Марозны зімовы вечар. Хлопчыкі Захар і Мірон чакаюць яго з асаблівай нецярплівасцю. Апрануўшыся, яны пацалуюць у шчаку маму, возьмуць тату за рукі і разам адправяцца… у спартыўную залу бліжэйшай школы. Гэта будзе толькі іх асабісты мужчынскі час, дзе разам можна паганяць мяч, павісець на турніку, паскакаць і набегацца ўволю. А яшчэ ўбачыць знаёмых дзяцей, якія таксама прыйшлі ў спартыўную залу разам са сваімі татамі. Прычым абсалютна бясплатна. У мам жа з’явіліся свабодныя дзве гадзіны, якія можна патраціць на свае справы. Аўтар гэтага ўнікальнага праекта, які не мае аналагаў у Беларусі, — практычны псіхолаг з Гомеля Сяргей Бычкоў, ён жа тата Захара, Мірона і 16-гадовай Аляксандры. Напрыканцы мінулага года праект “Татазала” заваяваў гран-пры самага маштабнага конкурсу сацыяльных праектаў краіны Social Weekend.
Разам весялей!
“Я заўсёды шукаў цікавыя заняткі для сваіх дзяцей. Улетку з гэтым усё зразумела. А што рабіць у халодную пару года, калі на вуліцы шэра і пахмурна, і дома сядзець вельмі сумна?! Аднойчы, калі майму малодшаму сыну не было і года, мы вырышылі з ім прагуляцца ў школу № 45, дзе вучацца мае старэйшыя дзеці, і зазірнулі ў спартыўную залу. Там займаліся школьнікі. Мы таксама пераапрануліся, і я папрасіў там пабыць. Нікому не перашкаджаючы, сын крыху папоўзаў, палазіў, а штосьці проста з цікаўнасці памацаў. Хутка мой хлопчык падрос, пачаў хадзіць, мы з ім час ад часу заглядвалі ў гэтую спартыўную залу. Тады я і вырашыў: чаму б не працягнуць гэтую справу? І ў адзін з асенніх дзён 2015 года паклікаў у залу сваіх знаёмых татаў з дзецьмі. Разам жа весялей, — усміхаецца Сяргей Бычкоў. — Хацелася ведаць, ці “зойдзе” гэтая тэма як татам, так і дзецям. Пасля першай сумеснай трэніроўкі стала зразумела: гэта цікава ўсім. У хуткім часе мы ўжо размаўлялі з дырэктарам школы № 45 Канстанцінам Сяргеевічам Кіржанавым, як арганізаваць праект, бо школа і бацькі павінны ўзаемадзейнічаць”.
Трэба адзначыць, што яшчэ ў 2009 годзе мнагадзетны тата, а таксама старшыня бацькоўскага камітэта школы № 45 Сяргей Бычкоў арганізаваў першую ў Гомелі і другую ў краіне (пасля сталічнай) “таташколу”, дзе мужчын вучаць непрывычным, здавалася б, для іх справам: размаўляць з яшчэ ненароджаным дзіцем, спавіваць немаўля і рабіць яму гігіенічныя працэдуры, а яшчэ ўлоўліваць і наладжваць тонкі настрой каханай жонкі. Што і казаць, майстэрства патрэбнае і неабходнае. Дарэчы, не так даўно сваю дзейнасць Сяргей і яго аднадумцы аформілі ў грамадскае аб’яднанне “Савет татаў горада Гомеля”. У “таташколе” шмат праектаў, сярод іх “Татасплаў” (сплаў па рэках Беларусі), “Татанастолкі” (сумесныя настольныя гульні), “Рух дваровых гульняў”, ну і, зразумела, праект “Татазала”, які па-сапраўднаму запрацаваў у снежні 2015 года.
“Татазалаў” становіцца больш
Арганізатары ўнікальнага праекта адразу прыемна здзівілі бацькоў: прыходзіць у залу можна з дзецьмі ва ўзросце ад шасці месяцаў. Калі пра гэта з’явілася першая інфармацыя на сайце і ў мясцовай прэсе, зала “ўзарвалася”.
“На заняткі прыехала столькі людзей з розных канцоў горада, што мы нават не чакалі: адразу чалавек восемдзесят! І ўсе таты былі з дзецьмі. Гэта быў перабор, таму трэцяя частка больш не прыйшла, бо дзеці пачалі хвалявацца — яны ўпершыню трапілі ў такую абстаноўку. У зале камфортна знаходзіцца, калі там чалавек 15—20 дарослых і прыкладна столькі ж дзяцей”, — тлумачыць Сяргей.
