Сям’ёй — у студыю

Бацькі і педагогі… Як аб’яднаць ім свае інтарэсы? Як дапамагаць адно аднаму рабіць жыццё дзяцей больш яркім, насычаным? Як зрабіць так, каб супрацоўніцтва было цікавым усім бакам? Адказы на гэтыя пытанні ведае Алена Генадзьеўна Гаціла, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Сваю студыю выяўленчага мастацтва “Вясёлка” яна стварала адначасова з сямейным клубам “Лад”, каб аб’ядноўваць не толькі юных мастакоў, але і іх бацькоў.

“Я ўпэўнена, што выхаванне дзяцей нельга па­дзяляць на баць­коўскае і педагагічнае. Таму я на першым жа сходзе прапанавала бацькам далучыцца да нас, каб яны маглі бачыць, як ра­стуць і развіваюцца іх дзеці не толькі дома, але і далучаючыся да іх жыцця ў нашым цэнтры, — гаворыць Алена Генадзьеўна. — Для справядлівасці, трэба адзна­чыць, што ініцыятыву стварыць клуб “Лад” напачатку падтрымалі ўсяго толькі 16 бацькоў. Але пасля першых жа сумесных свят іх колькасць стала расці, і сёння іх ужо больш за 100 чалавек”.

Цікава, што кожны з удзельнікаў клуба, далучаючыся, бярэ на сябе пэўныя функцыі, утвараючы сектары: культмасавы (пішуць сцэнарыі і праводзяць мерапрыемствы), спартыўны (адказваюць за ўсе турыстычна-спартыўныя і аздараўленчыя падзеі), рэдкалегія (пішуць анонсы і артыкулы па выніках мерапрыемстваў у СМІ) і інш. Тут існуе правіла: не дзеці для бацькоў рыхтуюць святочныя мерапрыем­ствы, а бацькі для дзяцей ці разам з дзецьмі. Тут і хаваецца адказ на пытанне: як жа матываваць бацькоў уключыцца ў жыццё калектыву? Для некаторых педагогаў нават запрасіць бацькоў прыйсці і пабыць гледачом — сур’ёзная праблема.

“Каб зацікавіць бацькоў, трэба спачатку запрасіць іх на пачатку навучальнага года сабрацца разам, каб пазнаёміцца. У нас традыцыйна гэта спартыўна-турыстычны паход. Калі зацікавіце, аб’яднаеце — палова справы зроблена, — гаворыць Алена Генадзьеўна. — Сямейны клуб “Лад” мы расшыфроўваем так: Л — любоў да дзяцей, А — актыўнасць у жыцці, Д — дабрыня, добразычлівасць. У яго межах мы стараемся стварыць умовы для ўзаема­дзеяння дзяцей і бацькоў, развіцця і ўмацавання партнёрскіх адносін паміж імі. Удзель­нікам клуба прадастаўляецца магчымасць вучыцца, атрымлі­ваць новы вопыт зносін, заняцца цікавай справай, аказаць падтрымку іншым і сабе, падзяліцца сваімі поспехамі, сфарміраваць меркаванне пра сябе як пра паспяховага чалавека, бацьку ці маці”.

