Сцэна для жыцця

Яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад многія дзеці марылі стаць акцёрамі, асабліва дзяўчаты. Аднак, вырастаючы, амаль усе яны выбіралі зусім іншыя прафесіі, а гэтыя мары заставаліся нерэалізаванымі. Але ўсё ж у тых, каму дагэтуль сняцца здымкі і сафіты, сцэна і апладысменты, ёсць шанс убачыць іх і наяве. Мінская школа кінамастацтва ўжо некалькі гадоў адкрывае талент акцёра ва ўсіх жадаючых, незалежна ад іх узросту. А не так даўно экспрэс-навучанне для дзяцей і падлеткаў стала магчымым у профільных летніх лагерах Acting Camp.

Дружба пачынаецца з гульні

У гэтыя дні дзеці і падлеткі прымяраюць маскі і ўжываюцца ў ролі на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Іскра”, што на рацэ Волме (Смалявіцкі раён Мінская вобласць). Ідэя стварэння такога лагера і самой школы належыць Міхаілу Шпілеўскаму, рэжысёру, прадзюсару, кампазітару, педагогу, псіхолагу, бізнес-трэнеру. Ён трыццаць гадоў працуе ў адукацыйных і даследчых цэнтрах краін Еўропы і Азіі, вышэйшых навучальных установах, аўтар каля 100 навуковых работ, член журы міжнароднага кінафестывалю, з 2005 года вядзе трэнінгі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а з 2010 года — у заснаванай ім жа Мінскай школе кінамастацтва.
“Ідэя праводзіць лагеры акцёрскага майстэрства з’явілася яшчэ ў 2012 годзе, праўда, ажыццявілася яна толькі ў мінулым годзе, — гаворыць Міхаіл Эдуардавіч. — А з’явілася яна ў нашых выхаванцаў, якія не хацелі рабіць вялікія канікулы ў школе. Калі дарослыя летам у большасці працуюць, дзеці нічым асабліва не занятыя. І мы прапанавалі ім правесці некалькі змен тэрмінам па тры тыдні ў загарадных лагерах — адпачыць і працягнуць навучанне. Але прыехаць разам з нашымі выхаванцамі ў лагер было шмат жадаючых навічкоў, тых, каму прасцей займацца на канікулах, бо складана сумяшчаць навучанне ў агульнаадукацыйнай школе з нашай на працягу навучальнага года”.
Звычайна на зменах 12—14 чалавек. У асноўным мінчане, але прыязджаюць дзеці і з Брэста, з Віцебска, была дзяўчынка нават з Катара. Таму першая задача лагера — згуртаваць каманду. Гэта тое, з чаго пачынаецца любая змена ў любым летніку, але ў такім гэты рытуал ледзь ці не самы важны: ад гэтага залежыць не толькі псіхалагічны камфорт, а паспяховасць навучання ўсёй змены. Над гэтым працуе не толькі педагог-псіхолаг, але і іншыя выкладчыкі. Першыя лагерныя гадзіны па традыцыі пачынае дырэктар школы.
“Мая задача — у першыя гадзіны пасябраваць дзяцей і навучыць працаваць у камандзе, каб яны адчулі сябе трупай, у якой важна ўзаемадапамога і ўзаемавыручка, — тлумачыць Міхаіл. — На ўзбраенне бяром трэнінгі, гульні. Адна з любімых гульняў — “Анёл”. Мы размяркоўваем, хто чый анёл, і задача анёлаў — клапаціцца пра сваіх людзей, дапамагаць ім. Карысна навучыць дзяцей хваліць адно аднаго, гаварыць кампліменты.
Тут важную ролю адыгрывае тое, што ў нас рознаўзроставыя групы, што не так характэрна для лагераў. Для справы гэта добра — трэба ўмець знаходзіць агульную мову з людзьмі незалежна ад узросту. Спачатку дзеці вельмі адасобленыя, трымаюць дыстанцыю, асабліва дарослыя ў дачыненні да малых: як можна ў 16—17 гадоў пасябраваць з самымі малодшымі, 8-годкамі? Але незаўважна для сябе яны ўсе сябруюць. Больш за тое, многія дзеці становяцца сябрамі і па-за сценамі лагера”.

