Можна? Нельга? Кампраміс!

Пераможнае шэсце сацыяльных сетак у Сусветнай павуціне прывяло да таго, што для многіх тысяч наваспечаных юзераў слова “інтэрнэт” стала сінонімам словам “УКантакце” ці “Аднакласнікі”. У гэтых сетках не зарэгістраваны, бадай, толькі дашкольнікі. І ў гэтым заслуга іх бацькоў, якія справядліва лічаць, што глабальная сацыяльная сетка з усім яе кантэнтам шкодная для дзіцячай псіхікі. Але ёсць і тыя, хто лічыць, што жыць у XXI стагоддзі нават дзецям немагчыма без інтэрнэту, таму і паціху прывучаюць сваіх малых дзяцей, якія толькі асвоілі пісьмо, да сучасных віртуальных зносін. Па статыстыцы, 80% дзяцей зарэгістраваны ў сацыяльных сетках, і 64% з іх там жа “сябруюць” са сваімі бацькамі.
Магчыма, варта пагадзіцца з тым, што знаёміць дзяцей з інтэрнэтам можна, іншае пытанне — якім чынам. І тут на дапамогу прыходзяць кемлівыя распрацоўшчыкі, якія стварылі шэраг спецыялізаваных дзіцячых сацыяльных сетак у інтэрнэт-прасторы. Праўда, на беларускай платформе такіх рэсурсаў пакуль не існуе. А вось у Расіі створаны нават такія, якія прызнаны не толькі няшкоднымі, а нават і карыснымі. Разгледзім самыя папулярныя з іх у юных расіян, якімі хоць і не масава, але пачынаюць карыстацца нашы суайчыннікі.

Галоўнае бяспека

У дзіцячых сацыяльных сетак ёсць як прыхільнікі, так і праціўнікі, і кожны бок можа прывесці мноства аргументаў як на карысць дзіцячых сацыяльных сетак, так і супраць іх. Мы не агітуем вас далучыцца да аднаго з гэтых лагераў, а проста коратка разгледзім самыя папулярныя дзіцячыя сацыяльныя сеткі, да якіх маюць магчымасць далучацца беларускія дзеці і падлеткі.
Дзіцячыя сацыяльныя сеткі — гэта своеасаблівы кампраміс паміж поўнай забаронай інтэрнэту для дзяцей і бескантрольным сёрфінгам на яго прасторах. Стваральнікі сетак для дзяцей асаблівую ўвагу ўдзяляюць бяспечнай інфармацыі, што дазваляе адгарадзіць дзяцей ад непажаданага кантэнту. Добрыя дзіцячыя сацыяльныя сеткі выконваюць не толькі забаўляльную, але і навучальную функцыю. І амаль ва ўсіх іх мадэратары асабіста адсочваюць паведамленні, якія перасылаюцца ў яго межах. Нават калі карыстальнік рэгіструецца пад выглядам дзіцяці, а яго паведамленні маюць нехарактэрныя для дзіцяці фразы, выслоўі і асабліва тэматыку, такі акаўнт блакіруецца.

