Любоў да Радзімы — праз любоў да сям’і

Бобравіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў. Наша работа будуецца на адкрытасці школы для сям’і. Мы ўлічваем, што ўстанова адукацыі размешчана ў сельскай мясцовасці, а яе ўзаемадзеянне з бацькамі пачынаецца не ў 1 класе, а значна раней — калі дзіця ўпершыню прыводзяць у дзіцячы сад.

Фота да матэрыяла: Любоў да Радзімы — праз любоў да сям’і.Бацькі самі вызначаюць кола тэм, якія хацелі б разгледзець з педагогамі. Мы ўжо абмеркавалі бяспеку ў інтэрнэце, здароўе дзяцей, прафарыентацыю, працоўнае навучанне, вучобу, маральнае выхаванне. У кастрычніку прысвяцілі заняткі выхаванню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці праз сямейныя каштоўнасці і традыцыі.

Цікавасць бацькоў да гэтай тэмы выклікана праблемай змешвання дзвюх моў, калі вучні не размяжоўваюць рускія і беларускія словы. Асабліва гэта актуальна для дзяцей з некалькіх сем’яў, якія пераехалі ў нашу мясцовасць з Казахстана: дома яны гавораць толькі на рускай мове, а ў нашай беларускамоўнай школе — на беларускай. Мы паставілі перад сабой мэту дапамагчы іх бацькам у падрыхтоўцы дамашніх заданняў, вывучэнні беларускай культуры і выхаванні любові да краіны.

У традыцыйную бацькоўскую суботу правялі заняткі для бацькоў, падзяліўшы іх на групы згодна з узростам іх дзяцей.

Настаўніца пачатковых класаў Ірына Мікадзімаўна Букліс правяла круглы стол “Я і мая сям’я”, падчас якога бацькі абмеркавалі сувязь паміж выхаваннем патрыятызму і сям’ёй. Напрыклад, адна з карысных практычных парад бацькам — больш увагі ўдзяляць святкаванню дзён нараджэння старэйшых членаў сям’і. Нават калі дзіця робіць для бабулі просты падарунак сваімі рукамі, так яно прывучаецца з маленства шанаваць сваю сям’ю і клапаціцца пра тых, хто побач.

Закранулі і моўнае пытанне. Бацькі прапаноўвалі, як пашырыць ужыванне беларускай мовы дома, настаўніца падказала, на што звярнуць увагу, калі прывучаеш дзяцей да мовы, якія кнігі пачытаць з дзецьмі ўголас.

Бацькі вучняў 5—8 класаў сабраліся пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка 6 класа Тарэсы Іосіфаўны Жадзінец у школьным музеі “Мова, культура і быт беларусаў” на сямейнай гасцёўні “У сямейным коле ўсе карані твае”. Яны абмеркавалі, як сям’і вучыць дзяцей клапаціцца пра іншых, шукаць выйсце з канфліктаў. У ходзе заняткаў некаторыя бацькі не змаглі назваць любімую ежу ці, напрыклад, любімую кнігу свайго дзіцяці. Таму наведвальнікам гасцёўні было пра што паразважаць пасля.

Для бацькоў вучняў 9—11 класаў прайшлі заняткі “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома” настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Іосіфаўны Станкевіч. Асаблівую ўвагу звярнулі на стасункі сям’і з падлеткамі ў няпростым узросце, калі яны знаходзяцца пад уплывам равеснікаў.

Старэйшыя вучні даследавалі і прыгожа аформілі свае радаводы, з якімі можна было пазнаёміцца ў гэты дзень. А пасля заняткаў адбыўся канцэрт, таксама падрыхтаваны дзецьмі. Бацькі і бабулі атрымалі падарункі, зробленыя рукамі вучняў, прынялі ўдзел у конкурсах і гульнях “Пазнай свой партрэт”, “Ласкавыя словы”, “Угадай мелодыю”, “Поле цудаў”.

Мы спадзяёмся, што дапамаглі бацькам з няпростай задачай выхавання любові да сям’і і Радзімы, павагі да свайго роду.

Валянціна БАЯРЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.