У канцы лютага ў сярэдняй школе № 173 Мінска было арганізавана незвычайнае мерапрыемства з удзелам амаль 700 вучняў установы. Далучыць да школьнага мерапрыемства амаль усіх навучэнцаў магчыма, калі за справу бярэцца апантаны чалавек, такі як Ежэсілія Завідава — старшыня папячыцельскага савета школы і па сумяшчальніцтве вялікі аматар падводнага свету. Да Сусветнага дня кітоў яна правяла незвычайныя ўрокі-прэзентацыі і арганізавала конкурс малюнкаў, пераможцы якога атрымалі сертыфікаты на пробныя заняткі фрыдайвінгам і дайвінгам. Што ж натхніла яе на правядзенне такога нестандартнага мерапрыемства і ці ўдалося зацікавіць ім сучасных дзяцей?
Бацькоўская ініцыятыва
Летась Ежэсілія Завідава, міжнародны суддзя AIDA International па фрыдайвінгу, сябар Беларускай федэрацыі фрыдайвінгу і Беларускай федэрацыі падводнага спорту, сертыфікаваны дайвер і фрыдайвер, ужо праводзіла сустрэчу са школьнікамі малодшых класаў, у час якой расказвала пра такі любімы ёй падводны свет. Сёлета яна вырашыла напярэдадні Сусветнага дня кітоў паўтарыць “падводнае” мерапрыемства, праўда, на гэты раз далучыць да яго ўсю школу.
— Я прапанавала дырэктару школы Ірыне Леанардаўне Шукелойць правесці 19 і 22 лютага своеасаблівыя лекцыі ў актавай зале для ўсіх паралелей — а гэта 10 урокаў. Канечне, для розных узростаў падавалася розная інфармацыя, каб выклікаць у падрастаючага пакалення цікавасць да падводнага свету і яго насельнікаў, да праблемы забруджвання акіянаў і мораў, пазнаёміць з дайвінгам і фрыдайвінгам, — адзначыла старшыня папячыцельскага савета школы. — Маю ідэю дырэктар падтрымала. Да таго ж я прапанавала правесці яшчэ і конкурс малюнкаў, усіх удзельнікаў якога заахвоціць падарункамі: малодшых школьнікаў — размалёўкамі на марскую тэматыку і энцыклапедыямі аб падводным свеце, вучняў сярэдніх класаў — кнігамі, напрыклад, “20 тысяч лье пад вадой” Жуля Верна і “Чалавек-амфібія” Аляксандра Бяляева. А старшакласнікаў парадаваць больш сур’ёзнымі прызамі — сертыфікатамі на пробныя заняткі па дайвінгу і фрыдайвінгу.
Ежэсілія ЗАВІДАВА: “Школьныя ініцыятывы бацькоў дораць дзецям радасць і незабыўныя ўражанні і ўвогуле робяць наш свет лепшым”.
Е.Завідава закупіла блокі для малявання фармату А3 і раздала вучням, каб у іх была яшчэ большая матывацыя паўдзельнічаць у “падводным” конкурсе. Дарэчы, дзеці намалявалі больш за паўсотні малюнкаў. Як адзначыла адміністрацыя школы, такога актыўнага ўдзелу ў конкурсе даўно не назіралася. З малюнкаў склалі цудоўную экспазіцыю, якую размясцілі ў фае школы.
А 19 лютага, якраз у Сусветны дзень кітоў, Ежэсілія пачала праводзіць запланаваныя ўрокі-лекцыі. Яна сустрэлася з вучнямі паралелей 3 і 7—11-х класаў. “У актавай зале мне прапанавалі мікрафон, каб не перакрыкваць дзяцей. Але гэта не спатрэбілася. Потым многія настаўнікі казалі: “Так трымаць вучнёўскую аўдыторыю, каб такая цішыня была і каб дзеці так уважліва, літаральна з адкрытымі ратамі, слухалі — гэта нешта неверагоднае”. У школе даўно такога не было, — з радасцю паведаміла арганізатар мерапрыемства. — Калі расказала сваю любімую гісторыю пра тое, як апынулася адна з дзвюма акуламі, было чуваць, як муха гудзе. Вядома, мы пагаварылі пра забруджванне мораў і акіянаў, пра выратаванне марскіх млекакормячых. Каля 90% дзяцей першы раз пачулі імя Жак-Іў Кусто. Калі шчыра, я была шакіравана гэтым. Яшчэ пагаварылі пра дэльфінарыі. Дзеці ўбачылі шмат цікавых падводных відэа. Ну і, канечне, падарункі. Кожны клас, якія прыняў удзел у конкурсе малюнкаў, атрымаў замест граматы зробленага мной мыльнага кіта, які цяпер будзе нагадваць ім пра неабходнасць берагчы нашу планету”.
