Скачок на п’едэстал

15—16 кастрычніка ў Мінску праходзіў IV этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда”. У спаборніцтвах прымалі ўдзел навучэнцы 5—6 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўваходзяць у склад зборных каманд свайго рэгіёна. Кожная каманда складалася з 15 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак.

15—16 кастрычніка ў Мінску праходзіў IV этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда”. У спаборніцтвах прымалі ўдзел навучэнцы 5—6 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўваходзяць у склад зборных каманд свайго рэгіёна. Кожная каманда складалася з 15 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак.


Спаборніцтвы праводзіліся на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы з мэтай папулярызацыі лёгкай атлетыкі як віду спорту сярод навучэнцаў, павелічэння колькасці дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца лёгкай атлетыкай у гуртках і секцыях, а таксама з мэтай адбору таленавітых навучэнцаў для заняткаў у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. “Несумненна, цяперашнія спаборніцтвы паслужаць далейшай папулярызацыі каралевы спорту, стануць імпульсам для фізічнага ўдасканалення, дасягнення нашымі юнымі спартсменамі высокіх вынікаў на міжнароднай арэне. Якім бы ні быў вынік спаборніцтваў, няхай ён стане для кожнага ўдзельніка стымулам для далейшага развіцця і ўдасканалення. Упэўнены, сярод вас ёсць будучыя алімпійцы”, — адзначыў у прывітальным слове, якое было агучана падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў, міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.


Па словах першага намесніка міністра спорту і турызму Вячаслава Віктаравіча Дурнова, у юных спартсменаў да спаборніцтваў быў няпросты шлях, ім давялося прайсці напружаны адбор, каб трапіць у каманды. “Хацелася б падзякаваць вам за любоў да спорту, да лёгкай атлетыкі. Менавіта любоў і працавітасць ствараюць цуды. Упэўнены, што многія з вас хутка заменяць нашых спартсменаў у асноўнай зборнай. Вы спаборнічаеце ў той час, калі вашы старэйшыя таварышы адстойваюць гонар нашай краіны на юнацкіх Алімпійскіх гульнях. Яны годна спраўляюцца са сваёй задачай. Ваша задача — паказаць таксама высокія вынікі”, — сказаў Вячаслаў Віктаравіч.

Такія вынікі дзеці паказвалі ў бегу на 60 м, скачках у даўжыню з разбегу, кіданні тэніснага мяча з месца, бегу на 800 м (хлопчыкі) і на 500 м (дзяўчынкі). Лепшыя з лепшых вызначаліся ў індывідуальных відах праграмы, па суме мнагаборства, а таксама па выніках каманднай барацьбы. Па выніках мнагаборства сярод хлопчыкаў пераможцам стаў Руслан Саломчанка з сярэдняй школы № 27 Гродна, на другім месцы — Уладзіслаў Камыш з сярэдняй школы № 180 Мінска, трэцяе месца ў Вадзіма Сямашкі з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.

Сярод дзяўчынак на першую прыступку п’едэстала пашаны ў мнагаборстве паднялася Алена Казакова з гімназіі № 5 Кобрына, на другую — Аліна Апановіч з сярэдняй школы № 6 Смаргоні, на трэцюю — Лейла Прыгара з сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова.

У агульнакамандным заліку трэцяе месца занялі прадстаўнікі Віцебскай вобласці, другое — Мінска, а пераможцай стала каманда Гродзенскай вобласці. Як адзначыла кіраўнік каманды загадчык аддзела фізічнага выхавання Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Вікторыя Георгіеўна Свірэпава, такога поспеху каманда дабілася дзякуючы напружаным трэніроўкам, дасканаламу адбору дзяцей на кожным этапе спаборніцтваў. Вялікая заслуга ў гэтым трэнераў, школьных настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, бо каманды прадстаўляюць не навучэнцы спецыялізаваных па спорце ўстаноў адукацыі, а звычайных школ.


Кожны з хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх вы бачыце на здымках, імкнуўся паказаць свой найлепшы вынік. У кагосьці атрымалася, у кагосьці — не. Аднак само жаданне перамагаць, ісці да алімпу дазваляе нам упэўнена гаварыць, што сярод удзельнікаў “Шкаліяды” абавязкова ёсць будучыя алімпійскія прызёры, чэмпіёны каралевы спорту — лёгкай атлетыкі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.