Хутка пачнуцца летнія канікулы. Ужо зараз школы рыхтуюцца да адкрыцця прышкольных летнікаў. Гэта важны этап падрыхтоўкі: неабходна стварыць такі праект арганізацыі вольнага часу, каб дзеці, у тым ліку 11—14-гадовыя падлеткі, з задавальненнем прыходзілі ў школу…
Лета — любімы перыяд у жыцці кожнага дзіцяці. Менавіта летам дзеці атрымліваюць яркія ўражанні, задавальненне і радасць ад зносін з сябрамі, робяць новыя адкрыцці. З надыходам лета дзеці больш часу праводзяць на вуліцы, таму нам, дарослым, неабходна больш увагі ўдзяліць арганізацыі дзейнасці дзяцей у летні перыяд. Ад дарослых залежыць, ці правядзе дзіця гэты час з карысцю для здароўя, развіцця эмацыянальных і пазнавальных працэсаў.
Граматнае вырашэнне гэтых пытанняў дазволіць пазбегнуць непрыемнасцей і забяспечыць эмацыянальна насычанае жыццё ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Галоўнае, захапіць падлеткаў гульнёй, цікавай сур’ёзнай справай — і тады можна ўбачыць, наколькі яны таленавітыя, цікавыя адно аднаму, як яны імкнуцца да перамогі.
Для тых, хто будзе арганізоўваць прышкольны лагер, я дазволю сабе даць некалькі парад.
* Спачатку неабходна стварыць творчую групу з ініцыятыўных педагогаў, падабраць адказных і зацікаўленых настаўнікаў-выхавальнікаў.
* Вызначыць асноўную ідэю вашай лагернай змены — на гэтым і пабудуецца ўся работа: ад назвы да зместу.
* Узгадняць сумесную дзейнасць з міжведамаснымі арганізацыямі і ўстановамі, гэта значыць вырашыць, з кім вы будзеце ўзаемадзейнічаць.
* Скласці падрабязны, пагадзінны план работы на кожны дзень з указаннем тэлефонаў, адрасоў арганізацый, культурных устаноў, куды вы плануеце ісці, дзеля таго, каб аператыўна ўзгадняць напярэдадні экскурсіі і культпаходы.
* Загадзя, прыкладна за месяц, правесці рэкламную кампанію пра лагер, падрабязна расказаць дзецям і іх законным прадстаўнікам, з якой мэтай на базе школы адкрываецца такі лагер, наколькі будзе напоўнена жыццё ў ім.
* Абавязковая гульнявая аснова праграмы лагера: са штодзённымі бонусамі за ўдзел, за імкненне якасна выконваць заданні, за актыўнасць.
* Неабходная наяўнасць якога-небудзь сацыяльна значнага праекта для больш змястоўнага і разнастайнага баўлення часу дзяцей у лагеры.
* Прадумаць святочнае адкрыццё, у прэзентацыі лагера яшчэ раз спыніцца на ўмовах знаходжання ў прышкольным летніку: рэжым дня, гульнявы змест, бонусная сістэма, наяўнасць Экрана поспеху і Экрана настрою. Расказаць, як будуць падводзіцца вынікі, якія выставы калектыўных і індывідуальных спраў будуць рыхтавацца, чаму навучацца дзеці за месяц і з чым выступяць на заключным канцэрце.
* Усё неабходна фатаграфаваць ці здымаць на відэа, каб засталося на памяць і на заключнай прэзентацыі яшчэ раз усе змаглі ўспомніць, як правялі гэты месяц.
* Правесці анкетаванне выхаванцаў і настаўнікаў лагера аб знаходжанні, арганізацыі вольнага часу, аб лепшых момантах і тым, што можна змяніць.
* Прадумаць уручэнне сувеніраў, падарункаў, грамат усім удзельнікам лагернай змены на ўрачыстым закрыцці: для гэтага прыцягнуць бацькоў і міжведамасныя арганізацыі, установы.
А зараз коратка пра тое, як гэта зрабілі мы.
З 2 па 25 чэрвеня 2014 года на базе нашай школы працаваў гарадскі міжраённы лагер эстэтычнага профілю “У рытме лета” для навучэнцаў 11—14 гадоў з Цэнтральнага (сярэдняя школа № 67), Савецкага (сярэдняя школа № 30) і Чыгуначнага (сярэдняя школа № 28) раёнаў Гомеля ў рамках міжведамаснага плана “Разумныя канікулы: гомельскае лета-2014”. Сярод удзельнікаў лагернай змены былі дзеці, якія мелі складаныя ўзаемаадносіны ў сям’і, праблемы на жыццёвым шляху. Наша агульная задача — аб’яднацца, убачыць, адчуць адно аднаго і стаць на нейкі час адзіным калектывам і пастарацца раскрыць у працэсе зносін свае лепшыя якасці, навучыцца адно ў аднаго разумнаму і добраму. Спадзяёмся, гэта ў нас атрымалася.
