Мультфільмы сваімі рукамі

Крыху больш за год назад у Магілёўскім кінатэатры “Космас” адчыніла свае дзверы анімацыйная студыя для дзяцей “Аловак”. Дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчат з устаноў адукацыі горада атрымалі магчымасць асвоіць майстэрства мультыплікатара ў сценах утульнай прафесійна аснашчанай студыі.

Памылка стала перавагай

“Фактычна, гэта першая дзіцячая анімацыйная студыя такога кшталту, — гаворыць кіраўнік Марыя Бяляўская. — Пакуль я не прыйшла працаваць у гэтую студыю, я нават не ведала, наколькі дзіцячая анімацыя не развіта ў нашай краіне. Я толькі-толькі скончыла БДПУ імя Максіма Танка і атрымала спецыяльнасць “Педагог-мастак, спецыяліст па камп’ютарнай графіцы”. Там мы вывучалі праграму, якая дазваляе ствараць камп’ютарныя мультфільмы. А вось рукатворных мы не рабілі. Так, я многа займалася ў школе рамёстваў, умею маляваць, ляпіць, але тут жа трэба і іншыя ўменні. І нам вялікую дапамогу аказалі аніматары Беларусьфільма Таццяна Кубліцкая і Аляксандр Ленкін, якія праводзілі майстар-класы. Былі ў нашай студыі і іх калегі з Расіі, напрыклад, кіраўнік адной са студый, якая спецыялізуецца па пластылінавых мультфільмах.
Але першы свой мультфільм мы пачалі рабіць не так. Дакладней, так, але можна было зрабіць прасцей. Мультфільм “Пошукі шчасця” з Максімам Паўлавым з сярэдняй школы № 18 мы адразу сталі рабіць аб’ёмным, а ўжо потым нам падказалі, што можна было яго выкладваць у плоскасці. А ў аб’ёме прыйшлося мацаваць герояў, каб яны не рухаліся, а яны, як на ліха, увесь час падалі, тое ж і з дэкарацыямі.
Калі мы зразумелі, што замахнуліся адразу на вельмі складаную тэхніку, шкада было кідаць. Ды і Максім не з тых, хто проста так кіне справу. У адрозненне ад усіх астатніх дзяцей, якія ходзяць толькі па суботах, ён тут бывае два разы на дзень з абедзвюма падгрупамі і ніводнага разу не прапусціў. І ўсё роўна на яго стварэнне ў нас пайшло цэлых дзесяць месяцаў. І не марна: адразу гэты мультфільм перамог на двух Міжнародных фестывалях дзіцячай анімацыі”.

