Першы крок у навуку

Сёння юныя эколагі Беларусі заявілі пра сябе надта гучна: заваёўваюць высокія ўзнагароды на конкурсах і алімпіядах эколага-біялагічнага профілю, актыўна робяць свае адкрыцці і вынаходкі, клапоцяцца пра родную прыроду. На жаль, часта, як толькі сціхаюць фанфары ў іх гонар, маладыя людзі губляюцца, іх даследаванні адкладвае або ўвогуле спыняе вучоба ў вышэйшых навучальных установах, нярэдка зусім не экалагічнага профілю. Так, бегучы ў школе па прыступках даследчыкаў, старшакласнікі часта не бачаць мосціка ў прафесію вучонага. У Мінску такім мосцікам павінен стаць праект “Першы крок у навуку”, які арганізоўваецца Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Мосцік у прафесію

А праклала гэты мосцік 5 гадоў назад Ірына Альбертаўна Максімава. Амаль 40 гадоў яна была навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пасля адзін год — загадчыкам сектара экалагічнага выхавання МДПДіМ, а з 2013 года жанчына з’яўляецца куратарам праграмы “Першы крок у навуку” ў кірунку біялагічных навук.


Праект аб’яднаў выхаванцаў палаца з шэрагам інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. У галіне біялогіі гэта навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча, Інстытут генетыкі і цыталогіі. Існуе праграма супрацоўніцтва і па іншых кірунках работы з навучэнцамі.

Адкрыты гурткі на базе лабараторый інстытутаў НАН Беларусі, дзе заняткі праводзяць не толькі маладыя навукоўцы, але масцітыя спецыялісты — кандыдаты і дактары навук. Прычым 4 гады назад гэта быў адзін гурток, а ў мінулым Годзе навукі ў біялагічным і экалагічным кірунку іх стала ажно дванаццаць: “Біяразнастайнасць: сістэматыка раслін”, “Батаніка: расліны ў жыцці чалавека”, “Батаніка: брыялогія”, “Урбаэкалогія: горад і мы”, “Юны генетык”, “Эксперыментальная энтамалогія”, “Свет рыб”, “Птушкі Беларусі” і інш.

— Мая праграма “Урбаэкалогія: горад і мы” была першай. Разам з дзецьмі мы па методыках, распрацаваных у Інстытуце эксперыментальнай батанікі, праводзілі экалагічны маніторынг прыроднага асяроддзя ў горадзе, вывучалі ўздзеянне супрацьгалалёдных рэагентаў на навакольнае асяроддзе, гарадскія дрэвы і кусты, выконвалі работы па біяіндыкацыі прыроднага асяроддзя Мінска і інш. Цяпер мы разам з нашымі навучэнцамі з сярэдняй школы № 126 Фрунзенскага раёна Мінска і іх настаўніцай біялогіі Ірынай Міхайлаўнай Новік робім экапашпарт гэтай школы, — расказвае Ірына Альбертаўна.


Дарэчы, усе гурткі бясплатныя, групы ў іх невялікія — да 6—8 чалавек. Па-першае, гэта больш эфектыўна, па-другое, у інстытутах НАН няма вялікіх памяшканняў ці вучэбных класаў, каб праводзіць заняткі з вялікай групай адначасова. Тым не менш навукоўцы з задавальненнем адгукаюцца на прапанову папрацаваць з дзецьмі ў лабараторыях і сур’ёзна ставяцца да такіх заняткаў. У навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсах 3 супрацоўнікі — загадчык лабараторыі іхтыялогіі В.К.Рызеўскі, супрацоўнік Беларускага цэнтра кальцавання птушак Н.В.Карліёнава і энтамолаг А.А.Семяняк — акрамя вочных заняткаў, па адной гадзіне ў тыдзень праводзяць анлайн-навучанне гурткоўцаў у Skype. Там жа ладзяцца анлайн-сустрэчы з замежнымі вучонымі. Рэгулярна праходзяць і нефармальныя вочныя сустрэчы з вядучымі навуковымі супрацоўнікамі, якія расказваюць пра сябе, пра сваю працу, пра свае даследаванні і іх ролю. Напрыклад, дзеці любяць сустракацца з Юрыем Рыгоравічам Гігеняком — адным з даследчыкаў Антарктыды, які вельмі цікавы ім як чалавек, як вучоны і як асоба.

Удзельнікі гуртка ўключаюцца ў розныя даследаванні, выконваюць практычныя і эксперыментальныя работы, праводзяць аналіз — удзельнічаюць ва ўсёй дзейнасці лабараторый, пасля чаго многія пішуць свае навуковыя працы. Не ўсе, вядома, але 30—40 працэнтаў прадстаўляюць вельмі цікавыя работы па розных кірунках. Напрыклад, зараз дзеці даследуюць мікракаланальнае развіццё бязвіруснай бульбы.

Гэта і ёсць прафарыентацыя. Нездарма дырэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук адзначыў, што згаданая праграма — тое звяно, якога не хапала ў прафарыентацыі і якое дазволіць загадзя, да паступлення, прымераць на сябе прафесію вучонага, каб, атрымаўшы адукацыю, упэўнена развіваць беларускую навуку. Цяпер праграму курыруе Прэзідыум НАН Беларусі.

І сапраўды, ужо некаторыя выхаванцы гурткоў атрымліваюць вышэйшую экалагічную адукацыю і плануюць потым працягнуць яе ў якасці вучоных. Аляксандр Ягела вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Ксенія Бондар — у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава БДУ. Хутка да іх далучыцца Ігнат Мурашка, які ў НАН займаецца з 7 класа і вучыцца ў профільным біялагічна-хімічным класе Ліцэя БДУ.

