Самі мы пасадзім сад

Жыць у вёсцы, на сваёй зямлі, і купляць садавіну і агародніну лічыць няправільным Віктар Мікалаевіч Шышоў, настаўнік біялогіі і хіміі і сельскагаспадарчай працы Велікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна. Калі ён пакінуў пасаду галоўнага агранома і перайшоў працаваць у школу, такога меркавання сталі прытрымлівацца і яго вучні. Гэтая школьная гаспадарка, і асабліва школьны сад, даўно сталі ўзорнымі, а павучыцца садаводству ў агранома ў Вялікія Дольцы прыязджаюць педагогі з усёй краіны.

Уласная праца для агульнай карысці

“Сапраўды, для мяне свая садавіна — галоўны складнік сельскага жыцця, — расказвае аграном-настаўнік. — Я сам з Клімавіцкага раёна. Сад у маіх бацькоў быў заўсёды. І мой бацька запрашаў мужчын, якія прышчэплівалі нам яблыні розных гатункаў. Неяк я хацеў паглядзець, як прышчэплены чаранок укараняецца (той пачаў ужо прыжывацца) і адарваў. Бацька тады бедаваў, што нехта патрывожыў чаранок і ў нас яблыкаў не будзе. Я тады не прызнаўся, што гэта з-за мяне, але тая мая цікаўнасць да прышчэпак, да догляду саду не прайшла. Не прайшла яна і ў маёй старэйшай сястры — найперш Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію скончыла яна, а потым я. Пасля і яна, і я працавалі галоўнымі аграномамі ў гаспадарках.

Жылі мы не заможна, і таму сад і агарод заўсёды былі добрай падмогай. Нас у сям’і было 4 дзяцей, і ўсе мы з маленства, гадоў з 5, вучыліся, мелі “свае” градкі. Мама нам гаварыла, што на іх вырошчваць. Мы з ахвотай браліся за справу: сеялі, палівалі, пасынкавалі. Але з самым вялікім гонарам мы неслі на стол уласна вырашчаныя агуркі, памідоры, капусту. А садам у асноўным займаўся бацька, і яму мы дапамагалі толькі тады, калі падраслі. На нас была абрэзка, пабелка, збор ураджаю. Бацькі заўсёды заахвочвалі нас, калі мы стараліся. І гэта адчуванне карысці ад уласнай працы для ўсёй сям’і, па­дзяку за дапамогу я памятаю дагэтуль”.

Вось гэтае ўменне і жаданне прыкласці ўласную працу для агульнай карысці 35 гадоў перадае Віктар Мікалаевіч школьнікам. Спачатку ў Маладо­лецкай сярэдняй школе, а потым — у Велікадолецкай. Адзінае, што яго засмучае, што з кожным годам у вёсцы становіцца ўсё менш і менш людзей: “Цяпер наша Велікадолецкая школа аб’яднала адну базавую і 4 сярэднія школы, і ўсё роўна ў нашай школе ўсяго 68 навучэнцаў. Вёска вымірае. Моладзь з’язджае, дзяцей мала. Прычым тыя, хто застаецца, не надта імкнуцца праца­ваць на зямлі — ні бацькі, ні дзеці. Таму часта асвойваюць працу на зямлі дзеці толькі ў школе. Таму наша асноўная задача — навучыць дзяцей вырасціць садавіну і агародніну хаця б для сябе, увогуле далучыць іх да культуры земляробства. Так, многія з іх з’едуць у гарады, але нехта застанецца і ў бацькоўскіх дамах, купіць сабе дачы. Вельмі спадзяюся, што гэтыя веды і навыкі ім яшчэ спатрэбяцца”.

Тэрыторыя для эксперыментаў

Школьная гаспадарка Віктара Мікалае­віча і яго навучэнцаў — 2,2 гектара. Асаблівая іх гордасць — пладовы сад ажно на 30 сотак. Яго яны залажылі ў 2009 годзе — пасадзілі першыя 100 дрэў. І кожны год іх сад разрастаўся: то пакрысе набывалі новыя гатункі, то выпускнікі школы рабілі падарункі школе ў выглядзе саджанцаў яблынь. Восенню 2019 года на месцы былога пладовага гадавальніка ў вёсцы Зарубаўшчына школьнікі нарыхтавалі 40 падвояў яблынь і мінулай вясной усе іх прышчапілі.