Праект для ўсёй сям’і

Першай сацыяльнай сеткай у Расіі стаў праект “Сямейная сацыяльная сетка Свет Бібігона”, створаны Усерасійскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніяй у 2008 годзе, а ў 2011 — яго перайменавалі ў “Краіну сяброў”. Праект створаны для дзяцей 7—15 гадоў, а таксама для іх бацькоў і настаўнікаў. На старонках сеткі яны могуць адпачыць, бо ёсць доступ да гульняў, караоке, відэаматэрыялу тэлеканала, могуць пачытаць — маецца электронная бібліятэка, змешчаны дзіцячыя энцыклапедыі. Іх бацькі могуць кансультавацца са спецыялістамі па любых пытаннях як у галіне адукацыі, выхавання, так і здароўя.
Інтэрфейс праекта мае шматузроўневую структуру для зносін, што дае магчымасць размясціць інфармацыю пра сябе і сваю школу, стварыць фотаальбом, знайсці новых сяброў і перапісвацца з імі, завесці свой дзённік, задаваць пытанні і атрымліваць адказы на іх, арганізоўваць клубы па інтарэсах і абмяркоўваць цікавыя тэмы з аднадумцамі і нават ствараць сайт школы. Рэсурс раздзелены на інфармацыйную, сацыяльную, адукацыйную і забаўляльную часткі. У першай публікуюцца навіны, другая прызначана для зносін карыстальнікаў паміж сабой з дапамогай чата, сеткавых дзённікаў, унутранай пошты і іншых інструментаў. У трэцяй частцы прадстаўлены навучальныя праграмы, энцыклапедычныя матэрыялы, электронныя версіі падручнікаў, відэаўрокі. У чацвёртым раздзеле партала можна знайсці калекцыю мультфільмаў, гульні, творчыя і інтэлектуальныя конкурсы для юных мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, фатографаў, эрудытаў. У “Краіне сяброў” заўсёды прысутнічае псіхолаг, якому можна задаць пытанне як у дзіцячых клубах, так і ў схаванай ад дзяцей частцы сеткі, створанай для бацькоў і настаўнікаў.
Стваральнікамі сеткі глыбока прадумана сістэма бяспекі. Кантроль і рэгуліроўка ўзаемаадносін унутры сеткі ажыццяўляюцца мадэратарамі, якія выбіраюцца з педагогаў (настаўнікі інфарматыкі, псіхолагі), а таксама адміністрацыі праекта. Усе рэсурсы размешчаны ўнутры сеткі і таму не ўтрымлі-ваюць пабочных спасылак. Новыя карыстальнікі могуць зарэгістравацца толькі па запрашэннях тых, хто ўжо зарэгістраваны. А пры рэгістрацыі непаўналетніх карыстальнікаў у іх будуць запытаны даныя пра іх навучальныя ўстановы, пасля чаго адміністрацыя рэсурсу ў тэрмін ад 1 да 48 гадзін праверыць гэтыя звесткі, і толькі пасля гэтага будзе дадзены дазвол карыстацца сайтам. Сярод карыстальнікаў, як адзначылі адміністратары праекта, ёсць і беларускія школьнікі, пераважна з Мінска і Мінскай вобласці, але іх няшмат: на дадзены момант іх 315 чалавек. У “Краіну сяброў” яны трапілі, адправіўшы запыт на е-mail праекта. Запрасіць у сетку можна і гасцей — звычайна гэта аўтары вядомых дзіцячых друкаваных выданняў і інтэрнэт-рэсурсаў.