Лета многа не бывае. Памятаючы пра гэта, мы доўга шукалі назву летніку. Думка матэрыяльная: як лагер назавём — так мы ў ім і пражывём! Хацелася, каб у назве гучала “лета”, шкада, што яно хутка заканчваецца. Атрымалася — “У рытме лета”. Таму што ўсё ў свеце падпарадкоўваецца пэўнаму рытму. Рытм — гэта неабходная ўмова для жыцця кожнага. Рытм — гэта пульсаванне жыцця. Рытм — часавая арганізацыя руху, звязаная з музыкай, а таксама з паэзіяй, танцам, тэатрам і г.д.
Такім чынам, наш лагер “У рытме лета” — гэта і ўзаемная ўзгодненасць думак аб пазнанні прыгожага, і радасць зносін, і тэатральныя падмосткі, і музычны і літаратурны салоны, і наша згуртаванасць, і азбука фізічнага і духоўнага здароўя, і талерантнасць адносін.
Для рэалізацыі асноўнай ідэі праграмы лагерная змена праводзілася ў рамках гульні, сутнасць якой заключаецца ў наступным: існуе свет прыгажосці лета вакол нас — важна яго ўбачыць і адчуць, а потым узнавіць. У гэтым свеце прыгажосці лета свой рытм. Хацелася б, каб кожны пачуў у сабе гэты рытм і зразумеў, які ён, як спалучаецца з рытмам жыцця роднага горада.
Навізна праграмы функцыянавання гарадскога міжраённага лагера эстэтычнага профілю ў тым, што паралельна з аздараўленчай і творчай дзейнасцю ажыццяўляўся сацыяльна значны праект “Пульс майго горада. Рытм яго жыцця летам”. Пульс горада — гэта люстэрка сучаснага мегаполіса, якое дакладна адлюстроўвае ўсе гарадскія падзеі, людзей і з’явы і дапамагае гораду зірнуць на самога сябе. Мы ўліліся, замацаваліся, угледзеліся і ўкараніліся ў жыццё нашага Гомеля.
Вывучыўшы яго, мы атрымалі ўяўленне пра яго летняе жыццё, яго рух, яго бачанне. Увогуле, на працягу месяца мы трымалі руку на пульсе горада. Таму што пульс вялікага горада задае рытм і нашаму жыццю. У якім рытме мы жывём?
Тэмы для пазнання мы выбралі такія: “Энергія прыроды ў горадзе”; “Жыццё ракі Сож”; “Адпачынак і аздараўленне жыхароў горада”; “Тэатральнае жыццё горада”; “Працоўнае жыццё горада”; “Жыццё цэркваў горада”; “Духоўнае жыццё”; “Стыльнае жыццё горада”; “Спартыўнае жыццё горада”; “Незабыўнае мінулае”: “Ветэраны вайны горада”; “Бяспека горада”; “Музеі горада”; “Нараджэнне новага пакалення горада”; перспектывы горада і г.д. У працэсе рэалізацыі праекта дзеці сустракаліся з прафесіяналамі ў розных галінах жыццядзейнасці Гомеля.
Мы распрацавалі механізм штодзённай рэфлексіі на Экране поспеху і Экране настрою — форма зваротнай сувязі, якая дазваляла даведаецца пра душэўны стан дзяцей штодзень. Напрыканцы кожнага дня выхаванцы ацэньвалі ступень якасці свайго ўдзелу ў жыцці летніка і эмацыянальнага камфорту ў залежнасці ад атрыманых за дзень “сімвалаў якасці”, уражанняў, узроўню набытых ведаў, уменняў і навыкаў і інш. пры дапамозе зафарбоўвання дня ў пэўны колер (чырвоны — супердзень, аранжавы — класны дзень, зялёны — дзень як дзень, фіялетавы — сумны дзень). Штодзень педагог-псіхолаг вывучала стан дня і высвятляла прычыны незадаволенасці (унутраны стан выхаванцаў ці якасць правядзення мерапрыемстваў).
Па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер наш праект “У рытме лета” заняў 3 месца. Разам з дзецьмі ў жніўні 2014 года мы пабывалі ў “Зубраняці” на фестывалі “Новы фармат лета”, дзе з гонарам прадставілі свой праект. Добра, калі спалучаецца прыемнае з карысным. Прыемна, што мы перамаглі, а карысць у тым, што нашы дзеці цікава, пазнавальна і весела пражылі гэты месяц.
Мы жадаем вам добрага настрою, творчай актыўнасці і веры ў поспех. У вас усё атрымаецца, калі вы гэтага захочаце.
Вольга ГІРУЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 67 Гомеля.