Цырк. Цырк? Цырк!

Колькі эмоцый у гэтым слове! Для кожнага чалавека, незалежна ад узросту, паход у цырк — заўсёды свята. Цікава, колькі юных гледачоў, заміраючы ад захаплення падчас чарговага прадстаўлення паветраных акрабатаў, гімнастаў, жанглёраў, мімаволі ўяўляюць сябе на іх месцы? Не так даўно Цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска запрасіў тых, хто хоча свае такія мары ажыццявіць, да сябе ў цыркавую студыю. Сёння пад яго купалам (даруйце — дахам) свае дзіцячыя мары ажыццяўляюць каля 60 мінчан, самым малодшым з якіх усяго толькі пяць гадоў.

Крок у нязведанае

Прабрацца да юных артыстаў, нягледзячы на тое, што трапіла я толькі на іх трэніроўку, аказалася няпроста. Гэтак жа, як і ў фае цырка перад прадстаўленнем, у калідоры і каля ўваходаў у студыю было не праціснуцца. Усе гледачы — ад малышоў з пустышкамі да вусатых дзядзечкаў — прыйшлі сюды, каб зазірнуць у цыркавое закуліссе. Вось чаму тут дзверы літаральна не зачыняюцца.
Гэта, бадай, адзіная цыркавая студыя ў Беларусі, якой кіруе не прафесійны артыст, а педагог. Алена Валер’еўна Шарапава да студыі працавала ў школе харэографам, а калі змяніла месца жыхарства, то прыйшлося мяняць і працу. Вольная вакансія кіраўніка цыркавой студыі, якая з’явілася ў цэнтры тры з паловай гады назад, стала для яе крокам у нязведанае, тым крокам, які яна рабіла з асалодай і з трывогай адначасова. Па-першае, гаворыць Алена Валер’еўна, часу на роздум не было: новая студыя імгненна напоўнілася выхаванцамі, заставалася толькі знайсці кіраўніка. Па-другое, хоць яна валодае базавымі элементамі акрабатыкі, з дзяцінства займаецца мастацкай гімнастыкай, цыркавое мастацтва ўсё ж было новым. На шчасце, на базе цэнтра ўдасканальвае сваё майстэрства прафесійны цыркавы калектыў Kresiva, яго ўдзельнікі ахвотна дзяліліся і дзеляцца цяпер прафесійнымі сакрэтамі з калегай.
Толькі вось у дырэктара цэнтра Людмілы Уладзіміраўны Абрамавай, як толькі яна пазнаёмілася з Аленай Валер’еўнай, трывогі не было. Яна захапляецца тым, як працуе педагог, з першага дня: “На жаль, у нас няма вышэйшых навучальных устаноў, якія б спецыяльна рыхтавалі кадры для дадатковай адукацыі. Таму неверагодна складана знайсці таленавітага педагога: гэта — штучны тавар. А нам пашанцавала. І хоць адразу зацікавіла дзяцей само па сабе цыркавое майстэрства, я пераканана, што дзеці ходзяць не столькі ў студыю, колькі да педагога”.
Дарэчы, у студыі — толькі дзяўчаты. Як прызнаецца кіраўнік, з хлопцамі напоўніцу яна зможа працаваць толькі першыя гады: роля хлопцаў у цырку адметная, і належную падрыхтоўку ім можа даць толькі мужчына-педагог. Праўда, нядаўна да іх трапіў Захар Якубаў, бо цыркам не на жарт захапіліся яго сёстры, і ён таксама не змог застацца ўбаку”.
Сама Алена Валер’еўна сціпла прыпісвае такі ажыятаж (у студыі ніводнага вольнага месца) не сабе, а спецыфіцы жанру: “Цырк вабіць тым, што спалучае ў сабе некалькі мастацтваў: харэаграфію, акцёрскае майстэрства, гармонію цела. Ты атрымліваеш унутраную свабоду, пераадольваеш сорам, заціснутасць. Сучасны свет круціць нас у хуткім тэмпе, і мы бяжым у гэтым рытме, а тут ідзе разняволенне. Дзеці вучацца вучыцца, самастойна кантраляваць свае дзеянні, рухі. Гэта ў ансамблі народнага танца мы ўсе танцавалі адзін танец, а тут кожны выбірае сабе той занятак, які яму бліжэй”.