Вядома, навука не можа быць масавай, тым не менш, дзякуючы праграме, свае першыя крокі ў навуку штогод робяць усё больш і больш старшакласнікаў. У бягучым навучальным годзе, напрыклад, іх ужо каля 60 чалавек. Але, зразумела, не ўсе яны пойдуць далей…

— У навуцы не павінна быць шмат вучоных — куды важней, каб яны былі таленавітымі, улюбёнымі ў гэтую сферу дзейнасці, здольнымі рухаць яе і наша грамадства далей. Не сакрэт, што наша навука пастарэла, таму сёння задача — амаладзіць яе, знайсці для навукі новыя сілы, — гаворыць Ірына Альбертаўна.

Ад зімовых заняткаў да летняй школы

Многія юныя эколагі не спыняюць свой шлях у навуку і пасля апошняга майскага званка. Наадварот, летнія канікулы для іх — гарачая пара. Ужо тры гады на базе інстытутаў НАН Беларусі кожнае лета разгортваецца работа летняй школы “Першы крок у навуку”, ладзяцца выязныя летнія экалагічныя школы.

— У летняй школе мы стараемся сумясціць адпачынак дзяцей з навучаннем, таму арганізоўваем розныя адукацыйныя паездкі ў экалагічныя цэнтры, на аб’екты даследаванняў, вучэбныя факультэты, у даследчыя лабараторыі і цэнтры, профільныя музеі, Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — расказвае Ірына Альбертаўна. — У 2017 годзе ў межах работы летняй школы мы наведвалі рэгіянальны лясны адукацыйны экалагічны цэнтр “Парк Гарні” каля Ліды. Гэты парк унесены ў рэестр помнікаў прыроды Беларусі, і праект яго аднаўлення быў рэалізаваны Інстытутам эксперыментальнай батанікі і Лідскім лясгасам пры фінансавай падтрымцы ПРААН па праграме пераходу Беларусі да “зялёнай эканомікі”. Дзеці ўбачылі паркавыя насаджэнні, якім больш за 200 гадоў, прайшлі экалагічнай сцежкай, завіталі ў музей лясной справы, пчальнік і Дом пчол, убачылі, як працуе шышкасушылка пачатку мінулага стагоддзя, ацанілі драўляныя скульптуры персанажаў казак і былін і, самае галоўнае, пабывалі ў экалагічным класе, дзе для іх былі праведзены заняткі па вывучэнні флоры і фаўны Лідчыны.

Добры вопыт мы атрымалі падчас выязной летняй школы ў 2015 годзе. Тады навучэнцы правялі эколага-біялагічнае абследаванне поймы Іслачы і самой ракі пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча: У.М.Купрэвіча, С.С.Саўчука, М.С.Шабета, М.В.Ярмохіна, К.У.Майсейчык і А.П.Яцыны. Іслач цікавая тым, што ў ёй вельмі чыстая вада і там нават водзіцца ручаёвая фарэль, а мы падчас даследавання знайшлі яшчэ і новы для гэтага рэгіёна від — водны люцік. Па сабраных матэрыялах навучэнцы напісалі і абаранілі дзве навуковыя работы: па ўплыве падтаплення чорнаальховых лясоў бабрамі з выкарыстаннем дэндрахраналагічнага метаду даследавання і па ўплыве антрапагеннай і тэхнагеннай нагрузкі і распаўсюджвання інвазійных відаў раслін на эколага-біялагічны стан расліннасці поймы ракі Іслачы. На наступны год свае даследаванні мы працягнулі ў профільным экалагічным атрадзе летняга лагера “Мінчане” на базе адпачынку “Галактыка” таксама з удзелам супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук.

Канферэнцыі без канкурэнцыі

Усе гэтыя заняткі, што праводзяцца ў розных формах, дапамагаюць навучэнцам зрабіць выбар навуковага кірунку, які яны хацелі б вывучаць глыбей і ў якім змаглі б паспрабаваць свае сілы падчас напісання даследчай работы, выступіць з ёй на навуковай канферэнцыі, перад кіраўніцтвам НАН Беларусі. Але такое імкненне мае і мінусы.

— Гэтыя конкурсы, канферэнцыі вельмі важныя для дзяцей, аднак вострая канкурэнцыя за прызавыя месцы скажае матывацыю да заняткаў падчас праекта, — гаворыць Ірына Альбертаўна. — Таму мы хочам стварыць навуковае таварыства навучэнцаў, якое, на наш погляд, дазволіць расставіць іншыя акцэнты ў арганізацыі даследчай дзейнасці школьнікаў, паспрыяе больш цеснаму ўзаемадзеянню настаўнікаў-прадметнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі і вучоных акадэміі. У нас ужо ёсць ідэі наконт яго дзейнасці. Спачатку мы хочам сабраць інфармацыю па помніках прыроды малой радзімы: гэта і дрэвы, і валуны, і крыніцы. Гэта будзе летнім заданнем для гурткоўцаў, якія на канікулах паедуць да сваіх бабуль і дзядуляў у вёску. А вясной мы рыхтуемся правесці канферэнцыю навучэнцаў “Новыя прафесіі — новыя ідэі”. Акрамя таго, мы ствараем маладзёжны клуб экалагічных ініцыятыў.

І няхай не ўсе нашы выпускнікі выберуць прафесію вучонага-даследчыка, але кожны ўдзельнік праекта зможа паспяхова прымяніць у жыцці тыя прынцыпы і падыходы, якім яго навучылі ў праекце “Першы крок у навуку”, і стане вопытнай экалагічна арыентаванай асобай. А гэта значыць, што мы працавалі недарма.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва І.А.Максімавай.