Сучасныя манеры

Выхаваны, з добрымі манерамі мужчына, які выдатна ведае правілы этыкету, — станоўчы герой не толькі жаночых раманаў ХІХ стагоддзя. Такі мужчына і цяпер у павазе. Сярод жанчын — дакладна. А што наконт дзяўчат? Ці ацэняць сучасныя вучаніцы клопат з боку аднакласніка, калі той, напрыклад, прытрымае дзверы і прапусціць яе першай у вучэбны кабінет або дапаможа апрануць паліто ў гардэробе? Ці не будуць выглядаць гэтыя ўчынкі ў ХХІ стагоддзі для будучых лэдзі дзіўнымі? Якімі наогул манерамі павінны валодаць сучасныя юнакі, будучыя мужчыны? Пра гэта выдатна ведаюць дзяўчаты і жанчыны. З фіналістамі, а дакладней, фіналісткамі, гарадскога фестывалю сучаснага этыкету “Манеры і сучаснасць” з сярэдняй школы № 56 Мінска мы і пагутарым.

Сучасны мужчынскі этыкет, этыкет сучаснага мужчыны… Калі загугліць гэтыя паняцці, то атрымаеш спасылкі на некалькі дзясяткаў сайтаў, дзе як пад капірку прапісана, што сучасны мужчына (калі ён, канечне, хоча з гонарам насіць гэтае высакароднае званне) павінен. Пасля слова “павінен” ставіцца двухкроп’е, а за ім ідзе вялізны спіс з 10, дзесьці — з 15, 30, а на адным сайце нават са 101 пункта рэкамендацый для прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, як сябе паводзіць сярод сяброў, у грамадскім транспарце, у рэстаране, на вуліцы, са старэйшымі, з калегамі, з роднымі. І, канечне, асобным пунктам прапісана, як сучасны мужчына павінен абыходзіцца з жанчынай або дзяўчынай.

Калі перачытваеш гэтыя пункты, міжволі закрадваецца думка: напэўна, усе названыя рэкамендацыі складалі жанчыны, каб заўсёды адчуваць побач моцнае плячо, сапраўдную мужчынскую падтрымку. З іншага боку, гэтыя рэкамендацыі маглі складаць і мужчыны, якім прыемна падаваць руку жанчыне пры выхадзе з грамадскага транспарту, прыемна адчыняць перад ёй дзверы, прыемна трымаць паліто і г.д. Калі мы робім гэтыя нескладаныя дзеянні, хаця б на некалькі імгненняў адчуваем сябе сапраўднымі мужчынамі, абаронцамі, той каменнай сцяной, за якой марыць схавацца ад жыццёвых віхур пераважная большасць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Пра гэтыя базавыя паняцці мужчынскага этыкету, манер паводзін, якія цэняцца ва ўсе часы, на думку дырэктара сярэдняй школы № 56 Мінска Анжалікі Анатольеўны Захарэўскай, трэба як мага часцей гаварыць хлопчыкам, падлеткам, юнакам, каб яны выраслі сапраўднымі мужчынамі. Але ці будуць ацэнены гэтыя манеры? “Я яшчэ паставілася б нейтральна да гэтага ўчынку, аднак, калі маёй сяброўцы адзін хлопчык уступіў месца ў грамадскім транспарце, ёй гэта не спадабалася. “Я што, нямоглая, не магу пастаяць некалькі прыпынкаў?! Не трэба мне ўступаць месца”, — вось такія былі яе словы”, — падзялілася вучаніца 11 “Б” класа Ганна Чаўнавая. Ці ўступіць наступны раз хлопец (безумоўна, пакрыўджаны такімі словамі) месца дзяўчыне ў грамадскім транспарце — гэта пад вялікім пытаннем. Ці азначае апісаны выпадак, што юнакі не павінны ўступаць месца дзяўчатам, жанчынам? Канечне, не, але пра адносіны сучаснай моладзі да этыкету гэты выпадак прымушае задумацца.

