Першы раз у “зялёны клас”

У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Надзея” прайшла першая ў Беларусі летняя экалагічная змена ў рамках праекта “Зялёныя школы”. Першапраходцамі сталі 150 чалавек — 140 дзяцей і 10 педагогаў з устаноў адукацыі, якія маюць статус “зялёная школа” або ажыццяўляюць дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнага экалагічнага праекта “Зялёныя школы”. У дзень адкрытых дзвярэй у лагеры прайшло адкрыццё “зялёнага класа”, куды былі запрошаны адміністрацыя Вілейскага раёна, замежныя эксперты, прадстаўнікі Еўрасаюза і праграмы развіцця ААН, а таксама журналісты.

“Птушыныя” заняткі.

З грунтоўнай падтрымкай

Распрацоўка і ўкараненне праграмы “Зялёных школ” у Беларусі сталі магчымымі дзякуючы сумесным намаганням Еўрапейскага саюза, ПРААН, Міністэрства аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Унікальнасць праграмы “Зялёныя школы” ў Беларусі ў тым, што яна ўключае пяць дакладна вызначаных кірункаў з наборам заданняў, складзеных з улікам экалагічных праблем і пытанняў, якія вырашаюцца ў нашай краіне. Толькі выканаўшы гэтыя заданні школа можа атрымаць “зялёны” сертыфікат.

Першыя 47 такіх сертыфікатаў былі выдадзены яшчэ ў 2013 годзе школам у Мастах, Кобрыне, Мёрах і Шаркаўшчыне. Дзякуючы праекту “Экаманіторынг”, які пачаў падтрымку “зялёных школ” у 2018 годзе, гэты рух атрымаў новы магутны імпульс і яшчэ каля 150 школ знаходзяцца на шляху да згаданага сертыфіката. Навучэнцы большасці гэтых устаноў і сустрэліся ў цэнтры “Надзея”.

Выступаючы перад юнымі эколагамі, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга адзначыла: “Усім вядомы такі выраз: “молада — зелена”. І сёння ён набывае канкрэтны змест і сэнс, таму што менавіта вам, дзецям, падрастаючаму пакаленню, мы давяраем будучыню планеты і нашай краіны!”

Кацярына Кузняцова, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, звярнулася да сваіх юных калег так: “Мне хацелася б вам сказаць, што вы з’яўляецеся прадаўжальнікамі даўніх добрых традыцый, але не магу: мы, наша пакаленне, не пакідаем вам планету ў ідэальным стане. Мы часта лічылі, што прыродныя рэсурсы бясконцыя, часам празмерна. Мы адносімся да карыстання прыроднымі рэсурсамі недастаткова рацыянальна, недастаткова разумна, і мая галоўная надзея, што менавіта вы станеце тым першым пакаленнем, для якога будзе відавочна, што батарэйкі нельга выкідваць на сметнік, для якога ідэя траціць нафту на вытворчасць пластыкавай шклянкі, якую потым немагчыма ўтылізаваць, будзе накшталт шаленства іспанскай інквізіцыі. Я вельмі спадзяюся, што магчымасці, дадзеныя вам праектам “Зялёныя школы”, не будуць абмяжоўвацца адпачынкам і асалодай ад чыстага паветра, а адзначацца таксама завязваннем новых знаёмстваў. І ўпэўнена, што некалі хтосьці з вас, седзячы ў крэсле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, атрымае прапанову ад губернатара Брэсцкай вобласці сумесна са старшынёй буйной грамадскай экалагічнай арганізацыі рэалізаваць праект па ахове вады. І вы ўспомніце, што разам пачыналі справу менавіта тут, у “Надзеі”. Таму трымайце гэтую справу надзейна, бо менавіта ў вашых руках — будучыня нашай планеты”.

