Соль поспеху ад “Рымскага-Корсакава”

Пытанні на інтэлектуальных гульнях падобныя да добрых анекдотаў, у якіх ты часам адразу і не разумееш, што да чаго, але, ухапіўшы самую соль, адчуваеш выбух радасці і адрэналіну. З гэтым пагодзяцца ўдзельнікі інтэлектуальнага клуба “Эрудыт” пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Мінска, за плячыма якіх многа выдатна згуляных турніраў. І дададуць, што для поспеху ў гэтых спаборніцтвах трэба быць не ўнікальным разумнікам, а хутчэй якасна “пракачаным” знаўцам.

Інтэлектуальны спорт

Ігар Уладзіміравіч Лівенцаў, кіраўнік інтэлектуальнага клуба “Эрудыт”, трэніруе юных знаўцаў больш за 19 гадоў. Многія яго выпускнікі гуляюць у тэлевізійнай версіі “Што? Дзе? Калі?”. Ён двойчы змог прывесці хлопчыкаў і дзяўчынак да залатых медалёў: пераможцамі чэмпіянату Беларусі па “Што? Дзе? Калі” сярод юніёраў стала каманда “ЛібNext” (у 2020 і 2021 гадах), сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату Беларусі па гэтай жа гульні сярод ювеналаў — “Рымскі-Корсакаў” (у 2020 годзе). Таксама за поспехі ў рабоце са школьнікамі Ігар Уладзіміравіч узнагароджаны прэміяй Беларускай лігі інтэлектуальных каманд “Буслянка” ў намінацыі “Трэнер сезона”.

“Я пачынаў удзел у інтэлектуальных гульнях пазней за сённяшніх маіх выхаванцаў. У юнацтве ў школьную лігу інтэлектуальных гульняў не трапіў. Захапленне пачалося з першага курса Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (зараз БНТУ). Маёй выкладчыцай вышэйшай матэматыкі была Валянціна Іванаўна Голубева, зорка тэлевізійнай версіі “Што? Дзе? Калі?”. Яна прапанавала жадаючым наведваць яе трэніроўкі, я быў адным з іх. У той час Валянціна Іванаўна трэніравала моцную каманду. Навічкі і інтэлектуальныя выдатнікі займаліся разам, — расказвае Ігар Уладзіміравіч. — Але розніца паміж інтэлектуальнымі гульнямі канца 90-х і імі ж зараз прыблізна такая ж, як паміж гульнёй у футбол і гатаваннем яечні. Прынцыпы гульні, турніры, пытанні — усё было іншае. Таму і падыходы да падрыхтоўкі таксама адрозніваліся ад цяперашніх. Зараз інтэлектуальная гульня ператварылася ў інтэлектуальны спорт”.

“Калі я пачынаў як трэнер, да мяне прыходзілі такія падлеткі, якія першапачаткова ведалі, магчыма, нават больш за мяне. Раней былі фонавыя веды, якія суправаджалі чалавека па жыцці. Што я маю на ўвазе? Напрыклад, мінулае пакаленне ведала факт, што Давід перамог Галіяфа. Яны маглі нават не растлумачыць, хто такія Давід і Галіяф, але сама інфармацыя аднекуль усплывала ў іх галаве. Зараз, на маю думку, арганічных эрудытаў ужо не існуе. Сучаснае пакаленне дзяцей, калі яны спецыяльна не “пракачаныя”, не будзе ведаць такога. Прыходзіцца “качаць” эрудыцыю падлеткаў, — разважае трэнер. — У “Эрудыт” дзеці прыходзяць рознымі шляхамі: хтосьці прыводзіць брата ці сябра, некага ведаю па раённых турнірах і запрашаю ў клуб я сам. Галоўнае для мяне — набраць кемлівых, умеючых думаць. Тады для ўдалых выступленняў патрэбна толькі дабавіць такі складнік, як веды”.

Галіна Лявонцьева, знаўца каманды “Рымскі-Корсакаў”: “Мяне цікавіць працэс гульні. Зразумела, перамагаць заўсёды прыемна, але адчуванне гульні, еднасці з людзьмі, якія напружана змагаюцца побач з табой, куды цікавей”.

Ёсць кантакт!

Інтэлектуальныя гульні робяць акцэнт на логіцы, развіцці міжпрадметных сувязей. Таму прымаць у іх удзел карысна для любога школьніка незалежна ад таго, наколькі паспяхова ён вучыцца. Педагог займаецца з усімі, і калі падлетак зорак з неба не ловіць ці не праяўляе актыўнасці, але не перашкаджае заняткам, то не адправіць такога выхаванца за дзверы. Наадварот, прызнаецца, што ўжо былі выпадкі, калі дзеці, якія прыйшлі ў клуб за кампанію з яркімі знаўцамі, папрысутнічаўшы пэўны час на занятках, растуць над сабой, уцягваюцца, іх поспехі становяцца відавочнымі.

