Наш погляд на родны горад

Памятаеце казку “Кожны сам каваль свайго шчасця”? Менавіта гэтую думку добра засвоілі некалі маленькія жыхары Наваполацка. Сёння яны ўжо старшакласнікі і смела бяруцца за молат і выкоўваюць сваё жыццё такім, якім хочуць. Маладзёжны парламент Наваполацка ў мінулым годзе атрымаў статус лепшага парламента ў краіне, але бягучы год стаў яшчэ больш выніковым. Сёлета кузня маладзёжнага парламента новапалачан працавала асабліва па-заліхвацку.

Праекты для жыцця

Палац дзяцей і моладзі выхаваў ужо чатыры пакаленні маладых парламентарыяў, якія сталі сапраўднымі лідарамі маладзёжнага руху Наваполацка. У наступную суботу будзе ўжо выбрана пятая змена: на змену выпускнікам прыйдуць 20 новых старшакласнікаў з ліку тых, хто не ўмее і не хоча сядзець на месцы.

Адзін з асноўных кірункаў парламента — праектная дзейнасць. Творчасцю педагогаў палаца і моладзі народжаны многія праекты і ініцыятывы, якія дазваляюць дзецям і падлеткам набыць уласны ўнікальны вопыт, самарэалізавацца ў розных галінах дзейнасці.

Удзельнікі праекта “Дзень парламента” абменьваюцца вопытам работы з дзецьмі з парламентаў вобласці, рэспублікі і краін блізкага замежжа, у прыватнасці з мала-дзёжнымі парламентамі горада Ніш (Сербія), Верхнядзвінскага, Лёзненскага раёнаў Віцебскай вобласці, Адзінцоўскага раёна Маскоўскай вобласці і інш.


Удзельнікі праекта “Кейс да поспеху” папулярызуюць у маладзёжным асяроддзі станоўчы жыццёвы вопыт паспяховых, паважаных людзей горада, патрыётаў малой радзімы. Да 60-годдзя Наваполацка, якое святкавалася на пачатку чэрвеня, парламентам рэалізаваны медыяпраект “Кожны дзень ганаруся табой, мой горад!” і праект “Моладзь — гораду!”. Праект “Школа дэпутата” стаў платформай для рэалізацыі новых ідэй юных грамадзян і мясцовай улады.

Яркія ўражанні пакінулі сустрэча маладзёжнага актыву Наваполацка з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, наведванне Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Чым займаюцца іх старшыя калегі, хлопцы і дзяўчаты даведаліся ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, што было ініцыятывай намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзіма Дзевятоўскага.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ў рабоце парламента асветніцкай дзейнасці. Фестывалі, сустрэчы, канферэнцыі, трэнінгі сталі пляцоўкамі, якія ўключаюць элементы навучання ў кірунках прававой культуры, фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і інш.

Члены парламента прайшлі курс эфектыўных зносін і кіравання канфліктамі, узаемаадносін з аднагодкамі па пытаннях сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя “Навыкі для жыцця” пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Віталя Нікановіча. Цяпер маладзёжныя лідары будуць перадаваць веды і ўменні аднагодкам у сваіх навучальных установах.

Развіваецца супрацоўніцтва з міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем UNIHELP. Падлеткі сталі ўдзельнікамі трэнінгу, а таксама шматлікіх дабрачынных акцый.

Маладзёжныя “Ступені”

Яшчэ адна значная падзея 2018 года — гэта адкрыццё на базе Палаца дзяцей і моладзі рэсурснага цэнтра маладзёжных ініцыятыў абласнога значэння “Ступені”. Яго стварэнне стала магчымым дзякуючы партнёрству Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Урачыстае адкрыццё прыйшлося на святкаванне 60-годдзя горада.


— Наш рэсурсны цэнтр — выдатная пляцоўка для зносін падлеткаў з усёй вобласці, — гаворыць Ала Міхайлаўна Янулёнак, куратар маладзёжнага парламента Наваполацка, метадыст па рабоце з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі і малодшымі школьнікамі. — Тут мы будзем збірацца, абменьвацца думкамі, будзем творча сябе праяўляць, абмяркоўваць свае праекты, прасоўваць самыя перспектыўныя ідэі моладзі.

Па словах Алы Міхайлаўны, галоўнае, што гэтая пляцоўка нефармальная. І, спадзяецца педагог, аб’яднае такую ж моладзь — нестандартную, тую, якая думае па-новаму, не баіцца выказваць свой, адметны ад іншых погляд.

— Здараецца, што чалавек прыйшоў у парламент і стаў незаўважным, згубіўся. Мы ж аб’ядноўваем людзей зацікаўленых, неабыякавых, актыўных, тых, якія не баяцца новага. І, можа, не заўсёды ўпэўненых, што ўсё атрымаецца, але тых, хто да гэтага імкнецца. Яны не заўсёды могуць у поўнай меры ацаніць сітуацыю, цяжкасці для ажыццяўлення сваіх ідэй, але мяне радуе іх смеласць, гатоўнасць адстойваць і аргументаваць сваю пазіцыю перад уладамі.