З самага пачатку стаўка была зроблена менавіта на невысокія дрэвы на карлікавых і паўкарлікавых падвоях. Іх вышыня 2,5—3 метры, каб дзецям было зручна іх даглядаць і збіраць ураджай. Цяпер сад папаўняецца яшчэ і насаджэннямі парэчак — вынік паспяховага асваення вучнямі тэхналогіі чаранкавання.

“Першыя некалькі гадоў мы не маглі даць рады зайцам, бо не было магчымасці зрабіць агароджу. Але мой выпускнік Сяргей Зянюк, які мае сваю пілараму, зрабіў для нас падарунак — прывёз штакетніку на ўвесь сад”, — з гордасцю гаворыць В.М.Шышоў.

У садзе дзеці працуюць з задавальненнем: і беляць, і абразаюць, і збіраюць ура­джай, яго калібруюць, складваюць у скрыні. Педагог праводзіць для іх майстар-класы па прышчэпках. А самым старанным абяцае падарункі — яблынькі. І таму заўсёды 5—6 чалавек нясуць дадому саджанцы. Ім бацькі адводзяць месца на ўчастку, і тыя вучацца даглядаць дома свае ўласныя міні-сады.

Праект развіцця свайго

прышкольнага ўчастка яны прадставілі на адкрытым конкурсе сярод сельскіх школ Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей Беларусі, якія маюць прышкольныя ўчасткі або плануюць іх стварыць, “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій”, арганізаваным грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. За перамогу В.М.Шышоў і яго навучэнцы атрымалі грашовы прыз і дакупілі яшчэ саджанцаў яблынь, груш, сліў, вішань і чарэшань, а таксама мабільную 10-метровую цяпліцу, якую цяпер могуць пераносіць з месца на месца для севазвароту, зманціравалі сістэму для паліву саду. А ў мінулым годзе за другое месца ў міжнародным конкурсе “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, акрамя набору насення, школа атрымала грашовыя сродкі на набыццё вялікай халадзільнай камеры для захоўвання вырашчанай садавіны. Цяпер свой ура­джай школьнікі могуць захоўваць да вясны.

Больш за паўгектара зямлі ў іх адве­дзена пад вырошчванне агародніны. Менавіта тут дзеці асвойваюць агародніцтва і разумеюць, што праца на зямлі не заўсёды цяжкая. Калі падысці з розумам, можна значна аблегчыць сваю працу.

“Адзін з маіх вучняў усё здзіўляўся, навошта тыя роўныя градкі, і ўпарта рабіў іх курганамі. Другі не мог перавучыцца і казаў: “Мая мама сыпле насенне жменяй наводмаш і заграбае пальцамі”. Кажу, я цябе навучу, як правільна, а ты яшчэ і маму навучыш. Бо гэта ж і даглядаць прасцей: матыкай паміж радкамі правёў — ужо і падрыхліў, і пустазелле зрэзаў. Спачатку прыглядаюцца, потым спрабуюць самі, а яшчэ трошкі — ужо і іншых вучаць”, — гаворыць педагог.

Так, кожны навучэнец гэтай школы ўмее пасадзіць і вырасціць любую агародную культуру. Хлопцы гатуюць грунты, падбіраюць для розных культур свой склад адпаведнай кіслотнасці, дзяўчаты набіваюць расадныя скрынкі, сеюць ці пікіруюць. Штогод яны вырошчваюць каля 1 тысячы каліў таматаў і каля 800 — перцаў. Значную частку іх рэалізуюць насельніцтву. Гэта і патанненне школьнага харчавання, і грошы для школы. А летам школьнікі зарабляюць грошы на прышкольным участку і для сябе. Школа стараецца максімальна механіза­ваць працу, запрашаючы на дапамогу тэхніку, у тым ліку і на ўчастку на гектар для зерневых. А на градках, у цяпліцы, каб менш палоць і паліваць, усё мульчыруюць саломай, скошанай травой.

