Прышкольнае Лета

Нарэшце, яно прыйшло, наша любімае і доўгачаканае лета! Нават некалькі прахалодных дзён, не характэрных для гэтай пары года, не сапсавалі настрою ад радаснай сустрэчы. Хочаш — адпачывай з сябрамі ў палатках, хочаш — бяры вуду і адпраўляйся на рэчку, хочаш — збірай сумку, бяры квіткі на самалёт — і наперад, да шумлівага марскога прыбою. Усё гэта абавязкова будзе, але крыху потым. Пакуль што на календары чэрвень, а чэрвень — гэта месяц прышкольнага адпачынку.


Прышкольны летнік — гэта сумна. Прышкольны летнік — гэта нецікава. Прышкольны летнік — гэта аднастайныя мерапрыемствы. Вам даводзілася чуць такія словы ад калег або бацькоў? Не верце. Усё гэта выдумкі. Сумным бывае наш настрой, наша стаўленне да жыцця, наша адсутнасць аптымізму. Прышкольны летнік — гэта класна! Прышкольны летнік — гэта цікава! Прышкольны летнік — гэта яркія разнастайныя мерапрыемствы! Менавіта так скажуць пра першыя дні летніх канікул тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачываюць у тым ліку ў летніках пры сярэдняй школе № 34 Мінска, Пятрэвіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна, сярэдняй школе № 4 Магілёва, Кватарскім яслях-садзе — базавай школе Бераставіцкага раёна, Пагосцкім дзіцячым садзе — базавай школе Вілейскага раёна, Каўпеніцкай базавай школе Баранавіцкага раёна, сярэдняй школе № 1 Лёзна, гімназіі № 41 Мінска, сярэдняй школе № 5 Пружан. У гэтыя ўстановы адукацыі мы завітаем на старонках выхаваўчага дадатку “Шосты дзень”.


Спадзяёмся, газетнае падарожжа па прышкольных летніках будзе захапляльным. Калі ў вас і былі сумненні наконт таго, ці цікава ў прышкольным летніку, то завочнае знаёмства з вопытам работы калег пераканае, што прышкольны летнік — гэта класна! Прышкольны летнік — гэта цікава! Прышкольны летнік — гэта яркая часцінка нашага любімага і доўгачаканага лета.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.