Галоўнае не тэхніка, а ідэя

Але тут галоўным кіраўнік лічыць нават не тэхніку, а яго ідэю. “Калі мы пачынаем абмяркоўваць сюжэт, ідэю, то хлопчыкі, як правіла, стараюцца выкарыстаць магчымасць стварыць анімацыйную версію фільмаў жахаў ці камп’ютарных гульняў, — тлумачыць Марыя Валер’еўна. — І мая задача як педагога — перанакіраваць дзяцей з іх монстрамі і ўладальнікамі разбуральнай тэхнікі і зброі ў рэчышча добрых герояў. Спачатку дзіця лепіць героя, пра якога яму хацелася б зняць мультфільм. Так Максім прыдумаў сваіх герояў з вялікімі рукамі, якія будуць перамагаць монстраў, але ў ходзе работы іх назначэнне змянілася, і Максім надаў ім іншыя задачы — зрабіць нешта добрае і дапамагаць людзям”.
Сюжэт такі: тры браты — Чорны, Чырвоны і Сіні — на сланах адправіліся ў вандроўку па свеце, каб знайсці OLYMPUS DIGITAL CAMERAсваё шчасце. Чорны на шляху кінуў іх і адправіўся ў горы, а два астатнія знайшлі сваё шчасце, калі выпілі чароўнае зелле і ў іх выраслі вялікія рукі для добрых спраў. Чорны ж знайшоў спакусы і стаў злосным, напаў на сваіх братоў. Аднак у рэшце рэшт у яго таксама выраслі добрыя рукі і яны разам пайшлі па свеце дапамагаць людзям, бо, акрамя вялікіх, здольных для карысных спраў рук, у іх сталі добрыя сэрцы. Гэты мультфільм высока ацанілі члены журы на Міжнародным фестывалі міжнародных фільмаў “Анімаёўка”, якіх проста пакарыла ідэя вялікіх рук. Хлопчык стаў лаўрэатам, быў узнагароджаны Малым Крыштальным алоўкам і атрымаў прызнанне гледачоў.
Цяпер Максім працуе над маляваным мультфільмам пра робата, які жыў на чорнай планеце, дзе ўсё было чорнае: сонца, дрэвы, нават яго сябар — сабака. Але ён марыў убачыць тую планету, на якой няма чорнага, а ўсё расфарбавана ў розныя колеры, і робаты таксама каляровыя, — пра тое, што такая планета ёсць і што завецца яна Зямлёй, яму ў дзяцінстве расказваў дзядуля. І заканчваецца ён тым, што на рознакаляровай планеце з’явілася маленькая чорная кропка з ажыццёўленай марай.
У Марыі Валер’еўны няма такой праблемы — адгаварыць дзяцей ад адмоўных герояў і жорсткіх сцэн. У яе з выхаванцамі вельмі дружалюбныя адносіны. Заняткі традыцыйна, асабліва зімой, яны пачынаюць з духмянай гарбаты і прысмакаў, гуляюць, жартуюць, адгадваюць загадкі Марыі Валер’еўны і, канечне, абмяркоўваюць сюжэты, якія прапаноўваюць маленькія аніматары. І звычайна дзеці пагаджаюцца, што забіваць і ўзрываць у кадры не варта. А калі ўсё ж такі дзіцячае жаданне перамагае довады кіраўніка, яна ідзе на хітрасць: згаджаецца і прапаноўвае дзіцяці зрабіць свайго героя, усю яго зброю з рознымі разбуральнымі і ўзрыўнымі функцыямі. За адны заняткі яго не зробіш, на гэта часта ідуць тыдні і месяцы, а за такі час яны кідаюць гэтую справу, бо элементы ювелірнай работы з пластыліну — гэта складана, і пачынаюць ляпіць жывёл і казачных герояў, і ў выніку атрымліваюцца добрыя сюжэты.

Пра здаровы лад жыцця

Асаблівую частку складаюць мультфільмы на тэму здаровага ладу жыцця. Гэта ўнікальная магчымасць юных аніматараў з дапамогай мультфільмаў даць добрыя парады сваім аднагодкам. Сюжэты простыя, зразумелыя маленькім гледачам куды больш, чым лекцыі і забароны. Напрыклад, герой сямігадовай Каці Масько крот пайшоў шукаць сяброў і адмовіў у дружбе мядзведзю, які прапанаваў папіць піва, адмовіўся пакурыць з мышкай, а вось ад зайцавага пачастунку — морквіны, не адмовіўся. Так яны і пасябравалі. Мядзведзь і мыш пачулі, як ім весела, і кінулі свае шкодныя звычкі і папрасіліся да іх у кампанію.
У сваім “мульціку” “Зімовыя зубы” Варвара Клепікава агітуе прайсці прафагляд у стаматолага: пад Новы год у Дзеда Мароза забалелі зубы, якія за сто гадоў ён ні разу не лячыў. Заяц на аленях павёз яго да ўрача, звязаўшы вяроўкамі (Дзед Мароз баяўся лячыць зубы). Калі ў кадры з’яўляецца кабінет стаматолага і ўрач-бегемот з калегамі лечаць Дзеду Марозу зубы, дзеці смяюцца. Так, замест сумнай перспектывы сустракаць Новы год каля тэлевізара Дзед Мароз адпраўляецца на свята, дзе яго ўжо чакаюць.
У цэнтры падзей у другакласніцы сярэдняй школы № 5 Магілёва Юлі Еўдакімчык дзяўчынка Юля, якая прыручыла шчаня і вучыла яго рабіць зарадку. Дарэчы, на фестывалі маладзёжнага і сямейнага кіно “Кіна-клік” у Яраслаўлі, удзел у якім студыя прымала напрыканцы мінулага года, гэты мультфільм быў адзначаны дыпломам, яшчэ адну ўзнагароду атрымала дзяўчынка ад сваіх бацькоў — сапраўднага сабачку, пра якога яна даўно марыла. Яшчэ адну перамогу на гэтым жа фестывалі заваяваў Максім за свае “Пошукі шчасця”.