В.М.Шышоў: “Усе гэтыя гады толькі прышкольны ўчастак заставаўся месцам, дзе дзеці маглі далучыцца да працы, навучыцца працаваць у калектыве, навучыцца адказна ставіцца да сваёй працы, зразумець, што праца — гэта не прагулка ў задавальненне, а дзейнасць, якая патрабуе пэўных намаганняў, як фізічных, так і разумовых. Гэта месца, дзе дзеці вучацца вырошчваць садавіну і агародніну. Месца, дзе яны знаёмяцца з перадавымі тэхналогіямі вырошчвання розных культур. Месца, дзе прывіваецца эстэтыка ў разбіўцы і дызайне вырошчвання кветак і агародніны”.

Некаторыя дзеці ўжо прафесійна арыентуюцца на працу на зямлі і вучацца ў агракласах, дзе асвойваюць вучэбны курс і праходзяць практыку па прафесіі агародніка. Праўда, менавіта ў гэтым навучальным годзе 11-класнікі выбралі для асвойвання прафесію швачкі.

Прышкольны ўчастак з’яў­ляецца таксама пляцоўкай для развіцця даследчай дзейнасці навучэнцаў. Нядаўна 10-класнікі правялі навуковы эксперымент па стварэнні сістэмы ацяплення цяпліцы з дапамогай геліябатарэй. Яны дапамаглі згладзіць сутачныя перапады тэмператур і абараніць пасевы ад вясновых замаразкаў. Акумуляванага цяпла аказалася дастаткова для вырошчвання радыскі, цыбулі на пяро, салаты, кропу, рукалы. Гэты праект быў сярод прызёраў на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2019” і на абласной канферэнцыі “Квант”. Вучні 8—9 класаў правялі даследчую работу па ахове пладовага саду ад шкоднікаў і хвароб з дапамогай біяпрэпаратаў.

Мінулым летам побач са школай, каля возера Велікадолецкае, школьнікі залажылі і свой дэндрапарк, ператварыўшы яго адначасова ў зону адпачынку з драўлянымі лавачкамі і альтанкай. Тут яны пасадзілі дрэвы і хмызнякі, рэдкія для іх мясцовасці, каб наведвальнікі маглі не толькі адпачыць, але і больш даведацца пра экзатычныя расліны.

“Клас” ад майстра

У садзе рэгулярна праводзяцца экскурсіі для педагогаў краіны, якія таксама спрабуюць вырошчваць у сваіх школах сады, падчас якіх педагог і яго навучэнцы расказваюць правілы пасадкі і догляду пладовых дрэў, пра падкормку, абрэзку, фарміроўку, барацьбу з хваробамі і шкоднікамі, у тым ліку біялагічнымі метадамі. Самыя любімыя ў гасцей — майстар-класы па прышчэпках пладовых дрэў.

На пачатку красавіка правесці гэтыя майстар-класы для больш як 20 педагогаў краіны яго запрасіла ГА “Беларускі зялёны крыж” у свой адукацыйны цэнтр “Экалогія і здароўе” пад Смалявічамі. Педагогі атрымалі ў падарунак ад арганізатараў наборы інструментаў для прышчэпак і па некалькі саджанцаў яблынь для іх школьных садоў. Віктар Мікалаевіч прывёз для іх са свайго саду чаранкі самых перспектыўных гатункаў і якраз у гэтыя вясновыя дні педагогі ўжо разам са сваімі навучэнцамі ро­бяць прышчэпкі і закладваюць свае сады. Тыя, хто робіць толькі першыя крокі, заручыліся кансультатыўнай падтрымкай вопытнага агранома. Думаецца, такое супрацоўніцтва ўжо хутка прынясе свае плады ў маладых садах школ краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.