Белы снег і моцны лёд, каб адправіцца ў паход

Выявы маляўнічай Браслаўшчыны можна знайсці на розных сайтах. Азёры, рачулкі, аграсядзібы, помнікі архітэктуры, сфатаграфаваныя ў самых незвычайных ракурсах, нібыта гавораць: “Калі ласка, у наш азёрны край”. Вось толькі запрашэнне гэтае разлічана ў асноўным на летні перыяд. Канечне, па сусветнай павуціне “гуляюць” і фотаздымкі зімовай Браслаўшчыны, аднак яны не ў такой колькасці, як летнія, ды і глядзяцца не так ярка і прывабна. У тым, што гэтую недарэчнасць, асабліва ў Год гасціннасці, трэба выпраўляць, упэўнены юныя турысты і іх педагогі з гімназіі і сярэдняй школы № 2 Браслава.

Выпраўляць такую недарэчнасць лепш за ўсё ўласным прыкладам. Таму, як толькі азёрны край пакрываецца белай коўдрай снегу, навучэнцы пад кіраўніцтвам Вячаслава Віктаравіча Кропа і Аляксея Вайцехавіча Салака ўсцягваюць на ногі лыжы, на плечы — рукзакі, сумкі з фотаапаратамі і адпраўляюцца на пакарэнне беласнежнай цаліны. Канечне, у такое надвор’е гаварыць пра падарожжы па зімовай казцы азёрнага краю не даводзіцца, але ж сапраўдная зіма абавязкова прыйдзе на нашу зямлю, будуць яшчэ і маразы, будзе і снег, а калі будзе снег, значыць, будзе і лыжня.
Аднак пакуль што ўдзельнікам турыстычнага клуба “Эдэльвейс” гімназіі Браслава пра прыгоды на турыстычнай лыжні даводзіцца толькі марыць. Нягледзячы на гэта, зімовы турыстычны сезон для гімназістаў пачаўся. Старт яму быў дадзены падчас раённых спаборніцтваў “Залаты кацялок”, якія па добрай турыстычнай браслаўскай традыцыі праводзіліся ў пачатку снежня ў спецыяльна абсталяванай для гэтага спартыўнай зале. Спаборніцтвы на паласе перашкод, па турыстычна-прыкладным мнагаборстве — гэта падрыхтоўка да больш сур’ёзных лыжных стартаў.

Гэтая падрыхтоўка яшчэ ой як спатрэбіцца. Справа ў тым, што турыстычна-краязнаўчы паход для навучэнцаў і педагогаў гімназіі Браслава — гэта не проста лыжная прагулка ў найбліжэйшы лес або парк на гадзінку-другую. Гэта складаны марш-кідок на дзясяткі кіламетраў працягласцю некалькі дзён. Вось такія яны, браслаўскія гімназісты: эрудзіраваныя, адукаваныя і фізічна загартаваныя. Правесці ноч у зімовым лесе, пераадолець на лыжах самае вялікае возера Браслаўшчыны Дрывяты — гэта для іх настолькі ж прывычна, як і заняць прызавое месца на раённай або абласной алімпіядзе па вучэбным прадмеце.
Па словах Вячаслава Віктаравіча, у працяглыя лыжныя паходы можа адпраўляцца практычна кожны вучань. Галоўнае — прытрымлівацца пэўных правіл. Самае першае — падрыхтаваць неабходны рыштунак, які будзе адпавядаць надвор’ю і ўмовам правядзення падарожжа. Асабліва трэба звярнуць увагу на адзенне. Для лыжнага паходу яно павінна быць лёгкім, цёплым, зручным. Другое правіла — агульны турыстычны рыштунак павінен быць надзейным, трэба ўзяць з сабой адну палатку (пажадана з парашутнага шоўку) на ўсю групу. Трэцяе правіла — падрыхтаваць месца для начоўкі (ставіць палатку на загадзя ўтрамбаваны снег і падасланую цэлафанавую плёнку). Класціся спаць трэба абавязкова на дыванок і спецыяльны спальнік у цёплым адзенні, абавязкова з шапкай і капюшонам, падбітым футрам. І яшчэ адно правіла (самае галоўнае) — адпраўляцца ў паход трэба толькі з добрым настроем і ні ў якім выпадку не думаць, што захварэеш, — тады паход прынясе радасць і задавальненне, будзе напоўнены прыемнымі ўспамінамі. І, канечне, пажадана браць з сабой фотаапарат, каб праз некалькі месяцаў у летнюю спёку ў цяньку дрэва пад пошум зялёнай лістоты любавацца заснежанымі даляглядамі і ўзгадваць турыстычныя прыгоды.
— Спачатку на базе нашай установы адукацыі працаваў турыстычны гурток ад Цэнтра дзяцей і моладзі, у 1998 годзе ён стаў клубам. Была распрацавана сімволіка, атрымаў клуб і назву — “Эдэльвейс”, ад назвы кветкі, якая расце высока ў гарах і ўбачыць якую марыць кожны турыст. Першапачаткова мы здзяйснялі паходы толькі па Браслаўскім раёне. Аднак у 2000 годзе ў нас быў сур’ёзны экзамен — паход на Кольскі паўвостраў, у Хібіны. Гэта быў лыжны паход, пасля якога мы пачалі больш актыўна здзяйсняць зімовыя паходы. Яны сталі своеасаблівай зімовай школай выжывання, — расказвае Вячаслаў Віктаравіч.

