У будучыню з прыгажосцю

Ёсць рэчы, якія прыносяць бясконцую радасць, ёсць заняткі, ад якіх атрымліваеш сапраўднае задавальненне. Менавіта таму работа на школьнай тэрыторыі — гэта выдатная магчымасць паказаць сябе навучэнцам, настаўнікам і бацькам.

У цэнтры ўвагі

Ужо ўсім даўно вядома, што добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі неабходна як для стварэння прывабнага знешняга выгляду, так і для падтрымання рэпутацыі адукацыйнай установы.
Наваельнянская сярэдняя школа знаходзіцца ў маляўнічым месцы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Асаблівасцю размяшчэння школы з’яўляецца тое, што яна знаходзіцца ў цэнтры пасёлка, таму тэрыторыя школы заўсёды ў полі зроку дарослых і дзяцей. Безумоўна, гэта накладае на калектыў вялікую адказнасць па выхаванні ў вучняў, бацькоў і жыхароў пасёлка беражлівых адносін да багацця краю, эстэтычнага густу і ўмення шанаваць прыгожае.
Наша школа — гэта не толькі адукацыйная ўстанова, але і другі дом для навучэнцаў. Тут яны праводзяць большую частку свайго часу. Менавіта таму неабходнасць стварэння ўтульных, камфортных умоў заахвоціла калектыў ператварыць тэрыторыю двара ў квітнеючы куток, дзе кожны мог бы адпачыць і, седзячы ў цені дрэў, падумаць пра што-небудзь сваё. Акрамя таго, школьная тэрыторыя — шырокае поле дзейнасці для фарміравання працоўных навыкаў навучэнцаў.
Па ініцыятыве педагогаў, дзяцей і бацькоў на працягу трох гадоў паспяхова рэалізуюцца такія праекты па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі, як “Школьны двор — мая краіна”, “Будучыня — гэта мы”, “Квітней, мая школа”. Стварыць адзіны комплекс, дзе можна рэалізаваць свае здольнасці, запыты, інтарэсы, ідэальную мадэль маленькага свету дзяцінства — такой была задума гэтых праектаў. Для нас як педагогаў было важна стварыць умовы для ўсебаковага развіцця моладзі праз арганізацыю працоўнай дзейнасці. Становячыся ўдзельнікамі праектаў, школьнікі спрабуюць сябе ў розных сацыяльных ролях, а гэта садзейнічае іх паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве.
А цяпер больш падрабязна аб выніках, якія былі дасягнуты за апошнія тры гады.

Прагулка па замку і бярозавым гаі

Увесь участак школьнага двара — адзін суцэльны газон разнатраўя. Кветкі — гэта ідэальны і ўніверсальны інструмент у ландшафтным дызайне. Яны надаюць школьнаму двару непаўторную чароўнасць. На клумбах пераважаюць такія колеры, як аранжавы, які сімвалізуе святло сонца, яго цяпло; зялёны, які асацыіруецца з мірам, спакоем; жоўты, які выклікае адчуванне весялосці і лёгкасці.
Кожны год нараджаюцца новыя ідэі па афармленні клумб. Кветнікі маюць розныя памеры, формы, кампазіцыйныя рашэнні. Арабескі, рабаткі, ракарыі абсаджаны рознымі відамі дэкаратыўных хваёвых раслін: кіпарысамі, ядлоўцамі, туямі розных форм. На тэрыторыі школы разбіты міні-ружоўнік. Разнастайнасць кветнікаў служыць выдатным упрыгажэннем прышкольнага ўчастка. Насаджэнні добра спланаваны і захоўваюць прывабнасць на працягу ўсяго года, з’яўляюцца “садам бесперапыннага цвіцення”. У афармленні ўваходу ў асноўны будынак выкарыстаны элементы вертыкальнага азелянення (аркі з іпамеяй і пахучым гарошкам, падвясныя кашпо з петуніяй і пеларгоніяй).
Акрамя вялікай разнастайнасці кветкавых насаджэнняў, якімі можа пахваліцца любая ўстанова адукацыі, у Наваельнянскай сярэдняй школы ёсць шмат уласных дызайнерскіх і ландшафтных рашэнняў. Сваімі рукамі педкалектыў і вучні ствараюць прыгажосць вакол школы. Так, да 65-годдзя Вялікай Перамогі пасадзілі яблыневы сад, які ўжо ў мінулым годзе даў першы ўраджай. Гэтай вясной, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пасадзілі бярозавую прысаду ў памяць аб дзецях палітэмігрантаў, якія трапілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыю пасёлка Наваельня ў інтэрнацыянальны піянерскі лагер.
Вельмі вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на дзяцей аказвае ўключэнне ў дэкаратыўнае афармленне малых архітэктурных форм. Так, за апошнія тры гады былі пабудаваны замак, млын, альтанкі, фантан.
Ідэя стварыць на тэрыторыі школы нешта незвычайнае прыйшла невыпадкова. У апошні час у жыхароў Беларусі ўсё часцей выяўляецца цікавасць да культурнай спадчыны краіны. Акрамя гэтага, рэстаўрыруюцца значныя культурна-гістарычныя аб’екты, такія як Лідскі, Нясвіжскі, Мірскі замак. Нам захацелася стварыць на тэрыторыі школы сваю гісторыю, галоўным героем якой будзе наш уласны замак. Мы вельмі доўга думалі над тым, як павінен выглядаць наш гістарычны аб’ект. Хацелася, каб замак прыносіў не толькі эстэтычнае задавальненне, але і дапамагаў вучням і настаўнікам у вучэбным працэсе.
Пасля таго як неабходны матэрыял для пабудовы архітэктурнага помніка быў закуплены, мы пачалі выкананне сваёй даўняй мары — узвядзенне замка. Хацелася, каб замак служыў дзецям наглядным гістарычным дапаможнікам. І цяпер, гледзячы на тое, што ў нас атрымалася, з упэўненасцю магу сказаць, што мы ўсё зрабілі правільна. Прамое пацвярджэнне гэтаму — словы падзякі і захаплення, якія пастаянна даводзіцца чуць і ад гасцей школы, і ад бацькоў нашых вучняў.

