Поспех любіць настойлівых

Праект па вырабе паперы з трыснягу ZNOVA гімназіі № 1 Зэльвы стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу лепшых стартапаў і бізнес-ідэй у галіне экалогіі BelarusGreenAwards 2020. Конкурс прайшоў упершыню ў Беларусі і галоўнай мэтай ставіў выяўленне лепшых бізнес-ідэй экалагічнай тэматыкі, якія спрыяюць паляпшэнню экалогіі, зніжэнню негатыўнага ўздзеяння на здароўе і павышэнню якасці жыцця насельніцтва. Арганізатарамі конкурсу выступілі ТАА “Пас Тэр Нак”, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”.

Праект ZNOVA гімназіі № 1 Зэльвы, дзе ўжо другі год займаюцца вырабам паперы з трыснягу, заняў 1-е месца і атрымаў галоўны прыз конкурсу — 30 тысяч рублёў ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. 2-е месца конкурсу і сертыфікат у памеры 25 тысяч рублёў ад бізнес-інкубатара “З намі будучыня” дасталася ўдзель­нікам з Мінска за праект “Сіці-ферма Ogorod”. 3-е месца і 10 тысяч рублёў ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь журы прысудзіла IT-праекту “Е3” па стварэнні і развіцці экалагічнага электроннага дакументаабароту, які таксама прэзентавалі мінчане. Праект “Адходы ў даходы” ад удзельнікаў з Пінска, які ўяўляе сабой стварэнне цыклічнай эканомікі за кошт развядзення дажджавых чарвякоў, атрымаў спецыяльны прыз для ўдзельнікаў з Брэста і Брэсцкай вобласці. Усе 7 фіналістаў атрымалі дадатковую прэмію ў памеры 4 тысяч беларускіх рублёў ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

“Удача любіць настойлівых” — вядомы ўсім выраз стаў як ніколі актуальным на фінале для мяне, кіраўніка праекта. Каманда праекта прымала ўдзел і выйшла ў фінал конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend 13. Мы не атрымалі галоўнага прыза, але і не ў ім была справа. Каманда знайшла падтрымку ў выглядзе гадавога бясплатнага хостынгу ад Hoster.by. Ад конкурсу Social Weekend быў атрыманы вопыт, веды, а галоўнае — жаданне працягваць ажыццяў­ляць сваю мару і не спыняцца. Пасля заканчэння 13-га сезона конкурсу Social Weekend наша дзей­насць не спынілася. У школе адкрылася вучнёўская бізнес-кампанія. Ідэя была наступнай: школьнікі — гэта нашы будучыя маладыя спецыялісты, якія павінны вяртацца на сваю малую ра­дзіму і рабіць яе лепшай. Калі мы навучым дзяцей, як зарабляць на сваёй малой радзіме і не наносіць пры гэтым шкоды прыродзе, то выхаваем экалагічна дасведчанага прадпрымальніка.

Самым складаным на той момант было зварыць трыснёг. Бо няма зручнага абсталявання і майстэрні, дзе можна сабрацца і ўсе працэсы рабіць разам. Таму летась наша каманда пад кіраўніцтвам К.А.Багдановіч, педагога-псіхолага нашай школы, прыняла ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным інавацыйным праек­це “100 ідэй для Беларусі” і зноў выйшла ў фінал. Тады фінансавання мы не атрымалі, але праект падтрымалі на абласным этапе конкурсу, і мы змаглі купіць невялікую частку абсталявання.

У гэтым навучальным годзе школьная бізнес-кампанія працяг­ваецца пад маім куратарствам і куратарствам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Т.Т.Найдэр. Каманда абнавілася новымі ўдзель­нікамі з ліку гімназістаў: кіраўніком (Кірыл Шышко) і яго намеснікам (Дар’я Кіцун), дызайнерамі, піяршчыкамі, майстрамі па вырабе паперы, спецыялістамі па зборы і перапрацоўцы сыравіны, мене­джарамі і канструктарамі сайта. Усяму гэтаму яны вучацца адно ў аднаго: збіраць трыснёг па берагах рэк, наразаць яго, варыць, прамываць, ліць і сушыць паперу.

З паперы мы ствараем паштоўкі, магніты, саму паперу. Прасоўваем вырабы праз сайт znova.by, дорым іх, але па большай частцы прадаём на дабрачынных кірмашах да свят. Папера ідэальна падыхо­дзіць для вырабу пакетаў, аднаразовага посуду. Пакуль мы робім пакеты ўручную, а гэта затратна па часе, таму нявыгадна. Пасля конкурсу мы атрымалі фінансаванне ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і магчымасць закупіць абсталяванне і адкрыць майстэрню. А гэта значыць, што прасоўванне ідэі для роднай прыроды па выкарыстанні трыснягу для атрымання экалагічнай паперы ажыццяўляецца невялікімі крокамі самімі школьнікамі. Гэта важна не толькі для прасоўвання самой ідэі, але і для выхавання падрастаючага пакалення, таму што ставіць у прыярытэт экалагічны аспект вядзення бізнесу.

Наталля ГРОМ,
настаўніца хіміі і англійскай мовы гімназіі № 1 Зэльвы.