Развівай сябе, натхняй іншых

Ужо сёння мы жывём у лічбавым свеце. А якім будзе свет праз 10—20 гадоў, калі сённяшняе пакаленне юнакоў і дзяўчат стане асноўнай эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сілай?

— Дыягнастычная група ліцэя высветліла, чым, на думку навучэнцаў, вызначаецца паспяховасць жыцця чалавека ў лічбавым грамадстве. Як паказалі вынікі анкетавання, 64% рэспандэнтаў вымяраюць свой поспех у будучыні ўзроўнем валодання сучаснымі тэхналогіямі, 78% апытаных лі­чаць, што для поспеху ў жыцці чалавеку неабходна высокая прафесійная кваліфікацыя. А як жа роля і месца духоўнай і культурнай спадчыны роднага краю ў жыцці лічбавага грамадства, неабходнасць набыцця маладымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь каштоўнасна­сэнсавых арыенціраў і практыкі сацыяльна­эканамічнай дзейнасці ва ўмовах лічбавай эканомікі будучыні? — гаворыць дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Маслаў. — Таму мы задумаліся: як падрыхтаваць вучняў да жыцця ў свеце будучыні, у якім многія прафесіі будуць цалкам аўтаматызаваны, а галоўнае, як захаваць пры гэтым у дзецях каштоўнасць жывых зносін і духоўнай культуры. На мой погляд, нам удалося яе вырашыць. І дапамог нам у гэтым шосты школьны дзень.

Праект “Сфера N: Школа. Субота. Па­дзея”, які рэалізавалі ў ліцэі і які разам прыдумалі навучэнцы і педагогі, стаў сферай інтарэсаў, што аб’яднала калектыў ліцэя, сацыяльных партнёраў, бацькоў, іншых прадстаўнікоў мясцовага соцыуму і дазволіла моладзі засвоіць новыя віды дзейнасці, атрымаць вопыт сацыяльна­эканамічнай і гуманітарнай дзейнасці.

— Мэту праекта вызначылі такую: развіццё медыякультуры ў асяроддзі ліцэістаў, захаванне і прымнажэнне культурных, духоўна­асветніцкіх каштоўнасцей у сучаснай інфармацыйнай прасторы праз набыццё каштоўнасна­сэнсавых арыенціраў, праяўленне сацыяльна­эканамічнай актыўнасці навучэнцаў з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій у шосты школьны дзень, — гаворыць куратар праекта кіраўнік бізнес­кампаніі ліцэя № 1 Андрэй Канюшок.

Ключавыя справы праекта выконваліся ў трох асноўных сферах актыўнасці ліцэістаў: сацыяльна­эканамічнай сферы, накіраванай на садзейнічанне набыццю навучэнцамі бізнес­вопыту; сферы, вызначанай каштоўнасна­сэнсавымі арыенцірамі асобы як рэсурсу самапазнання і фарміравання сацыяльных паводзін навучэнцаў; сферы захавання і прымнажэння духоўнай і культурнай спадчыны роднага краю. Дзейнасць арганізоўваецца з улікам інтарэсаў старшакласнікаў у арганізацыйна­змястоўным напаўненні школьнай суботы і грунтуецца на прынцыпах гульнявога падыходу з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, выкарыстання гнуткай сістэмы заахвочванняў і бонусаў.

У ліцэі быў створаны калегіяльны орган кіравання праектам — ліцэйскі стартап­хаб, у склад якога ўвайшлі члены бізнес­кампаніі ліцэя, педагогі, сацыяльныя партнёры ўстановы адукацыі, а гэта і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзіцячая мастацкая школа Гродна, прыборабудаўнічы завод НАН Беларусi “Аптрон”, інавацыйная інжынірынгавая асацыяцыя “МагСаюз плюс”, сетка рэгіянальных кафэ, гродзенскія музеі. Ліцэйскі стартап­хаб арганізоўвае каардынацыю дзейнасці па праекце і дзейнічае як спецыялізаваны размеркавальны цэнтр, канцэнтруе намаганні для ўзгаднення дзеянняў навучэнцаў, педагогаў, сем’яў, сацыяльных партнёраў ліцэя ва ўдасканаленні сістэмы работы з навучэнцамі ў шосты школьны дзень.

