Выраз “дзень адкрытых дзвярэй” для навучэнцаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Маскоўскага раёна Мінска набыў новае значэнне. За час маштабнай рэканструкцыі ўстановы па дзіцячых галасах і звонкім смеху тут паспелі засумаваць. І вось 9 верасня ў межах Рэспубліканскага тыдня “Ранак” нарэшце адчыніў свае дзверы.
Чырвоную стужку на ўваходзе перарэзалі кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Іваноў, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка і дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Наталля Шаўчэнка. Ключ ад будынка кіраўніку цэнтра “Ранак” уручыў генеральны дырэктар ААТ “Мінскрамбуд” Уладзімір Баешка.
Госці пазнаёміліся з абсталяванымі па апошнім слове тэхнікі вучэбнымі кабінетамі (выяўленчага мастацтва, тэхнічнай творчасці, керамікі, дызайну і моды, робататэхнікі, лінгафонным), заламі змешаных адзінаборстваў, мастацкай гімнастыкі і харэаграфіі, канцэртнай залай на 360 месцаў, абсталяванай сучаснай гукавой і светлавой апаратурай, стадыёнам і спартыўнымі пляцоўкамі. Сучаснай тэхнікай абсталяваны камп’ютарныя класы, адрамантаваны спартыўныя залы, кабінеты керамікі, тэхнічнай творчасці, картынга і інш.
Рэстаўрацыйныя работы закранулі не толькі асноўны будынак. Спартыўныя здольнасці дзеці будуць цяпер разві-ваць на шматфункцыянальных пляцоўках для валейбола, баскетбола і варкаўта. Прыемным падарункам стаў і новы стадыён для хакея на траве з прафесійным пакрыццём. Валерый Іваноў, які з’яўляецца яшчэ і старшынёй назіральнага савета ГА “Беларуская федэрацыя хакея на траве”, павіншаваў гаспадароў з наваселлем і выказаў надзею, што цяпер “Ранак”, у тым ліку дзякуючы новаму стадыёну для хакея на траве, будзе самай люднай установай раёна і адной з самых папулярных у горадзе.
— З гульнявых відаў спорту хакей на траве — адзін з самых даступных, простых, але і самых выніковых. Я думаю, гэты стадыён стане яшчэ адным крокам у развіцці горада і гэтага віду спорту, — адзначыў ён.
Цяпер стадыён можа пры-маць юніёрскія спартыўныя чэмпіянаты еўрапейскага ўзроўню. Акрамя таго, як адзначыла дырэк-тар “Ранку” Наталля Шаўчэнка, займацца спортам тут змогуць не толькі дзеці, але і ўсе жадаючыя жыхары суседніх дамоў.
— У цэнтры “Ранак” 487 аб’яд-нанняў па інтарэсах, але думаю, што іх колькасць будзе павялічвацца. Гэта дазваляе нашым дзецям гарманічна развівацца, адкрывае ім дарогу ў будучыню, таму рэканструкцыя такога выдатнага цэнтра дадатковай адукацыі — вялікі падарунак для раёна.
Асабліва актуальным стала адкрыццё актавай залы на 360 пасадачных месцаў, якая спраектавана і пабудавана падчас рэканструкцыі. Зала аснашчана сучасным лічбавым экранам, гукавым і светлавым абсталяваннем, што дазволіць праводзіць яшчэ больш творчых мерапрыемстваў, — адзначыла кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка.
Дзякуючы сонечнаму надвор’ю, многія інтэрактыўныя пляцоўкі збіралі дзяцей прама ў двары цэнтра. Тут можна было паспрабаваць сябе ў розных відах творчасці: дзеці майстравалі, вышывалі, малявалі, пагружаліся ў свет інфармацыйных тэхналогій, не выпускалі з рук хатніх гадаванцаў з жывога кутка, адточвалі гімнастычныя і танцавальныя рухі і спартыўныя ўдары на татамі.
Ілья Лужынскі, трэнер па рукапашным баі, гаворыць:
— Я другі год працую тут як малады спецыяліст. На базе “Ранку” наш клуб дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў. У нас ужо ёсць чэмпіёны свету, прызёры чэмпіянатаў свету па змешаных адзінаборствах, па рукапашным баі. У нас зараджаны склад, асабліва ў старэйшых камандах, таму ўпэўнены, што перспектывы з адкрыццём цэнтра ў нас толькі павялічацца.
Цэлая чародка дзяўчат сабралася каля мабільнага міні-заапарка, каб пакарміць труса ці маньчжурскага хамяка. Галіна Мамчур, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Мурляндзія”, працуе па ўласнай тэхналогіі, мае прэмію Мінгарвынкама за ўклад у экалагічную адукацыю дзяцей. Яе галоўная ідэя ў тым, што экалогію трэба вывучаць не ў тэорыі, а толькі на практыцы. У гэтым якраз і дапамагаюць зносіны з жывёламі. Сёння ў яе гаспадарцы 16 птушак, у тым ліку рэдкія віды папугаяў, больш за 20 грызуноў, трытоны, шпорцавыя жабы, трусы, акварыумныя рыбкі і інш.
Ужо больш за 40 гадоў “Ранак” раскрывае творчыя здольнасці дзяцей. Пад адным дахам тут працуюць амаль паўтысячы аб’яднанняў па інтарэсах. Сёння ў іх займаюцца больш за 6 тысяч навучэнцаў.
Рады наваселлю і самі навучэнцы. 13-гадовая Ганна Дашкоўская гаворыць:
— Колькі сябе памятаю, столькі хаджу ў “Ранак”. Спрабавала танца-ваць, але зразумела, што гэта не маё. А вось жывапіс і тэатр мне па душы. Для мяне гэта тыя сродкі, якімі я магу выка-заць гледачу ўсе свае думкі, эмоцыі. Яшчэ я вельмі люблю нашы дружныя калектывы.
Навучэнцы цэнтра падарылі сваім гасцям, баць-кам і мясцовым жыхарам канцэртную праграму, а тым, хто толькі выбірае сабе занятак, далі падказкі на выставе творчых работ і правялі для іх майстар-класы па ўсіх кірунках дзейнасці “Ранку”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.