Суботні калейдаскоп

У тым, што можна цікава адпачыць і ў школе, завітаўшы сюды ў суботу, ужо даўно ўпэўніліся і вучні, і іх бацькі. А вось за тое, каб гэты адпачынак быў цікавым і кожны раз новым, адказваюць настаўнікі. І мяркуючы па тых ідэях, якія яны прадставілі ў фінале Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, які завяршыўся ў канцы кастрычніка, іх навучэнцам адназначна пашанцавала.

Арыгінальныя, незвычайныя, цікавыя, займальныя, карысныя і цікавыя прыклады арганізацыі шостага школьнага дня ў фінале прадставілі педагогі і навучэнцы 21 установы адукацыі. Конкурс праходзіў у пяці намінацыях: “Мой прафесійны арыенцір”, “Шосты школьны дзень — тэрыторыя здароўя!”, “Ёсць ідэя!”, “Мая вялікая малая радзіма” і “Лепшы інавацыйны праект”.

Пасля грунтоўнай ацэнкі ўсіх выхаваўчых эксперыментаў, эксперты вызначылі пераможцаў. У выніку ўзначаліла кагорту лепшых гімназія № 15 Мінска, узяўшы гран-пры і галоўны прыз — пуцёўкі ў “Зубраня” для сваіх навучэнцаў. Іх праект “#Карані” дапамог гімназістам прымераць на сябе самыя розныя прафесіі і ў новым статусе паглыбіцца ў вывучэнне гісторыі свайго роду, яго вытокаў. Навучэнцы Касцюковіцкай раённай дзяржаўнай гімназіі сур’ёзна занепакоены лёсам лесу, таму яны з маленства прывучаюцца пра яго клапаціцца. Спачатку ў складзе школьнага лясніцтва “Лясны дазор”, а потым, атрымаўшы прафесію, вяртаюцца на радзіму ўжо як спецыялісты.

Разумеючы, што будучыня за ІТ, у ліцэі № 1 Гродна навучэнцам дапамагаюць убачыць сябе ў ролі спецыялістаў лічбавага свету. Свая крыптавалюта, смарт-галерэя з “вау-эфектам”, квесты і гістарычныя прагулкі, асновы лічбавай эканомікі і многае іншае пакладзена ў аснову іх праекта “Сфера N: Школа. Субота. Падзеі”. Свой варыянт, як увесці моду на здаровы лад жыцця, прапанавалі ў творчым гульнявым праекце “Даешь ЗЛЖ!” педагогі гімназіі № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага.

Прапанавалі педагогі і ТОП-ідэі, як прадставіць сваю малую радзіму. Так, у Пятрэвіцкіма дзіцячым садзе — сярэдняй школы Навагрудскага раёна расказалі, што на гэтую мэту працуюць брэндавыя мерапрыемствы, родны аграгарадок апявае далёка за яго межамі і мясцовая вакальная група. Цяпер у школе адкрыўся і прэс-цэнтр, дзе школьнікаў вучыць расказваць пра свой родны край будуць студэнты і выпускнікі журфака БДУ. Сярэдняя школа № 62 Мінска прапанавала сваім навучэнцам стварыць “Трылогію малой радзімы”. У праект увайшлі мерапрыемствы, разлічаныя на тры гады, — 2018—2020 — якія ў Беларусі прысвечаны малой ра­дзіме.

Каб больш падрабязна даведацца пра гэтыя і іншыя праекты, якія сталі пераможцамі ў сваіх намінацыях, чытайце наш сённяшні дадатак.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.