Профі за 10 дзён

“Вясёлка”, “Сонейка”, “Непаседы” — амаль у кожнай школе для навучэнцаў працуе летні лагер дзённага знаходжання з такімі і падобнымі назвамі, па якіх адразу разумееш, што разлічаны яны на малодшых школьнікаў, узрост якіх абмяжоўваецца звычайна 11—14 гадамі. Старшакласнікаў прышкольныя лагеры не прывабліваюць. А ёсць і такія навучэнцы, якія наўмысна пазбягаюць любых лагераў (яны становяцца для іх сінонімам нагляду з боку дарослых) і напоўніцу і не заўсёды з карысцю выкарыстоўваюць летнюю свабоду. У адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска паспрабавалі знайсці кампраміс і прапанавалі такім падлеткам удзел у 10-дзённых летніх школьных праектах.

Аб’ядноўваючы выхаваўчыя рэсурсы

Намеснік старшыні адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Віталь Пятровіч Брэль уважліва сочыць за школьнымі падзеямі: “На сёння ў нашым раёне працуюць рэсурсныя цэнтры па выхаваўчай рабоце ў розных кірунках: на базе сярэдняй школы № 83 імя Г.К.Жукава — у кірунку грамадзянска-патрыятычнага выхавання, у сярэдняй школе № 207 — у кірунку эстэтычнага выхавання, у сярэдняй школе № 208 — фарміравання культуры бяспечнай жыццядзейнасці, у 161-й школе — развіцця лідарскіх якасцей, у 205-й — прававой і фінансавай дасведчанасці. І мы разам з педагогамі школ падумалі, чаму б не задзейнічаць гэтыя рэсурсныя цэнтры як пляцоўкі, на якіх падлеткі асвоілі б пэўныя цікавыя для сябе ўменні і навыкі. Калі школы заявіліся як рэсурсныя цэнтры, калі яны распрацоўваюць і ўкараняюць свае выхаваўчыя праграмы, дарэчы, патэнцыял якіх, як правіла, значна вышэйшы, чым у іншых школах, калі знаходзяць інавацыі ў прывычных кірунках, то чаму б не выкарыстоўваць гэта на карысць дзецям без перапынку на канікулы? Прычым не толькі на летніх канікулах, а на ўсіх на працягу года.


Галоўныя ўдзельнікі гэтых праграм — дзеці найбольш уразлівых, падуліковых катэгорый. Праграмы мы ўжо апрабавалі на вясенніх канікулах, дапрацаваўшы, рэалізоўваем і цяпер. Ва ўсіх школах 10-дзённыя праграмы пачаліся 12 чэрвеня. Пасля іх завяршэння мы разам са спецыялістамі ўпраўлення адукацыі адміністрацыі будзем наведваць выніковыя мерапрыемствы, каб зразумець, наколькі запатрабаваны падлеткамі такія кароткачасовыя праграмы і як нам рухацца далей”.

Яшчэ напрыканцы вясны ўсе школы прэзентавалі свае летнія праграмы школьнікам раёна, каб тыя змаглі выбраць цікавы для іх кірунак. Так утварылася некалькі змешаных профільных каманд.

Бізнес-канікулы з водарам піцы

Так, у сярэдняй школе № 205 штодзень на 2—3 гадзіны збіраюцца 15 юнакоў і дзяўчат са школ усяго раёна, каб паспрабаваць сябе ў ролі прадпрымальнікаў у межах праекта “Бізнес-канікулы”.

Як расказала Н.С.Толмач, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы, за дзесяць дзён дзеці пазнаёмяцца з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці, наведаюць прадпрыемствы раёна. Як вынік — прадставяць свой бізнес-праект па адкрыцці піцэрыі ці кафэ.


Удзельнікі ўпэўнены, што навыкі, якія яны атрымаюць падчас праекта, могуць спатрэбіцца ім у жыцці. Калі для дзяўчат такі праект — магчымасць папоўніць свае кулінарныя кнігі, то, напрыклад, Павел Астраух, 9-класнік з сярэдняй школы № 206, які лепш упраўляецца не з міксерам, а са шрубавёртам, ставіць перад сабой больш прагматычныя мэты.

“Я хацеў бы ў будучыні адкрыць майстэрню па рамонце машын, — гаворыць хлопец, — таму даведацца пра ўсе тонкасці, як адкрыць бізнес, як мінімізаваць рызыкі, як пабудаваць эфектыўную работу каманды, вельмі дарэчы”.

Ксенія Казачэнка, навучэнка сярэдняй школы № 215, марыць у будучыні спалучыць сваю любоў да замежных моў і да парадку ў дакументах: “Тэма праекта крыху звязана, спадзяюся, з маёй будучай прафесіяй і спатрэбіцца ў жыцці. Я хачу асвойваць спецыяльнасць сакратара-рэферэнта ў лінгвагуманітарным каледжы пры МДЛУ, таму мяне цікавіць арганізацыя работы з дакументамі, мне цікава загадзя ў гэта акунуцца”.

