Мікс сіці-квэста, скайпа і гісторыі

Гарадское краязнаўчае арыентаванне (своеасаблівы мікс сіці-квэста, скайпа і гісторыі) можна смела назваць апошнім піскам школьнай краязнаўчай моды. Усё часцей па суботах на тратуарах нашых гарадоў з’яўляюцца незвычайныя пешаходы. Апранутыя ў рознакаляровыя майкі, з картамі, фотаапаратамі, яны дружнай кампаніяй нешта вышукваюць, здымаюць, запісваюць. Менавіта так юныя краязнаўцы правяраюць свае веды па гісторыі населеных пунктаў.
Цікавыя людзі

Незвычайнае дзейства адбывалася ў адзін з кастрычніцкіх дзён на вуліцах Воранава, што ў Гродзенскай вобласці. Можна толькі ўявіць, з якім здзіўленнем глядзелі мясцовыя жыхары на хлопчыкаў і дзяўчынак, якія то бегалі, то пачыналі павольна крочыць, уважліва азіраючыся па баках, то падыходзілі да старых будынкаў, прыглядаліся да іх і пасля радаснага крыку хуценька даставалі мабільныя тэлефоны, фатаграфаваліся. Чутка пра гульню “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец” імгненна разляцелася па райцэнтры. Не прайшло і тыдня, як сваё жаданне прыняць удзел у гарадскім арыентаванні выказалі бацькі навучэнцаў — прадстаўнікі прафесій, далёкіх ад краязнаўства.
Сама ж гульня была распрацавана вучнем 11 “Б” класа Воранаўскай сярэдняй школы Русланам Зубелем пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Марынай Віктараўнай Літоўчык. Навукова-метадычнае суправаджэнне распрацоўкі праекта і яго абароны ажыццяўлялася Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Па выніках фінальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі шостага школьнага дня” праект заняў ганаровае трэцяе месца і быў узнагароджаны спецыяльным прызам журы за арыгінальнасць.
— Тэму знайшлі ў інтэрнэце, усё астатняе — вынік нашай творчай работы. Па-першае, маршрут адаптавалі да воранаўскіх мясцін, па-другое, вырашылі крыху адысці ад традыцыйнага правядзення гарадскіх краязнаўчых арыентаванняў і максімальна выкарыстаць у гульні сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. У адным з класаў размясцілі штаб. Адсюль праз інтэрнэт пры дапамозе скайпа камандам дасылаліся на смартфон зашыфраваныя заданні. Калі гульцы знаходзілі кантрольны пункт, фатаграфавалі яго і адпраўлялі ў штаб правільны адказ, то атрымлівалі наступнае заданне. Першая пробная гульня праводзілася ў кастрычніку. Маршрут быў скарочаны, удзельнікам давалася толькі частка заданняў. Вясной жа плануем правесці краязнаўчае арыентаванне з большым размахам. Будуць задзейнічаны каманды не толькі навучэнцаў, але і педагогаў, бацькоў, маршруты стануць больш працяглымі, — паведаміла Марына Віктараўна.

Знаёмы незнаёмец

Крыху дзіўнавата, ці не праўда: знаёмы пасёлак ды раптоўна становіцца незнаёмцам? Тым больш дзіўна, калі гэтага знаёмага незнаёмца ты ведаеш усё жыццё: яго вуліцы і двары былі некалі арэнай тваіх дзіцячых гульняў, а з завулкамі звязаны дзясяткі самых розных успамінаў. Вёска, пасёлак, горад — кожны населены пункт, дзе мы нарадзіліся, выраслі, пасталелі, з’яўляецца не менш дарагім і любімым, чым самы блізкі чалавек. Аднак жыццё ёсць жыццё, і ў адзін цудоўны момант можа высветліцца, што твае веды пра гэтага чалавека (а ў нашым выпадку пра населены пункт) былі павярхоўнымі. Для навучэнцаў Воранаўскай сярэдняй школы такім пераломным момантам стаў удзел у гульні “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец”.
— На свой край глядзіш па-іншаму, калі ад вывучэння матэрыялаў у музеі, работы з літаратурай у бібліятэцы пераходзіш да краязнаўчай гульні, праводзіш гістарычныя даследаванні ў рэальных сітуацыях, у цяперашнім часе. Куды больш цікава не проста прачытаць кнігу або пачуць манатонны голас экскурсавода, а паспрабаваць самому адкрыць нешта новае, знайсці свой ключ, сваю дарогу да перамогі для сябе і каманды сяброў. Гульня дазваляе і па-новаму паглядзець на аднакласнікаў. Напарнік па камандзе — гэта ўжо не проста сусед па парце, гэта той, з кім ты пойдзеш у краязнаўчую разведку, хто падтрымае цябе, раздзеліць радасць перамогі або горыч паражэння, — адзначыў Руслан.
Галоўны сакрэт папулярнасці сярод школьнікаў краязнаўчага арыентавання заключаецца ў адначасовым выкарыстанні элементаў віртуальных камп’ютарных квэстаў і рэальнага арыентавання на мясцовасці. Гульня накіравана на самастойнае авалодванне вучнямі ведаў пра родны край, набыццё імі творчых уменняў, далучэнне да практычнай работы па ахове помнікаў і добраўпарадкаванні пасёлка, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Ад місіі да місіі