Пра фруктовыя батарэйкі і пакаёвае сонца

Пасля кароткай цырымоніі перарэзвання стужачкі ў новым рэсурным цэнтры можна было азнаёміцца з яго аснашчэннем. Інтэр­актыўную экскурсію правяла Марына Мельнікава, настаўніца біялогіі і хіміі Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця. Ва ўтульным памяшканні размясціліся разнастайныя прыборы: гальванічны элемент, з дапамогай якога можна вымераць узровень сваёй жыццёвай энергіі, рухавік Стырлінга (прататып рухавіка ўнутранага згарання). Тут жа батарэйка, што працуе ад фруктаў, дакладней, ад атрыманай ад іх электраэнергіі. Аказваецца, энергіі, атрыманай з вазы фруктаў, асабліва цытрусавых, хопіць, каб зарадзіць электронны гадзіннік. Невялікая сонечная батарэя дэманструе перавагі сонцакарыстання, а ветрагенератар паказвае, як вецер выпрацоўвае энергію. Адзін з самых цікавых прыбораў вымярае тэмпературу, вільготнасць і ўзровень вуглякіслага газу ў памяшканні, а таксама радыяцыйную забруджанасць, ступень асветленасці, сілу гукавой хвалі і інш.

Чысціню паветра вызначаюць лішайнікі.

Акрамя ўсіх гэтых тэхнічных прыстасаванняў, у класе ёсць неабходная метадычная літаратура, планшэты для работы. Тут зручная мэбля і створаны камфортныя ўмовы, у тым ліку для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паведаміла Лідзія Слуцкая, вядучы спецыяліст па праектах і экалагічным менеджменце дзіцячага цэнтра “Надзея”, у “зялёным класе” змогуць займацца не толькі навучэнцы экалагічных летніх змен, але і ўсе тыя, хто будзе прыязджаць на аздараўленне ў лагер на працягу года. Такім чынам, азнаёміцца з дзейнасцю “зялёных школ” змогуць дзеці ўсёй рэспублікі. Традыцыйна гэта 14 змен і ў кожнай па 310 дзяцей.

Інтэрактыўны інтэнсіў

Хоць афіцыйнае адкрыццё “зялёнага класа” адбылося толькі цяпер, работа ў экалагічным кірунку тут вялася ўвесь апошні навучальны год. Так, з верасня мінулага года ў лагеры прайшло больш за 178 заняткаў па тэмах, звязаных з біяразнастайнасцю, энергазберажэннем, зборам адходаў, макулатуры, накрывак і інш. Шмат было зроблена і за дні, праведзеныя ў лагеры: падлеткі ўдзель­нічалі ў інтэрактыўных гульнях, хадзілі на экскурсіі, праводзілі доследы, выконвалі заданні па экалагічным маніторынгу, вывучэнні спосабаў захавання і павелічэння біяразнастайнасці, энерга- і водазберажэння, аналізавалі крыніцы ўтварэння адходаў, даведваліся пра спосабы перапрацоўкі і другаснага выкарыстання і г.д.

Адметнасць праграмы “Зялёных школ” — у практыка-арыентаванасці. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас наведвання інтэр­актыўных пляцовак, якія разгарнуліся на базе адпачынку “Вілія”. Усяго іх было шэсц­ь: “Водазберажэнне”, “Энергазберажэнне”,
“Біяразнастайнасць”, “Абыходжанне з адходамі”, “Якасць атмасфернага паветра” і“Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыем­ствы па рабоце з мясцовым насельніцтвам”. Гэтыя лакацыі дапамаглі арганізаваць партнёры з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Цэнтра экалагічных рашэнняў, Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапартнёрства” і Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ і інш.

Фруктовая батарэйка.

Так, на пляцоўцы “Водазберажэнне” мы даведаліся, якую ваду піць можна, а якую лепш пакінуць для гаспадарчых патрэб, якая дапушчальная норма нітрытаў, нітратаў і фасфатаў у пітной вадзе. Юныя эколагі расказалі, што з кожным годам павялічваецца колькасць людзей з алергіяй. Адной з прычын гэтага з’яўляецца наяўнасць у касметычных сродках і бытавой хіміі фасфатаў — хімічных злучэнняў, якія, трапляючы на скуру, могуць выклікаць лушчэнне і сверб. Акрамя таго, гэтыя рэчывы зніжаюць імунітэт і парушаюць работу нервовай сістэмы. Пазбягаць негатыўных уздзеянняў можна, уважліва выбіраючы тавары ў магазінах і не купляючы тыя, у складзе якіх ёсць фасфаты.

На адной з пляцовак прапаноўваўся квест па сартаванні смецця. Яго ўдзельнікі, трапіўшы ў імправізаваны магазін, павінны былі выбраць самыя экалагічныя тавары і расказаць, як правільна ўтылізаваць упакоўку ад тых тавараў, што засталіся на паліцах.