— Стартап­хаб — не звычайны гурток ці факультатыў для нас. Гэта орган кіравання маладзёжнымі праектамі вучэбнай бізнес­кампаніі ліцэя, які ўключае ў сябе спецыялізаваныя тэматычныя падраздзяленні: маладзёжная інжынерная акадэмія, лабараторыя лічбавай культуры, лабараторыя лічбавых медыя, — расказвае ліцэіст Сцяпан Буднікаў. — Сюды мы прыходзім з цікавымі ідэямі, тут ствараюцца маршруты з інтэрактыўнымі заданнямі, фарміруюцца каманды па інтарэсах, нараджаюцца падзеі шостага школьнага дня. Дэвіз нашага стартап­хаба: “Развівай сябе, натхняй іншых, вучыся зарабляць!” Хаб укараняе сістэму матывацыі навучэнцаў “МатыўАрт”, у якой дзейнічаюць два варыянты заахвочвання: сістэма імгненнага заахвочвання і сістэма доўгатэрміновага стымулявання. Выканаў заданне, праявіў ініцыятыву ў жыцці ліцэя — атрымай крыптабонусы.

І, як сцвярджае дырэктар ліцэя Ігар Маслаў, сістэма выдатна працуе.
— Цікавая гэтая сістэма тым, што ў ліцэі ёсць свая крыптавалюта ў форме крыптабонусоў, якія мы назвалі “белкойн”, — расказвае член хаба і адзін з распрацоўшчыкаў праекта навучэнка 10 класа Ксенія Гаравенка. — Атрымаўшы пэўныя крыптабонусы на свой мабільны дадатак ад настаўніка, можна падысці да вендынгавага апарата, робата нашага ліцэя і атрымаць узнагароду — выцягнуць сувенір або сюрпрыз, салодкі падарунак або шакаладны батончык. Можна атрымаць сістэму скідачных прапаноў і набыць марожанае ў гарадскім кафэ, піцу або пірожнае па льготнай цане. Дарэчы, пра скідкі, ільготы і бонусы ліцэісты, якія распрацоўваюць дадаткі, дамаўляюцца самі.

Назапашаныя бонусы можна скарыстаць у суботні дзень на адукацыйных маршрутах. Ліцэісты распрацавалі інтэрнэт­партал, на якім разам з настаўнікамі стварылі бібліятэку маршрутаў для наведвання ў шосты школьны дзень.

— Я часта ўспамінаю маршрут, які прайшла ў суботу разам са сваёй бабуляй. Ён быў прысвечаны Дню Перамогі, — расказвае Ульяна Мартысевiч. — Мы разам адказвалі на пытанні квеста і змаглі зарабіць крыптабонусы. Я купіла марожанае ў гарадскім парку за паўцаны, а бабуля атрымала скідку на пральны парашок у магазіне. Так і яна ўбачыла практычную карысць суботняга дня ў ліцэі.

Ксенія Гаравенка разам з настаўнікам i камандай вучэбнай бізнес­кампаніі прыдумала адукацыйны квест­тур з дапоўненай рэальнасцю з наведваннем нацыянальнага парламента і зараз займаецца інтэграцыяй штучнага інтэлекту ў гэты праект. А яшчэ правяла перамовы з адной са сталічных піцэрый і атрымала сістэму бонусаў для хлопчыкаў і дзяўчынак. Сцяпан Буднікаў займаецца будучыняй нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па суботах ра­зам з сябрамі адпраўляецца ў экспедыцыі па гродзенскім рэгіёне, каб запісаць абрады і песні. Яны хочуць захаваць іх і зрабіць даступнымі ў лічбавым фармаце. Аляксей Зайко з нецярпеннем чакае суботу, каб працаваць у творчай майстэрні, дзе ствараюцца этнасувеніры для смарт­галерэй з дапоўненай рэальнасцю. Партыю сувеніраў з дапоўненай рэальнасцю ліцэісты падрыхтавалі для навучэнцаў Беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе.