Замест “не магу”, “не ўмею” — “я спрабую”

Выкладчыкі ў лагеры — прафесійныя рэжысёры, акцёры, спевакі, танцоры. Яны даюць сваім выхаванцам асновы акцёрскага майстэрства, пластыкі, пантамімы, сцэнічнага руху і маўлення, танца, рытмікі, вакалу, кінематаграфіі. У вучэбнай праграме лагера ёсць азнаямленне з такімі спецыфічнымі рэчамі, як гармонія цела і дыхання, дыхальная гімнастыка, дыялог дыхання і цела, развіццё каардынацыі і рухомасці розных частак цела, рухальная імправізацыя, перадача эмоцый пры дапамозе цела, артыкуляцыйная гімнастыка, логіка маўлення, работа з літаратурным творам і іншыя.
“Як у вакаліста ўсё пачынаецца з распеўкі, у танцора — са станка, так у акцёра — з трэнажоў, — тлумачыць тонкасці справы педагог па акцёрскім майстэрстве і сцэнічным маўленні Валянціна Кастышына. — Яны знімаюць заціскі ў целе, размінаюць мышцы, суставы, вучаць правільна дыхаць падчас гаварэння. І ўсё гэта мы робім гуляючы — здзімаем парашуцікі з адуванчыкаў, надзімаем шарыкі, нюхаем кветкі, прычым лепш, калі ўсе гэтыя прадметы будуць уяўныя. Так мы сумяшчаем размінку з асваеннем беспрадметнага дзеяння. Некалькі заняткаў — і глядач можа нават апісаць гэты неіснуючы прадмет: убачыць колер, улавіць пах, адчуць смак. Трэнажамі мы развіваем і маўленне, памяць, вучым канцэнтраваць увагу на канкрэтным прадмеце, на сваёй ролі, на партнёры”.
Дзецям асабліва падабаюцца гульні, якія трэніруюць уяўленне. Напрыклад, гульня “Працягні казку”. Адзін гаворыць: “Жылі-былі дзед і баба”, задача іншых гульцоў — працягнуць яе, падпарадкоўваючыся структуры: каб была прадмова, канфлікт, яго развіццё і фінал. Часта ў казцы з’яўляюцца не толькі гномікі і зайчыкі, але і паралельны свет, жыццё на Марсе. І калі ламаецца казка, задача партнёраў — утаймаваць буйную фантазію таварышаў і паставіць кропку.
Традыцыйна цікава праходзіць гульня “Працягні пантаміму”. Адзін пачынае, скажам, капаць бульбу, астатнія па чарзе павінны ўгадваць, што робяць іх папярэднікі, і далучацца: прынесці вядро, каб яе сабраць, насыпаць у мяшок ці падвесці каня з возам. Пра майстэрства гульцоў можна гаварыць тады, калі ўсе па ланцужку рабілі адну справу.
“У нас ёсць свае табу: нельга смяяцца з таго, у каго нешта не атрымалася, забаронена гаварыць словы “не магу” і “не ўмею” — ёсць толькі “я спрабую”, — гаворыць Валянціна. — За любую спробу мы хвалім адно аднаго, апладзіруем. У выніку дзеці разнявольваюцца, не баяцца дурэць, быць смешнымі, выпрабоўваць сябе і свае здольнасці ў адрозненне ад дарослых, якія баяцца гуляць нават падчас трэнажоў. Усё гэта — аснова сцэнічнага жыцця”.
Акрамя ўмення працаваць на сцэне, хлопцы і дзяўчаты вучацца працаваць і па-за ёй. Адна з любімых частак навучання — асновы кінематаграфіі. Сакрэты напісання добрага сцэнарыя, асновы рэжысёрскай работы, правільныя здымкі — усё гэта расказваюць юным паслядоўнікам прафесіяналы.
Усё тое, чаму дзеці навучыліся за тры тыдні, яны паказваюць падчас выпускной работы — выніковага канцэрта. Традыцыйна гэта цэлае шоу. Тэатралізаваныя пастаноўкі, відэаролікі, кінафільмы, тэатры мімаў, пародыі на вядомых атрыстаў, мініяцюры, тэатр абсурду, фрагмент вядомых спектакляў — у арсенале моладзі ёсць усё. Кожны імкнецца паспрабаваць сябе ў розных ролях: сцэнарыста, рэжысёра, аператара, акцёра. Традыцыйна на прэм’еры запрашаюцца таты і мамы ўдзельнікаў лагера.

