У студыі ірландскага танца “Фенікс” Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска ўжо рыхтуюць навагоднія падарункі. Зусім хутка іх збяруць у адзін вялікі мех, а потым здарыцца цуд — з меху можна будзе выцягнуць любы пакуначак і разгортваць яго з заміраннем сэрца, чакаючы, што там. З кожным годам у студыі нараджаюцца свае традыцыі. Напрыклад, праз некалькі дзён дамашнія ёлкі выхаванцаў будуць упрыгожаны ёлачнымі шарамі — падарунак педагога Вольгі Генадзьеўны Паліцкавой. Ёсць у студыйцаў і яшчэ адна прычына для радаснага настрою: іх Вольга Генадзьеўна трапіла ў лік лепшых педагогаў дадатковай адукацыі сталіцы.
Беларускі Майкл Флэтлі
Студыя “Фенікс” — невялікі куточак Ірландыі ў Беларусі. У Цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Вольга Паліцкавая прадстаўляе яе пяць гадоў. Упершыню Вольга ўбачыла ірландскі танец, калі ёй было не больш за сем гадоў, пасля чаго доўга жыла думкай паспрабаваць нешта падобнае. Тады ў Беларусі пра яго толькі чулі, вучыцца танцаваць у прафесіяналаў магчымасці не было.
“Толькі ў 19 гадоў, будучы студэнткай педуніверсітэта, я знайшла сваю студыю ірландскага танца, — адзначае педагог, — і праз некалькі месяцаў мне прапанавалі выкладаць. Да гэтага я займалася рознымі відамі танцаў: творчая сям’я, дзе танцуюць мама і сястра, а бабуля — увогуле балерына, вымушала адпавядаць. Але, думаю, галоўная прычына ў іншым: я проста сама гэтага вельмі хацела. Цяпер у групах, дзе я выкладаю, 67 вучняў, і мы сапраўдны калектыў”.
Асноўны матыватар для ўсіх, хто трапіў у студыю “Фенікс”, знакамітае ірланскае шоу “Lord of the Dance”, пастаўленае харэографам і салістам Майклам Флэтлі. У канцы 90-х сюжэтнае шоу, якое базіравалася на кельцкай фолк-музыцы і ірландскіх народных танцах, заваявала шырокую папулярнасць. Поспех быў неверагодным! Аматары “Lord of the Dance” раскупілі больш як 9 мільёнаў відэазапісаў і 1,2 мільёна аўдыядыскаў. Вось і беларусы, якія захапілі хвалю папулярнасці знакамітых “Уладальнікаў танцаў”, павялі сваіх дзяцей спасцігаць ірландскія па.
“Гэта становіцца захапленнем не толькі для дзіцяці, але і для ўсёй сям’і, — расказвае Вольга. — Бацькі пачынаюць разбірацца ў харэаграфічных тонкасцях, мы разам адпачываем і падарожнічаем. За пяць гадоў нам удалося пабываць на чэмпіянатах і фестывалях ва Украіне, Расіі, Чэхіі, Славакіі, Германіі. Да Ірландыі пакуль не дабраліся, але старэйшыя таварышы, якія таксама займаюцца ў студыі “Фенікс”, там пабывалі. Дзвюм нашым танцоркам удалося заняць 4 месца на чэмпіянаце Ірландыі па ірландскіх танцах, што сведчыць пра вельмі высокі ўзровень”.
Ёсць чэмпіёны і сярод вучняў самой Вольгі Генадзьеўны. Ілья Нядбальскі стаў чэмпіёнам Еўропы-2014 ва ўзроставай катэгорыі да 12 гадоў. Сёння хлопец развіваецца такімі тэмпамі, што ў студыі яго называюць будучым Майклам Флэтлі.
“На чэмпіянаце ў нямецкім Дзюсельдорфе мы прадстаўлялі Беларусь разам з Лізай Ханеняй, якая таксама займаецца ў “Феніксе”, — расказвае Ілья. — Для таго каб трапіць у фінал, удзельнік павінен быў набраць максімальную колькасць балаў ад кожнага з 10 членаў журы. Дарэчы, чэмпіянат быў змешаны, гэта значыць, што ў пэўнай узроставай катэгорыі спаборнічалі разам і хлопцы, і дзяўчаты. Ужо трапіўшы ў 10-ку лепшых танцораў, я і кожны з фіналістаў танцавалі яшчэ адзін танец, які і вызначаў пераможцу.
Самым складаным было пераадолець хваляванне, не забыць тэкст танца. Настройваўся на тое, што буду змагацца да канца. І гэта атрымалася!”
Яшчэ адной юнай беларускай зоркай ірландскага танца з’яўляецца Яна Мазура, якая стала чэмпіёнкай Еўропы-2014 ва ўзроставай катэгорыі да 8 гадоў.
Танцаваць раней, чым гаварыць
Ірландскі танец здаецца лёгкім, амаль бязважкім, і толькі самі танцоры ведаюць, якая добрая фізічная падрыхтоўка і неверагодная вынослівасць патрэбны для яго выканання. Сёння ў праграме студыі — навучанне класічнаму танцу, рытміцы, гімнастыцы, сольнаму ірландскаму танцу ў мяккім абутку, сольнаму ірландскаму танцу ў цвёрдым абутку, фігурным танцам, а таксама шоу-пастаноўкам.