Пляцоўка для вывучэння дзіцячых захапленняў

Дзіцячая сацыяльная сетка ахоплівае і маладзейшую аўдыторыю. Напрыклад, пры падтрымцы гэтага ж тэлеканала сумесна з Microsoft дзейнічае праект “Бібігоша” для дзяцей ад 2 да 5 гадоў. Гэта мультымедыйнае асяроддзе для развіцця дзяцей, якое распрацоўвалі мастакі, аніматары, псіхолагі і праграмісты. Гэта цэлы чароўны свет для дзяцей і паўнацэнная пляцоўка для даследаванняў захапленняў дзяцей для бацькоў. Бацькі могуць атрымліваць максімальна поўную інфармацыю пра дзіцячую псіхалогію, развіццё, выхаванне, а таксама кансультавацца з псіхолагамі, абмяркоўваць свае погляды з іншымі бацькамі.
Гульні таксама не нанясуць урону дзіцяці. “Стралялкі” і “баевікі” тут заменены зусім іншымі сюжэтамі. Напрыклад, ігрок падарожнічае па чароўнай краіне і дапамагае яе жыхарам, якія трапляюць у бяду, вырашае экалагічныя і іншыя праблемы. Тут дзіця малюе, збірае відэапазлы, слухае музыку. Аркадныя і лагічныя гульні, якія цесна ўплецены ў сюжэт гульні, сумяшчаюць забаўляльныя і адукацыйна-развіццёвыя функцыі, бо распрацаваны псіхолагамі і гейм-дызайнерамі на аснове прафесійных развіццёвых методык, ахопліваюць усе кірункі развіцця і навыкаў дзіцяці. У гульні інтэгравана энцыклапедыя, даныя якой ігрок складае сам у працэсе гульні. Дарэчы, доўга гуляць тут нельга: убудаваны таймер, які настройваюць самі бацькі. Яны вызначаюць, праз які час героі гульні прапануюць дзіцяці адпачыць ад камп’ютара.
Абодва інтэрнэт-рэсурсы “Свет Бібігона” і “Бібігоша” паспяхова прайшлі экспертызу Рэгіянальнага грамадскага цэнтра інтэрнэт-тэхналогій і ўвайшлі ў каталог бяспечных інфармацыйных рэсурсаў “Дзіцячы інтэрнэт” — камплект “Скай Лінк” для бяспечнага інтэрнэт-доступу. Гэта сведчыць пра тое, што яго кантэнт адпавядае патрабаванням бяспекі, з’яўляецца павучальным, развіццёвым, цікавым для дзяцей і бацькоў. Па словах генеральнага дырэктара “Скай Лінк” Гульнары Хасьянавай, рэсурсы канала “Бібігон” “з’яўляюцца адным з самых яркіх пазітыўных прыкладаў у расійскім сегменце сеткі інтэрнэт”.

У свеце мультгерояў

Некаторыя дзіцячыя сацыяльныя сеткі створаны па матывах вядомых мультфільмаў. Да іх адносіцца, напрыклад, праект “Смяшарыкі”. Гэта своеасаблівы віртуальны свет, у якім жывуць любімыя дзіцячыя героі, у якіх пераўвасабляюцца карыстальнікі. Яны самі ці з дапамогай бацькоў могуць уключаць мультфільмы і аўдыяказкі, прымаць удзел у конкурсах і турнірах, з дапамогай любімых мультгерояў знаходзіць адказы на самыя каверзныя пытанні, знаёміцца і сябраваць у сетцы з іншымі ўдзельнікамі. Стваральнікі ўпэўнены, што гэтая гульня развівае кругагляд і таленты дзіцяці, вучыць зносінам. У гульні ўключаны пытанні са школьнай праграмы. Таксама ёсць раздзел з карыснай інфармацыяй для бацькоў. Гэта не зусім сацыяльная сетка ў звычайным разуменні, а хутчэй гульня, бо ў карыстальнікаў няма асабістых старонак і магчымасці загружаць свае фота.
Дзіцячы праект “Вэбікі”, арыентаваны на дзяцей ад 5 да 10 гадоў, таксама заяўлены як цікавая, пазнавальная, развіццёвая і бяспечная сацыяльная інтэрнэт-гульня для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Галоўная асаблівасць сеткавай гульні — гэта татальны кантроль над дзейнасцю дзіцяці ў сетцы. Яно і зразумела, бо ў большасці выпадкаў самі бацькі ствараюць свайму дзіцяці старонку ў дзіцячай сетцы. У акне рэгістрацыі так і напісана — “Паштовая скрыня бацькоў”. Звычайна “Вэбікі” для дзяцей выбіраюць бацькі, бо тут яны могуць весці статыстыку паводзін дзіцяці ў сетцы, адсоч-ваць, колькі дзіця праводзіць часу за гульнямі. Адсюль можна зразумець, да чаго ў іх дзіцяці ёсць схільнасць — да мастацтва, дакладных навук, гуманітарных ведаў. Яшчэ адна адметнасць — кожнае паведамленне правяраецца мадэратарам на выкананне правіл і адсутнасць недапушчальных форм слоў. На сайце ёсць мноства гульняў — ад простых да больш складаных, — якія вучаць дзяцей лічэнню, правапісу, кемлівасці, рабоце з камп’ютарам і правілам паводзін ў інтэрнэце. Акрамя таго, бацькам не прыйдзецца угаворваць дзіця выключыць камп’ютар — можна проста ўстанавіць абмежавальнік часу, і сайт зачыніцца аўтаматычна, папярэдзіўшы загадзя.

