Вы задумваліся над тым, якія адносіны ў вас з вашымі дзецьмі? Чым займаецца ваша дзіця ў вольны час? Ці добра яму, цікава? Прыходзіць яно да вас па параду? Ці дзеліцца ўражаннямі? Ці здольна яно дасягаць таго, што хоча? Ці ставіць перад сабой мэту? Дзеці вельмі хутка дарастаюць да таго ўзросту, калі ім хочацца праявіць сябе. Быць самастойнымі, уплывовымі сярод сяброў, карыстацца павагай бацькоў. У аб’яднанні па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі дзеці не толькі спасцігаюць сакрэты стэндавага мадэлізму, але і вучацца быць самастойнымі, дасягаць пастаўленай мэты, карыстацца павагай.
Стэндавы мадэлізм — складаная і карпатлівая праца, якая патрабуе ад дзіцяці ўседлівасці, канцэнтрацыі, дакладнасці, пастаяннай матывацыі, бо выраб мадэлі займае працяглы перыяд. Нават даросламу вельмі цяжка займацца адной справай доўгі час. Для гэтага патрэбна сапраўдная захопленасць. У нашым гуртку займаюцца 7 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў. І кожны з іх мае свае дасягненні ў тым ці іншым конкурсе або ў выставе.
Кожны з іх стварае караблі і атрымлівае ў выніку бясцэнную рэч — вопыт. Значных вынікаў мы дасягнулі за апошнія 3 месяцы. У раённым конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці Кацярына Пячэрская і Ваня Занкевіч абаранялі свае мадэлі караблёў і занялі два першыя месцы. У пачатку 2018 года былі падведзены вынікі рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў, дзе Кацярына са сваёй стэндавай мадэллю карабля “Артэміда” была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені. Каб стварыць гэтую мадэль, ёй спатрэбілася паўтара года!
Нядаўна ў Гомелі былі падведзены вынікі абласнога агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, дзе Міша Сасаюк і Ваня Занкевіч занялі два першыя месцы сярод навучэнцаў. Актуальнасць працы Мішы па вырабе карабля Granado заключаецца ў тым, што гэта не проста сродак чымсьці заняцца ў вольны час, але і развіццё творчых і індывідуальных здольнасцей, фарміраванне інжынерна-канструктарскіх навыкаў, якія даю ць магчымасць прымяніць гэтыя веды і ўменні на практыцы.
На працягу двух гадоў у Вані пры вырабе стэндавай мадэлі пірацкага карабля FRED узнікалі розныя цяжкасці, але з імі ён справіўся. З гэтай мадэллю карабля Ваня ўдзельнічаў у Палескім адукацыйным і навуковым форуме “Юны даследчык” сярод навучэнцаў школ, ліцэяў і каледжаў. Форум праходзіў у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Пры абароне сваёй работы хлопец адчуваў гонар, таму што мадэль, у якую было ўкладзена шмат сіл, атрымалася вытанчанай, прыгожай і носіць адбітак індывідуальнасці.
Удзел у конкурсах і выставах патрабуе ад навучэнцаў высокага майстэрства, выпрацоўваюцца такія якасці, як цярпенне, стараннасць. Аднак менавіта такая цікавая і складаная праца больш за ўсё і захоплівае хлопчыкаў і дзяўчынак. Мы ў гуртку вучымся вырабляць не толькі індывідуальныя мадэлі караблёў. Адным з апошніх напрамкаў нашага аб’яднання па інтарэсах стала стварэнне сувенірных караблёў у бутэльках, дзе ў нас ёсць добрыя вынікі. Так, у раённай выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў Ваня Занкевіч і Марына Санец занялі два першыя месцы, Настасся Багданік і Кацярына Пячэрская занялі два другія месцы, Багдан Адамовіч атрымаў дыплом ІІІ ступені.
Нам цікава рабіць нешта сваімі рукамі. Па заканчэнні працэсу, калі мадэлі ўжо гатовыя, мы атрымліваем душэўнае задавальненне: “Так, мы зрабілі гэта!” Уявіце ў сябе ў кватэры карабель, усталяваны ў акварыуме — з гарматамі, парусамі, камандай, падсветлены лямпамі. Няўжо не займальна? Тут мы вучымся марыць і ўвасабляць мары ў жыццё, верыць ва ўласныя сілы, быць самастойнымі.
Святлана СЛІВА,
метадыст Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Фота аўтара.