Асаблівай папулярнасцю карысталася пляцоўка “Якасць атмасфернага паветра”. Яе кіраўнік Аляксей Ра­дзько, настаўнік хіміі і біялогіі гімназіі № 19 Мінска, інструктар у галіне адукацыі па якасці атмасфернага паветра, прапанаваў ацаніць чысціню паветра праз ліхенаіндыкацыю — методыку ацэнкі ступені забру­джвання паветра з дапамогай лішайнікаў.

“Найбольшую адчувальнасць да паветранага забруджвання маюць эпіфіты — лішайнікі, якія растуць на кары дрэў, таму яны размяшчаюцца толькі там, дзе чыстае паветра. Мы з дзецьмі даследавалі лясы ў межах нашага лагера і вызначылі, што там сустракаюцца тры віды лішайнікаў, а гэта значыць, што з паветрам у гэтых лясах усё ў парадку, — расказаў педагог. — Але далей ад лагера і бліжэй да шашы колькасць відаў зніжаецца да двух ці ўвогуле да аднаго. Асабліва неспрыяльная сітуацыя, калі сустракаецца толькі накіпны лішайнік. Ён быццам пакрыты пылком, таму вельмі ўстойлівы да злучэнняў вуглякіслага газу, злучэнняў азоту, серы. Перад дзецьмі паўстае пытанне: што ж з гэтым рабіць? І яны адказваюць: альбо пераходзіць на электрамабілі, альбо саджаць больш дрэў побач з дарогамі”.

На станцыі “Біяразнастайнасць” дзеці разам з выхавальнікам Аляксандрам Страчуком вывучалі птушак, жывёл, насякомых, а таксама расліны. Аляксандр Сяргеевіч — педагог дадатковай адукацыі Кобрынскага эколага-біялагічнага цэнтра. Хоць ён спецыялізуецца на арніталогіі, вывучае разам з дзецьмі таксама расліны, грыбы, жывёл і насякомых, у тым ліку ў рамках праграмы курса “Зялёныя школы”. Амаль усе яго навучэнцы, нават тыя, якія спачатку даволі абыякава ставіліся да профілю гуртка, звязалі сваё прафесійнае жыццё з экалогіяй, медыцынай, ветэрынарыяй, аграноміяй і інш.

На пляцоўцы “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовым насельніцтвам” размова ішла аб праблемах чалавецтва, якія сёння, магчыма, і падаюцца нязначнымі, але некалі стануць глабальнымі: праблема смецця, парніковыя выкіды, забруджаныя лясы.

Так, усе жадаючыя паўдзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях і экскурсіях, даследаваннях і дыскусіях, цікавых заданнях па экалагічным маніторынгу, вывучэнні спосабаў захавання і павелічэння біяразнастайнасці; азнаёміліся з прыёмамі энерга- і водазберажэння, з аналізам крыніц утварэння адходаў, вызначэннем спосабаў іх мінімізацыі, пера­працоўкай і другасным выкарыстаннем і г.д.

Шукаем фасфаты ў касметыцы.

Аляксандра Махаева з Гомеля ўпершыню трапіла ў “Надзею” дзякуючы сваёй насычанай экалагічнай дзейнасці. Дзяўчына перайшла ў 10 клас хіміка-біялагічнага профілю і марыць у будучыні стаць эколагам, бо ўпэўнена, што гэта адна з самых неабходных прафесій у свеце.

 “У абласным экалагічным цэнтры мы займаемся гідрабіялогіяй, батанікай, рыхтуем даследчыя работы па экалогіі горада, выступаем на навуковых канферэнцыях. Мне падабаецца стыль выкладання: тут мінімум тэорыі, а максімум практыкі, мы актыўна здымаем відэаролікі і размяшчаем іх у сацсетках”, — расказала дзяўчына.

Такая ж змена распачнецца днямі ў “Зубраняці”. Яшчэ адна, толькі з меншай колькасцю дзяцей, пройдзе ў “Надзеі” ў жніўні. Арганізатары спадзяюцца, што яны паспрыяюць больш адказнаму стаўленню да прыроды з боку кожнага, хто атрымаў такое “зялёнае” выхаванне.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.