Стала відавочна, што праект запатрабаваны, трэба распрацоўваць яго далей. І Сяргей падаў заяўку па конкурс Social Weekend. Пасля перамогі і атрымання грошай на распаўсюджванне вопыту па краіне, пачалося актыўнае супрацоўніцтва са школамі горада і вобласці. Зараз у Гомелі адкрыты тры спартыўныя залы — у школах № 45, 29 і 69, а ў хуткім часе плануецца адкрыць “татазалу” ў Навабеліцкім і Савецкім раёнах Гомеля. Да таго ж аб вопыце беларускага таты даведаліся ў Зарэчным Пензенскай вобласці (Расійская Федэрацыя) і звярнуліся з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі падобнай залы ў іх горадзе. Зразумела, Сяргей з задавальненнем згадзіўся і падзяліўся патрэбнай інфармацыяй. Літаральна праз пару месяцаў “татазала” з’явілася і ў Зарэчным.
“Насамрэч, сёння ў нас запытаў на арганізацыю “татазалаў” хапае, ужо чакаем адказы з Мазыра і Оршы. Ёсць запыты з Брэста, Магілёва, Гродна, Мінска і Віцебска. Па Гомелі з мадэратарамі праекта ўвогуле няма праблем, тут я абсалютна ўзаемазамяняльны. Зараз мы займаемся пошукам школ і мадэратараў у іншых гарадах, бо многія выказваюць жаданні, каб падобная школа з’явілася ў іх горадзе. Але хацелася б, каб у гэтага праекта была педагагічная падтрымка, тады і карысць для грамадства мы змаглі б зрабіць хутчэй, бо пакуль пытанняў падчас арганізацыі, на жаль, узнікае шмат, — адзначае Сяргей. — Тым не менш, на мой погляд, праект важны, патрэбны і эфектыўны. Знайсці 15 татаў у любым раёне горада, якія пажадаюць хадзіць у залу з дзецьмі, не праблема. За год работы мы рэальна ўбачылі, што дзеці развіваюцца, прычым не толькі фізічна: рух развівае маўленне. Акрамя таго, гэта ўзаемадзеянне бацькоў і школы, адаптацыя дзіцяці да дзіцячага сада і да школы. Ды і ўвогуле, гэта важны праект для сям’і ў цэлым, бо тата можа паказаць дзіцяці прыклад здаровага ладу жыцця. У той жа час такімі праектамі і рашэннямі мы стараемся дапамагчы школе”.
Галоўнае — проста прыйсці
Чым жа займаюцца таты, калі прыходзяць у спартыўную залу? Ды чым заўгодна! Гэта не ўрок фізічнай культуры, тут заняткі для свайго дзіцяці выбірае сам тата. Камусьці падабаецца бегаць, камусьці скакаць, вісець на турніку, хадзіць па лаўках, а нехта захоча пакуляцца на мяккіх матах. Сяргей Бычкоў адзначае, што галоўнае — проста прыйсці.
“Дзецям патрэбна месца, а спартыўная зала для гэтага ідэальна падыходзіць: яна зачынена, і дзіця нікуды не ўцячэ, тут ёсць мячы, лаўкі, шведскія сценкі, маты, штосьці мы прыносім з сабой. Тата прыходзіць і займаецца з дзіцем сам. Ён скача з ім праз скакалку, кідае мяч, бегае, страхуе падчас практыкаванняў, трымае за руку, калі дзіця ходзіць па лаўках. “Тусоўка” навокал дапамагае малышам рабіць тое, што яны ніколі ў жыцці не рабілі. У некаторыя гульні мы гуляем разам, напрыклад, у “Гусі-лебедзі”, якая з’яўляецца любімай у дзяцей. Часам мы проста бегаем ад сценкі да сценкі. Гэта наша фішка. Мы нават знялі адпаведны відэаролік і размясцілі яго на сваёй старонцы ў інтэрнэце. Мы нават не чакалі, што так зацікавім дзяцей гэтай бегатнёй, — усміхаецца Сяргей. — Увогуле, новыя відэаролікі мы плануем здымаць рэгулярна, каб іншыя таты бачылі, чым можна заняць дзіця ў зале”.
Пакуль мамы адпачываюць…
На занятках ў спартыўных залах нярэдка можна ўбачыць не толькі татаў з дзецьмі, але і дзядуль, якія таксама не супраць правесці цікава час з любімымі ўнукамі і сынамі.