Сцэну трэба заслужыць

А вось выбар у выхаванцаў студыі з гэтага навучальнага года пашырыўся. Кагосьці прывабліваюць манацыклы, нехта знаходзіць свой смак у жангліраванні, нехта вучыцца ўводзіць у зман гледача сваім, быццам каўчукавым, целам, нехта па-заліхвацку шпацыруе, прытанцоўваючы, на хадулях, нехта сольна ці ў парах выконвае неверагодныя акрабатычныя эцюды, нехта круціць безліч хулахупаў, віртуозна ўпраўляецца з мячамі, святлодыёднымі шарыкамі, скакалкамі… Але галоўным аргументам для многіх дзяўчат прыйсці на заняткі ў гэтую студыю сталі палотны — тэрыторыя для паветраных гімнастак. Менавіта палотны прыкоўвалі іх дзявочыя позіркі, пакуль яны стаялі ў дзвярах сярод іншых гледачоў і заміралі, калі гімнасткі пад столлю залы вязалі нагамі з палотнаў цэлыя творы мастацтва і раптам абрываліся ўніз, утвараючы сваім целам імклівы ўзор.
Дарэчы, да сябе ў студыю Алена Валер’еўна бярэ далёка не ўсіх. З кім яна будзе працаваць далей, педагог вызначае адразу, самыя настойлівыя могуць паспрабаваць пахадзіць на падрыхтоўчыя заняткі.
“Для дзіцяці трэба стварыць сітуацыю поспеху, каб у самым пачатку яно адчула, што ў яго атрымліваецца, і з гэтай упэўненасцю развівалася далей, — гаворыць Алена Валер’еўна. — Для гэтага ў свае 5—6 гадоў у яго павінна быць добрая расцяжка, пластыка. Калі дзіця вельмі хоча, мы яго, канечне, прымем, але калі фізічных пераваг ад прыроды няма, самому трэба прыкласці неверагодныя намаганні, штодзень працаваць па некалькі гадзін. У сучасных дзецях такая напорыстасць, як правіла, адсутнічае. Ды і займацца бясплатна ў студыі могуць толькі самыя перспектыўныя дзеці. Менавіта яны і атрымліваюць права прадстаўляць цэнтр і студыю на канцэртах і фестывалях. Сцэну трэба заслужыць”.
Апошнім часам без цыркавых выступленняў не абыходзіцца ні адно мерапрыемства цэнтра, часта калектыў запрашаюць на гарадскія святы, фестывалі. І заўсёды гледачы яго сустракаюць горача. Выступленні гэтага калектыву — асаблівыя.
“Асобна цыркавыя нумары паветранай гімнастыкі ці, скажам, жангліравання мы не паказваем — мы імкнёмся рабіць смачную карцінку, — гаворыць Алена Валер’еўна. — Любы жанр мы спалучаем з харэаграфіяй, тэатралізацыяй, часта нашы артысты выступаюць разам з іншымі калектывамі цэнтра, напрыклад, з вакальнай студыяй “Гармонія”.
“Нягледзячы на свой малады ўзрост, калектыў у нас адразу стаў вядучым, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Уладзіміраўна Сенчанка. — Акрамя таго, у калектыве не толькі педагог і выхаванцы. Алена Валер’еўна змагла ўключыць у калектыў і бацькоў-аднадумцаў. Іх падтрымка — галоўны складнік поспеху”.