— У сваім выступленні на раённым этапе гарадскога фестывалю “Манеры і сучаснасць” мы хацелі данесці да гледачоў ідэю, што сучасны этыкет знаходзіцца ў развіцці, станаўленні. Мяняецца час, мяняюцца людзі, а разам з гэтым мяняецца і сам этыкет, асабліва цяпер, у эпоху актыўнага развіцця інфармацыйных тэхналогій. За 7 мінут мы вырашылі паказаць на сцэне, што этыкет, умоўна кажучы, адной нагой знаходзіцца ў ХІХ стагоддзі, у тых нормах, якія апісваюцца ў творах класічнай літаратуры, а другой нагой ён у заўтрашнім дні, падстройваецца пад сучаснага чалавека. Так, не чалавек падстройваецца пад этыкет, а этыкет — пад чалавека. Гэта калісьці для кожнага выхаванага мужчыны было нармальным пакланіцца жанчыне пры сустрэчы, зняць падчас вітання галаўны ўбор. Цяпер для сучаснай моладзі гэта нешта амаль фантастычнае. Ды чаго далёка хадзіць за прыкладам — некаторыя сучасныя таты не тое што не вітаюцца з настаўнікамі, калі заходзяць у школу, нават не скідаюць свае галаўныя ўборы. Калі б гэта былі адзінкавыя выпадкі, тады можна гаварыць пра выключэнне з правіл, аднак складваецца ўражанне, што гэта становіцца нормай, — падзялілася педагог-арганізатар Іна Віктараўна Несцяровіч.

На думку класнага кіраўніка 8 “В” класа аўтара сцэнарыя выступлення каманды 56-й школы на конкурсе Вольгі Дзмітрыеўны Майсеенка, базавых норм паводзін сучасныя вучні яшчэ прытрымліваюцца. Яны ведаюць, напрыклад, што трэба прапусціць наперад дзяўчыну пры ўваходзе ў кабінет або школу. Але калі хлопец гэтага не зробіць, то і большасць дзяўчат на гэта не зверне ўвагі. “У мяне класнае кіраўніцтва ў 8 класе. Падлеткам 13—14 гадоў — вельмі складаны ўзрост. Калі з імі размаўляеш паасобку — гэта адны дзеці, калі размаўляеш з калектывам — зусім іншыя. Васьмікласнік будзе адчыняць дзверы перад дзяўчынай, але пры адной умове: калі побач не будзе сяброў. У кампаніі яны наўрад ці гэта зробяць. Меркаванне збоку вельмі моцна ўплывае на сучасную моладзь. Напрыклад, калі я вучылася ў школе, з 1 класа вывучала этыкет. На занятках нам расказвалі, як правільна класці сталовыя прыборы, як паводзіць сябе ў грамадскім транспарце і г.д. Наколькі ведаю, цяпер такіх урокаў няма, але я ўпэўнена, што, нават калі б у мяне не было такіх урокаў, мае бацькі данеслі б мне гэтую інфармацыю. Многае залежыць яшчэ і ад сям’і. Цяпер мы прыходзім да таго, што некаторыя бацькі дазваляюць сабе пры дзецях груба выказвацца. Для іх гэта нармальна. Або запрасіць на якое-небудзь свята гасцей і не пакласці сурвэткі. І вучні прывыкаюць да гэтага, яны лічаць гэта нормай”, — сказала Вольга Дзмітрыеўна.

Дарэчы, пра норму. Гэтае слова ў нашай размове гучала вельмі часта. Што ёсць норма? Што будзе нормай у будучыні? Цяпер норма сярод хлопцаў — не проста вітацца за рукі, а пры гэтым выцягваць падчас праслухоўвання музыкі з вуха адзін навушнік. Калі ж ты хочаш не проста павітацца, а нешта абмеркаваць, то выцягваюцца два навушнікі. Калі размова будзе працяглай — увогуле выключаецца музыка.