Тата пяці дачок і маленькага сына Паўліка Генадзь Мураўёў пачаў хадзіць у залу з дзвюма сваімі дочкамі яшчэ з першых заняткаў праекта. З Сяргеем Бычковым яны пазнаёміліся даўно, на курсах “таташколы”, куды прыйшоў аднавіць свае бацькоўскія веды Генадзь. Цяпер ён і сам выкладае для будучых татаў.
“Заняткі ў зале вельмі карысныя, бо ў дзетак развіваюцца ўсе фізічныя навыкі. Напрыклад, маленькія дзеці ўвогуле не ўмеюць скакаць, а тут мая Ліза пачала скакаць, навучылася перакульвацца. Калі фізічнае развіццё ідзе наперад, то і разумовае таксама. Акрамя таго, дзеці ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, а гэта несумненна добра. Для маёй дачкі асабліва, бо дзіцячы сад яна не наведвае. Лізу не пужае вялікая колькасць дзяцей, з многімі яна пасябравала, усіх па імёнах ведае, а калі кагосьці няма, заўсёды мяне пытае чаму. Зараз ёй тры гады. Хутка і Паўлік падрасце. Яго таксама прывяду. Ды і маме даём адпачыць. Мая жонка не нарадуецца!” — гаворыць Генадзь.
Максім Данішэўскі з 2-гадовым сынам прыходзіць у “татазалу” таксама з моманту яе адкрыцця.
“На занятках ты самастойна павінен для сябе вызначыцца, чым будзеш займацца з дзіцем, а калі не можаш прыдумаць, то глядзіш на іншых. Я ведаю, што падабаецца майму сыну. Гэтым мы з ім актыўна і займаемся: скачам, падцягваемся, гуляем у мяч… Я нават бачу, як у яго развіваюцца мускулы, — усміхаецца Максім. — Дома ў нас таксама ёсць спартыўны куток, ад якога сын не адыходзіць. Такая любоў да спорту, мне падаецца, прывіта менавіта “татазалай”.
Дзяніс Кайдуноў з’яўляецца мадэратарам праекта ў школе № 29 Гомеля, куды і прыходзіць з маленькай дачкой.
“Дома заўсёды нейкія справы, а ў “татазале” некалькі гадзін праводзіш толькі з дзіцем, і гэта вельмі класна! Да таго ж нярэдка на занятках таты абменьваюцца вопытам і ведамі, як гуляць з дзіцем, як яго выхоўваць”, — адзначае Дзяніс.
Віталь Семяніцкі не толькі займаецца ў спартыўнай зале з сынам Мацвеем, якому 1 год і 3 месяцы, але і з’яўляецца мадэратарам праекта ў школе № 69 Гомеля.
“Мэта амаль усіх нашых праектаў — аб’яднаць татаў і дзяцей. Справа ў тым, што пры татах дзеці паводзяць сябе больш паслухмяна, атрымліваюць тую ўвагу ад таты, якой не хапае дома, радуюцца кожнаму імгненню. Калі мы збіраемся, ні адно дзіця не ходзіць без эмоцый. Гэта даволі складана растлумачыць: дзіцячыя ўсмешкі і неверагодная радасць пануюць на працягу ўсёй трэніроўкі, — расказвае Віталь. — Увогуле, дзіця паступова праяўляе цікавасць, пачынаючы з даследавання памяшкання. І пакуль яно не даследуе ўсё, яму нецікава гуляць. Потым дзіця назірае, прывыкае да іншых. А ўжо дзесьці на трэціх занятках само ідзе на кантакт, спрабуе падзяліцца сваімі цацкамі (напрыклад, мы бяром з сабой мячыкі) або з ім хтосьці дзеліцца. За такімі першымі дзіцячымі эмоцыямі ў адносінах да равеснікаў вельмі цікава назіраць. Ды і заняткі сапраўды карысныя. Малыя бачаць, як паводзяць сябе старэйшыя дзеці, спрабуюць паўтараць за імі. Адпаведна, у кожным узросце дзіця ўсё больш спазнае і больш умее. Але ты не заўсёды ведаеш магчымасці свайго дзіцяці. Часта пасля заняткаў сын умее рабіць штосьці крыху больш, лепш. Тады прыходзіш дадому і хвалішся жонцы, што сын навучыўся рабіць нешта, хоць ты сам гэтага не чакаў. Мама ж, пакуль нас няма, паспявае зрабіць усе свае справы або проста адпачыць, і сустракае нас з усмешкай на твары.
Будзем спадзявацца, што праект ахопіць усю Беларусь, таму што ідэя сапраўды цудоўная. Хочацца, каб ёй уразіліся іншыя таты”.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота з архіва Сяргея БЫЧКОВА.