На канікулы… у армію

Завяршыўся навучальны год, надышла жаданая пара летніх канікул. Хтосьці з дзяцей паедзе да бабулі ў вёску на сырадой і лясное прыволле, хтосьці з бацькамі выедзе да мора, а хтосьці адправіцца адпачываць… у армію. Так, гэта не апіска. У сапраўдную воінскую часць, дзе ёсць свой узвод, камандзір і сапраўдны салдацкі ложак.

Як паказвае практыка, для многіх падлеткаў армія з’яўляецца любімым месцам, дзе можна цікава і карысна правесці летнія канікулы ў арганізаваных на базе воінскіх часцей спартыўна-патрыятычных лагерах, атрымаць тут азы ваеннай навукі непасрэдна ад прафесіяналаў у пагонах.
Вось ужо больш як дзесяць гадоў падчас летніх канікул на базе воінскіх часцей традыцыйна праводзіцца арганізаваны адпачынак школьнікаў у спартыўна-патрыятычных лагерах. Галоўная яго мэта, акрамя аздараўлення падлеткаў, — прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне ў моладзі патрыятычнай свядомасці, любові да Радзімы, планамерная падрыхтоўка маладога пакалення да свядомага выканання свайго грамадзянскага і канстытуцыйнага абавязку па абароне Айчыны.

Напрыклад, у мінулым годзе толькі ў войсках Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання было арганізавана больш за дзясятак спартыўна-патрыятычных лагераў. Акрамя выкладчыцкага складу падшэфных устаноў адукацыі, непасрэдны ўдзел у іх арганізацыі і функцыянаванні прынялі больш за сто чалавек афіцэрскага і сяржанцкага складу. Школьнікаў азнаёмілі з умовамі жыцця, службы і побыту вайскоўцаў, з гісторыяй утварэння воінскіх часцей. Навучэнцы маглі наведаць выставы стралковай зброі і баявой тэхнікі, мемарыяльныя комплексы “Лінія Сталіна”, “Курган Славы”, “Вішанькі”, святую крыніцу “На крыжах”, пабываць на захапляльных экскурсіях па краязнаўчых музеях і гістарычных месцах Барысаўшчыны. З выкарыстаннем наяўнай вучэбна-матэрыяльнай базы з падлеткамі праводзіліся заняткі па ваенных дысцыплінах, выхаваўчыя, культурна-забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы. Арганізоўваліся круглыя сталы, конкурсы і віктарыны, падчас якіх асаблівая ўвага звярталася на гісторыю і традыцыі беларускай дзяржавы, падняцце прэстыжу ваеннай службы і аўтарытэт афіцэра ва Узброеных Сілах.

Дарэчы, за летні перыяд у злучэннях і часцях ПЗАК з вялікім задавальненнем адпачылі і атрымалі зарад бадзёрасці каля 1200 навучэнцаў агульнаадукацыйных школ з Мінска і Рагачова, Барысаўскага, Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. Не стане выключэннем і гэты летні сезон. Па словах старшага афіцэра аддзела ідэалагічнай работы ПЗАК падпалкоўніка Сяргея Філонава, у войсках аб’яднання традыцыйна дапамогуць структурам БРСМ, аддзелам адукацыі Барысаўскага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў, а таксама Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска ў арганізацыі і функцыянаванні 11 спартыўна-патрыятычных лагераў. Дзевяць з іх плануецца арганізаваць на базе падшэфных устаноў адукацыі з удзелам афіцэрскага і сяржанцкага складу, яшчэ два — непасрэдна на базе воінскіх часцей. У перыяд з 7 чэрвеня па канец ліпеня плануецца арганізаваць 24 змены з працягласцю адпачынку дзяцей ад 6 да 25 дзён. На гэты раз у спартыўна-патрыятычных лагерах змогуць адпачыць, памацнець фізічна і пазнаёміцца з рэаліямі армейскага жыцця больш за тысячу школьнікаў. У рабоце з моладдзю непасрэдны ўдзел прымуць каля ста падрыхтаваных настаўнікаў у пагонах разам з выкладчыцкім складам школ і гімназій.

Як адзначыў намеснік камандуючага войскаў ПЗАК па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Юрый Жыткоў, сумеснымі намаганнямі камандавання войнскіх часцей, кіраўніцтва падшэфных устаноў адукацыі для падлеткаў будуць створаны ўсе ўмовы для здаровага адпачынку, правядзення забаўляльных, ваенна-спартыўных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Для іх падрыхтавана і зацверджана цікавая культурна-забаўляльная праграма з наведваннем музеяў, гістарычных і памятных месцаў рэгіёнаў, экскурсій па месцах баявой славы, з удзелам у ваенна-спартыўных эстафетах, конкурсах і спаборніцтвах. Для работы са школьнікамі будзе задзейнічана неабходная вучэбна-матэрыяльная база і ваенная маёмасць. Ім аддадуць салдацкі клуб, бібліятэку, спартыўныя пляцоўкі. Дзеці змогуць азнаёміцца з канструкцыяй стралковай зброі, наведаць парк баявых машын, пабыць у ролі салдата. Для правядзення спланаваных мерапрыемстваў з падлеткамі падабраны інструктарскі склад са ста найбольш падрыхтаваных афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдат. Пад сваю апеку возьме юнакоў выкладчыцкі склад навучальных устаноў і актывісты БРСМ.

Гэтым летам традыцыйна працягне работу і пазаштатны цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ў 72-м гвардзейскім аб’яднаным вучэбным цэнтры. Нягледзячы на шчыльнасць правядзення планавых заняткаў з новым папаўненнем, камандаванне праслаўленага вучэбнага злучэння дапаможа аддзелу адукацыі Барысаўскага раёна, структурам БРСМ рэгіёна ў арганізацыі і функцыянаванні дзвюх змен спартыўна-патрыятычнага лагера “Абаронца Айчыны” для цяжкіх падлеткаў і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў. На базе армейскай вучэбкі плануецца таксама арганізаваць яшчэ адзін лагер дзённага знаходжання, дзе змогуць адпачыць і паспаборнічаць школьнікі з падшэфнай школы № 7.
Няма сумнення ў тым, што час, праведзены ў лагеры гэтым летам, загартуе падлеткаў, павысіць іх адказнасць, паспрыяе фарміраванню светапогляду і ўсебаковай падрыхтоўцы да службы ў арміі.

 

Мікалай МАКАРЭВІЧ.
Фота аўтара.