— Стварэнне аднаго арт­аб’екта смарт­галерэі патрабуе ад распрацоўшчыка варыятыўнага спектра кампетэнцый: мадэлявання дапоўненай рэальнасці, відэамантажу, правядзення інтэрв’ю, лічбавага і традыцыйнага відаў творчасці, падбору цытат і афарызмаў, пошуку новых сэнсаў, — гаворыць Андрэй Канюшок. — Кожны ліцэіст можа выступаць адначасова ў дзвюх ролях у адносінах да смарт­галерэі: аўтарам­распрацоўшчыкам і гледачом. Стварэнне смарт­галерэй можа з’яўляцца часткай бізнес­плана нашай вучэбнай бізнес­кампаніі з наступным іх размяшчэннем на кропках адукацыйных маршрутаў, а таксама ў фармаце рабатызаванага магазіна для аўтаматычнага гандлю прадметамі мастацтва і вынікамі маладзёжнай творчасці.

Афіцыйны мабільны дадатак “Культура Гродна”, распрацаваны на базе падраз­дзялення кампанii “Лабараторыя лічбавай культуры” сумесна з упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама, дае магчымасць даведацца пра падзеі ў горадзе і пра аб’екты культуры. Ужо ў пачатку будучага года ў сувязі з правядзеннем у Гродне ў чэрвені 2020 года фестывалю нацыянальных культур ліцэісты збіраюцца напоўніць дадатак інавацыйнай функцыянальнасцю, калі робаты і штучны інтэлект будуць расказваць аб нацыянальных традыцыях і культуры і папулярызаваць іх.

— Удзел у мерапрыемствах праекта робіць ліцэістаў больш камунікабельнымі, актыўнымі. Нягледзячы на тое, што ўдзел у іх патрабуе шмат часу, навучэнцы становяцца і больш паспяховымі ў вучобе, — адзначае намеснік дырэктара ліцэя па вучэбнай рабоце Наталля Сарокіна.

Аляксей Зайко гаворыць, што ганарыцца сваім першым бізнес­вопытам — ён атрымаў узнагароду за праект на FinTech хакатоне. Сцяпан Буднікаў прадставіў праект ліцэйскага стартап­хаба на пасяджэнні рэктарата ГрДУ імя Янкі Купалы, Соф’я Няцецкая правяла паспяховыя перамовы з кіраўніцтвам кафэ аб размяшчэнні смарт­галерэй. Ксенія Гаравенка не толькi стала пераможцай некалькіх конкурсаў у сферы ІТ­тэхналогій, але і ўзначаліла маладзёжны парламент Ленінскага раёна Гродна, каб у новым навучальным годзе з новымі сіламі і дапамогай актыўных школьнiкаў з маладзёжнага парламента раёна i вобласці займацца сацыяльнымі і адукацыйнымі праектамі вучэбнай бізнес­кампаніі для ўсiх навучальных устаноў рэгіёна.

Адзначаны дыпломамі розных конкурсаў і асобныя напрамкі работы ў межах праекта: дыплом I ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў намінацыі “Сеткавае ўзаемадзеянне ў адукацыйным працэсе” на абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”; дыплом I ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама на абласным этапе і дыплом Міністэрства адукацыі ў X Рэспубліканскім конкурсе навукова­тэхнічнай творчасці навучэнскай мола­дзі “ТэхнаІнтэлект”; дыплом ГІАЦ Міністэрства адукацыі II Рэспубліканскага конкурсу праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”. На заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў гэтым годзе праект “Сфера N: Школа. Субота. Падзея” адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Ёсць ідэя!”.

— Галоўным мы лічым тое, што рэалізаваная калектыўна ідэя шостага школьнага дня дапамагла кожнаму ліцэісту праявіць сябе і пашырыць сваю сферу інтарэсаў новымі каштоўнасцямі і сэнсамі, — гаворыць Ігар Сяргеевіч Маслаў. — На нашу думку, праект мае высокі патэнцыял для маштабавання. У яго рэалізацыю могуць быць уключаны ўстановы адукацыі і навучэнцы розных рэгіёнаў Беларусі і іншых краін.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ліцэя.