Вучоба з мышкай у руцэ

Даволі ўдалымі выглядаюць расійскія рэсурсы, галоўная задача якіх — дапамога ў навучанні. Сярод іх — сетка для школьнікаў ClassNet.ru, якая падтрымліваецца Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Яна створана для віртуальных зносін дзяцей з розных школ і іншых навучальных устаноў Расіі і краін СНД. Дзеці рэгіструюць свае класы і напаўняюць іх самымі цікавымі момантамі са школьнага жыцця, фота- і відэаматэрыяламі, знаёмяцца з равеснікамі, знаходзяць сяброў па інтарэсах. У сетцы рэгулярна праводзяцца інтэлектуальныя конкурсы, прымаючы ўдзел у якіх можна зарабляць віртуальныя манеткі і атрымліваць каштоўныя прызы.
Калі карыстальнікам ClassNet.ru
можа стаць школьнік з краіны СНД, то Дневник.ру — сайт толькі для расійскіх школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў. Гэта вядомы рэсурс, які атрымаў мноства ўзнагарод рознай значнасці. Ім карыстаюцца ўжо больш за 30 тысяч школ, амаль 5,5 млн вучняў, больш за 600 тысяч настаўнікаў і амаль 3 млн бацькоў. Акрамя сацсеткі, партал уключае дыстанцыйнае навучанне і кіраванне школьным дакументазваротам, зручны расклад і іншыя інструменты для вучобы, адзіны даведнік пра ўсе школы, інфармацыйны цэнтр для абітурыентаў, усерасійскі каляндар алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, вакансіі для школьнікаў на час канікул, сучасную электронную бібліятэку і многае іншае. Для настаўнікаў прадастаўляецца магчымасць зносін і абмену вопытам з настаўнікамі ўсёй краіны і за яе межамі, аптымізацыя зносін з бацькамі, адзіны каталог падручнікаў, дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі. Бацькі могуць з дапамогай Дневник.ру весці перапіску з класным кіраўніком, настаўнікамі, дырэктарам, абменьвацца вопытам з іншымі бацькамі, адсочваць інфармацыю пра паспяховасць дзіцяці, праглядваць каталог усіх секцый і гурткоў у горадзе і многае іншае.
Думаецца, што падобны рэсурс быў бы запатрабаваным на беларускай платформе. Пакуль такіх рэсурсаў у нас няма. Але калі казаць пра вучобу, то і на байнэце чакаецца навінка. У верасні бягучага года плануецца запуск айчыннага
WEB-рэсурсу ў рамках праекта “WWW.ILIS.BY — інтэрнэт-ліга інтэлектуальнага спорту”. Праўда, галоўнай мэтай яго стануць не ўзаемаадносіны, а павышэнне матывацыі да навучання і пазнавальнай дзейнасці навучэнскай моладзі Беларусі. Як адзначыў Міхаіл Зэкаў, кіраўнік анлайн-турніраў, на WEB-рэсурсе на пастаяннай аснове плануецца праводзіць масавыя камандныя анлайн-спаборніцтвы, якія будуць арыентаваны на адпрацоўку і праверку ведаў у канкрэтных прадметных галінах, на валоданне важнымі элементамі вучэбнай праграмы, на лагічнае мысленне і агульную эрудыцыю.
Як бы там ні было, сацыяльныя сеткі надта імкліва ўварваліся ў наша жыццё ва ўсіх сэнсах гэтага слова і, відавочна, застануцца ў ім надоўга. Дазваляючы дзіцяці карыстацца сацыяльнымі сеткамі і ўвогуле камп’ютарам, нам, дарослым, варта памятаць, што трэба сачыць не толькі за тым, колькі часу нашы дзеці праводзяць у інтэрнэце, але і мець хаця б уяўленне, чым канкрэтна яны там займаюцца, з кім і аб чым вядуць перапіску.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з інтэрнэту.