Універсальнае майстэрства

Ужыцца ў ролю, змяніць характар, у імгненне расплакацца ці істэрычна рассмяяцца — усё гэта талент акцёра. Яму па сілах прымусіць гледача суперажываць герою, апраўдваць яго ці асуджаць яго ўчынкі, быць для гледача прыкладам ці падказваць выйсце. Аднак акцёрскае майстэрства — мастацтва, якое можа спатрэбіцца не толькі на тэатральных падмостках ці перад аб’ектывамі кінакамер.
“Людзі прыходзяць да нас не столькі з мэтай атрымаць ці змяніць спецыяльнасць, а з імкненнем навучыцца разнявольвацца, пераўвасабляцца ў штодзённым жыцці, — гаворыць Міхаіл Шпілеўскі. — Неабавязкова ўсе нашы выхаванцы будуць здымацца ў кіно, іграць у тэатры або будуць радыё- ці тэлевядучымі. Але гэтае ўменне дапаможа ім у жыцці адчуць упэўненасць у сабе, перамагчы страх перад публікай і перастаць баяцца выступленняў на сцэне ці за кафедрай, кіраваць сваімі эмоцыямі, адчуваць адказнасць, быць з калектывам і ў той жа час быць лідарам”.
Як бы там ні думалі сабе выкладчыкі, усё ж яны не толькі надаюць веры ў сябе сваім выхаванцам, але і адчыняюць дзверы ў прафесію. Напрыклад, выхаванка леташняга лагера Аліса Аўдонькіна сёлета паступіла ў Польска-японскі ўніверсітэт камп’ютарных тэхналогій (Варшава) на спецыяльнасць “Мультыплікацыя”.
“Я шмат вучылася маляваць і рабіць мультфільмы ва ўстановах дадатковай адукацыі, на курсах, але мне не хапала менавіта акцёрскага складніка, таму тыя веды, якія нам давалі тут, — бясцэнныя, — гаворыць Аліса. — Мультыплікацыя немагчыма без акцёрскага майстэрства, хоць іграеш не ты, а твой персанаж. Прадумваючы кожны яго рух, кожнае слова, я ўспамінаю нашы заняткі”.
Варвара Грушчанкова яшчэ зусім маленькая, каб цвёрда вызначыцца з прафесіяй, але набыццё акцёрскага майстэрства стала значнай часткай яе жыцця. Летась ёй не было і 8 гадоў, але яе ўзялі ў лагер. Дзяўчынка настолькі захапілася, што правяла ў лагеры дзве змены запар, цэлы год вучылася ў школе, а гэтым летам — зноў у лагеры.
“Падбіраючы летнік для сваёй дачкі, я заўсёды шукала такі, каб яна там не проста была пад наглядам, а займалася нейкай цікавай справай, — гаворыць мама Варвары Анжэла Грушчанкова. — Вара засталася вельмі задаволена. Тыя навыкі, якія даюць выкладчыкі ў гэтым лагеры, — разняволенасць, адсутнасць комплексаў, уменне гаварыць і прадстаўляць сябе — спатрэбяцца ў жыцці кожнаму чалавеку, незалежна ад прафесіі. Мне, напрыклад, давялося інвесціраваць у іх набыццё ўжо ў свядомым узросце, свайму дзіцяці я хачу гэта даць на старце”.
Што тычыцца непасрэдна кінакар’еры, то для многіх выхаванцаў лагера яна пачалася. Летась у Мінску здымалі некалькі расійскіх фільмаў з удзелам дзяцей. У адным фільме пра дзіцячага ўрача атрымалі ролі амаль усе ўдзельнікі лагера. Ангеліна Дзядзюк прайшла кастынг і сыграла Насцю, галоўную гераіню расійскай актрысы Яўгеніі Осіпавай у дзяцінстве ў серыяле “Замест яе”, прэм’ера якога прайшла ў маі бягучага года. Для лагера, які дзейнічае ўсяго толькі другі год, нядрэнна. Таму ёсць усе шансы, што некалі ў лагеры “Іскра” заіскрыцца цэлае кінасузор’е.

Святлана НІКІФАРАВА.