Падарожжа з сям’ёй

Традыцыйна напярэдадні Дня сям’і ў Свіслацкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры Гродзенскай вобласці праводзіцца сустрэча прыёмных сем’яў. У гэтым годзе свята праходзіла ў форме “вясновага падарожжа”.

У гарадскім парку імя В.Тышкевіча сабраліся прыёмныя бацькі са сваімі падапечнымі. У іх адрас прагучалі цёплыя словы ад галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Свіслацкага райвыканкама Г.В.Жаркевіч.

Дзяцей і прыёмных бацькоў чакала сапраўднае вясновае падарожжа па станцыях. На станцыі “Спартыўная” яны займаліся на трэнажорах, змаглі праявіць сваю трыва-ласць, спартыўную падрыхтоўку і кемлівасць. Наступнай станцыяй была “Папяровая фантазія”. Педагог-псіхолаг Свіслацкага раённага СПЦ Л.А.Барычэўская падрыхтавала майстар-клас па вырабе папяровай цацкі. Дзеці змайстравалі папяровых матылькоў і падарылі іх сваім прыёмным бацькам з пажаданнямі дабра, здароўя, міру і шчасця.

Пабыўшы ў ролі майстроў па вырабе папяровай цацкі, удзельнікі свята выпрабавалі сябе ў ролі музыкантаў і артыстаў на станцыі “Музычна-забаўляльная”. Выхавальніца Свіслацкага раённага СПЦ Г.Я.Якімчык прапанавала музычныя інструменты (барабаны, бубны, маракасы, жалейкі і інш.), на якіх паспрабавалі пайграць і пад акампанемент праспяваць свае любімыя песні нашы дзеці і бацькі.

На станцыі “Малюнак на асфальце” ўдзельнікі мелі магчымасць паказаць сябе ў якасці мастакоў. А тэматыку малюнкаў дзеці вызначылі самі: “Мая сям’я — мая апора”. Юныя мастакі адлюстравалі кветку, на пялёстках якой напісалі якасці шчаслівай сям’і: паразуменне, любоў, падтрымка, дабрыня, працавітасць.

Завяршыла “вясновае падарожжа” станцыя “Спартыўная эстафета”. Удзельнікам трэба было прайсці эстафету і паказаць сваё майстэрства і знаходлівасць у скачках праз скакалку, чаўночным бегу, практыкаваннях з абручом і кеглямі.

У канцы мерапрыемства ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз. У гасцінным доме прыёмнай сям’і А.А.Пайкоўскай дзеці і іх прыёмныя бацькі змаглі паласавацца прысмакамі і выпіць гарачага чаю. За чаяваннем выхаванцы гаварылі цёплыя словы ў адрас сваіх прыёмных сем’яў як пра апору ва ўсіх бедах і няшчасцях. Так скончылася свята, якое яшчэ больш зблізіла і без таго блізкіх людзей.

Марына СЦЯЦЭНКА,
педагог-псіхолаг Свіслацкага раённага СПЦ.