Рэалізацыя праекта разлічана на некалькі этапаў. Падчас падрыхтоўчага, што доўжыўся з красавіка па жнівень, была створана спецыяльная група навучэнцаў. Яны распрацоўвалі місіі і займаліся падрыхтоўкай каманд, працавалі з архіўнымі крыніцамі, вывучалі гісторыю Воранава. Галоўнай мэтай інфармацыйнага этапу, што праходзіў у верасні, стала зацікаўленне навучэнцаў гульнёй. Для гэтага на сайце ўстановы адукацыі і ў школьнай газеце быў змешчаны спецыяльны артыкул, па тэме праекта праводзіліся інфармацыйныя і класныя гадзіны. Трэці этап прадугледжвае рэалізацыю ў кастрычніку-лістападзе распрацаваных місій. Падчас чацвёртага этапу ў снежні — сакавіку будуць падводзіцца вынікі праекта, пройдзе падрыхтоўка да серыі наступных краязнаўчых гульняў, правядзенне якіх запланавана на красавік-май наступнага года.
Удзельнікамі гульні могуць быць не толькі вучні, але і настаўнікі, бацькі. У склад каманды ўваходзіць ад 5 да 10 чалавек. Галоўнае патрабаванне да гульцоў — воля да перамогі і жаданне спазнаваць родны край. Згодна з правіламі, краязнаўцам неабходна знайсці кантрольныя кропкі, якія размяшчаюцца ў розных частках населенага пункта. Каб пацвердзіць, што каманда знайшла тую ці іншую кропку, неабходна яе сфатаграфаваць і даслаць здымак у штаб. Шлях да кожнай кантрольнай кропкі падкажуць зашыфраваныя місіі — некалькі легенд, якія неабходна паслядоўна разгадаць. Для перамогі адной з каманд неабходна прайсці маршрут за меншы прамежак часу, чым гэта зробяць сапернікі.
Шыфроўка місіі можа быць самай рознай і залежаць ад фантазіі аўтараў гульні, іх ведання асаблівасцей населенага пункта. Для ўдзельнікаў воранаўскага краязнаўчага арыентавання падчас першай місіі гучалі наступныя пытанні-заданні:
— На тэрыторыі школы знаходзіцца помнік Герою Савецкага Саюза. Знайдзіце яго. За што гэты чалавек быў удастоены высокага звання? Дзе і пры якіх акалічнасцях ён загінуў?
— Выйсці на вуліцу, назву якой дала мінулая эпоха.
— Дзе можна ўбачыць самыя старыя дамы нашага пасёлка? Хто іх пабудаваў?
— На гэтым месцы падчас вайны акупанты адпраўлялі людзей або на расстрэл, або ў лідскае гета, або ў лагер. Што ўзвялі ў гонар гэтых людзей на раздарожжы?
— Тут быў прыпыначны пункт “цягніка смерці”. З-за недахопу вады пасажыры заставаліся тут назаўсёды. Што нам нагадвае пра той час?
— Воранаўскі раён славіцца многімі людзьмі, але не кожны наш зямляк з’яўляецца поўным кавалерам ордэна Славы, і не кожны населены пункт можа пахваліцца вуліцай, названай у яго гонар. Пра каго ідзе гаворка?
— “За вялікай вадой, каля вялікіх дрэў вельмі даўно жылі заможныя людзі”. Кажуць, нават сама імператрыца прыязджала сюды. Дзе знаходзіцца гэтае месца?
У пытаннях-заданнях могуць быць зашыфраваны не толькі помнікі гісторыі, культуры, прыроды, імёны знакамітых землякоў, але і сацыяльныя аб’екты. Магазіны, аптэкі, цырульні, кафэ — галоўнае прыдумаць цікавую і арыгінальную шыфроўку.
Краязнаўчае арыентаванне добра праводзіць на вуліцах не толькі гарадоў і пасёлкаў, падыдзе нават вёска. Канечне, добра, калі яна славіцца выдатнымі ўраджэнцамі, помнікамі гісторыі, культуры, прыроды. Калі ж усё гэта адсутнічае — не бяда. Маршрут гульні можа праходзіць і праз урочышчы, якія абавязкова ёсць у ваколіцах і на тэрыторыі нават самай маленькай вёсачкі. З гэтымі мясцінамі будуць звязаны цікавыя легенды і паданні, якія можна зашыфраваць так, што для разгадкі місіі юным краязнаўцам спатрэбіцца не толькі эрудыцыя, але і знаходлівасць, фантазія, удача.

Першыя, міжнародныя

Падчас рэспубліканскіх і рэгіянальных чытанняў, семінараў нярэдка даводзіцца чуць, што краязнаўчая справа актыўна крочыць па краіне. У дачыненні да гарадскога арыентавання слова “крочыць” варта замяніць на “бяжыць”, бо гэты від адпачынку навучэнцаў у шосты школьны дзень імкліва набірае папулярнасць. Наша выданне ўжо расказвала пра падобныя спаборніцтвы ў Бабруйску, Мінску. Эстафета дайшла і да Гродзеншчыны, дзе першапраходцамі сталі навучэнцы і педагогі Воранаўскай сярэдняй школы. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Анатольеўна Кіўлюк, плануецца, што праект “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец” у хуткім часе выйдзе на абласны ўзровень. І хто ведае, можа ў 2015 або ў 2016 годзе ў Воранаве пройдуць не толькі першыя рэспубліканскія, але і міжнародныя спаборніцтвы па краязнаўчым арыентаванні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва
Воранаўскай сярэдняй школы.