Вольга НАЗАРАВА: “Дайвінг мае лячэбныя ўласцівасці, нават дзеці з ДЦП апускаюцца пад ваду. У гіпербарычным асяроддзі паветра адрозніваецца ад таго, якім мы дыхаем на паверхні, у ім больш кіслароду, таму дыхальная сістэма вельмі выйграе. І для апорна-рухальнага апарату дайвінг карысны, таму што разгружаюцца суставы, пазваночнік, мышцы расслабляюцца, мы знаходзімся ў бязважкасці. Дайвінг — гэта станоўчая плавучасць, штучная бязважкасць, амаль як у космасе”.
У панядзелак, 22 лютага, адбылася другая сустрэча — з вучнямі 1, 2, 4, 5 і 6-х класаў. Па прызнанні Е.Завідавай, першы дзень атрымаўся даволі лёгкім, а вось другі — наадварот: “Малодшыя школьнікі — гэта не старшакласнікі, якія ўважліва і захоплена слухалі мяне. І хоць я па прафесіі настаўніца пачатковых класаў з амаль 10-гадовым стажам работы, але было вельмі складана. Я падрыхтавала і мульцікі, і гульні, і прэзентацыю, разлічаную на іх узрост, але ў гэты дзень я здалася і ўзяла ў рукі мікрафон. Мне дапамагаў старэйшы сын Леанід — вучань 4 класа гэтай школы. Ён расказваў цікавыя факты пра кітоў і дапамагаў уручаць падарункі. Самае галоўнае, на мой погляд, што мы змаглі ўзняць тэму забруджвання мораў і акіянаў і ўсёй школай вырашылі збіраць накрыўкі ад тары з вадкасцямі, каб зда ць іх на перапрацоўку, а сабраныя грошы пойдуць на лячэнне дзяцей з нервова-мышачнымі захворваннямі. Калі 700 вучняў прынясуць па 20—30 накрывак у месяц, то атрымаецца 16—24 тысячы накрывак у месяц, якія змогуць перапрацаваць і якія не трапяць у рэкі, азёры, моры і акіяны. Ці шмат гэта?.. Мне здаецца, што так. Я рада, што хоць крыху мы зможам дапамагчы нашай планеце абараніць марскіх насельнікаў. Пастаўленыя мэты і задачы выкананы. І, здаецца, у мяне атрымалася зладзіць сапраўднае свята, нават лепшае, чым я ўяўляла”.
Свет фрыдайвінгу і дайвінгу
А цяпер пра суперпрызы. 8 сямікласнікаў, якія перамаглі ў намінацыі “Самы актыўны клас”, атрымалі ўрок па фрыдайвінгу ад М.Спірына і фрыдайв-клуба “Энергія глыбіні”. А чацвёра дзяўчат з 8—10 класаў — пробныя апусканні з аквалангам ад В.Назаравай і дайв-клуба Frogs.by.
Першымі ўзнагароду атрымалі вучні 7 класа, якія акунуліся ў свет фрыдайвінгу. Яны спасцігалі азы мастацтва плаваць пад вадой з затрымкай дыхання пад пільным наглядам Мікалая Спірына — старшыні Беларускай федэрацыі фрыдайвінгу, сярэбранага прызёра чэмпіянату Беларусі 2015 года, шматразовага ўдзельніка міжнародных спаборніцтваў, міжнароднага суддзі AIDA International (Міжнародная асацыяцыя развіцця фрыдайвінгу).
— Я і Ежэсілія — даўнія сябры, таму, калі даведаўся пра яе ідэю правядзення такога мерапрыемства, з радасцю падключыўся і забяспечыў прыз для найбольш актыўных дзяцей гэтага праекта. Зразумела, гэта былі не класічныя заняткі па фрыдайвінгу, а проста знаёмства з вадой. Сямікласнікі навучыліся правільна размінацца, “спаць” на борціку, рыхтаваць маску, — сказаў М.Спірын. — Першую гадзіну падлеткі правялі на борціку, мы ім расказалі пра тое, што такое фрыдайвінг, што трэба для таго, каб ныраць і плаваць пад вадой. А на другой гадзіне крыху паныралі, падаставалі кольцы са дна мелкай часткі басейна, кожны рабіў менавіта тое, што было яму пад сілу. Хлопчыкі і дзяўчынкі палепшылі свой час у статыцы, наш рэкорд быў 58 секунд. А яшчэ аказалася, што двое хлопчыкаў не ўмеюць плаваць, але яны так баяліся, што іх не возьмуць, што не паведамілі пра гэта. Яны змаглі пераступіць праз свой страх і нават скокнулі з трампліна ў ваду. Усе дзеці атрымалі зарад пазітыўных эмоцый падчас нашага воднага свята.