— Сёння, на жаль, нярэдка сустракаюцца хлопцы, якія нічога грунтоўнага не могуць сказаць, з імі нават няма пра што пагаварыць. Яны не развіваюць сябе, мала чы-таюць, а большую частку дня сядзяць у гаджэтах. Нават калі гартаеш іх стужку, там нічога цікавага, ніякіх каштоўных думак, толькі жартаўлівыя карцінкі. Большасць з іх проста лянівыя. Яны не могуць узяць сябе ў рукі і прачытаць кнігу, заняцца спортам — ім гэта не патрэбна. Цікава размаўляць з людзьмі, якія ўмеюць думаць, аналізаваць. Сапраўдны мужчына праяўляецца ў дробязях. У школе ён прапусціць цябе ў дзверы, прынясе табе порцыю ў сталовай. Многае залежыць ад бацькоў. Канечне, дзеці становяцца падобнымі на іх, але кожны чалавек сам выбірае сваё жыццё. Нават калі ў сям’і бацькі нявыхаваныя, гэта не значыць, што дзеці будуць такімі. Ад нявыхаваных дзяцей аднакласнікі нярэдка адварочваюцца, не сябруюць з імі. Лічу, што такога чалавека можна выправіць, асабліва калі побач ёсць неабыякавыя. Калі чалавек разумее, што ён не патрэбны нікому, то працягвае рабіць дрэнныя справы, — падзялілася вучаніца Ганна Чаўнавая.

У кожнай жанчыны ёсць свой прыклад сапраўднага мужчыны, яна дакладна ведае, якімі рысамі характару, манерамі павінен валодаць такі чалавек, як ён павінен паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Для многіх старшакласніц сярэдняй школы № 56 Мінска такім прыкладам з’яўляецца іх настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксей Сяргеевіч Адамовіч. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алены Генрыхаўны Манікайла, са старшакласнікамі ён лёгка знаходзіць агульную мову, ніколі не павышае на іх голас, стараецца прыкладам выхоўваць іх, далучаць да здаровага ладу жыцця. Ён заўсёды на веласіпедзе прыязджае на работу, нават цяпер, зімой. Спартыўны, падцягнуты — адным словам, сапраўдны мужчына. Многія былыя вучні вырашылі пайсці шляхам Аляксея Сяргеевіча і паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Кожны мужчына фарміруецца па-рознаму. Нехта выпрацоўвае ў сабе нормы паводзін па прыкладзе бацькоў, нехта — па прыкладзе куміраў у музыцы, спорце. А вось Кірыл Ціхановіч з 9 “А” класа працуе над сабой сам. У яго няма куміраў, ён не ставіць лайкі пад фотаздымкамі знакамітых асоб. Ён намагаецца ўдасканальваць сябе сам, быць самім сабой, браць з розных крыніц інфармацыю пра паводзіны сапраўднага мужчыны, аналізаваць яе. “У мяне пакуль няма такога чалавека, з якога я гатовы браць прыклад, няма таго, хто выклікаў бы ў мяне захапленне. Аднак ёсць рысы характару, якія не прымаю ў іншых. Гэта пагарда. Мне не падабаюцца людзі, якія лічаць сябе лепшымі за іншых, думаюць, што за грошы і сувязі можна многага дабіцца, не падабаюцца людзі, якія брыдкасловяць”, — адзначыў Кірыл.

Адсутнасць у мужчыны названых Кірылам рыс характару — гэта выдатна. Якімі яшчэ рысамі характару павінен валодаць сучасны мужчына? Якіх норм паводзін у грамадстве ён павінен прытрымлівацца? Напярэдадні 23 лютага паспрабуйце, паважаныя педагогі, разам са сваімі вучнямі знайсці адказы на гэтыя важныя пытанні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.