У гэтым годзе каманда “ЛібNext” — двойчы чэмпіёнка — завяршыла сваё існаванне. Большасць яе ўдзельнікаў выпусціліся са школ. Пад кіраўніцтвам трэнера засталіся “Рымскі-Корсакаў”, фарм-клуб гэтай каманды (склад, які з’яўляецца рэзервовым для асноўнай каманды) і ювеналы, якіх ён толькі набірае.

“З новай групай шасці-сямікласнікаў стартаваць у гэтым годзе будзем не так, як з юніёрамі. Напачатку падключым розныя функцыі мыслення, гуляючы ў эрудыт-лато, у гарады і асацыяцыі, у “Кракадзіла”, “Капялюш”, “Ёсць кантакт”, калі-нікалі планую згуляць і ў “Мафію”. Таксама для іх падрыхтаваны спісы лёгкіх пытанняў гульні “Свая гульня”. Адным словам, будзем паслядоўна пракачваць лагічныя здольнасці, — тлумачыць методыку работы з навічкамі педагог. — Усе гульні адаптаваны пад нашы патрэбы. Так, калі ваша задача паказаць у “Кракадзіле” свінню — гэта ў тэатральны гурток, дзе трэба ўжыцца ў ролю. Калі ж задача іншая — паказаць абстрактнае паняцце, напрыклад, вечнасць — гэта ўжо наша спецыфіка, дзе трэба пабудаваць лагічны ланцужок, напрыклад, ад Снежнай Каралевы да перавернутай васьмёркі (сімвал бясконцасці) і вечнасці. Са старэйшымі, юніёрамі, мы паўнавартасна гуляем у “Сваю гульню”, выкарыстоўваючы турнірныя, дастаткова складаныя базы пытанняў”.

Бінга? Факт!

“Я не магу ведаць, як мае дзеці займаюцца самастойна, але магу адказаць, як трэба гэта рабіць, — усміхаецца педагог. — Каб перамагаць у турнірах, займацца “самапракачкай” трэба бесперапынна. Пастаянна нешта чытаць, вучыць, запамінаць, цікавіцца нечым. Літаральна адносіцца да падрыхтоўкі як да школьнага прадмета, які трэба запомніць. Як адрозніць актуальную інфармацыю, што спатрэбіцца ў інтэлектуальных гульнях, ад неактуальнай? Справа ў тым, што ўсе турнірныя пытанні зводзяцца да адных і тых жа фактаў. Зразумела, іх тысячы, а не дзясяткі, і база пастаянна папаўняецца. Існуе такое паняцце, як набор бінгафактаў. У адкрытым доступе ёсць база пытанняў інтэлектуальных гульняў, трэба вылучаць факты з адказаў, чытаць пра іх і запамінаць. Дваццаць-трыццаць бінгафактаў штодзень — і за год можна вырасці ў топавага гульца”.

Для падрыхтоўкі каманды ці да лакальных турніраў “Сваёй гульні” ў “Эўрыцы” трэнер часта складае пытанні самастойна. А вось пакеты пытанняў да “Што? Дзе? Калі?” часцей за ўсё пазычае ў іншых аўтараў. З трэнерамі іншых каманд, беларускіх, а апошнім часам і замежных, яны пастаянна абменьваюцца. Але перад чэмпіянатамі Беларусі заўсёды складае ўласны спіс пытанняў, стылізаваных пад тое, што можа трапіцца на спаборніцтве, каб каманда прынаравілася і лепш паказала сябе на турніры.