— Парламент дзяцей і навучэнскай моладзі Наваполацка ўвасабляе ў жыццё мноства дабрачынных акцый, удзельнічае ва ўсіх значных гарадскіх мерапрыемствах, наладжвае кантакты з прадстаўнікамі гарадской улады, — дадае дырэктар палаца Наталля Аляксандраўна Серакова. — Узаемадзеянне маладосці і мудрасці дапамагае зрабіць жыццё ў нашым горадзе, дружалюбным да дзяцей, яшчэ больш актыўным, пазітыўным і выніковым.

Цяпер выпускнікі маладзёжнага парламента паспяхова працягваюць сваю грамадскую дзейнасць ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі, у працоўных калектывах. Так, старшыня парламента першага склікання стаў студэнтам года Рэспублікі Беларусь — 2017, старшыня другога склікання з’яўляецца старастай і намеснікам старшыні прафбюро факультэта па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва БДУ, старшыня трэцяга склікання — член актыву Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафарг групы.

Культурная сталіца

Гэты год для Наваполацка асаблівы. Па-першае, Нафтаград адзначыў 60-годдзе, па-другое, ён, адзін з самых маладых гарадоў краіны, абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі. Статус культурнай сталіцы абавязвае да таго, каб гэтая сфера паспяхова развівалася. І відавочна, што палац і яго навучэнцы, у тым ліку і маладыя парламентарыі, робяць свой значны ўклад у культурную скарбонку роднага горада.

Напрыканцы студзеня ў Наваполацку адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі — 2018”. Яркі канцэрт лепшых творчых калектываў горада даў пазітыўны зачын сустрэчы. Мікс, прадстаўлены навучэнцамі Палаца дзяцей і моладзі ў рамках творчага праекта “Культурная эстафета “Ад Бабруйска — Наваполацку”, паказаў якасць і шматграннасць кірункаў работы аддзела музычна-харэаграфічнай творчасці.

Гарадское дзіцячае свята “Фанты сяброўства”, якое ладзілася ў палацы, дало старт галоўнаму гарадскому праекту “Лілея сяброўства”, таксама маладзёжнай ініцыятыве.


— Мерапрыемствы гэтага праекта закліканы стаць сімвалам творчасці і сяброўства, як сімвал Наваполацка — белая лілея — з’яўляецца ўвасабленнем прыгажосці, справядлівасці і міру, — тлумачыць Наталля Аляксандраўна. — Палац дзяцей і моладзі з’яўляецца каардынатарам і арганізатарам дзейнасці па праекце, базавай пляцоўкай, дзе рэалізоўваюцца ўсе ініцыятывы ў рамках галоўнага гарадскога праекта з удзелам дзяцей, падлеткаў і моладзі горада. Удзельнікі праекта — навучэнцы ўстаноў адукацыі наладжваюць кантакты са сваімі замежнымі аднагодкамі, даведваюцца шмат новага пра гарады-пабрацімы краін далёкага і блізкага замежжа: іх гісторыю, традыцыі, казкі, песні, танцы, асаблівасці нацыянальнай кухні.

Творчае аблічча аддзелу музычна-харэаграфічнай творчасці палаца надалі і сёлетнія яго праекты “Горад, які танцуе”, “Погляд з дзяцінства”, “Спяваю цябе, мой Наваполацк”.

Аддзел дэкаратыўна-прыкладной творчасці арганізуе і падтрымлівае ўсе праекты акцыі “Культурная сталіца Беларусі — 2018” свайго кірунку. Так, вынікам праекта “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу” стала выстава малюнкаў навучэнцаў студыі “Вясёлка” па матывах вершаў ганаровага грамадзяніна Наваполацка, вядомага паэта, кіраўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Навума Гальпяровіча. Дарэчы, на адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці: прадстаўнікі Беларускага фонду культуры, грамадскага савета пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і сам аўтар, які адзначыў у 2018 годзе 70-гадовы юбілей. З выставай пазнаёміліся не толькі новапалачане. З 23 жніўня па 9 верасня ў Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” ў Палацы Рэспублікі былі прадстаўлены 40 лепшых работ новапалачан.

Настрой святу надаў і аддзел па рабоце з дзецьмі па месцы жыхарства, які рэалізоўваў праект “Гульні народаў свету”. Яго кульмінацыяй стала гарадское спартыўнае свята для выхаванцаў прышкольных лагераў на базе Палаца дзяцей і моладзі, дзе можна было адправіцца назад у гісторыю і пагуляць у традыцыйныя, але забытыя гульні розных народаў.

У палацы ўпэўнены, што новая лідарская змена прадоўжыць справу сваіх папярэднікаў, што абавязкова зробіць жыццё ў горадзе яшчэ больш прыемным для дзяцей.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Дзяніса ЛЕШЧЫКА і Нэлі РАДЗЬКО.