Як карабель назавеш…

Акрамя замка, для адпачынку навучэнцаў пабудавана альтанка-карабель “Веста”. Назва карабля невыпадковая: Веста — багіня сямейнага ачага, а наша школа — гэта адна вялікая дружная сям’я. Ветразі сімвалізуюць рух наперад, а раскрытая кніга на носе карабля — сімвал ведаў. Альтанка размешчана ў цені Рисунок9(сайт)дрэў. Тут можна адпачыць, паразважаць, палюбавацца прыгажосцю школьнага двара. Таксама гэта гульнявая пляцоўка для малодшых школьнікаў. “Веста” ўпэўнена плыве пад шчаслівай зоркай удачы.
За караблём, дзе растуць цяністыя клёны, з’явілася ўтульная зона адпачынку з фантанам і лаўкамі. Побач з вадаёмам размясціліся львы — сімвал сілы і мудрасці. Гэта надало зоне непаўторны выгляд і адметнасць. Сюды часта прыходзяць мамы з маленькімі дзецьмі, а таксама пажылыя людзі, каб пасядзець і палюбавацца выдатным выглядам, праводзяць тут час і самі вучні. І вельмі прыемна, калі аднавяскоўцы кажуць дзякуй за тое, што мы падарылі Наваельні такую прыгажосць!
Наш школьны двор — гэта ўніверсальны сродак, які адначасова выконвае шэраг функцый: пазнавальную, развіццёвую, духоўна-маральную. Непадалёк галоўнага школьнага аб’екта — замка — цячэ ціхая рэчка. На яе беразе стаіць млын. Гэты ландшафтны куток прываблівае яркасцю фарбаў і арыгінальнасцю выканання.
Пачаўшы рэалізацыю сваіх планаў і ідэй па добраўпарадкаванні школьнага двара, мы прадумвалі кожную дэталь, кожную дробязь. Знайшлі сваё месца ў добраўпарадкаванні нашага ўчастка яшчэ адна альтанка, лавы, аркі, вазоны, якія гарманічна ўпісаліся ў ансамбль ужо існуючых малых архітэктурных збудаванняў.
У нашай школе існуе практыка: за кожным участкам двара замацаваны пэўны клас. Вучні з класным кіраўніком сочаць за чысцінёй сваіх участкаў, прапануюць міні-праекты па іх добраўпарадкаванні, ажыццяўляюць іх. Гэта вучыць дзяцей адчуваць, разумець, шанаваць і, самае галоўнае, ствараць прыгажосць.
Вынік нашай агульнай працы відавочны: школа змяняецца, у нас з’яўляецца новы імідж. Мы рады, што нашы задумы ажыццяўляюцца. І гэтыя змены падабаюцца не толькі вучням і педагогам, але і мясцоваму насельніцтву, якое ўпэўнена, што школа з’яўляецца адным з самых важных культурных аб’ектаў пасёлка.
У калектыву Наваельнянскай сярэдняй школы яшчэ шмат планаў на будучыню. Так, у перспектыве — стварэнне кампазіцыі “Лебядзінае возера” са штучнай падсветкай, у начны час дэкаратыўныя свяцільні дапамогуць перанесці наша возера ў “чароўную казку ночы”. Таксама плануецца зона адпачынку для самых маленькіх школьнікаў. У чароўны свет казкі перанясе іх ландшафтны куток “Казачная палянка”. На гэтай чароўнай палянцы будуць створаны пясочніцы для навучэнцаў малодшых класаў. Тут жа мы плануем паставіць некалькі горак і стварыць ценявыя павеці. І, гледзячы на тое, з якім энтузіязмам і дзеці, і бацькі ўспрымаюць новыя ідэі па добраўпарадкаванні школьнага двара, мы з упэўненасцю можам сказаць, што ў нас усё атрымаецца.
А.П.Чэхаў пісаў, што калі б кожны чалавек на лапіку зямлі сваёй зрабіў усё, што ён можа, то прыгожая была б наша Зямля! Менавіта гэтыя словы паслужылі дэвізам для ўвасаблення нашых задум і творчых пошукаў. Бо двор школы адлюстроўвае ўнутраны стан тых, хто тут вучыцца, стварае і марыць!

Марына ЛАШКОЎСКАЯ,
дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.