У кадры — сачыненне пра маму

“З усіх мультфільмаў выхаванцы студыі больш любяць пластылінавыя, — расказвае Марыя Валер’еўна. — Ты яго трымаеш у руках, ён аб’ёмны, згінае рукі-ногі, гэта амаль жывы персанаж. Крыху здымаем маляваныя. Дзеці маленькія, і мы пакуль адточваем майстэрства ў гэтых дзвюх тэхніках, а потым будзем спрабаваць сыпучую анімацыю на шкле: пясок, крупы, кава ці падобны матэрыял высыпаецца на шкле, утвараючы герояў. Нядаўна мы з Машай Савельевай ездзілі ў Днепрапятроўск, дзе павучыліся ў карыфеяў анімацыйнай студыі “Вяснянка”, якой ужо 25 гадоў, ствараць такія мультфільмы. Плануем задзейнічаць і валеных герояў.
Само стварэнне мультфільма — гэта вельмі складана для малодшых школьнікаў. Нават самаму кароценькаму мультфільму папярэднічае доўгая падрыхтоўка. Спачатку лепіцца герой, потым для яго прыдумваецца сцэнарый, ствараюцца ўсе героі, фон, дэкарыцыі, пасля падбіраецца гук і музыка (калі ёсць талент, можна напісаць уласную). Калі гук запісаны, мы бяром у рукі сцэнарый і падлічваем, колькі трэба зрабіць кадраў. У прафесійных мультфільмах дарослыя робяць 25 кадраў у секунду, для дзіцячага дастаткова васьмі. Пасля падліку кадраў прафесіяналы робяць раскадроўку — малюнак кожнай сцэны. Мы ж пакуль прапускаем гэты этап і адразу пачынаем здымкі па сцэнарыі. Прычым мультфільм мы стараемся зняць за адзін дзень. Тады не відаць перападу святла: вельмі складана стварыць такое ж, як было ўчора. Пасля здымак яго трэба зманціраваць — гэта мая задача заліць фотаздымкі, накласці гук, музыку, і ўрэшце — можна ўключыць і атрымаць асалоду ад гатовага мультфільма. Канечне, калі нешта не атрымліваецца, я дапамагаю, але ў асноўным стараюся не ўмешвацца”.
Дарэчы, ацаніць іх ёсць магчымасць і ў звычайных магіляўчан — удзельнікаў розных свят, якія праводзяцца ў горадзе, — у кінатэатрах. У прыватнасці, падчас святкавання Дня беларускага кіно, на мерапрыемствах, прымеркаваных да
50-годдзя самога кінатэатра “Космас”, і на сваім уласным першым дні нараджэння студыя “Аловак” арганізавала для гасцей прагляд мультфільмаў. Глядзяць мультфільмы і ў школах горада, часам нават падчас урокаў: замест ручкі, каб напісаць сачыненне пра маму, вучні 3 “Е” класа сярэдняй школы № 18 Давыд і Максім узяліся за алоўкі і фотаапарат. Так з’явілася калектыўнае анімацыйнае сачыненне “Мая мама”, якое было ацэнена настаўніцай на “дзясяткі”.
“Плануецца, што студыя ў будучым будзе пераўтворана ў цэнтр анімацыі, пашырыцца штат педагогаў і гэта дазволіць набраць больш дзяцей, — дзеліцца планамі Марыя. — Сёння ж у студыі займаюцца 25 дзяцей, больш я фізічна не магу ўзяць, але ўпэўнена, калі б было больш падобных студый, яны б карысталіся поспехам”.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.