“Каб збалансаваць тэарэтычную інфармацыю і практычныя заняткі, кожны дзень уключае ў сябе групавыя мерапрыемствы розных фарматаў: майстар-класы, дзелавыя гульні, трэнінгі, самапрэзентацыі, анкетаванне, практычныя заняткі, тэматычныя экскурсіі, — гаворыць Наталля Станіславаўна Толмач. — Удзел у праекце — гэта магчымасць для навучэнцаў прайграць розныя жыццёвыя сітуацыі, паспрабаваць самастойна прымаць рашэнні, памыляцца і вучыцца на сваіх памылках. Кошт памылкі ў гульні неістотны ў адрозненне ад жыцця, дзе ён можа быць вельмі вялікім, калі мы гаворым аб фінансах. Зробленыя высновы і набытыя веды і ўменні застануцца з дзецьмі, пасля ўдзелу ў праекце “Бізнес-канікулы” яны змогуць больш эфектыўна кіраваць сваімі фінансамі”.

За 10 дзён старшакласнікі акунуцца ў гісторыю грошай, даведаюцца аб прававым рэгуляванні бізнесу, правядуць маркетынгавы аналіз, навучацца суадносіць попыт і прапанаванне. Падчас экскурсіі ў магазін пазнаёмяцца з сістэмай работы гандлёвай арганізацыі, у банку даведаюцца, як інвеставаць грошы і будаваць уласны бізнес, на хлебазаводзе ўбачаць, як пячэцца хлеб, ацэняць смак свежай здобы. На практычных занятках “Будуем свой бізнес” юныя прадпрымальнікі распрацуюць свой брэнд, павучацца рабіць рэкламу сваёй прадукцыі. Лепшых піцаёла напрыканцы праекта вызначыць кулінарны паядынак, падчас якога юнакі і дзяўчаты прадставяць на дэгустацыю журы і гасцям піцу, выпечаную імі па розных рэцэптах.

“Хачу на сцэну!”

Такую назву атрымаў праект рэсурснага цэнтра эстэтычнага выхавання сярэдняй школы № 207. Па задуме арганізатараў, педагогаў школы, такую амбіцыйную мару напрыканцы 10 творчых дзён змогуць рэалізаваць тыя, хто ніколі раней не займаўся музыкай, таму на кастынг сюды можна было ісці без хвалявання і рызыкі адсеяцца.


Як запэўніў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Віталь Уладзіміравіч Васілеўскі, майстар-класы па вакальным, харэаграфічным, акцёрскім, музычным, выяўленчым майстэрстве, індывідуальная работа з дзецьмі па гэтых кірунках зробяць сваю справу. Выніковы гала-канцэрт дакажа гледачам і, галоўнае, самім артыстам, што пры жаданні развівацца немагчымага няма.

Роў матораў, у твар — вецер

Сярэдняя школа № 208 ужо некалькі гадоў з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па выхаваўчай рабоце ў кірунку фарміравання культуры бяспечнай жыццядзейнасці. Трэці год на базе гэтай школы працуе цэнтр бяспечнасці дарожнага руху ў Маскоўскім раёне. У ім дзеці пад кіраўніцтвам інспектараў ДАІ і педагогаў і з выкарыстаннем новых форм і метадаў работы, напрыклад, камп’ютарных гульняў і трэнажораў, вывучаюць правілы дарожнага руху. Але на гэты раз падчас праграмы дзеці навучацца быць не пешаходамі, а менавіта вадзіцелямі. Усяго за руль папрасіліся 10 падлеткаў, з іх 7 — дзяўчаты.


“Наша праграма разлічана на падлеткаў 15—17 гадоў як перападрыхтоўка да навучання вадзіцеляў, — гаворыць Вольга Леанідаўна Паршына, кіраўнік рэсурснага цэнтра і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы. — Потым удзельнікі праекта здадуць тэсціраванне і згодна з нашай дамоўленасцю з ДТСААФ Маскоўскага раёна пройдуць там навучанне ваджэнню. Заняткі напоўняцца майстар-класамі па ваджэнні картынга, матацыкла і аўтамабіля. А напрыканцы праекта дзеці атрымаюць сертыфікаты аб тым, што яны прайшлі праграму “Я — будучы вадзіцель”.

Акрамя таго, дзеці навучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, навучацца ў сучасным фармаце прапагандаваць выкананне правіл дарожнага руху сярод равеснікаў. Плануецца, што па выніках праграмы будзе створана агітбрыгада “Дарожны патруль”.

Патрыёты, лідары і інтэрактыў

Сярэдняя школа № 83 імя Г.К.Жукава на працягу праекта прадэманструе варыянты грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў інтэрактыўнай форме. Так, у межах праграмы старшакласнікі ўжо правялі гістарычныя даследаванні ў музеі сваёй школы і ролевыя гульні і інтэрактыўныя заняткі ў іншых школах раёна, падчас трэнінгу “Бежанцы і мігранты” навучыліся наладжваць міжэтнічныя зносіны, знаходзіць агульную мову з чалавекам, нават без ведання яго мовы. Дыспуты, практычныя і інтэрактыўныя заняткі, у тым ліку па журналістыцы, квесты, гульні, цікавыя сустрэчы — усё гэта напоўніла летнія дні старшакласнікаў.

Адкрыць лідарскія якасці ў любога жадаючага выклікалася сярэдняя школа № 161. Каб дапамагчы паверыць у сябе і свае сілы, з удзельнікамі праграмы працуе каманда педагогаў-псіхолагаў і педагогаў-арганізатараў.
Улічваючы, што ўсе праграмы разлічаны на невялікія групы (па 8—10 чалавек) і ў іх не змаглі трапіць усе жадаючыя, амаль усе яны паўторацца і ў жніўні.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.