Па хлеб на манацыкле

У сям’і Палягошка да цырка заўсёды было асаблівае стаўленне. Мама, Зоя Аляксандраўна, у дзяцінстве не прапускала ні адной цыркавой праграмы, цяпер не прапускае ні адной рэпетыцыі 9-гадовай дачкі Ганны.
“Я вельмі рада, што Аня так захапілася цыркам. І бачыць, як гараць яе вочы пасля заняткаў, для мяне асалода, — гаворыць Зоя Аляксандраўна. — Я на сто працэнтаў давяраю трэнеру, і мяне хвалюе больш не тое, што яна можа ўпасці, а тое, што яна можа заблытацца і сапсаваць нумар. Мая дачка вельмі асцярожная: калі яна не будзе ўпэўнена, яна не будзе рабіць гэты элемент. Вось дома мне страшна: там не тая адлегласць — не выстаяў перад просьбамі дачкі тата: купіў і прымацаваў палотны да столі ў калідоры. Аня злазіць з іх толькі ноччу”.
Ганна за тры апошнія гады паспрабавала сябе і ў вакале, і ў бальных танцах, і на ігры на гітары, і на фартэпіяна, але праз нейкі час большасць з гэтых заняткаў яна выключыла са свайго графіка. “І гэта нармальна, — гаворыць мама. — У дзяцей столькі энергіі, ім усё хочацца паспрабаваць. Проста маляваць ці танцаваць дзецям надакучвае — ім патрэбны новыя ўражанні, эмоцыі. А цырк — ідэальны варыянт, тым больш што ён з’явіўся ў дадатковай адукацыі — хоць студыя напачатку платная, кошт яе, у адрозненне ад прыватных цыркавых студый, невялікі”.
Гэтая акалічнасць, у прыватнасці, дазваляе Дзеду Марозу не адмаўляць дзяўчынцы ў яе марах. Ён ужо прынёс ёй сем абручоў для дамашніх трэніровак, прыкаціў і манацыкл. Цяпер “зганяць у магазін” для Ані — у радасць.
“Галоўнае, пароўну раздзяліць прадукты ў дзве сумкі — для раўнавагі, — дзеліцца сакрэтамі Аня Палягошка. — Трайная карысць: і трэніроўка, і дапамога маме, і добры настрой для прахожых”. А яшчэ, спадзяецца дзяўчынка, гэта можа быць і першым крокам у прафесію. Пакуль яна ўяўляе сябе актрысай, рэжысёрам, але калі яна зможа рэалізавацца ў цырку, гэта будзе вышэй яе мар.
Даша Альховік, навучэнка гімназіі № 192, прыйшла ў студыю адна з першых. Хоць яна асвоіла ўжо і поі (святлодыёдныя шарыкі для жангліравання), і абручы, але калі год назад студыя набыла палотны, то яна адразу стала іх прыхільніцай. “Акрабатыка на вышыні — гэта рызыка, а рызыка — гэта прыгажосць, — разважае дзяўчынка. — Я сама, калі бываю ў цырку, з нецярпеннем чакаю менавіта гімнастаў. І мне падабаецца, калі артыстамі захапляюцца, калі ўсе заміраюць падчас абрыву — кулька ўніз. Падабаецца гэта нават маёй бабулі, але яна просіць пакінуць цырк: вельмі баіцца за мяне. І я, і мае бацькі тлумачым ёй, што, хоць мы ў студыі працуем без страхоўкі, на вышыні я раблю толькі тыя элементы, якія адточаны да дробязей на невялікай вышыні, мільён разоў адпрацавана ўваходжанне ў элемент”.

На творчым старце

У дзяўчат ужо неблагія поспехі, таму яны толькі падышлі да сваіх галоўных перамог. Бо гэта першы год, калі яны пачалі працаваць па спецыялізацыі. Да гэтага яны займаліся агульнай фізічнай, харэаграфічнай падрыхтоўкай, акрабатыкай. Гэта толькі калі ты сядзіш у чырвоным аксамітным крэсле, ты можаш думаць, што цырк — адна прыгажосць і лёгкасць. Колькі трэба да гэтага зрабіць, пачынаючы ад мосцікаў і кулькоў і заканчваючы трукамі ў лонжы (трэнажор са страхоўкай для акрабатаў) і без яе!
“Часам у мяне пытаюцца, які жанр у цырку самы складаны, — гаворыць Алена Валер’еўна. — Адназначна сказаць нельга. Жангліраванне, напрыклад, вельмі працаёмкая справа, манатонная, таму для дзяцей яно складанае. “Паветра” вымагае фізічнай сілы, каб з лёгкасцю артыст мог утрымліваць сваю вагу на руках, ды пераадолець сябе, свой страх — таксама немалаважна. У акрабатыцы трэба ўмець групавацца, адчуваць баланс — ад гэтага будзе залежаць колькасць сінякоў. Таму так важна выбраць свой жанр”.
Цяпер калектыў будуе планы на будучыню, абмяркоўвае, якія кірункі яшчэ развіваць. Напрыклад, у наступным годзе тут будуць вучыцца і акцёрскаму майстэрству — вось дзе будуць нараджацца клоўны. Купяць кольцы для гімнастаў, паспрабуюць развіваць эквілібрыстыку, плануюць пашыраць і геаграфію выступленняў. Ёсць, канечне, свае нюансы. Напрыклад, у горадзе мала канцэртных пляцовак, абсталяваных столевымі крукамі для палотнаў — галоўнага жанру калектыву. Няпроста набываць рэквізіт. Але калі бачыш зацікаўленасць калектыву, яго кіраўніка і кіраўніка цэнтра, можна быць упэўненым, што гэтыя дробязі не перашкодзяць планам удзельнікаў калектыву і хутка яны гучна заявяць пра сябе.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва студыі.