі члены школьнага клуба АПБ “Крылаты дазор”. У гэтым навучальным годзе ў нас працягваецца работа над праектам: школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у экалагічных акцыях, кампаніях, інтэрнэт-праектах.

Нядаўна члены нашага клуба “Крылаты дазор” прынялі ўдзел у еўрапейскіх днях назіранняў за птушкамі EuroBirdwatch-2020. Гэта найбуйнейшая акцыя глабальнай асацыя­цыі прыродаахоўных арганізацый BirdLife International і грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Штогод тысячы птушак адпраўляюцца ў далёкае падарожжа да месцаў зімавання. Птушкі практычна не мяняюць сваіх маршрутаў, з году ў год перамяшчаюцца па адным і тым жа шляху. Як гэта ў іх атрымліваецца, да гэтага часу застаецца загадкай і з’яўляецца прадметам даследавання многіх навукоўцаў. Але кожны год за кароткі тэрмін птушкі пераадольва­юць вялізныя адлегласці, прытрымліваючыся пастаянных маршрутаў, і прылятаюць на адны і тыя ж месцы гнездавання і зімоўкі. А тысячы людзей ва ўсёй Еўропе сёлета ўжо 27-мы раз выходзяць у пачатку кастрычніка ў поле, да вадаёмаў, у парк і лічаць птушак разам, каб пазнаёміцца з пералётнымі птушкамі і стаць бліжэй да прыроды.

Юныя бёрдвотчары са Слуцка пабудавалі свой маршрут назіранняў: вывучылі віды птушак і парадак іх палёту, правялі інтэрактыўную гульню “У свеце пералётных птушак”, адправіліся ў арніталагічную экспедыцыю на ўскраіну горада і бераг ракі Случ. Вынікі назіранняў пераўзышлі ўсе чаканні дзяцей! Сотні гракоў і галак былі адзначаны на полі, на ўскраіне якога мірна праходжвалася шэрая чапля, а ў густых зарасніках дзядоўніку хаваліся ад фотакамер палахлівыя шчыглы. Ідучы ўздоўж абочыны побач са старым фруктовым садам, назіралі за перамяшчэннем драздоў-рабіннікаў, вялікіх сініц і сарокі. Праходзячы ўздоўж берага ракі, заўважылі сям’ю качак. Крыжанкі не асабліва баяліся дзяцей, але і блізка не падпускалі. З зараснікаў чароту і мячэўніка выпырхнуў кулік. Вызначальнік падказаў, што гэта быў франт. Узіраючыся ў неба, убачылі балотнага луня, самотную чайку, адразу пачулі, а потым і ўбачылі палявых жаўрукоў. На зваротным шляху з-пад ног выпырхнула чародка шэрых курапатак, пранесліся шумныя шпакі, а галубкі сядзелі на правадах і мірна назіралі за тым, што адбываецца.

Калі адзін раз паназіраць за птушкамі, у вас узнікае жаданне даведацца пра іх як мага больш, зазірнуць у таямніцы жыцця птушак-сяброў. А гэта значыць, што наперадзе новыя маршруты і сустрэчы з дзіўным светам птушак.

Жанна ВАЛЕТКА,
кіраўнік клуба АПБ “Крылаты дазор” сярэдняй школы № 9 Слуцка.