Дзяўчаты vs хлопцы

У камандах, якія рыхтуе Ігар Уладзіміравіч, дзяўчат заўсёды больш, чым хлопцаў. Напрыклад, у “Рымскім-Корсакаве” на пяць дзяўчат прыходзіцца адзін хлопец. У каманды ёсць нават жартоўная турнірная традыцыя называць сябе сапраўднымі мужчынамі пасля кожнага выдатнага адказу на пытанне. А прычына такой гендарнай няроўнасці простая — дзяўчаты больш дысцыплінаваныя. “Па маіх шматгадовых назіраннях, дзяўчаты інтэлектуальна могуць дзесьці крыху прайграваць хлопцам, але яны заўсёды выдатна адыгрываюцца за кошт дысцыпліны. З хлопцамі намнога менш верагодна, што яны зробяць тое, што я ім скажу. А між тым поспех маіх каманд залежыць строга ад выканання таго, што я ім задаю рабіць. Шчыра кажучы, калі б яны на 100 працэнтаў выконвалі заданні, атрыманыя ад мяне, абыгрывалі б і дарослыя каманды, — перакананы трэнер. — Але ў дзяцей больш складана ўключыць такія якасці, як матывацыйны азарт і дысцыпліна. Дарослых гульні зацягваюць, яны хочуць стаць топавымі гульцамі і імкнуцца да гэтага. Зразумела, гэта залежыць ад славалюбства і ад тых задач, якія яны перад сабой ставяць. Некаторыя імкнуцца проста заставацца ў тусоўцы, у іншых бярэ верх прынцып “Aut Caesar, aut nihil” (“Усё ці нічога”). Яскравы прыклад — я сам. Я апантана “пракачваў” сябе да таго моманту, пакуль, як кажуць, не ўпёрся ў столь. Калі зразумеў, што лепш, чым гуляю, гуляць ужо не змагу, спыніў удзел у спаборніцтвах і засяродзіўся на трэнерскай дзейнасці. А вось знайсці падлеткаў, якія імкнуцца да вынікаў, вельмі складана. У гэтым выпадку дысцыпліна — наша ўсё”. 

Ігар Лівенцаў: “Каб перамагаць на турнірах, займацца “самапракачкай”, трэба бесперапынна, пастаянна нешта чытаць, вучыць, запамінаць. Літаральна адносіцца да падрыхтоўкі як да школьнага прадмета, які трэба запомніць”.

Слова знаўцам

Галіна Лявонцьева займаецца інтэлектуальнымі гульнямі чацвёрты год, у камандзе Ігара Уладзіміравіча яна два з паловай гады: “Мяне цікавіць працэс гульні. Зразумела, перамагаць заўсёды прыемна, але адчуванне гульні, еднасці з людзьмі, якія напружана змагаюцца побач з табой, куды цікавей”. Сфера інтарэсаў Галіны крыху “олдскульная”. Яна любіць прыгодніцкую літаратуру, кнігі пра адкрыццё новых земляў, вандроўкі. “Дзяўчына цікавіцца тым, на чым вырасла яшчэ маё пакаленне. Але калі ў мой час такімі захапленнямі немагчыма было здзівіць, то для цяперашніх падлеткаў гэта крута!” — гаворыць педагог.

Ігар Уладзіміравіч перакананы: як карабель назавеш, так ён і паплыве. Таму назвы для сваіх каманд не давярае прыдумваць нікому. Назва павінна быць яркай і моцнай, з якой немагчыма не перамагчы. Напрыклад, на магутнага “Рымскага-Корсакава” педагога натхніла опера. Дарэчы, каманда нібы прыцягвае на турнірах пытанні з адказам “Рымскі-Корсакаў”. Ад такой двайной адказнасці немагчыма не даць правільны адказ! 

“Напэўна, як і ў кожнай каманды, у нас ёсць ахілесава пята — тыя пытанні, аб якія мы заўсёды спатыкаемся. Пытанні-“матрошкі”, лёгкія, але мы не бяром іх. Прачыталі ўжо цэлую базу фактаў падчас падрыхтоўкі, але ніяк не можам улавіць іх сутнасць”, — прызнаецца капітан каманды “Рымскі-Корсакаў” Эвеліна Сеўрукова.

“Калі я прыйшоў у клуб “Эрудыт”, тут ужо было сфарміравана сваё кола знаўцаў. Я быў “тёмной лошадкой” на задворках Сусвету, — жартуе выхаванец педагога Антон Гушча. — Хаця ў мяне доўгі шлях гульца ў “Што? Дзе? Калі?”, які пачаўся ў 7 класе са школьнай каманды. У “Эрудыце” гуляю два з паловай гады. У гэтым годзе ўвайшоў у склад фарм-каманды “Рымскага-Корсакава”. Наша каманда разнастайная па сваіх захапленнях. Кожны з удзельнікаў узмацняе яе ў пэўнай галіне: хтосьці разбіраецца ў літаратуры, хтосьці — у жывапісе. Я ж захапляюся астраноміяй, фізікай і матэматыкай, планую з гэтымі навукамі звязаць будучую прафесію і спадзяюся дапамагчы камандзе сваімі ведамі ў гэтых галінах”.

У выхаванцаў Ігара Уладзіміравіча ёсць талісман — цацачная ліса, якую яны бяруць з сабой на ўсе чэмпіянаты. І хоць юныя знаўцы і гавораць, што выбар такога татэма быў выпадковым і не нясе ніякага кантэксту, гэты сімвал хітрасці і розуму вельмі пасуе людзям, якія здольны выкарыстоўваць свой інтэлект і веды на поўную моц. 

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.