Рэалізаваць сябе

Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які па традыцыі праходзіць у пачатку верасня, быў надзвычай насычаным. Значныя падзеі адбыліся не толькі ў сталіцы, дзе на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшла прадстаўнічая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Выхаваўчы патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: вопыт, праблемы, перспектывы” і дзе з нагоды афіцыйнага адкрыцця тыдня ў Верхнім горадзе (самым сэрцы Мінска) некалькі гадзін віраваў своеасаблівы горад дадатковай адукацыі.


Мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прэзентацыю аб’яднанняў па інтарэсах адбыліся ў кожным абласным, раённым цэнтры, ва ўсіх населеных пунктах краіны, дзе дзейнічаюць 284 цэнтры тэхнічнага, эколага-біялагічнага, турысцка-краязнаўчага, мастацка-эстэтычнага, фізкультурна-спартыўнага профіляў. Галоўная думка, якая чырвонай ніткай праходзіла праз усе гэтыя мерапрыемствы, заключалася ў наступных словах: “Дадатковая адукацыя — не значыць другасная”.


Менавіта ў цэнтрах дадатковай адукацыі дзеці і моладзь могуць рэалізаваць сябе, развіць свае таленты, набыць пэўныя ўменні і навыкі, якія не толькі спатрэбяцца ў далейшым жыцці, але і, магчыма, стануць будучай прафесіяй. А гэта, пагадзіцеся, адна з першасных задач усёй сістэмы адукацыі. І, канечне, выхаванне. Дзе, як не ў аб’яднаннях па інтарэсах рознай накіраванасці фарміруецца характар, светапогляд будучага грамадзяніна. Пра некаторыя яркія моманты тыдня, яркі вопыт устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі чытайце ў вераснёўскім дадатку “Шосты дзень”.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.