Святлана Платун, намеснік старшыні клуба “ЛАД”, тлума­чыць: “Для нас, бацькоў, сустрэчы ў клубе ні ў якім разе не цяжар, а, наадварот, магчымасць разам з дзецьмі збегчы ад што­дзённых дамашніх клопатаў. І зноў-такі, усё, што мы робім, гэта для нашых дзяцей. А яны ўмеюць цаніць гэта. Як бы мы ні стараліся арганізаваць свята дома, для сваіх аднаго-двух дзяцей, гэта не тыя ўражанні: конкурсы, гульні з парай удзельнікаў не правя­дзеш. Ды і якія святы мы право­дзім дома? У большасці выпадкаў усе яны зводзяцца выключна да гатавання стала. У клубе ж мы часта мы робім дзецям сюрпрыз — яны не ведаюць, што іх будзе чакаць. Напрыклад, на мінулы Новы год запрасілі дзяцей у кафэ на ёлку (гэта кафэ — уласнасць адной з нашых мам, удзельніц клуба), дзе самі паказалі для дзяцей яркую пастаноўку. Мы ўсе былі пераапранутыя, нават родныя дзеці да канца не маглі нас пазнаць (я, напрыклад, была Ка­шчэем Бессмяротным). І для нас, бацькоў, і для нашых дзяцей той Новы год, упэўнена, запомніцца на ўсё жыццё. Дарэчы, пра гэта сказалі нават турысты. Іх калектыў святкаваў Новы год у суседняй зале і падумаў, што мы прафесійныя аніматары, і яны далучыліся як гледачы. Гэта толькі адзін фра­гмент. Вельмі цікава ў нас прахо­дзяць і сумесныя падарожжы. І няважна, куды мы адпраўляемся — у невялікую экскурсію па экасцежцы ці ў падарожжа па Закарпацці, эмоцый і ўражанняў заўсёды хоць адбаўляй”.

Не менш важна выбраць форму ўзаемадзеяння з бацькамі. У клубе найбольш прыйшліся даспадобы майстар-класы, сямейныя паходы выхаднога дня, дні імяніннікаў, тэматычныя святы, экскурсіі, сямейныя спаборніцтвы. Гэта і сямейныя святы і вечары “Мой радавод”, марафон “За ўсё табе дзякую”, святы “Муд­расць стагоддзяў”, “Самым пяшчотным і любімым”, “Дзень здаровага смеху”, круглы стол “Баць­коўскі дом — пачатак пачаткаў”, “Дзень імянінніка” і інш.

Усе святы не падобныя адно на адно ні па змесце, ні па сюжэце, ні па афармленні, але прынцыпы іх арганізацыі ў многім супадаюць. Вечары праходзяць у нязмушанай сямейнай атмасферы, за кубкам чаю. Радасць ад узаемных зносін, элементы спаборніцтва, гумар — абавязковыя “атрыбуты” любой сустрэчы. У такой утульнай атмасферы лёгка завязваюцца сяброўскія адносіны, якія перарастаюць у трывалыя сяброўскія сувязі. А гэта і ёсць вышэйшая каштоўнасць, якая ствараецца аб’яднаннем баць­коў, яго сіла і аснова развіцця. Мацнеюць і самі сем’і. Бо ва ўсіх членаў гэтых сем’яў з’яўляюцца агульныя інтарэсы.

Наталля Ільінская ўжо другі год у клубе. Першы год яна была ў культурна-масавым сектары і была адной з арганізатараў самых яркіх мерапрыемстваў. У гэтым го­дзе яна ў рэдкалегіі: піша творчыя справаздачы і рыхтуе матэрыялы, якія некалі дапамогуць хутчэй уліцца ў калектыў будучым удзельнікам бацькоўскага клуба.