“Акрамя таго, што мы выступаем на спаборніцтвах, мы яшчэ вядзём актыўную канцэртную і фестывальную дзейнасць, — адзначае Вольга Паліцкавая. — На кожнай трэніроўцы я патрабую ад дзяцей поўнай аддачы, дасканалага адточвання кожнага руху. Мы выкладваемся на 100 працэнтаў. Тэхніка скокаў займае гады трэніровак.
Цяпер у нас з’явіліся педагогі па класічным танцы і па гімнастыцы, і гэта вельмі важна. Ірландскія танцы нярэдка параўноўваюць з балетам. Іншым разам ногі выконваюць настолькі фантастычныя рухі, што можна толькі здзіўляцца. Складанасць у тым, што тэхніка танца ў мяккім абутку і тэхніка танца ў цвёрдым абутку вельмі адрозніваюцца.
Бывае, што я наўмысна ствараю для танцораў экстрэмальныя ўмовы: напрыклад, стаўлю малодшых у адну групу са старэйшымі. Малыя стараюцца, для іх важна трымаць марку. Пры гэтым дзеці бачаць, чаго яны могуць дасягнуць. Яны ведаюць: далей будзе яшчэ складаней, бо на кожным узроўні мяняецца тэкст танца, хуткасць музыкі”.
Педагог прызнаецца, што яе ўласная танцавальная кар’ера на цяперашнім этапе адышла на другі план. Для Вольгі значна больш важным з’яўляецца развіццё яе выхаванцаў. Але тут таксама існуюць нюансы. На постсавецкую прастору ірландскія танцы прыйшлі ўсяго гадоў дзесяць назад, прычым гэта былі танцы народныя, а не сцэнічныя, якія прадстаўляюцца на спаборніцтвах. Сцэнічная ірландская харэаграфія з’явілася ў Беларусі ўсяго 5—7 гадоў назад, у той час як у Заходняй Еўропе, Амерыцы ёй займаюцца танцоры самага юнага ўзросту.
“Нашым дзецям спаборнічаць вельмі няпроста, — падкрэслівае мая суразмоўніца. — Прыязджаеш на чэмпіянаты і назіраеш, як дзеці, якія яшчэ дрэнна размаўляюць, ужо танцуюць у малюсенькіх ірландачках і стэповачках. Таму ў маіх юных выхаванцаў больш шансаў на поспех, чым, скажам, у дарослых танцароў, дзе канкурэнцыя вельмі высокая”.
Для таго каб павышаць свой педагагічны ўзровень, Вольга наведвае самыя розныя майстар-класы як у Беларусі, так і за мяжой. Становіцца ўдзельніцай летніх і зімніх танцавальных школ і абвяргае пры гэтым дылетанцкае меркаванне, быццам у інтэрнэце можна знайсці ўсё. У сеціве шмат інфармацыі пра модныя тэндэнцыі ў ірландскім танцы, можна знайсці якаснае відэа выступленняў, але, па словах педагога, гэта не зусім тое, што трэба для работы. Ствараць цікавыя харэграфічныя звязкі ёй больш дапамагае дасканалае веданне базавых рухаў і ўменне творча іх камбінаваць. Адзінай перавагай нашай харэаграфічнай школы Вольга называе класічную базу, бо сёння ў ірландскім танцы з’яўляецца ўсё больш класічных харэаграфічных элементаў.
“Ірландыя” ў суседнім двары
Зусім нядаўна чэмпіянат Усходняй Еўропы па ірландскім танцы праходзіў у беларускай сталіцы. Ён жа з’яўляўся кваліфікацыяй на чэмпіянат Еўропы наступнага года, таму сёлетні кастрычнік для ўдзельнікаў студыі “Фенікс” стаў па-сапраўднаму гарачым. Званне чэмпіёнаў і прызёраў заваявалі адразу некалькі студыйцаў.
“Я стаў на апошнім чэмпіянаце Усходняй Еўропы віцэ-чэмпіёнам, — расказвае Аляксей Навумавец, — хаця напачатку ірландскі танец у мяне не вельмі атрымліваўся. Трапіў у студыю па ініцыятыве бацькоў. З 3 гадоў вырабляў такія скокі, што яны вырашылі не пакідаць гэта без увагі. Было цяжкавата, не ўсё ўдавалася, хацеў нават кінуць. А потым з’явіліся першыя, хоць і не вельмі значныя поспехі, і я зразумеў, што танец варты ўсіх намаганняў”.
Арыну Сапранкову ў “Фенікс” прывёў бацька, якому вельмі падабалася шоу “Lord of the Dance”. Цяпер уся сям’я прымае ўдзел у стварэнні касцюмаў, падрыхтоўцы да канцэртаў.
А вось Ксенія Зайкова, убачыўшы танец Майкла Флэтлі, наадварот, сама прывяла ў студыю бацькоў. Прычым студыю ірландскага танца сям’я Зайковых шукала па ўсім горадзе, а знайшла ў суседнім двары.
“У нас тут асаблівая атмасфера, — адзначае Ксенія. — Мы сапраўдная сям’я. Напрыклад, з адной з малодшых дзяўчынак я вучуся ў адной школе, наглядаю за ёй, дапамагаю, калі ёсць неабходнасць. Мы прыходзім у студыю не проста танцаваць, а сябраваць, дзяліцца думкамі, дасягненнямі. Разам адпачываем: катаемся на веласіпедах, на каньках. Думаю, што маё захапленне магло б стаць будучай прафесіяй”.
Здаецца, гісторыя паўтараецца, бо мы ўжо ведаем: хобі можа стаць не проста прафесіяй, яно можа стаць прызваннем!
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.