Дарэчы, па словах Мікалая, займацца дзіцячым фрыдайвінгам можна з 5 гадоў, падлеткавым — з 11 да 15, а дарослым — з 16 гадоў. “Для зусім юных фрыдайвераў нашы заняткі — гэта больш гульня і забава, таму часта прыбягаем да хітрыкаў, каб яшчэ больш зацікавіць дзетак: развешваем на тросе цукеркі ў герметычных упакоўках, і для іх вялікае задавальненне нырнуць і дастаць цукерку, якая ад гэтага ўдвая смачнейшая, — патлумачыў інструктар. — Падлеткі ў сваю чаргу ўжо могуць канцэнтравацца, выконваючы нейкія заданні і атрымліваючы задавальненне ад таго, што яны ўсё робяць правільна. З дарослымі людзьмі ўсё па-іншаму, тут работа вядзецца найперш з унутранай матывацыяй”.
Ежэсілія Завідава дадала, што пасля заняткаў па фрыдайвінгу адзін з сямікласнікаў з захапленнем сказаў: “Гэта нейкае нерэальнае мерапрыемства!”, а матуля другога падлетка патэлефанавала ёй і прызналася, што яна ў захапленні, бо першая кніга, якую ён чытае сам, — гэта “Чалавек-амфібія”, атрыманая за ўдзел у конкурсе. І ў гэты момант арганізатар мерапрыемства падумала, як усё ж такі мала трэба для таго, каб свет стаў крыху дабрэйшым.
Увогуле, з моманту прыняцця рашэння аб правядзенні мерапрыемства, прымеркаванага да Сусветнага дня кітоў, да апошняй яго падзеі прайшло 25 дзён. Завяршальным стала апусканне з аквалангам на 6-метровую глыбіню чатырох дзяўчат са старшых класаў. “Адна з дзяўчынак лічыла, што ў яе ёсць фобія — страх глыбіні і ўвогуле вады. Але, трапіўшы ў прафесійныя рукі Вольгі, аказалася, што фобіі няма, а плаваць з аквалангам вельмі крута. Вясёлы інструктаж, збор абсталявання, прымерка суперкасцюмаў для супердзяўчынак, і ўсё атрымалася лепш, чым я чакала”, — падкрэсліла Е.Завідава.
Вольга Назарава, урач функцыянальнай дыягностыкі, захапілася аматарскім рэкрэацыйным бяспечным дайвінгам 7 гадоў назад, затым стала інструктарам і апошнія чатыры гады вучыць апускацца ўсіх, у тым ліку і дзяцей, пачынаючы з 10 гадоў і да 70. Праз яе рукі прайшло каля 300 дайвераў-пачаткоўцаў. “У мяне вялікі вопыт навучання дзяцей, і мне падабаецца гэта рабіць, таму што дзеці заўсёды шчырыя і вельмі прыемна бачыць іх сапраўдную радасць у канцы апускання, калі ўсё атрымалася”, — дадала інструктар.
Перш чым пасядзець і паляжаць на 6-метровай глыбіні, дзяўчаты прайшлі 2-гадзінны інструктаж на сушы. Яны даведаліся, што такое дайвінг, як дыхаць пад вадой, што можна і нельга рабіць, як збіраць акваланг і дыхальныя апараты. “Ім расказалі, што яны будуць апускацца ў гіпербарычнае асяроддзе з высокім ціскам, дзе крыху мяняецца фізіка і фізіялогія, з’яўляюцца асаблівасці дыхання, — праінфармавала В.Назарава. — Асобную ўвагу ўдзялілі масцы, патлумачылі, што рабіць, каб яна не запацела, як вырашаць праблемы, якія могуць узнікнуць з ёй пад вадой. Але самае галоўнае — дыханне, бо ўдых і выдых робіцца праз рот, нос у масцы не дыхае, таму дыхаць трэба спакойна, не хвалюючыся, да таго ж дыханне нельга затрымліваць. Мы таксама навучылі школьніц, як кашляць пад вадой, як чысціць рэгулятар ад вады, калі раптам ён згубіцца, як “прадуваць” вушы, бо з-за высокага ціску воднага асяроддзя барабанная перапонка ў сярэднім вуху пачынае рухацца туды-сюды і трэба ўмець спраўляцца з гэтым, выраўноўваючы ціск у вушах”.
Усе школьнікі, якія атрымалі такія незвычайныя ўзнагароды, запомняць сваё апусканне пад ваду на ўсё жыццё. Сваімі ўражаннямі яны дзяліліся яшчэ некалькі дзён, успамінаючы ўсё новыя і новыя нюансы.
Калі знаёмыя пыталіся ў Ежэсіліі Завідавай, навошта ёй спатрэбілася праводзіць такое незвычайнае мерапрыемства, яна адказвала, што адчула ўнутраную патрэбу зрабіць гэта: “У жыцці штосьці трэба рабіць проста для душы і па поклічы сэрца. Калі сябры даведаліся пра маю ідэю, то з радасцю падтрымалі мяне, зразумеўшы маё памкненне, за што ім вялікі дзякуй. Вельмі хочацца, каб такіх нестандартных ініцыятыў, што ідуць ад сэрца, было як мага больш, тады і адукацыйны працэс будзе яшчэ больш цікавым, насычаным і запамінальным!”
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Е.Завідавай.