Аргументуючы карысць клуба ўсім яго удзельнікам, Наталля Ільінская гаворыць: “Канечне, заўсёды знойдуцца бацькі, якія лі­чаць: “Час, пакуль маё дзіця занята справай у цэнтры творчасці, — час для мяне, і я магу спакойна займацца сваімі справамі”. Але дастаткова ўбачыць рэакцыю дзіцяці на вашы сумесныя падзеі ў цэнтры творчасці, і вы разумееце, што гэта бясцэнная рэакцыя. Я заўсёды была ў бацькоўскім камітэце, пакуль мой сын быў у дзіцячым садку. Ён рос і бачыў, што я ўвесь час у клопатах: то рыхтую для дзяцей падарункі, то рыхтую мерапрыемствы, то малюю, то арганізоўваю. І калі сын пайшоў у школу, я вырашыла адысці ад грамадскіх спраў і не была ў бацькоўскім камітэце. Сын не разумеў, што адбываецца, чаму мама ні ў чым не задзейнічана. Для яго гэта было ненармальна і ўсё зноў стала на свае месцы, калі я прыйшла ў бацькоўскі клуб “Лад” пры цэнтры творчасці. Прычым тут наша дзейнасць разгарнулася яшчэ шырэй, бо мы імкнёмся кожнае наша мерапрыемства правесці па-свойму. Мы не любім сядзець у чатырох сценах, таму шмат падарожнічаем, ладзім паходы, экскурсіі. Напрыклад, разам даследавалі свет пчол, вучыліся ад прафесіяналаў, як усё пабудавана ў вуллі і ў каго якія функцыі ў пчаліным сямействе. Калі ідзём у паходы, то гэта не проста прагулка з сумесна згатаваным абедам: падчас прывалаў мы разбіваемся на каманды, ладзім спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны, па выніках вызначаем пераможцаў, право­дзім узнагароджанні. І кожнае такое падарожжа — яшчэ адзі­н крок бацькоў да сваіх дзяцей. Усё гэта робіць зносіны з дзецьмі больш даверлівымі, больш блізкімі”.

За гады існавання клуба назапасіўся цэлы дакументальны архіў: запрашэнні, фатаграфіі, сцэнарыі, праграмы вечароў, афішы. Адкрытыя размовы на такіх сустрэчах даюць найцікавейшы матэрыял для разважанняў, служаць выдатным спосабам знаёмства членаў клуба аднаго з адным, ствараюць атмасферу даверлівасці, так неабходную для нармальнай работы бацькоўскага клуба. Нароўні з традыцыйнымі формамі работы выкарыстоўваюцца актыўныя формы, такія як вечары-сустрэчы, гумарыны, інтэрактыўныя гульні, трэнінгі, псіхалагічныя майстар-класы, творчыя майстэрні, выставы, конкурсныя праграмы, вечары-падарожжы, вечары карысных парад, сямейныя вячоркі і г.д.

“Галоўнае — паказаць бацькам, як для дзяцей важна іх датыч­насць у творчасці, пазнанні чагосьці новага, а для бацькоў нашы мера­прыемствы — магчымасць пераняць лепшы вопыт, убачыць сваё дзіця з іншага боку, атры­маць вопыт бацькоўскіх і педагагічных зносін. Зацікаўленасць бацькоў у творчым развіцці дзяцей дазваляе знайсці агульныя тэмы для сямейных гутарак, сумеснай творчасці. А прэзентаваць творчыя дасягненні сваёй сям’і можна на выставах сямейнай творчасці, дзе кожная з іх знойдзе кірунак творчай дзейнасці паводле сваіх жаданняў і магчымасцей”, — расказвае педагог.

“Гэта здорава, калі мая мама на нашых святах у студыі сядзіць не на суседнім крэсле, а выступае на сцэне і знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Нават выязджаць на шашлыкі проста сваёй сям’ёй — не так цікава. Куды весялей, калі нас збіраецца шмат сем’яў — усе мае сябры, іх таты, мамы, Алена Генадзьеўна”, — дзеліцца 10-гадовы Мікіта Платун.

Члены клуба з’яўляюцца ўдзель­нікамі міжнародных конкурсаў, выстаў дзіцячай і сямейнай творчасці, яны актыўныя вандроўнікі, паездзілі не толькі па Беларусі, але і па Расіі, Францыі, Швецыі, Латвіі, Германіі. Гэта не толькі творчыя паездкі з дзецьмі, але і сумесныя турыстычныя паездкі. Яны заказваюць аўтобус і едуць у падарожжа. Нядаўна вярнуліся з экскурсіі ў Полацк. Сумесныя мерапрыем­ствы клуба аб’ядноўваюць, гуртуюць баць­коў і дзяцей і застаюцца надоў­га ў памяці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота ўдзельнікаў клуба “ЛАД” Цэнтра дзіцячай творчасці
Нясвіжскага раёна.