Першым сур’ёзным выпрабаваннем для турыстаў-пачаткоўцаў стаў зімовы марш-кідок на 3 кіламетры па замерзлым возеры Дрывяты. Карціна, вартая сюжэта галівудскага трылера. Спачатку ўсё было добра (надвор’е, снег, які іскрыўся пад промнямі зімовага сонца), але, калі па вызначаным маршруце засталося прайсці лічаныя кіламетры, хутка пачало цямнець, раптоўна ўзняўся вецер, які нагнаў снежную хмару, пачалася моцная завея. Вячэрнія агні Браслава ледзь праглядваліся праз снежную сцяну. Можна было схавацца дзе-небудзь у лесе, але ж сцямнела, ды і знаходзіліся юныя турысты на адкрытай прасторы. Той марш-кідок запомніўся надоўга, прычым запомніўся ў добрым сэнсе. Юныя турысты былі ў захапленні ад такіх прыгод, таму на чарговых занятках клуба было прапанавана здзяйсняць толькі экстрэмальныя зімовыя паходы. Канечне, ісці ў завею для гэтага не абавязкова, а вось падарожнічаць некалькі дзён з начоўкамі ў зімовым лесе, пераадольваць дзясяткі кіламетраў на лыжах — гэта тое, што патрэбна юнаму сэрцу турыста.

— У нас ёсць добрая традыцыя: вадзіць на Стары Новы год карагод каля ёлкі, прычым абавязкова ў лесе. На лыжах мы з дзецьмі, бацькамі, настаўнікамі дабіраемся да невялікай паляны, выбіраем зялёную прыгажуню. Упрыгожваем яе выключна турыстычнымі цацкамі. Гэта можа быць кацялок, элементы турыстычнага рыштунку, якія мы выкарыстоўваем на турыстычна-прыкладным мнагаборстве. Акрамя карагода, наладжваем і спецыяльныя турыстычныя зімовыя конкурсы. Гэта, напрыклад, начное зімовае арыентаванне на лыжах або, як мы называем яшчэ, паляванне на ліс. Дарослыя-суддзі займаюць у лесе загадзя вызначаныя пазіцыі і прамаўляюць пэўныя склады, словы. За вызначаны час навучэнцам неабходна па гэтых гуках знайсці суддзю, правільна запісаць вымаўленыя ім склады, словы і такім чынам запісаць кантрольны сказ, — расказвае Вячаслаў Віктаравіч.

Такое незвычайнае турыстычнае калядаванне запомнілася многім пакаленням браслаўскіх навучэнцаў, а некаторыя прафесійна звязалі сваё жыццё з турызмам. Падобныя паходы ўзгадваюць і навучэнцы Ахрэмаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Менавіта там да нядаўняга часу працаваў сённяшні настаўнік фізічнага выхавання сярэдняй школы № 2 Браслава Аляксей Вайцехавіч Салак. Многія гады пад яго кіраўніцтвам у сельскай школе дзейнічаў турыстычны гурток з незвычайнай назвай — “Школа выжывання”. Пра тое, як выжыць у зімовым лесе, як правільна рыхтавацца да шматдзённага зімовага паходу, нам паведаміў Вячаслаў Віктаравіч, таму не будзем паўтарацца. Лепш звернемся да арыгінальнага раённага турыстычнага праекта, які на працягу некалькіх гадоў Аляксей Вайцехавіч рэалізоўвае разам з навучэнцамі як Ахрэмаўскай школы, так і сярэдняй школы № 2, гімназіі Браслава. Удзельнікамі праекта становяцца і навучэнцы школ, размешчаных у тых населеных пунктах, праз якія праходзіць маршрут “Вялікая Мядзведзіца”. Знакамітае сузор’е на начным небе, якім любяць любавацца каля начнога вогнішча турысты? А можа, цікавасць настаўніка фізкультуры да астраноміі? Прычына арыгінальнай назвы праекта, па словах Аляксея Вайцехавіча, яшчэ і ў тым, што калі адкрыць карту Браслаўскага раёна і правесці лінію паміж населенымі пунктамі, праз якія праходзіць турыстычны маршрут (Ахрэмаўцы — Палессе — Дзегцяры — Замошша — Рэпаўшчына — Стайкі — Забор’е), то якраз і атрымаецца выява знакамітага сузор’я, а ролю зорак выконваюць названыя вёскі. Хоць назва праекта і звязана з астраноміяй, аднак мэта падарожжа не астранамічная, а грамадзянска-патрыятычная і турыстычна-краязнаўчая — наведванне мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Паход па вызначаным маршруце можа праводзіцца ў любую пару года і быць як пешым, так і веласіпедным, лыжным. Менавіта лыжны варыянт падарожжа найчасцей выбіраюць навучэнцы і педагогі. Паколькі паход мае статус турыстычна-краязнаўчага і грамадзянска-патрыятычнага, то яго ўдзельнікі наведалі магілу партызан у вёсцы Замошша і музей былой Замошскай базавай школы. Паход быў напоўнены і турыстычнымі спаборніцтвамі. Так, сярод начнога лесу навучэнцы шукалі “салодкі скарб” у выглядзе бляшанкі згушчанага малака, загадзя закапанай настаўнікамі ў снег. Памятнымі былі і спаборніцтвы па расшыфроўцы пасланняў з дапамогай ліхтарыка, конкурс “Праметэй”, удзельнікам якога неабходна было стварыць з падручных сродкаў факел з абавязковай умовай: ён павінен гарэць не менш за паўгадзіны.

Пакуль што вялікая турыстычная мядзведзіца сумуе. Белага снегу няма, моцнага лёду, па якім можна пераадольваць шматлікія азёры Браслаўшчыны, таксама. Але нашы турысты, як вядома, аптымісты. На Новы год, згодна з іх прагнозам надвор’я, абавязкова павінен быць снег і лёд, а гэта значыць, што яны з радасцю адправяцца ў зімовы лыжны паход.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва А.В.Салака і гімназіі Браслава.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*